Праблема лідэра

Гэтая гутарка рэдактараў “НН” і “Советской Белоруссии” Андрэя Дынька і Паўла Якубовіча запісвалася для радыё “Свабода”.

 

Радыё “Свабода”: Газэта “Наша Ніва” надрукавала артыкул “Клімаў ня мае шанцаў”, у якім аналізуюцца палітычныя пэрспэктывы Андрэя Клімава, нядаўна вызваленага з-пад варты. Тэму падхапіла “Советская Белоруссия”. Рэдактар газэты Павал Якубовіч у сваёй калёнцы ня толькі пагадзіўся з высновай “НН”, што шанцаў стаць палітычным лідэрам у Андрэя Клімава малавата, але і ўзьняў больш шырокае пытаньне: “Чаму ўвогуле на палітычнай сцэне няма нікога, акрамя аднаго гульца, Аляксандра Лукашэнкі?” Андрэй, ці згодныя Вы, што палітычных лідэраў, акрамя аднаго, у Беларусі няма? Няма па вялікім рахунку.

А.Д.: Ня згодны абсалютна. Тое, што ў нас ёсьць палітычныя лідэры і яркія палітыкі, даказалі леташнія выбары. Чацьвёра здолелі сабраць больш за 100 тысяч подпісаў, што сьведчыць пра іх папулярнасьць, пра тое, што яны здолелі прыцягнуць да сябе людзей.

П.Я.: Я ня згодны з Андрэем Дыньком, і мне здаецца, што менавіта прэзыдэнцкія выбары і паказалі рэальную сытуацыю зь людзьмі яркімі і новымі. Такіх на палітычным полі ў гэты пэрыяд і не было, бо лічыць новым чалавекам, які прэтэндуе на лідэрства, Домаша, ці Чыгіра, ці Ганчарыка проста наіўна. А іншыя фігуры, якія сабралі 100 тысяч галасоў… Пры ўсёй маёй павазе да Гайдукевіча, я не магу назваць яго фігурай агульнанацыянальнай, палітычнай. Так ці інакш, я на сёньняшні дзень арыгінальных, цікавых палітыкаў ня бачу.

Для мяне палітычны лідэр — гэта асоба, якая на сёньня ў сабе канцэнтруе якасьці і харызматычнага лідэра, і аратара, і кіраўніка палітычнай партыі ці руху, наагул, чалавека, які здольны прапанаваць грамадзтву новыя ідэі. Сяргея Гайдукевіча ня ведаюць 90% жыхароў нашых буйных гарадоў, я ўжо не кажу пра рэгіёны.

У нас жа вось якая сытуацыя: і камуністычная партыя раскалолася напалам, і Народны Фронт раскалоўся напалам, і сацыял-дэмакратычных партыяў у нас з паўтузіна, ня меней. У нас, на вялікі жаль, партыі знаходзяцца ў стане шмат у чым віртуальным, шмат у чым яны зьяўляюцца кабінэтнымі, канапнымі…

А.Д.: Я думаю, што галоўная прычына дысбалянсу вядомасьці пэўных палітыкаў — гэта сам спадар Якубовіч, бо галоўная прычына таго, што 90%, як вы кажаце, людзей слаба ведаюць, хто такі Сяргей Гайдукевіч, у тым, што Сяргей Гайдукевіч зусім не прысутны на старонках “Советской Белоруссии”. У нас утварылася такая сытуацыя, калі пра 99% палітыкаў дзяржаўныя газэты, тэлебачаньне, радыё, якія кантралююць большую частку інфармацыйнай прасторы, альбо ня пішуць зусім нічога, альбо зрэдку пішуць кепска. У такой сытуацыі нельга чакаць, што нехта некага будзе добра ведаць. Але дайце тры месяцы іхнай прысутнасьці ў інфармацыйнай прасторы, і ўсё памяняецца.

Досьвед іншых краінаў паказвае, што ў пэўныя моманты падобная сытуацыя няведаньня пераварочваецца. І тады літаральна за некалькі месяцаў папулярнасьць нейкага палітыка расьце вельмі рэзка. Уявіце, што ў нейкім 93-м у рэйтынгах былі Кебіч, Шушкевіч, Пазьняк. Лукашэнкі яшчэ не было. Адкуль жа ўзьнік Лукашэнка ў 94-м годзе? Гэткая ж самая сытуацыя можа паўтарыцца зь некім іншым.

П.Я.: Я пакорліва прымаю словы Андрэя Дынька аб тым, што прычынай адсутнасьці новых лідэраў зьяўляюся і я асабіста. Ну што ж, давядзецца і такі крыж несьці.

