Актывіста «Маладога Фронту» Артура Фінькевіча, асуджанага за нанясеньне палітычных графіці, звальняюць з працы ў магілёўскім дзіцячым садку, дзе ён рабіў дворнікам.

Маладафронтаўца зьбіраюцца пераводзіць у Шклоў на будаўніцтва папяровай фабрыкі. У спэцкамэндатуры Магілёва адмаўляюцца тлумачыць сытуацыю, але ў сьпешным парадку рыхтуюць дакумэнты для пераводу.

«Безумоўна, гэта рашэньне палітычнае, — камэнтуе сытуацыю А.Фінькевіч. — Думаю, гэта першая рэакцыя прэзыдэнцкай Адміністрацыі на скасаваньне гандлёвых прэфэрэнцыяў для Беларусі. Адначасова я зьвязваю свой перавод зь цяперашнім узбуйненьнем моладзевага руху ў Магілёве і нядаўнім візытам у горад былога палітхіміка Паўла Севярынца».

У Шклоўскай калёніі адбывае пакараньне яшчэ адзін маладафронтавец — Зьміцер Дашкевіч. Ён, як і Артур, ужо адбыў палову тэрміну пакараньня, але адміністрацыя калёніі адмаўляецца зьняць са Зьмітра накладзеныя на яго пакараньні, тым самым перакрэсьліваючы яму шлях да датэрміновага вызваленьня.

Адвакат З.Дашкевіча Аляксандар Галіеў, кажа, што некалькі тыдняў таму перадаў у адпаведныя органы заяву з просьбай зьняць з Дашкевіча дысцыплінарныя папярэджаньні й распачаць справу ўмоўна‑датэрміновага вызваленьня. Адказу дагэтуль няма.

Маладафронтаўцы разам з журналістамі й праваабаронцамі, як паведамляў Малады фронт, зьбіраюцца наведаць Магілеў і Шклоў, каб сустрэцца з адміністрацыяй папраўчых установаў і зьвярнуцца ў пракуратуру.

Барыс Гарэцкі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0