Чарнобыльскія небыліцы

Дагэтуль ня высьветлена, чаму адбылася чарнобыльская аварыя. Таму ня дзіва, што ўвесь час зьяўляюцца новыя вэрсіі наконт гэтага. Надрукавана ўжо больш за сто матэрыялаў, аўтары якіх выкладаюць і навукова абгрунтаваныя, і спрэчныя, і папросту фантастычныя вэрсіі. Іх было б меней, каб інфармацыю пра аварыю не хавалі (матэрыялы крымінальнай справы былі засакрэчаныя) ды каб палітыкі не спэкулявалі на Чарнобылі. Разгледзім самыя вядомыя з тых вэрсіяў.

 

Дывэрсія

Калі апэратары рэактару захочуць узарваць яго, яны лёгка зробяць гэта. Таму адразу пасьля аварыі спэцслужбы лічылі вэрсію сьвядомай дывэрсіі адной з асноўных. Знайшлася нават нейкая “валасатая рука”, якая скіроўвала “органы” менавіта на гэты шлях. Аднак тыя ўрэшце ціску не паддаліся й вынесьлі адназначны вэрдыкт: варыянт сьвядомай дывэрсіі адпадае. Прычынай аварыі, на думку спэцслужбаў, сталася “грубае парушэньне тэхналягічнага й спэцыяльнага рэжыму эксплюатацыі ядравай устаноўкі”. Аднак знайшоўся чалавек, больш кампэтэнтны за “кампэтэтныя органы”. У №74 газэты “Труд” за 1995 г. ён пісаў, што на сьценах аб’екту “Сховішча” (саркафагу над энэргаблёкам) зьявіліся незразумелыя “жоўтыя плямы”, якія дасьледчык палічыў рэшткамі выбуховага рэчыва. Ён нават вызначаў ягоны тып — тратыл ці плястыкавая бомба… Аднак тыя плямы былі выяўленыя яшчэ ў 1990 г. Аналіз іхнага хімічнага, элемэнтарнага й радыенукліднага складу паказаў, што да выбухоўкі яны ня мелі ніякага дачыненьня, а былі водараспушчальнымі солямі ўрану, добра вядомымі шахцёрам уранавых капальняў. Там на сьценах і на столі такія плямы часта зьяўляюцца.

Землятрус

У 1995 г. у газэтах і на тэлевізіі зьявілася новая “сэнсацыя”: прычынай чарнобыльскай аварыі быў землятрус сілай у 3—4 балы. Ён адбыўся за 16—22 сэкунды перад аварыяй, і ягоны эпіцэнтар месьціўся за 10 км ад ЧАЭС. Зьявілася нават сэйсмаграма, на якой быў паказаны пік сэйсьмічнай актыўнасьці зямной кары, што супадаў па часе з момантам пачатку аварыі. Такая вэрсія была шмат каму выгадная, бо дазваляла ўсё сьпісаць на тэктанічныя сілы. Аднак ейныя аўтары, пачаўшы шырока папулярызаваць сваю гіпотэзу ў СМІ, толькі засьведчылі няведаньне рэаліяў атамнай энэргетыкі. ЧАЭС была пабудаваная з улікам магчымага 6-бальнага землятрусу, і лякальны землятрус у 3—4 балы (калі ён насамрэч быў) аніяк ня мог парушыць ейную працу. Так, 30 і 31 траўня 1990 г. ад румынскага землятрусу да ЧАЭС дайшлі сэйсьмічныя хвалі моцай да 4 балаў, але ніводзін з працоўных блёкаў не сапсаваўся. І нават на зруйнаваным 4-м блёку нічога істотнага не адбылося — яго крыху страсянула, дзе-нідзе зьлёгку ўзьняўся пыл, у посудзе з вадой прабеглі хвалькі. У Японіі працуюць дзясяткі атамных блёкаў — і нічога, хоць землятрусы там здараюцца досыць часта. Нарэшце, аўтары геатэктанічнае гіпотэзы ня могуць адказаць, чаму пад уплывам землятрусу выбухнуў менавіта 4-ы блёк, а не ідэнтычны 3-і альбо такія самыя 1-ы й 2-і. Землятрус жа ўзьдзейнічае на ўсе блёкі, не адрозьніваючы іх міжсобку.

Ядравы выбух

Надзвычайная сіла выбуху на 4-м блёку спарадзіла пагалоску, што гэта быў ядравы выбух малой магутнасьці. Гэтая вэрсія мае пяць асноўных кірункаў.

