33 гадзіны бяз Чавэса

Зь дзясятак тысячаў кілямэтраў аддзяляюць беларускую апазыцыю ад таго, што магло б стацца сцэнарам разьвіцьця падзеяў у Беларусі. 11 красавіка ў Вэнэсуэле адбылася “буржуазна-дэмакратычная” рэвалюцыя, якая скінула прэзыдэнта-папуліста, Лукашэнкавага аднагодка Уга Чавэса, але той, дзякуючы пратэстам “вуліцы” і падтрымцы верных яму войскаў, ужо праз два дні здолеў вярнуцца ў сваё крэсла, каб ізноў абвесьціць сябе “верным абаронцам беднага люду”.

 

Хроніка вуліцы

Заварылася ўсё з усеагульнага страйку, пачатага ў аўторак кіраўніцтвам Саюзу прадпрымальнікаў, кааліцыяй апазыцыйных правых партыяў, прафсаюзамі нафтавікоў, Асамблеяй NGO. Вайсковым вярхам таксама было не даспадобы тое, што Чавэс выкарыстоўвае жаўнераў для цывільных працаў і прапаганды “чавісцкай” рэвалюцыі. У чацьвер 11 красавіка на вуліцы вэнэсуэльскіх гарадоў выйшлі 600 тыс. чалавек, зь іх 300 тыс. у сталіцы. Бойкі з паліцыяй пачаліся яшчэ ўдзень, але піку яны дасягнулі пад вечар, калі маніфэстанты рушылі да прэзыдэнцкага палацу Мірафлёрэс.

Пасьля жорсткага сутыкненьня з прыхільнікамі прэзыдэнта невядомыя адкрылі агонь па дэманстрантах з дахаў, у выніку чаго 13 чалавек загінулі, а сотня была параненая. Чавэса арыштавалі, вывезьлі на вайсковую базу на востраве Ля-Архіля. Было абвешчана, што ён выракся ўлады, прасіўся на Кубу, але яго не пусьцілі.

Нараніцу ў краіне зноў было спакойна. На чале часовага ўраду стаў лідэр прадпрымальнікаў Вэнэсуэлы Пэдра Кармона. Але к вечару ў цэнтар Каракасу пачалі сьцякацца дзясяткі тысячаў жыхароў бедных кварталаў (у Вэнэсуэле 40% насельніцтва жыве за мяжой галечы). Чавэс — кумір беднякоў, бо ён стаў першым прэзыдэнтам краіны, які разгарнуў маштабную праграму будаўніцтва бясплатнага жытла. У суботу некалькі сотняў тысяч прыхільнікаў “народнага абаронцы” прарвалі кардоны путчыстаў, захапілі прэзыдэнцкі палац, тэлецэнтар і шэраг іншых ключавых будынкаў. Зноў 9 чалавек загінула, дзясяткі былі параненыя. Генэралы-путчысты не рашыліся вывесьці свае войскі супраць часьцей, верных Чавэсу. Кармона быў вымушаны скласьці зь сябе паўнамоцтвы.

У нядзелю ўраньні Чавэс урачыста — пад вітальныя воклічы сваіх прыхільнікаў і граньне вайсковага аркестру — крочыў па прыступках Мірафлёрэс. Праз пару гадзінаў 5 галоўных генэралаў-хунтыстаў разам з Кармонам былі арыштаваныя. Уга Чавэс заклікаў грамадзтва да яднаньня і ўтварыў Найвышэйшую ўрадавую раду, якая мусіць “пракласьці шлях да дыялёгу”. Хоць “вэнэсуэльскі Лукашэнка” і паабяцаў не паляваць на вядзьмарак, у панядзелак арышты сярод вайскоўцаў-бунтаўнікоў зрабіліся масавымі. У часе ўрачыстага прыняцьця прысягі Чавэс заявіў, што будзе справядлівым да змоўшчыкаў, але ня дасьць сябе зацкаваць, як гэта калісьці зрабілі з вызваліцелем Вэнэсуэлы ад гішпанцаў Баліварам. Той, абылганы і пакінуты, памёр у выгнаньні ў 47 гадоў. Чавэсу сёлета столькі ж.

