Чарнобыль ударыў па нагах

 

Расейская экалягічная газэта “Берегиня” зьмясьціла зварот расейскіх навукоўцаў да сусьветнай супольнасьці, у якім крытыкуюцца афіцыйныя структуры Беларусі, што не зважаюць на чарнобыльскія праблемы і чыняць перашкоды вучоным, якія гэтымі праблемамі займаюцца. У якасьці прыкладу прыводзіцца асуджэньне, нібыта за хабар, на 8 гадоў турмы рэктара Гомельскага мэдінстытуту Юр’я Бандажэўскага, які вывучаў узьдзеяньне радыенуклідаў на чалавечы арганізм.

 

Прачытаўшы заяву маскоўскіх калегаў, я адчуў дакор сумленьня: адтуль заяўляюць пратэст, а мы тут, на месцы, так і не разабраліся ў сытуацыі.

Я знайшоў спэцыялістаў, зь якімі Бандажэўскі разам працаваў, прачытаў ягоныя навуковыя працы, пацікавіўся матэрыяламі, што тычыліся судовага працэсу. Падобна, што жорсткі прысуд вынесьлі ня столькі яму, колькі навуковым дасьледаваньням, якімі ён займаўся. З кожным годам робіцца ўсё больш зразумелым, што наш палітычны істэблішмэнт узяў курс на пахаваньне чарнобыльскай трагедыі. Пра гэта гавораць як спробы паўторнага засяленьня раней адселеных вёсак, так і супрацьпраўная адмена мізэрных выплатаў, прызначаных некаторым катэгорыям насельніцтва. І тут няма як вінаваціць вышэйшых чыноўнікаў, бо ў нас заўсёды знаходзіліся вучоныя, якія сваімі сэнтэнцыямі, добрымі намерамі высьцілаюць дарогу ў пекла для сваіх суайчыньнікаў.

Да такога роду чыннасьці можна аднесьці ліст на імя Міхаіла Гарбачова, падпісаны 92-ма дзеячамі навукі з розных рэспублік, у тым ліку Жакавым, Лазюком, Скрабіным, Цыбам, Фірсаковай. Яны пратэставалі супраць прызнаньня наступстваў аварыі катастрафічнымі для жыцьця і здароўя людзей. Да такога кшталту шэдэўраў адносіцца і ліст прафэсара-гематолага Яўгена Іванова Лукашэнку, датаваны кастрычнікам 1995 г., у якім папулярна даводзіцца, што ў чарнобыльскай зоне людзі пакутуюць ад стрэсаў і нэндзы, а не ад радыяцыі і што іх ня варта было адсяляць.

Нарэшце, Якуб Кенігсбэрг, доктар біялёгіі і свой чалавек у МАГАТЭ, сказаў у інтэрвію часопісу “Лесное и охотничье хозяйство” (№1 за 2001 г.), што, пераходзячы дарогу, чалавек больш рызыкуе, чым жывучы на забруджанай радыенуклідамі тэрыторыі.

Калі б не было ўсіх гэтых лістоў і зваротаў, ці забаранялі б мясцовыя ўлады жыхарам забруджаных раёнаў Магілёўшчыны ўжываць у размове слова “радыяцыя”? Я сьведка таму... Ці езьдзілі б брыгады мэханізатараў з “чыстых” гаспадарак у выселеныя вёскі на нарыхтоўку кармоў? Так, мэханізаваны атрад калгасу імя Энгельса Мсьціслаўскага раёну шэсьць гадоў запар працаваў у вёсцы Высокі Барок Краснапольскага раёну, дзе ўзровень радыяцыі па цэзіі – 67 Ku/км2, па стронцыі – 1,2. Зь дзесяці прыгожых, здаровых мужыкоў ад 1954 да 1963 гадоў нараджэньня памерлі трое: Уладзімер Франькевіч – у 1998 г. ад лейкозу, Мікалай Максіменка – у 1998 г. ад раку нявысьветленай лякалізацыі з шырокімі мэтастазамі ў хрыбетнік, Анатоль Даўгаполаў – у 1999-м ад вострай сардэчна-сасудзістай недастатковасьці.

