З усёй краіны

 

КХП БНФ за скліканьне Ўсебеларускага зьезду

КХП БНФ прыняла заяву ў абарону беларускай мовы, у якой заклікала ініцыяваць правядзеньне Ўсебеларускага зьезду ў абарону роднай мовы і беларускай нацыі, а таксама новых прэзыдэнцкіх выбараў пад міжнародным пратэктаратам. На думку кіраўнікоў партыі, расейская мова павінна быць пазбаўлена статусу дзяржаўнай, а беларуская мусіць запанаваць ва ўсіх сфэрах грамадзкага жыцьця. Заява заклікае грамадзян Беларусі, а таксама акрэдытаваных у ёй дыпляматаў і міжнародныя арганізацыі карыстацца ў дачыненьнях з уладамі толькі беларускай мовай.

Плян па піянэрах

Да 80-й гадавіны піянэрскай арганізацыі колькасьць піянэраў у Беларусі павінна дасягнуць 200 тысяч. Такую задачу паставіла Цэнтральная рада піянэрскай арганізацыі краіны, а за выкананьне яе ўзяліся настаўнікі школ, актыўна агітуючы сваіх выхаванцаў павязаць на шыі чырвона-зялёныя гальштукі.

Мальцаў у Кітаі

З 22 па 25 красавіка міністар абароны Беларусі Леанід Мальцаў наведаў Кітай. Ён сустрэўся з намесьнікам старшыні Цэнтральнай ваеннай рады і міністрам абароны КНР Чы Хаацянем, начальнікам Галоўнага ўпраўленьня ўзбраеньняў Нацыянальнай вызваленчай арміі Цао Ганчуанем ды намесьнікам начальніка Генштабу Сюан Гуанкаем. Абмяркоўваліся пэрспэктывы супрацоўніцтва паміж узброенымі сіламі дзьвюх краінаў.

Купім Ігналіну?

Намесьнік міністра замежных справаў Аляксандар Міхневіч сказаў у інтэрвію “Інтэрфаксу”, што нашая краіна мела б значную эканамічную выгаду і не залежала б гэтак ад замежнай электраэнэргіі, калі б набыла Ігналінскую АЭС. Гэтая станцыя дае Літве 80% усёй электраэнэргіі. Нічога ня ведаюць пра пляны набыцьця пакуль ні ў канцэрне “Белэнэрга”, ні ў прэс-службе МЗС. Беларусь мае патрэбу ў дадатковых крыніцах электраэнэргіі, асабліва пасьля закрыцьця Чарнобыльскай АЭС. Летась Беларусь імпартавала 8,3 млрд. кВт/г электраэнэргіі — 2,1 млрд. кВт/г зь Літвы й 6,2 млрд. кВт/г з Расеі. Зь Літвы ў Беларусь ток ідзе па пяці лініях электраперадачаў.

Б.Т.

13 траўня — працоўны дзень

Спачатку меркавалася рабочай зрабіць суботу 25 траўня, але цяпер урад памяняў сваё рашэньне.

Адкупіліся ад суботніка

Дэпутаты палаты прадстаўнікоў нацыянальнага сходу пералічылі свае аднадзённыя заробкі на патрэбы беларускай аховы здароўя. Дзённы заробак кожнага дэпутата складае 11 тыс. рублёў. Так народныя абраньнікі ўзялі ўдзел у суботніку 20 красавіка.

Раззбраеньне

Зь сярэдзіны красавіка на Берасьцейшчыне праводзіцца акцыя па добраахвотнай здачы зброі “Арсэнал”. З пачатку году тут было канфіскавана 60 адзінак незарэгістраванае зброі, 29 адзінак здалі добраахвотна.

 

Гледзячы зь Веткі

У “чарнобыльскіх”, афіцыйна адселеных вёсках жывуць “самасёлы” – было б неба над галавой і зямля пад нагамі –сьвяткуюць сьвяты і ў прыходзе жабрака бачаць зьяўленьне Бога. Гэта ў мяне штотыдзень перад вачыма, гэта і найважнейшае. А палітыка апошніх гадоў у мяне зьвязаная з адчуваньнем чагосьці жахлівага, агіднага. На яе трэба перахварэць, быць самому сабе лекарам і абаронцам.

