Гісторыя аднаго немца

 

Часопіс “Spiegel” (“Шпігель”) прызнаў найлепшай нямецкай кнігай за 2001 год “Гісторыю аднаго немца” — недапісаны твор, які 60 гадоў праляжаў у шуфлядзе. Ягонага аўтара, Сэбасьцьяна Гафнэра (сапраўднае імя — Раймунд Прэтцэль), ужо тры гады як няма, аднак лёс гэтага пісьменьніка і журналіста не перастае зьдзіўляць і захапляць. Гафнэр зьмяняў прозьвішча, грамадзянства, погляды, быў адным з самых выбітных і адначасова супярэчлівых публіцыстаў пасьляваеннай Нямеччыны. Хто ён? Хамэлеон? Апартуніст? А мо папросту геніяльны назіральнік і аналітык?

 

Жыцьцё як жыцьцё

Бліскучай кар’ерай Гафнэр “абавязаны”… Гітлеру. Калі б у 1933-м фашысты не прыйшлі да ўлады, 26-гадовы юрыст працаваў бы сабе далей у судзе і марнаваў пісьменьніцкі талент на складаньне афіцыйных паперак. Але пры нацыстах чыноўніцкі сурдут пачаў хутка набываць карычневае адценьне, і Гафнэр зьмяніў яго на вальнейшую адвакацкую тогу, якая, зрэшты, таксама выявілася вельмі нязручнай уніформаю, у якой цяжка было захаваць уласную пазыцыю ў гітлерызаванай Нямеччыне. Сякую-такую свабоду мелі яшчэ журналісты, і з 1936 г. Гафнэр пачынае пісаць артыкулы пра моду i скачкі, працаваць у снабісцкіх газэтках i рэдагаваць часопісы для жанчын. У 1938-м ён разам з нарачонаю эміграваў у Вялікую Брытанію.

Здавалася б, што асаблівага ў перадваенным жыцьці Гафнэра, каб надаваць яму такую ўвагу? Ён быў адным з тысячаў маладых людзей, чые найлепшыя гады прыпалі на час нараджэньня Трэцяга Рэйху. Ён не належаў да інтэлектуальнае эліты перадваеннай Нямеччыны і не прыстасоўваў сваю пазыцыю да нацысцкай ідэалёгіі. Гафнэру не прыйшлося, як Эгану Фрыдэлю зь Вены, знайсьці супакаеньне ў сьмяротным скачку з акна ці, як Томасу Ману, выехаць у змушаную эміграцыю. У Брытанію Гафнэр выехаў зь іншых прычынаў: ягоная сяброўка Эрыка была габрэйка, да таго ж яны ня бралі шлюбу. Займець зь ёю дзіця значыла б, паводле нацысцкіх законаў, зганьбіць “расавую чысьціню”.

Незразумела, на што разьлічваў гэты літаратар-пачатковец амаль Хрыстовага веку, які ўзяўся ўвесну 1939 г. пісаць аповесьць пра сваё, мякка кажучы, малацікавае жыцьцё. І наўрад ці мог Гафнэр прадчуваць, што ягоны сьціплы твор некалі зробіць фурор, a крытыкі напішуць, што “пра яго будуць спрачацца і тады, калі бальшыня важных гістарычных падзеяў таго часу будзе забытая”.

Ліст з бутэлькі

Для сёньняшняга чытача “Гісторыя аднаго немца”, якую Олівэр Прэтцэль знайшоў пасьля сьмерці бацькі ў пакінутых паперах, — гэта як ліст з бутэлькі, прынесенай хвалямі з востраву, ужо даўно затопленага морам. Тая выспа — мяшчанскі сьвет вэймарскай Нямеччыны. На вачах маладога бэрлінца ён гіне ад унутранай слабасьці пад ударамі бязьлітасных нацыстаў. Ва ўступе да кніжкі Гафнэр піша, што для яго гісторыя Трэцяга Райху — “двубой між двума няроўнымі праціўнікамі: вялізнай, моцнай і бязьлітаснай дзяржавай ды маленькім, безназоўным і невядомым простым чалавекам”. Гэты Гафнэраў двубой, ягонае ўласнае процістаяньне і сталася тэмай кнігі, якую цягам двух апошніх гадоў прачыталі паўмільёна немцаў.