Лёс астатніх таксама незайздросны. У Сяргея Цітова 1954 г.н. – першасны дэфармуючы астраартроз каленных і тазасьцегнавых суставаў. У Сяргея Елісеева 1954 г.н. – аблітэруючы атэрасклероз сасудаў ног. У Леаніда Габрусева – каксартроз (пашкоджаньне тазавых суставаў). Ва Ўладзімера Радзькова – пашкоджаньне артэрыяў ног. У Аляксея Саўкіна – захворваньне суставаў ног. У Міхаіла Іванова – захворваньне хрыбетніку і суставаў ног.

Міхаіл Кандрашоў, былы кіраўнік гаспадаркі, атрымаў тую самую хваробу, што й Цітоў, Габрусеў, Саўкін, Іваноў, і на пачатку 90-х зрабіўся інвалідам. Дарэчы, ні сьмерць, ні хваробы гэтых людзей ніхто ня зьвязвае з Чарнобылем – ні ім, ні іхным сем’ям ніхто капейкі грошай ня выплаціў за страты, нанесеныя здароўю бязглуздай гаспадарчай дзейнасьцю.

Па пратэкцыі Беларускага сацыяльна-экалягічнага саюзу “Чарнобыль” і нямецкай “Чарнобыльскай ініцыятывы” Міхаіла Кандрашова ўзяла пад апеку больніца гораду Вальфэнб’ютэль (Нямеччына). Яму замянілі хворы тазасьцегнавы сустаў на штучны. Падчас аналізу выдаленай косткі высьветлілася прысутнасьць у ёй радыенуклідаў. Ня выключана, што хвароба была выкліканая ўзьдзеяньнем стронцыю, якога Кандрашоў ня мог набраць на сваёй Мсьціслаўшчыне.

У нашай эканамічнай сытуацыі высокапастаўленым чыноўнікам выгадна казаць, што на чарнобыльскіх абшарах нічога страшнага няма, што чарнобыльская катастрофа – гэта блеф, плод радыяфобіі. А як яны канчаткова “дакажуць” гэта, у чарнобыльскай зоне зноў ажывуць палеткі і гаспадарнікі прырэжуць да беларускай эканомікі ладны кавалак аблогі. Ужо прырэзалі. У 1998 г. высокія ўлады парэкамэндавалі Хойніцкаму раёну вырошчваць на моцна забруджаных землях насеньне збожжавых культураў. Але яно выявілася нікому не патрэбным з прычыны высокага ўтрыманьня стронцыю і цэзію.

Знайшоўся, аднак, энтузіяст-шэльма Бандажэўскі, які дасьледуе гэтую “цаліну”, аналізуе статыстыку разнастайных захворваньняў, іх сувязь з радыяцыяй пры розных яе узроўнях у тых ці іншых органах чалавека, прасочвае тэхналёгію ўзьдзеяньняў і пашкоджаньні ў фізіялягічнай структуры жывога цела. Ён даводзіць, што нават невялікія дозы радыяцэзію разбураюць арганізм. Парушаюцца функцыі жыцьцёва важных сыстэмаў, найперш сардэчна-сасудзістай. З узьдзеяньнем радыяцэзію Бандажэўскі зьвязвае і рост колькасьці псыхічных захворваньняў, дэпрэсіўных расстройстваў на забруджанай тэрыторыі. Высновы Бандажэўскага вельмі добра ўвязваюцца з вынікамі працы ангельскіх вучоных, што вывучалі ўплыў радыяцыі на здароўе чалавека яшчэ да аварыі на ЧАЭС.

Горыч у душы выклікаюць словы некаторых паважаных мною спэцыялістаў-мэдыкаў: маўляў, Бандажэўскі, вядома, выдатны патолягаанатам, але ягоныя дасьледаваньні радыяцыі ня дужа глыбокія, высновы слаба абгрунтаваныя. Але ж у Бандажэўскага шмат навуковых працаў, 6 манаграфіяў, прызнаньне ў сьвеце, якое ня кожнаму акадэміку сьнілася… Мусіць, тым ён і небясьпечны: замінае сваімі досьледамі адсунуць у мінулае праблемы Чарнобылю.