Падзея тыдня для мяне – тое, што 18 красавіка ў Гомелі, у філіяле Веткаўскага музэю народнай творчасьці, адкрылася выстава “Георгі Пераможца і ўсё сьвятое воінства. Ікона, жывапіс, зброя, абрад”. Вобразы нябеснага воінства апынуліся на выставе побач зь нябачнымі вобразамі беларускіх сярэднявечных ваяроў… Як на мінулагоднім фэсьце ў Наваградку “рыцары” бралі варожыя “ўмацаваньні”, гэтак і беларусы маюць адолець сваю разьяднанасьць, часовую нямогласьць душы і духу.

Ларыса Раманава, Ветка

ПЯТЫ РУДНІК пачне будаваць улетку аб’яднаньне “Беларуськалій” каля Чырвонай слабады. Працу, на якую пойдзе 200 млн. даляраў, скончаць у 2010 г. Запасаў калійнай солі на новым рудніку хопіць на 55—70 гадоў.

СКАСАВАНЫ ІНДЫВІДУАЛЬНЫЯ ЛЬГОТЫ беларускім прадпрыемствам на агульную суму 100 млн. даляраў. Гэтае рашэньне было прынятае пад ціскам Расеі.

НАСТАЎНІКАМ “ЗРЭЖУЦЬ” ПРЭМІІ ды павялічаць колькасьць гадзінаў на стаўку з 1 верасьня. Адпаведную пастанову рыхтуюць у Міністэрстве працы й сацыяльнай абароны.

РОСТ ЗАРОБКАЎ у сакавіку на 2,7% апярэдзіў інфляцыю. Сярэдні заробак па краіне склаў 98 даляраў (каля 85 даляраў чыстымі). Найбольш зарабляюць банкаўскія службоўцы (у сярэднім 152 даляры), лётчыкі (140) і страхавыя агенты (133), а найменш — калгасьнікі (47), сацыяльныя работнікі (61) і культурнікі (76).

ВУП БЕЛАРУСІ вырасьце сёлета толькі на 1,5% — гэта ўтрая меней, чым плянуе ўрад. Так лічаць экспэрты Міжнароднага валютнага фонду. Эканамічны застой яны тлумачаць леташнім ростам заробкаў, які не адпавядаў росту вытворчасьці канкурэнтаздольных тавараў. Каб унікнуць крызысу, МВФ раіць ураду зьменшыць заробкі.

СТВОРАНАЯ свабодная эканамічная зона “Горадня”. Існаваць яна будзе 30 гадоў, цягам якіх усе яе вытворцы-рэзыдэнты атрымаюць падатковыя льготы.

НА 50% ПАДАРАЖЭЛІ ацяпленьне й гарачая вада. Камунальшчыкі зноў кажуць, што гэтае падвышэньне зьменшыць іхныя страты.

ЦЭНЫ НА КВІТКІ ў дзяржаўныя тэатры і музэі вызначыла Міністэрства культуры. Цяпер за наведаньне музычнага тэатру давядзецца плаціць 1500, драматычнага — 1300, а тэатру лялек — 800 рублёў. Квіток у музэй для дзяцей будзе каштаваць сама больш 500, для студэнтаў — 750, а для астатніх — 1500 рублёў.

135 МЛН. ДАЛЯРАЎ прадалі банкі грамадзянам Беларусі за студзень-сакавік. За гэты час Нацбанк, каб утрымаць курс беларускага рубля, правёў некалькі валютных “інтэрвэнцыяў”. У выніку золатавалютныя запасы краіны зьменшыліся з 230 да 200 млн. даляраў. Эканамісты тлумачаць гэта тым, што рост заробкаў летась істотна апярэджваў рост вытворчасьці айчынных тавараў. Таму людзі ўкладалі вольныя грошы ў імпартныя тавары і валюту.

30 МЛН. ДАЛЯРАЎ прапанавала расейская кампанія “Піт” за кантрольны пакет акцыяў бабруйскага бровару “Дзеднава”. Асноўны ўласьнік бровару — Магілёўскі аблвыканкам — мусіць вырашыць, ці прадаваць яго расейцам.

НА СТАЛАЕ ЖЫХАРСТВА ў Беларусь летась прыехала 23,4 тыс. іншаземцаў, а жыць за мяжу зьехала 14,5 тыс. грамадзянаў краіны.

