Станіслаў Багданкевіч:

“Прадаць частку радзімы, каб захаваць свой рэжым”

 

Сытуацыю з магчымай прыватызацыяй прадпрыемстваў беларускае нафтахіміі расейскім капіталам камэнтуе былы старшыня Нацбанку Станіслаў Багданкевіч.

 

“НН”: Чым выкліканая сёньняшняя актыўнасьць расейскага капіталу ў справе прыватызацыі буйных беларускіх прадпрыемстваў і чаму да гэтага так абыякава ставіцца апазыцыя?

С.Б.: Ініцыятыва продажу нашых элітных прадпрыемстваў нафтахіміі зыходзіць ад беларускага боку. У Беларусі сёньня 47% стратных прадпрыемстваў, нашая прадукцыя неканкурэнтаздольная, пэнсійны фонд пусты. Надышоў сапраўдны фінансавы крызыс. Каб пражыць яшчэ год, улады мусяць або прадаць уласнасьці на 300 млн. даляраў, або зрабіць эмісію грашовых знакаў на гэтую суму. Дапамагчы яшчэ могуць крэдыты, але хто ж іх дасьць?

У краіне на 80% знасілася абсталяваньне прадпрыемстваў. Многія заводы і фабрыкі ператварыліся ў мэталалом. Апазыцыя маўчыць, бо гэта разумее. Але яна настойвае на тым, каб прыватызацыя праводзілася пры шырокай галоснасьці. Каб быў конкурс, у якім мог бы ўдзельнічаць ня толькі расейскі, але й заходні капітал. Каб была канкурэнцыя. Дарэчы, не заўсёды да нас з Расеі прыходзіць уласна расейскі капітал. Як прыклад, тая ж “Балтыка”…

“НН”: Ці задаволіць Лукашэнка “апэтыты” расейскага бізнэсу ў поўным аб’ёме, ці ён будзе працягваць ранейшую гульню?

С.Б.: Я амаль падтрымліваў Лукашэнку, калі ён таргаваўся з расейскім капіталам. Трэба таргавацца. Але Лукашэнка апынуўся ў цяжкой сытуацыі: ягоны эканамічны курс праваліўся, і ён мусіць прадаць частку радзімы, каб захаваць свой рэжым.

“НН”: Ці можа Лукашэнка вынесьці пытаньне пра прыватызацыю на рэфэрэндум?

С.Б.: У нармальнай краіне такія пытаньні павінен вырашаць закон. Мы мусілі б запрасіць экспэртаў з Сусьветнага банку, каб яны ацанілі нашыя прадпрыемствы па аналёгіі зь іншымі краінамі. А супраць той практыкі, якая існуе ў Беларусі цяпер, трэба змагацца. На паперы мы пра гэта пішам. Нашая партыя пісала нават ва ўрад, іншая справа, што адказу не атрымліваем…

Супраць прыватызацыі беларускіх прадпрыемстваў замежным капіталам апазыцыя не павінна выступаць. На сёньня ў Беларусь ня йдзе ня толькі заходні капітал, але й расейскі. Нават у банкаўскай справе доля замежнага капіталу меншая за 10%, зь якіх расейскага — менш як палова. У прыбалтыйскіх краінах цалкам адваротная сытуацыя.

Лукашэнка спачатку абясцэніў усе нашыя заводы, акрамя нафтахімічных, а цяпер ён гэтую элітную вытворчасьць прадае. Між іншым, менавіта яна й карысталася падтрымкай усе апошнія гады. А трэ было спачатку зрабіць адпаведнае заканадаўства, а ўжо потым праводзіць прыватызацыю, прывабліваць капітал з-за мяжы.

Гутарыў А.Т.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0