Адам Глёбус

Расейская кунсткамэра

 

Лімонаў і мэгафон

Порнабэлетрыст Эдзік Лімонаў — чалавек сквапны. Каб узяць у яго інтэрвію, журналістцы Лісіцкай давялося паабяцаць яму мэгафон. Эдзіку на мітынгу трэба выступаць, а мэгафона няма. Лісіцкая, дзеўка абароцістая, дастала мэгафон. Толькі ён, гад, не працаваў. Дзьве гадзіны рамантавалі і не далі рады. Нарцысіст Лімонаў даў інтэрвію бясплатна. Слабак.

Дугін і трупны дух

У анатацыі да двухтомніка Дугіна “Расейская рэч” напісана, што ён найбуйнейшы расейскі мысьляр сучасьнасьці. Трэба чытаць. Пачытаў: “Хай бурацца сэрцы і стогнуць пад нашай пятою блізьляжашчыя народы”. Ніцшэ! Ні больш ні менш. Толькі няма вакол Расеі “блізьляжашчых”, бо ўсе ўжо “блізстаяшчыя”. Яшчэ… Калі ў Ніцшэ ў цэнтры сусьвету звышчалавек — бялявая бестыя, дык у Дугіна — сьмярдзючы труп расейскага салдата.

Галяўкін і Хармс

Галяўкін-Халяўкін. Ёсьць у расейцаў і такі мастак-апавядальнік, як Віктар Галяўкін. Каб Хармс ня верыў у Бога, каб Хармс любіў дзяцей, каб Хармс ня ладзіў філязофскіх дыспутаў, быў бы ён Галяўкіным — добрым, ціхім і малацікавым.

Ерафееў і характарыстыкі Расеі

Віктар Ерафееў (ня блытаць зь Венечкам) літкрытык, і, як кожнаму літкрэтыну, яму ведама, пра што трэба пісаць у бэлетрыстычных творах. Ён папісвае, я пачытваю… “Расея гарыць ад фармальнай рэлігійнасьці”. Трапна. “Ці хачу я, каб Расея распалася на кавалкі? Каб Татарыя адлучылася ад Мардовіі? Каб Волга высахла? Каб сутарга прайшла па Сібіры? Каб скончыўся балаган? Хачу! Хачу!” І я ня супраць, і я хачу. “Расейскі народ чымсьці ўразьліва не ўнікальны. Ён падобны да іншых архаічных народаў Азіі, Лацінскай Амэрыкі, Афрыкі сваёй набліжанасьцю да жывёльнага сьвету”. Люблю жывёл. Расейскі народ не ўнікальны, але і ад цнатлівай прыроды далёкі. “Што стане з Расеяй, калі яна закоціцца? Што рабіць з гэтым вялізным гнілым трупам? Прысыпаць гашанай вапнаю”. Можна вапнаю. Лепей зямлёю. “Трэба аддзяліць расейцаў ад Расеі. Расея гаўнісьцейшая за расейцаў”. Ну, няпраўда. Расейцы гаўнюкі яшчэ тыя. Яны і ў Амэрыцы гаўнюкі, і ў Францыі. “Расейцы — самыя сапраўдныя паразыты”. Вядома! Хто супраць? “Расейцам ня трэба даваць занадта многа адукацыі. Дастаткова царкоўнапрыходзкіх школак. Ня трэба выпускаць за мяжу. Свалата мусіць сядзець дома”. Ня трэба дык ня трэба, але свалата мусіць сядзець у турме. Зрэшты, яна там і сядзіць. Расея заўсёды была турмою народаў, у тым ліку й расейскага. “Расея мяне загрызла канчаткова. Божа, як надакучыла! Яна сера па нагах. Яна сера. Мы серам”. Засранцы, лепш ня скажаш. “У Расеі можна пражыць толькі на хлусьні, не вылучаючы гуманістычную хлусьню інтэлігенцыі”. Праўда, чыстая праўда, як праўда і тое, што Расея “гістарычна “нячэсная” краіна”. “Краіна вечнага рамонту. Тутака ўсё так падгніло, не пасьпеўшы сасьпець, што, за што ні вазьміся, каб зрабіць рамонт, трэба пачынаць спачатку, а лепш за ўсё і зусім не пачынаць”. І гэта пра Расею-маці. А вось і кантрапункт: “Я люблю расейцаў. Я вельмі люблю расейцаў. Проста як Ясенін”.

Сарокін і г…

Віця Ерафееў назваў Вову Сарокіна “гаўнавозкай”. Крытык меў рацыю. Сарокін любіць гаўно, піша пра гаўно. Капрафагія — асноўны матыў сракінскай творчасьці. Хто да мяне назваў Сарокіна Сракіным — неістотна, бо трапна. Варта спытаць Вову, ці тоне гаўно. Адказ мусіць быць такі: гаўно тоне. Вова ж майстар нечаканых канцовак.

Мова і настаўніцы

Недалюбліваю расейскую мову, а тых, хто яе насаджае гвалтам, ня слухаю. Не пашанцавала мне з настаўніцамі вялікай і магутнай. Усе, як адна, яе ня ведалі. Першая, Казачка, ня мела вышэйшай адукацыі — ну што тут казаць. Другая, Серафіма, адукацыю мела, але вучні яе не паважалі настолькі, што трымалі дзьверы і не пускалі ў клясу. Серафіма плакала, гістэрычна верашчала і скардзілася дырэктару… Якая мова?! Трэцяя, Карэлка, блыталася ў мужчынскім і жаночым родзе. Ён прыйшла, яна прыйшоў… Дысцыпліна на ўроках была жалезная, а расейскага слова не было. Чацьвертая, Татарка, прыйшла да нас адразу пасьля інстытуту і спрабавала сябраваць. Знайшла сяброў. Выперлі яе са школы за прафнепрыдатнасьць. Пятая, Старая Дзева зь беларусаў, тое-сёе выправіла ў маёй адукацыі: да школьных выпускных іспытаў я вывучыў усе патрэбныя правілы, але атрымаў “4”, бо прапускаю літары, калі пішу. Так яна патлумачыла заніжаны бал. Апошняя, шостая — Мянчучка з габрэяў — запомнілася сваім садызмам. У яе былі дзьве адзнакі — “1” і “4”. Неяк я ўсё ж атрымаў залік, а колькі людзей пагублялі з-за непатрэбнай прынцыповасьці гады жыцьця — не пералічыць. Такі парадокс: нелюбоў да расейскай мовы мне прышчапілі кепскія настаўніцы.

Праўда, пазнаёміўся я з настаўніцай рашан мовы ў Тбілісі. Яна рабіла па 40 памылак у дыктоўцы для 4 клясы. Дык мае яшчэ ня з горшых: хоць чытаць-пісаць навучылі.

 


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0