Плютоній для боегаловак

“Чарнобыльскі рэактар меў падвойнае прызначэньне: афіцыйна даваў электрычнасьць, а патаемна — выпрацоўваў плютоній для стварэньня атамных боегаловак. Рэактар працаваў амаль тры гады, і ў ім назьбіралася зашмат плютонію — вось ён і выбухнуў”, — прыблізна так мяркуюць у СМІ прыхільнікі гэтай вэрсіі. Паводле падлікаў, у рэактары 4-га блёку за час ягонай эксплюатацыі магло назьбірацца прыблізна 600 кг плютонію — гэтага дастаткова для дзясяткаў атамных бомбаў. Аднак любы фізык-атамшчык скажа, што стваральнікі гэтае гіпотэзы ня ведаюць ані фізыкі рэактару, ані фізыкі плютоніевага зараду, ані структуры апошняга. Ня ведаюць, што плютоній, які зьбіраецца на АЭС, безь перапрацоўкі не прыдатны для вырабу ядравых зарадаў: у ім зашмат ізатопу плютонію №240. Дый ядравае паліва, перапрацаванае ў рэактарах, захоўваецца ў спэцсховішчах, і ніхто не зьбіраецца яго перапрацоўваць у найбліжэйшыя дзесяцігодзьдзі. Плютоній ня можа стацца прычынай ядравага выбуху ў рэактары АЭС у прынцыпе — незалежна ад таго, якая колькасьць яго там будзе напрацаваная.

Выбух паліва

“Калі не плютоній, дык мо выбухнуў уран-235? У рэактар 4-га блёку заклалі замнога ядравага паліва! І пачалася некіроўная ланцуговая рэакцыя, якая перарасла ў ядравы выбух”, — мяркуюць прыхільнікі гэтай вэрсіі. Велічыня тратылавага эквіваленту выбуху вагаецца ў іхных дасьледаваньнях ад 24 да 240 тонаў. Між тым, найлепшыя “атамныя” розумы сьвету дзясяткі гадоў намагаюцца зьменшыць магутнасьць ядравага зараду, але пакуль ня здолелі сканструяваць слабейшы за 400 тонаў тратылу. Такія памылкі перастаюць зьдзіўляць, калі дазнаешся, што аўтары гэтых гіпотэзаў ня маюць адносінаў ні да ядравай фізыкі, ні да фізыкі рэактараў, ні да хоць якой сфэры фізыкі наагул. Яны называюць сябе “прыродазнаўцамі”, экстрасэнсамі і г.д.

Рэактар-скакун

Гэтая гіпотэза зьдзівіла навукоўцаў-атамшчыкаў найбольш. У сярэдзіне 90-х у Чарнобылі, у Міжнародным навукова-тэхнічным цэнтры “Сховішча”, зьявіўся немалады амэрыканец Пурвіс. Яму далі ўсю неабходную інфармацыю з архіву, і ён пачаў вывучаць прычыны аварыі. Для гэтага ў МНТЦ нават стварылі новую лябараторыю, якая недзе праз год выпусьціла даклад з вынікамі росшукаў. У ім вылучалася новая гіпотэза, згодна зь якой падчас аварыі “тэмпэратура ядравага паліва дасягнула 6000—7000°С, і рэактар 4-га блёку запрацаваў “у рэжыме ядравага рэактыўнага рухавіка”. Цырконіевыя сьценкі паліўных каналаў ператварыліся ў соплы, і актыўная зона рэактару пад уплывам моцнай цягі “высокатэмпэратурнага газу (плазмы), які выцякаў”, вылецела з шахты, як балістычная ракета, на вышыню 30 м аж пад самы дах цэнтральнае залі. У імклівым палёце яна страціла ўсю сваю ваду, і ў ейнай актыўнай зоне пачалася некіроўная ланцуговая рэакцыя, якая скончылася ядравым выбухам малой магутнасьці. “Абы-што!” — выгукнуў знаёмы фізык, прачытаўшы Пурвісаў даклад. Гіпотэза супярэчыць элемэнтарным законам фізыкі, асабліва закону рэактыўнага руху. У рэактары 4-га блёку не было столькі вады, каб узьняць струменем ягоную актыўную зону, “накрыўку”, біялягічнае прыкрыцьцё й пагрузачна-разгрузачную машыну агульнай вагой больш за 5 тыс. тонаў пад дах цэнтральнай залі. І як можа актыўная зона застацца цэлай падчас палёту, калі ейныя часткі трывала не зьяднаныя? І як больш за паўтары тысячы некіраваных “каналаў-соплаў” могуць запрацаваць так адначасна, каб зону не заклінавала ў шахце рэактару? І як гэтыя “каналы-соплы” могуць скіраваць струмень плазмы з тэмпэратурай 6000—7000°С, калі не вытрымліваюць нават 1200°С? Адказаў на гэтыя пытаньні ўсё адно ня будзе: амэрыканец зьехаў дадому. Аднак гіпотэза рэактара-скакуна час ад часу з’яўляецца зноў. Бывае, па тэлевізіі ці ў газэце зьявіцца чарговая чарнобыльская “сэнсацыя”: маўляў, амэрыканцы давялі, а нашыя прагрэсіўныя, але не прызнаныя афіцыйнай навукай дасьледчыкі пацьвердзілі: рэактар спачатку падскочыў, а потым выбухнуў...