Калі пра зброю, рыштунак i амуніцыю мацнейшага суперніка можна ўсё дазнацца зь безьлічы кніжак, прысьвечаных гісторыі нацысцкай дзяржавы, дык пазыцыя “маленькага чалавека” зазвычай застаецца таямніцай. Што думаў i як жыў просты нямецкі абывацель, прадстаўнік праслойкі, якая, паводле словаў гісторыкаў i сацыёлягаў, першая трапіла ў абдымкі фашызму? Як ён пачуваўся ў гарачай атмасфэры Бэрліну, паміж полымем Райхстагу і вогнішчам з кніжак пад сьценамі Опэры? Як мог бараніцца “звычайны чалавек”, ад якога, пісаў Гафнэр, грамадзтва патрабавала, каб ён “выракся ўласных сяброў, кінуў сваю сяброўку, адрокся сваіх поглядаў, а прыняў погляды загаданыя, вітаўся ня так, як прызвычаіўся, іначай еў, піў і кахаў”?

“Гісторыя аднаго немца” — гэта аповесьць пра роспачныя i дарэмныя спробы асобы захаваць сваю годнасьць насуперак уціску. A таксама пра тое, як асоба процістаіць мярзотнаму рэжыму.

Згубны дар свабоды

Прычынаю посьпеху нацыстаў Гафнэр — лібэрал паводле перакананьняў — лічыць няўменьне немцаў жыць ненапружана, без надмерных эмоцыяў. “Вольнае прыватнае жыцьцё”, якое ім падаравала ў свае “залатыя гады” Вэймарская рэспубліка, выявілася цяжарам, які ў хуткім часе нацысты зьнялі з плеч разгубленых абывацеляў.

Гафнэр шанаваў свабоду і лічыў, што яе можна зьберагчы нават ва ўмовах нацысцкай Нямеччыны, калі захаваць сваю індывідуальнасьць, свой твар. Падпал Райхстагу Гафнэр мог яшчэ апраўдаць тым, што немцы стаміліся ад тае кірмашовае забавы, якую разагналі баевікі SA. Праз пэўны час ён цешыў сябе ілюзіяй, што, працуючы ў судзе, здолее, насуперак усяму, захаваць свой твар. Прадчуваючы надыход цяжкіх часоў, Гафнэр вывучаў… джыў-джыцу. Ён думаў пра выезд з краіны, але яшчэ ўвесну 1933 г. сустракаўся і дыскутаваў з калегамі-праўнікамі, якія выразна сымпатызавалі фашыстам.

Ілюзіям хутка надышоў канец: падчас чарговае аблавы на габрэяў нацысты ўварваліся ў суд i пачалі высьвятляць паходжаньне ўсіх сустрэчных. Гафнэр адказаў: “Я — арыец”. “Якая ганьба! Сканіў, адразу сканіў! Трэ было даць сабе ў морду”, — з горыччу згадваў ён у сваёй аўтабіяграфіі.

Доктар Прэтцэль
і містэр Гафнэр

“Гісторыі аднаго немца” Гафнэр ня скончыў. Пачалася вайна, і ён, на замову свайго выдаўца, пачаў пісаць аналітычныя матэрыялы пра нацысцкую Нямеччыну, якія падпісваў па-ангельску: “Нямеччына: Dr.Jekyll & Mr.Hyde” (тады ж, каб зьберагчы сваякоў на радзіме, ён зьмяніў прозьвішча з Прэтцэль на Гафнэр). Потым яго запрасілі на працу ў прэстыжны штодзёньнік “Observer”, дзе ён працаваў за адным сталом з Джорджам Оруэлам. Пасьля вайны, у 1954-м, Гафнэр вярнуўся ў Нямеччыну, працягваў кар’еру журналіста. На забыты рукапіс не ставала ні часу, ні зацікаўленасьці.

“Гісторыя аднаго немца”, знойдзеная сынам аўтара, абрываецца на 1933 г. Гафнэр апісаў толькі першыя месяцы фашысцкае ўлады. Што здарылася зь ім пазьней? Як ён пражыў у Райху наступныя некалькі гадоў — безь сяброў, бальшыня зь якіх разьбеглася па сьвеце ці здалася нацыстам? Расказы самога Гафнэра ня могуць цалкам замяніць ягонай біяграфіі (першую, ня дужа ўдалую, напісаў Увэ Зоўкуп, журналіст, які колькі гадоў таму спэцыяльна заснаваў выдавецтва, каб апублікаваць дзьве забытыя кніжкі Гафнэра).

Незвычайны посьпех сьціплых запісаў маладога эмігранта зь Нямеччыны мае шмат прычынаў. Ніводную зь ягоных кніжак ня хочацца, прачытаўшы, адкладаць убок, яе хочацца перачытваць і перачытваць. Гафнэр ніколі не пісаў твораў, па аб’ёме большых за вялікае эсэ. Ягоныя невялічкія “Заўвагі пра Гітлера” прызнаныя адной з найлепшых біяграфіяў фюрэра, а тое, што мільённы наклад гэтае кнігі хутка разышоўся, сьведчыць пра слушнасьць нямецкай прыказкі “In der Kürze liegt die Würze” (“У кароткім — самы смак”).

