Палітыка ізаляцыянізму

Пасланьне Лукашэнкі парлямэнту было зачытана ў атмасфэры балагану

Сёлетняе пасланьне А.Лукашэнкі нацыянальнаму сходу мела выразную ўнутрыпалітычную скіраванасьць. Замежнай палітыцы было прысьвечана ўсяго каля 8% часу выступленьня. Зь іх беларуска-расейскім стасункам — 3%, адносінам з Захадам — трохі болей. Адсутнічаў нават асобны разьдзел “Замежная палітыка”. Усё пайшло ў частку “Пра ўмацаваньне законнасьці й правапарадку” — выразная праява курсу на самаізаляцыю і самадастатковасьць.

Пагроза эканамічнага крызысу

Коратка вызначыўшы макраэканамічныя прыярытэты, загадаўшы затармазіць рэформы сацыяльнай сфэры (у прыватнасьці, пэнсійную), Аляксандар Лукашэнка перайшоў на канкрэтныя прыклады і недахопы, крытыкаваў урад і мясцовыя ўлады. Да дэпутатаў і міністраў зьвяртаўся на “ты”, часта дапамагаў сабе простанароднымі выразамі. Усё ж ён прызнаў, што беларуская эканоміка ў крызыснай сытуацыі, ды заклікаў да жорсткай эканоміі. Лукашэнка сказаў і пра неканкурэнтаздольнасьць беларускіх тавараў, якіх назьбіралася на складах на трыльён рублёў, і пра запазычанасьць па заробках у 32 млрд. рублёў, і пра спазьненьні з выплатамі пэнсіяў. Вінаваціў ён у гэтым урад і асабіста прэм’ера Навіцкага, які пры згадцы свайго імя паслухмяна ўздымаўся і слухаў начальніка стоячы. Але пара зрабіць з Навіцкага ахвярнага казла яшчэ не прыйшла. Аднаго ж “былога прэм’ера Лукашэнка зьвінаваціў у закупцы чэскага інсуліну па завышанай цане без папярэдне праведзенага тэндэру.

Кампрамат на паплечнікаў

Такое ўражаньне, што ён мае кампрамат на ўсю сваю каманду. Толькі калі “аднаго прэм’ера” (маецца на ўвазе Ярмошын) Лукашэнка гэтымі фактамі топіць, іншых ён папросту дражніць. “Кіраўніца справамі прэзыдэнта Жураўкова там [у прэзыдэнцкай лечкамісіі] стварыла… адкормачную базу. 5000 калёрый у дзень!.. Чалавек туды прыходзіў з 100 кг, а выходзіў з 120 кг. Хіба гэта лячэньне?” Асабліва настойліва ён шантажаваў бізнэсоўцаў-дэпутатаў: “Ніколі больш ня буду падтрымліваць прадпрымальнікаў пры выбарах у парлямэнт”. Затое рабіў рэкляму “канструктыўнай апазыцыі”: “Пісьмы Івана Іванавіча Пашкевіча і генэрала Фралова будуць найуважлівейшым чынам разгледжаныя”.

Продаж зброі

Лукашэнка ня выдаў крыніцаў фінансаваньня шматмільярдных небюджэтных фондаў. Яшчэ ён сказаў, што дзяржава атрымлівае вельмі сьціплыя прыбыткі ад продажу зброі: “Даход можа быць 400 мільёнаў даляраў, а прыбытак у гэтых мільёнах — 400 тысячаў”. А пасьля зазначыў, што прыбытак ад гандлю зброяй складае ўсяго 6%.

Пра Курапаты

Грамадзянская супольнасьць застаецца дагэтуль нечым абсалютна далёкім для ўладаў. Нават як гэты тэрмін на беларускую мову правільна перакладаецца, ня ведаюць. “Звязда” касабока піша пра “грамадзянскае грамадзтва”.

У разьдзеле, які гэтак называецца, Лукашэнка назваў маніфэстацыю апазыцыі 19 красавіка антыграмадзкай акцыяй, сыпаў пагрозамі на адрас карэспандэнта НТВ Паўла Селіна, а таксама спыніўся на тэме Курапатаў. На ягоную думку, там мусіць быць пабудаваны мэмарыял, які адпавядае духу гэтага месца. “У Курапатах пахаваныя людзі. У 30-я, 40-я гады, немцы расстралялі, яшчэ нехта, але там пахаваныя людзі!” Факту сталінскіх рэпрэсій, якія забралі жыцьці прынамсі 200 тысяч беларусаў і скалечылі лёсы мільёнаў, Лукашэнка, такім чынам, дагэтуль не прызнае.

Супраць праваслаўя

Кіраўніцтва праваслаўнай царквы Лукашэнка абвінаваціў у празьмерным будаўніцтве храмаў, для якіх, кажучы ягонымі словамі, ужо не хапае “спэцыялістаў”, г.зн. сьвятароў, а акрамя таго, гэтае будаўніцтва адбірае сродкі ў прадпрыемстваў і бізнэсоўцаў. Тым самым мясцовым уладам фактычна далі заданьне стрымліваць рост уплыву БПЦ. Але, паводле словаў Лукашэнкі, ня трэба шкадаваць грошай на будаўніцтва спарткомплексаў.

200 “Мэрсэдэсаў”
для вэртыкалі

“Ды вось гэтыя “мэрсэдэсы”, за якія крытыкуюць, за бясцэнак удалося купіць: вунь Жураўкова сядзіць, езьдзіла, вяла перамовы ў Нямеччыне. Купілі на сем год для вэртыкалі ўлады, іншых органаў. Маглі купіць “Волгі”.

Але, па-першае, расход паліва, па-другое, практычна той жа кошт, а эксплюатацыя ў некалькі разоў даражэйшая. Навошта мне гэта рабіць?” А.Лукашэнка заявіў, што на пакупку “мэрсэдэсаў” зь бюджэту ня бралі “ні капейкі”. “Дзе ўзяў — гэта мая справа. Я законна іх узяў”, — пагардліва зазначыў ён. Пасьля таго як трансьляцыя выступу Лукашэнкі на БТ была адключаная, ён выказваўся яшчэ больш шчыра, у прыватнасьці паведаміў, што і на ягоны нядаўні адпачынак дзяржава ня выдала ні капейкі, а адпачываў ён коштам НАК Аўстрыі.

Словы “сем год”, што вылецелі, паказваюць: рашэньне аб падаўжэньні прэзыдэнцкага мандату можа быць справай ужо вырашанай. Аднак аб пэрспэктывах рэфэрэндуму па гэтым пытаньні Лукашэнка гаварыў вельмі туманна. Адказваючы на пытаньне дэпутаткі Абрамавай, ён заявіў, што “гэта можа ўскалыхнуць сытуацыю ў краіне”. Што да пашырэньня паўнамоцтваў палаткі, дык Лукашэнка мяркуе, што шырэйшым паўнамоцтвам, чым цяпер, яна проста ня дасьць рады.

Самае гарачае пытаньне гэтых дзён — ці скончыцца акцыянаваньне “залатога запасу” Беларусі, прадпрыемстваў нафтахіміі іх пераходам пад кантроль расейскіх манаполій — засталося пахаваным без адказу ў вадаспадзе клятваў і прызнаньняў.

Мікола Бугай


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0