Рэактар у стратасфэры

“Мы шмат гадоў хадзілі па 4-м блёку, аблазілі ці ня ўсе памяшканьні й нідзе ня бачылі 190 тонаў паліва. На вока яго там набярэцца ня больш за 10% ад аб’ёму пачатковай загрузкі — тонаў 20”. А астатнія 170 тонаў адпрацаванага ядравага паліва з актыўнай зоны рэактару ці то патанулі ў балотах Беларусі, ці то выпарыліся ў стратасфэру падчас ядравага выбуху рэактару й лётаюць там дагэтуль, пагражаючы ўсяму чалавецтву. Ніякіх доказаў да гэтай гіпотэзы не прыкладаецца. Між тым, ужо ў першыя гады пасьля аварыі былі ўзятыя сотні тысячаў пробаў грунту на тэрыторыі Беларусі, Украіны й Расеі. Гэта дазволіла ацаніць агульную колькасьць выкінутых радыеактыўных рэчываў і прыйсьці да высновы, што па-за межамі саркафагу — ня больш за 5% паліва, загружанага ў рэактар 4-га блёку. Безьліч міжнародных праверак і спэцыяльных сэмінараў пацьвердзілі гэтую лічбу. Аднак аўтары гіпотэзы працягваюць паўтараць: калі мы паліва ня бачылі, значыць, яго няма! Але як можна пабачыць паліва пад слоем бэтону ці насыпу? Як “візуальна” ацаніць колькасьць паліва, што апынулася ў масыве “ядравай лавы” агульнай вагой 1200 тонаў? Як “на вока” палічыць кубамэтры паліўнага пылу, што асеў на дзясятках тысячаў квадратных мэтраў сьценаў, уеўся ў падлогу й столь? Зрабіць гэта можна, толькі старанна зьбіраючы пробы на аб’екце й аналізуючы іхны радыенуклідны, элемэнтарны, хімічны й фазавы склад мэтадамі ядравае фізыкі й тонкай радыяхіміі. Такой тэхналёгіяй і карыстаюцца навукоўцы з МНТЦ “Сховішча”. Яны стварылі банк зьвестак з падзелам паліва па асобных частках блёку і ягонай агульнай характарыстыкай. Засталося адшукаць усяго 40—50 тонаў. Відаць, знойдуць яго ў раёне цэнтральнай залі рэактару.

Чарнобыль-2

“Пэрсанал ЧАЭС ніякага дачыненьня да аварыі ня мае. Ва ўсім вінаватыя антэны вайсковай станцыі “Чарнобыль-2”. Яна займалася касьмічнай выведкай, кіравала супрацьракетнай абаронай СССР на заходнім кірунку, трымала пад кантролем атлянтычнае ўзьбярэжжа ЗША. А з 1985 г. ейныя антэны пачалі выкарыстоўваць і для пашырэньня гама-квантавай энэргіі фазавым звышчастотным выпрамяненьнем. Катастрофа на ЧАЭС адбылася ад рэзкага павелічэньня выпрамяненьня гама-квантаў падчас экспэрымэнту. Гэтае выпрамяненьне было скіраванае на рэактар 4-га блёку. Яно й выклікала той выбух”, — кажуць адны прыхільнікі гэтай гіпотэзы. “Ну што вы! — пярэчаць іншыя. — Гама-выпрамяненьне тут ні пры чым. “Чарнобыль-2” быў выпрабавальным цэнтрам псыхатропнай зброі. І ягоныя антэны ў ноч на 26 красавіка 1986 г. былі скіраваныя проста на 4-ы блёк. Пад ягоным уплывам чарговая зьмена і справакавала аварыю”. Што такое псыхатропнае выпрамяненьне радыёлякацыйных антэнаў і ці існуе яно ў прыродзе, навукоўцы ня ведаюць, бо навука такога не вывучае. А вось уласьцівасьці гама-прамянёў вядомыя добра. Яны распаўсюджваюцца ў прасторы незалежна ад жаданьня чалавека. Яшчэ ніхто не навучыўся кіраваць гама-выпрамяненьнем, як радыёхвалямі. Дый ніводная радыёлякацыйная станцыя ня можа выпрамяняць гама-кванты, бо сканструяваная, каб выпрамяняць радыёхвалі.

Для аналізу іншых чарнобыльскіх небыліцаў трэба набрацца яшчэ большага цярпеньня. Каб давесьці, што Зямля не стаіць на трох кітах, спатрэбіліся стагодзьдзі, спробы ж “прыродазнаўцаў” стварыць вечны рухавік, мабыць, ня спыняцца ніколі...

 


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0