“Гісторыя аднаго немца” была апублікаваная ў спрыяльны для яе час. На нямецкім чытацкім рынку “прыватная” гісторыя тых часоў карыстаецца сёньня вялікім попытам. Нават нашмат большыя за Гафнэраву кніжку выданьні — шматтомныя дзёньнікі Віктара Клемпэрэра ці тоўстыя ўспаміны Марсэля Райх-Раніцкага — вельмі папулярныя.

Аднак выйшла гэтак, што да “Гісторыі аднаго немца” свой “эпілёг” дапісалі крытыкі, і гэты эпілёг не супаў з ацэнкамі чытачоў. Крытыкі хутчэй зладзілі скандал. І нічога дзіўнага, улічваючы біяграфію аўтара. Гафнэр як публіцыст быў адным з галоўных ястрабаў “халоднай вайны” — у тыя часы ён выступаў у кансэрватыўнай прэсе канцэрну Шпрынгера, у прыватнасьці ў “Welt”, а пасьля зь дзівоснай раптоўнасьцю зрабіўся прыхільнікам “новай усходняй палітыкі” Бранта. Ён жа быў адной з галоўных дзейных асобаў “афэры “Шпігелю”. У 1962 г. па загадзе міністра абароны Штраўса выдаўцоў гэтага часопісу арыштавалі, абвінаваціўшы ў дзяржаўнай здрадзе (пасьля аказалася, што гэта памылка). Нейкі час тыднёвік не выходзіў. Гафнэр адразу ж выступіў у абарону калегаў (хоць якраз да “Шпігелю” ня меў сымпатыяў) і ў знак пратэсту разьвітаўся з мэдыяканцэрнам Шпрынгера, які Штраўса падтрымаў.

У свой час буру выклікала і сэрыя артыкулаў Гафнэра пра рэвалюцыю 1918 г. у Нямеччыне: у іх ён усклаў на сацыял-дэмакратаў віну за крывавую расправу над камуністычным Саюзам Спартака ды абвінаваціў іх у саюзе з рэакцыяй. Пікантнасьць заключаецца ў тым, што Гафнэр выступіў з гэтымі артыкуламі ўжо пасьля таго, як перайшоў у “стан” сацыялістаў.

Няўжо фальшыўка?

Цяперашнія спрэчкі вакол Гафнэра, аднак, мелі мала палітычнага. Летась вядомы бэрлінскі гісторык (між іншым, біёграф Конрада Адэнаўэра) і дрэздэнскі мастацтвазнаўца абвесьцілі на радыё i ў саліднай штодзённай газэце “Frankfurter Allgemeine Zeitung”, што “Гісторыя аднаго немца” не была цалкам напісаная ў 1939 г. і шматкроць зьмянялася — галоўным чынам у 60-я. Доказы? Хутчэй, меркаваньні: у 1939 г. Гафнэр, нібыта, ня мог столькі ведаць пра падзеі апошніх год першай сусьветнай вайны, дый ягоныя прадказаньні наконт разьвіцьця палітычнай сытуацыі ў Эўропе занадта дальнабачныя. Плюс, як сьведчыць мастацтвазнаўца, дэталі: у бэрлінскім мэтро тады яшчэ не было эскалятараў, пра якія згадвае Гафнэр. І слоўнікавы запас аўтара празьмерна сучасны (“масавае забойства”).

Пасьля гэтае публікацыі на культурных палосах нямецкіх газэтаў пасыпаліся ўзаемныя абвінавачаньні й абвяржэньні. Шмат хто праводзіў аналёгію між “Гісторыяй аднаго немца” і найбольшым скандалам ў гісторыі нямецкай прэсы — фальшывымі дзёньнікамі Адольфа Гітлера, якія на пачатку 80-х надрукаваў штотыднёвік “Stern”.

Бальшыня папрокаў была лёгка адбітая. Пра першую сусьветную вайну з “Гісторыі аднаго немца” можна даведацца столькі ж, колькі з выдадзенай годам пазьней кнігі Гафнэра “Доктар Джэкіл і містэр Гайд”. Эскалятар у бэрлінскім мэтро ў той час ужо быў; лінгвістычныя сумневы таксама былі разьвеяныя. Кропкі над “i” паставіла… Фэдэральнае бюро крыміналістыкі, якое дасьледавала рукапіс i пацьвердзіла ягоную аўтэнтычнасьць.

Aле што Гафнэру да гэтай мітусьні? Ён пануе сабе на паліцах бэрлінскіх кнігарняў, колькасьць ягоных чытачоў расьце ад пакаленьня да пакаленьня. Гісторыя аднаго немца яшчэ далёкая да фіналу.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0