Хачу не пагадзіцца зь некаторымі выказваньнямі паважанага калегі пра тое, што толькі сродкі масавай інфармацыі могуць даць новага лідэра. СМІ — гэта зброя на два бакі. І вось гэтыя рэйтынгі, што сталі касьмічна высокімі для шукальнікаў прэзыдэнцкага крэсла, — яны абрынуліся адразу ж, як толькі гэтыя людзі зьявіліся на экране. Экран высьветліў абсалютную немаштабнасьць прэтэндэнтаў. Менавіта тэлевізар рэзка скараціў цікавасьць да асобаў кандыдатаў у прэзыдэнты Рэспублікі Беларусі. Паважаны Ганчарык Уладзімер Іванавіч неяк вельмі пакрыўдзіўся, што вось ён выклікаў на тэледуэль Аляксандра Лукашэнку, а Аляксандар Лукашэнка адмовіўся ад дуэлі. І Ганчарык піша, што гэта ягоная капітуляцыя і г.д. Я напісаў у адказ, што наўрад ці Тайсан прыняў бы выклік школьніцы з той простай прычыны, што вельмі ўжо няроўныя сілы. Уладзімер Іванавіч павінен разумець, як ён выглядаў бы побач з такой харызматычнай асобай, як Лукашэнка... У адным я хачу пагадзіцца з Андрэем Дыньком: лідэр, палітык абавязкова зьявіцца, калі для гэтага зьявяцца ўмовы.

А сёньня на любым менскім мітынгу можна ўбачыць тых жа людзей, што калацілі паветра і ў 91-м годзе. Маладых няма. Няма ніводнай харызматычнай постаці, таго, хто стаў бы ўлюбёнцам Менску, улюбёнцам Віцебску. Я ўжо не кажу ў нацыянальным маштабе. Для таго каб зьявіліся новыя людзі, патрэбныя новыя партыі. Для таго каб зьявіліся новыя партыі, патрэбныя новыя ідэі. А для таго каб зьявіліся новыя ідэі, патрэбны генэратары гэтых ідэяў. Калі зьявіцца чалавек, якому ёсьць што сказаць, да якога адразу ж будзе прыкаваная ўвага, — гэта і будзе новы лідэр.

А.Д.: Каб вылучыўся нейкі лідэр, ён найперш мусіць мець сваю сацыяльную базу. Ён мусіць дакладна ўяўляць сабе, чые інтарэсы адстойвае. Як толькі нашы палітыкі адчуюць, хто стаіць за імі, а хто за імі ніколі ня ўстане, дык яны будуць лепш адпавядаць чаканьням сваіх выбарцаў.

Наступным крытычным этапам беларускай палітыкі стануць мясцовыя выбары. Калі гэтыя мясцовыя выбары адбудуцца пры мінімуме свабоды і з захаваньнем нейкага мінімуму дэмакратычных працэдураў, то менавіта мясцовыя выбары вылучаць новых лідэраў, прадэманструюць, хто зь іх здольны падаць сябе на мітынгу, прабіцца ў сродкі масавай інфармацыі, заваяваць давер і павагу беларускай інтэлігенцыі. Хто зможа зрабіць гэта адначасова, той і стане новым нацыянальным лідэрам. Вялізны патэнцыял маюць таксама тыя лідэры, якія засьведчылі сябе ў мінулыя гады на папярэдніх выбарах. Трэба, каб быў пэўны штуршок, каб іх выштурхнула наверх. І яны запрацуюць, яны змогуць даказаць, што ўмеюць ня толькі размаўляць і рыхтаваць праграмы.

П.Я.: Мой паважаны апанэнт казаў, што апазыцыйныя палітыкі ня маюць доступу да прэсы. Я кажу зусім адкрыта і шчыра: калі б хтосьці (мне зусім нецікава, апазыцыйны ён ці не, я гэтых людзей ведаю сама меней па 10 год кожнага) прынёс тое, што Андрэй называе высокадухоўным, высокапад’ёмным артыкулам, ён бы адразу быў надрукаваны. Але калі сёньня папрасіць любога палітыка, які лічыць сябе апазыцыйным, надрукаваць артыкул, гэта будзе набор вядомых штампаў пра тое, што ў Беларусі жыць кепска, што тэрор гуляе па вуліцах, эскадроны сьмерці і г.д. Як галоўны рэдактар я ня ўпэўнены, што гэта запатрабавана чытачом. Новага, сур’ёзнага ніхто пакуль грамадзтву не прапаноўвае.

Замест гэтага я са зьдзіўленьнем прачытаў, калі арыштавалі Міколу Статкевіча, як усе дружна зласловілі: маўляў, такое фіяска зьдзейсьнілася зь ім, а іншыя на гэтым фоне мудрыя і дальнабачныя.

Калі зьявіцца сур’ёзная партыя, аплодненая сур’ёзнай, агульнанацыянальнай ідэяй, у гэтай партыі зьявяцца і газэты, інфраструктура, якая данясе па мэтадзе “ад дзьвярэй да дзьвярэй” гэты высокі і актуальны вобраз. І калі зьявяцца гэтыя ўмовы — асоба, ідэя, партыя, і інфраструктура — зьявіцца і лідэр. Для пачатку павінен зьявіцца чалавек, які можа прайсьці ўвесь гэты шлях.

А.Д.: Я думаю, што спадар Якубовіч лепей за мяне ведае, хто палітык, а хто не палітык, бо лепей ведае, якое месца хто адводзіць сабе ў гэтай сыстэме і якое месца ім адводзіцца самой гэтай сыстэмай. І таму я зь цікавасьцю праслухаў ягонае меркаваньне.

Паводле аўдыёзапісу гутаркі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0