Кантынэнт генэралаў

Лацінскую Амэрыку часта ўспрымаюць як рэгіён, дзе ці не штодня адбываюцца перавароты, выкрываюцца змовы, да ўлады прыходзяць партызаны-камуністы. У адной толькі Балівіі за няпоўныя 200 гадоў путчаў ды зьвяржэньняў было пад 40. І амаль заўжды — вайскоўцы: маёры, палкоўнікі, генэралы, чырвоныя, карычневыя, чорныя. Чаму ўся лацінаамэрыканская гісторыя замяшаная на мілітарызьме?

Першапрычына тут у надзвычайным прэстыжы вайсковай службы ў лацінаамэрыканскіх грамадзтвах. Для карэннага індзейскага насельніцтва вайсковая кар’ера доўгі час была адзіна магчымай. Культ зброі й мундыру тым слабейшы, чым менш нашчадкаў карэннага насельніцтва жыве ў краіне. У Аргентыне, краіне імігрантаў, пасьля сыходу ў 1982 г. хунтыстаў, заплямленых крывёю 30 тыс. забітых, вайсковая кар’ера стала лічыцца за адну з самых ганебных, а тэрміновая служба была замененая на прафэсійнае войска. У Коста-Рыка, дзе крэолы, нашчадкі гішпанскіх імігрантаў, складаюць больш за 80% насельніцтва, войска няма зусім — там швайцарская сыстэма абароны. А ў Вэнэсуэле 80% нясуць у сабе кроў абарыгенаў.

Vox populi, vox Chavezi

Уга Рафаэль Чавэс Фрыяс — Лукашэнкаў аднагодак, нарадзіўся ён у незаможнай сям’і 28 ліпеня 1954 г. Ягоны прадзед Майсанта быў камандзірам вэнэсуэльскае партызанкі ў 1920-я і давёў да сьмерці тагачаснага кіраўніка краіны Сыпрыяна Кастра.

У юнацтве Уга марыў стаць бэйсбалістам, але ў прафэсійны спорт не пайшоў: зьявіліся іншыя пляны. У 1975 г. ён скончыў Вайсковую акадэмію. У лютым 1989 г. адбываецца т.зв. “caracazo” — “каракаскі бунт”: народ, незадаволены прыняцьцем чарговага пакету жорсткіх нэалібэральных рэформаў, выйшаў на вуліцы. Пэрэс загадаў ужыць зброю, і ад рук ахоўнікаў парадку загінула больш за тысячу чалавек. 4 лютага 1992 г. група вайскоўцаў з Чавэсам на чале зрабілі няўдалую спробу дзяржаўнага перавароту, каб кінуць прэзыдэнта Пэрэса, але й Пэрэсу праз год быў абвешчаны імпічмэнт.

Яшчэ праз год Чавэс быў вызвалены з турмы. Цікава, што Фідэль Кастра — “мой настаўнік”, як заве яго вэнэсуэльскі прэзыдэнт, — у свой час таксама адседзеў толькі два гады з свайго тэрміну, атрыманага за штурм казармы Манкада. На судзе Кастра скончыў прамову ў сваю абарону словамі “Гісторыя мяне апраўдае” і праз шэсьць год зьдзейсьніў на Кубе рэвалюцыю. Столькі ж год ішоў да ўлады і Чавэс, ды ня тым шляхам, што Фідэль: у сьнежні 1998 г. 56% вэнэсуэльцаў аддалі свае галасы таму, хто здолеў падслухаць няхітры vox populi: галоўным лёзунгам Чавэса была бязьлітасная барацьба супраць сацыяльнае няроўнасьці й карупцыі.

Адным зь першых крокаў пераможцы сталася рэфармаваньне Канстытуцыі, якое Чавэс назваў вяртаньнем да часоў Сымона Балівара. Новы Асноўны закон фармальна пашырыў дэмакратычныя свабоды: выбаршчыкі атрымалі права адклікаць дэпутатаў, быў зацьверджаны аднапалатны парлямэнт, абвешчанае права на бясплатную базавую адукацыю і мэдыцынскае абслугоўваньне, дэкляравалася абарона правоў індзейскага насельніцтва, жанчынаў і дзяцей. Адначасова Чавэс умацаваў свае пазыцыі.