Летась імігранты ўвезьлі ў Беларусь маёмасьці й грошай на 132,3 млн. даляраў, у той час як эмігранты вывезьлі актываў на 56,3 млн.

ВАЛЮТНЫЯ КРЭДЫТЫ прапанаваў усім грамадзянам “Беларусбанк”. На будаўніцтва ці куплю кватэры крэдыты даюцца на 5 гадоў пад 15% гадавых.

15% выпускнікоў ВНУ, атрымаўшы дыплём, зьяжджаюць зь Беларусі. Такія лічбы прывёў падчас канфэрэнцыі “Эканамічная навука і рэальны сэктар вытворчасьці” прафэсар Васіль Дадалка.

Каля 200 дактароў эканамічных навук і амаль 700 эканамістаў — кандыдатаў навук жывуць цяпер у Беларусі. А ва ўрадзе толькі 4 асобы з навуковай ступеньню.

ЗАПАЗЫЧАНАСЬЦЬ за энэрганосьбіты калгасы могуць, па рашэньні ўраду, сплачваць да 2005 г. Сёньня яна перавышае 250 млн. даляраў.

Сяржук Іваноўскі

пацярпелыя за Беларусь

19 красавіка ў Менску падчас акцыі “Так жыць нельга” былі затрыманыя Максім Аксёнаў, Аляксандра Анджыеўская, Анатоль Аскерка, Андрэй Асмалоўскі, Аляксандар Атрошчанкаў, Рыгор Ахроменка, Яўген Афнагель, Дарына Балоціна, Зьміцер Бандарэнка, Кацярына Баравік, Зьміцер Бародка, сп.Барсукоў, Юры Бубер, сп.Варанцоў, Юры Васілюк, Юры Васкрасенскі, сп.Венскаў, Віталь Відзевіч, Зьміцер Вішнеўскі, Яўген Восіпаў, Зьміцер Голубеў, Аляксандар Грыдзюшка, Кацярына Дзядко, Іван Дзегцяроў, сп.Ёдка, Васіль Жакаў, Алег Жлутка, Віталь Злобіч, Уладзіслаў Ігнатовіч, В.Ідзеіч, Раман Казакевіч, сп.Казакоў, Зьміцер Карпенка, Раман Карповіч, Сяргей Кедышка, Вэраніка Купчанка, Любоў Кучынская, Георгі Лепін, Ф.Лятко, Зьміцер Масакоўскі, Алег Мяцеліца, Максім Падзывалаў, Сяргей Пескін, Андрэй Пятроў, Натальля Радзіна, Алена Рашэтнікава, Мікола Савіцкі, Леанід Садоўскі, сп.Сафін, Віктар Соіч, Яраслаў Сьцешык, Ігар Сюльд, Марыя Тамілава, Аляксей Троіцкі, С.Тутжык, Юры Фабішэўскі, Цімафей Хадкевіч, Мікалай Халезін, Васіль Хаткевіч, Юры Хашчавацкі, А.Холад, Зьміцер Цянунін, Дзяніс Чыкалёў, Яўген Шваеў, Ягор Шумскі, Максім Шыраеў, сп.Ялавіцкі, Аляксандра і Марына Ясюкі, В. і С.Яцко, Аляксей Яшчанка. Валеры Шчукін і Мікола Савіцкі былі моцна зьбітыя й шпіталізаваныя. Бандарэнка, Халезін і Шчукін атрымалі 15 сутак арышту; Аскерка, Дзегцяроў, Казакевіч, Карповіч, Сьцешык – 10, Відзевіч і Рабкевіч – 7, Анджыеўская, Асмалоўскі, Атрошчанкаў, Бародка, Голубеў, Грыдзюшка, Жакаў, Карповіч, Ігнатовіч, Соіч, Сюльд – 5, Жлутка – 4, Афнагель, Бубер, Вішнеўскі, Закрэўскі, Купчанка, Пятроў, Тамілава, Цянунін, Яшчанка – 3. Ясюк аштрафаваная на мільён 700 тыс. рублёў, Рашэтнікава – на мільён, Лепін і Злобіч – на 500 тыс., Дзядко, Кедышка, Маслакоўскі, Пескін – на 300 тыс., Ахраменка і Шыраеў – на 200 тыс. рублёў.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0