дзяржаўны інтэрас

“Левыя” левыя

Сацыёлягі абяцаюць, што на выбарах у Францыі 24 красавіка трэцяе месца зойме кандыдат-нацыяналіст Жан-Мары Лё Пэн, чацьвертае месца дастанецца кандыдатцы ад “пралетарскіх ячэек” трацкістаў Арлеце Лягіе, а пятае — камуністу Рабэру Ю. Яны зьбяруць прынамсі 13, 8 і 6 працэнтаў галасоў. Жаку Шыраку і Ліянэлю Жаспэну — канвэнцыйным правым і левым — у першым туры мае дастацца каля 20%.

Нашай “левай” апазыцыі папулярнасьць францускіх трацкістаў і камуністаў пакуль ня “сьвеціць”. Прычыны бачацца ня толькі ў недэмакратычнасьці рэжыму і яго гёбэльсаўскай прапагандзе, але і ў этыцы палітыкаў.

У Францыі дэпутаты-камуністы здаўна маюць за правіла пакідаць сабе заробак, роўны сярэдняй зарплаце парыскага рабочага. Рэшта ж парлямэнцкага ганарару пералічаецца ў партыйную касу. Партыйцы-трацкісты ўвогуле пагарджаюць дабротамі спажывецкага грамадзтва.

На левым флянгу беларускага палітычнага спэктру канкурэнцыя незвычайная. Акцыі пратэсту пад сацыяльнымі лёзунгамі памножыліся ў нас да “жыть нельзя”. Аднак пры гэтым ня ведаю ніводнага кіраўніка беларускае левае партыі, які б не карыстаўся сотавым тэлефонам. Між тым, няшмат работнікаў могуць дазволіць сабе такое задавальненьне. Пакуль яно каштуе ў нас, як тыя французы кажуць, “les yeux de la tкte”. І чым такім апэратыўным займаюцца нашыя сацыял-дэмакраты й камуністы, што ім гэтак пільна патрэбная мабільная сувязь?

Праблема нашых левых у тым, што іхную нішу ў беларускім палітычным спэктры надзейна займае Лукашэнка — больш бедны, чым Лягіе, большы русафіл, чым Ю, і большы лібэрал, чым лідэр францускіх сацыялістаў Жаспэн, адначасова.

Эўрапейскіх левых можна падзяліць на дзьве групы: левыя апартуністы кажуць ня тое, што думаюць, а робяць ня тое, што кажуць. Левыя нан-канфармісты ня любяць дарагіх машын і сотавых тэлефонаў, усё яшчэ захапляюцца Савецкім Саюзам і ненавідзяць Амэрыку. Лукашэнка — ідэальны гібрыд першых і другіх. Марныя надзеі, што некаму ў Беларусі ўдасца стаць больш левым за Лукашэнку.

А ў чым тады дзяржаўны інтэрас, спытаецеся вы. У тым, каб у Беларусі ў процівагу леваму Лукашэнку нарэшце зьявілася адзіная моцная правая сіла, якая б, не баючыся ні Ўсходу, ні Захаду, рогам стаяла, адстойваючы інтарэсы беларускага капіталу, вартасьці нацыі, сям’і, веры і ўсе правыя вартасьці беларусаў.

Барыс Тумар

 


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0