Народная вера ў народнага прэзыдэнта ды байкатаваньне выбараў апазыцыяй (галасавалі толькі 47%) прывялі да таго, што ў новым парлямэнце (Нацыянальным сходзе!) 90% крэслаў належала “чавістам”. Гэта дазволіла Чавэсу зацьвердзіць сябе на прэзыдэнцкай пасадзе ажно да 2006 г.

Былы дэсантнік увесь час атакуе алігархію, касьцёл, нячэсныя мас-мэдыі, абвясьціў сябе шчырым прыхільнікам антыглябалісцкага руху. Ня толькі ў Вэнэсуэле, але й ва ўсёй Лацінскай Амэрыцы няма людзей, якія б ставіліся да Чавэса абыякава: на яго або моляцца, або ненавідзяць, зь яго сьмяюцца, але ягонымі парадамі спрабуюць выправіць памылкі.

Чавэс пасунуў сьсівелага Кастра з п’едэсталу самага калярытнага лацінаамэрыканскага лідэра. Калярыт падмацоўваецца вэнэсуэльскімі запасамі “чорнага золата”. Краіна зьяўляецца чацьвертым ў сьвеце экспартэрам нафты. Дзякуючы дыпляматычным увіханьням Чавэса ў межах АПЭК (Арганізацыя краінаў-экспартэраў нафты) цэны на яе значна ўзьняліся. (Для Беларусі лепш, каб Чавэс сышоў: патаньнее нафта. Аднак пры гэтым, зь іншага боку, зьнізіцца пакупніцкая здольнасьць расейцаў, якім Беларусь прадае большую частку гатовае прадукцыі.) Разумеючы каштоўнасьць нафтавай галіны, прэзыдэнт Чавэс нацыяналізаваў яе. Буйная буржуазія ў адказ пачала вывозіць з краіны мільярды даляраў.

Амэрыканскі сьлед

Адразу пасьля перавароту мала хто аспрэчваў, што ад путчу цягне духам ЦРУ. Старога жорсткага ЦРУ. Ужо не таго асьцярожнага, у белых пальчатках, якім яно стала ў часы Клінтана. “New York Times” апублікавала матэрыял, у якім Вашынгтон прызнаў, што цягам колькіх месяцаў перад путчам ягоныя верхаводы сустракаліся з супрацоўнікамі адміністрацыі Буша (апошняя сустрэча адбылася за 4 дні да перавароту).

Вэнэсуэльскі прэзыдэнт рэзка крытыкаваў “разбэшчаны нэалібэральны капіталізм” і “амэрыканскі імпэрыялізм”. Але пры гэтым палітыка Чавэсавага ўраду не пярэчыць лініі капіталістычнага разьвіцьця краіны. Рэжым Чавэса падтрымлівае буйны капітал (але “свой”), заплюшчваючы вочы на відавочныя фінансавыя махлярствы верных яму бізнэсоўцаў.

Пры гэтым Чавэс любіць ладзіць паказальныя працэсы над сваімі паплечнікамі.

Чавэс шмат чым не падабаецца Вашынгтону. Вэнэсуэла — насуперак патрабаваньням Белага дому — аднавіла гандлёвыя зносіны з Кубай. Чавэс навязаў стасункі і з адыёзнымі Муамарам Кадафі і Садамам Хусэйнам, даў палітычны прытулак зьбегламу шэфу пэруанскіх спэцслужбаў Уладзімеру Мантэсынасу, дапамагаў калюмбійскім партызанам з Рэвалюцыйных узброеных сілаў (FARC). Калі ж 11 верасьня абрынуўся Сусьветны гандлёвы цэнтар, Чавэс заявіў, што амэрыканцы самі гэта заслужылі, а штатаўскую інтэрвэнцыю ў Аўганістан назваў тэрарыстычнай імпэрыялістычнай вайной.

Ніхто да канца ня ведае, хваравітыя амбіцыі ці шчырае прастадушша кіруюць гэтым карыбскім мядзьведзем-бэйсбалістам, у шырыні абдымкаў якога колісь сумеўся нават мядзьведзік-дзюдаіст Пуцін. Калісьці Чэ Гевара сказаў: “альбо рэвалюцыя сацыялістычная, альбо карыкатура на рэвалюцыю”. І гэта, бадай, пра Чавэса.

Анатоль Прасаловіч

Больш пра Чавэса — у эсэ Габрыеля Гарсія Маркеса “Два твары Уга Чавэса” ў №33 за 2001 г.

 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0