Бандажэўскі прааналізаваў эфэктыўнасьць дасьледаваньняў НДІ радыяцыйнай мэдыцыны і эндакрыналёгіі, на якія было выдаткавана 17 млрд. рублёў, і зрабіў выснову, што навуковую і практычную вартасьць маюць усяго некалькі працаў інстытуту на суму ў 1,1 млрд. рублёў, а астатнія 16 млрд. зь дзяржаўнага бюджэту былі патрачаныя дарэмна. Ня ўсім спадабалася і прапанова Бандажэўскага перанесьці той НДІ РМЭ зь Менску ў Гомель – бліжэй да Чарнобылю. Вось і вырашылі чалавека скампрамэтаваць, сфабрыкаваўшы гучную “справу Бандажэўскага”. Ці ж ня так?

Працэс вёўся настойліва і мэтанакіравана. Зьмяняліся пракуроры-абвінаваўцы, сьведкі, якія ў часе судовых пасяджэньняў адмаўляліся ад сваіх паказаньняў. Так, Уладзімер Раўкоў, прарэктар, кандыдат мэдычных навук, паплечнік Бандажэўскага па дасьледчай працы, заявіў, што мусіў засьведчыць, быццам Бандажэўскі браў хабар, пасьля 14-гадзінных допытаў, у часе якіх сьледчыя не давалі яму ні есьці, ні спаць. А ягонай жонцы і дзецям пагражалі невядомыя. Яшчэ, паводле словаў Раўкова, на яго ўзьдзейнічалі псыхатропнымі рэчывамі, якія выклікалі моцнае пачуцьцё дэзарыентацыі.

А выяўленая сьледзтвам хабарніца Ніна Шамычак, якая праходзіла па справе і не адмаўлялася ад таго, што брала хабар, засталася на волі. Ці ня сьведчыць гэта пра тое, што суд цікавілі ня хабарнікі самі сабою, а вучоныя, апантаныя дасьледаваньнямі чарнобыльскага цаліку?

Пераемнікі асуджаных, што прыйшлі на іхнае месца, ліквідавалі ў інстытуце катэдру паталёгіі, якой загадваў Бандажэўскі, і лябараторыю з паддосьледнымі жывёламі. Гэтыя людзі зьмяняюць дасьледчую скіраванасьць інстытуту, адступаючы як мага далей ад Чарнобылю. Грамадзтва шмат чым рызыкуе.

А што, калі чарнобыльскіх праблем, чуеце, людцы – гамяльчане, брагінцы, чачэрцы, столінцы, краснапольцы, – наагул няма? Усё намова, усё фікцыя. Гэтак вырашылі людзі чыноўныя. Таму, вызваліўшы навуку ад Бандажэўскага, ганаровым прафэсарам НАН Беларусі зрабілі пана Эль Барадэя, юрыста, генэральнага дырэктара МАГАТЭ, які па прыезьдзе ў Беларусь заявіў: “Чарнобыльскіх праблемаў у вас няма!” А нашы акадэмікі, слухаючы Барадэя, адно пляскалі ў далоні.

Пры маўклівай згодзе тых самых акадэмікаў старшынём Нацыянальнай камісіі радыяцыйнай аховы быў прызначаны Якуб Кенігсбэрг, які лічыць, што большую шкоду, чым радыяцыя, робяць людзям дарожныя здарэньні. Цяпер радыяцыі ў нас ня будзе ні ў Чарнобылі, ні за Чарнобылем. Адным махам мы яе пабівахам. Самападманам. Ілюзіямі.

Яшчэ паўстагодзьдзя таму Сусьветная арганізацыя аховы здароўя і МАГАТЭ дамовіліся, што функцыянэры ад мэдыцыны ня будуць надта шчыраваць з выяўленьнем і раскрыцьцём шкоднага ўзьдзеяньня радыяцыі на арганізм чалавека, якое магло б замінаць разьвіцьцю атамнай энэргетыкі. Ці не таму да сёньня ў сусьветным клясыфікатары хваробаў няма ні вострых, ні хранічных радыяцыйных захворваньняў?

Але няма як мірыцца з прафанацыяй небясьпекі ад наступстваў аварыі на ЧАЭС і спыненьнем дасьледаваньняў, за якімі стаіць прэстыж Беларусі, ня кажучы ўжо пра здароўе насельніцтва.

“Справа Бандажэўскага” выклікала заклапочанасьць у “Міжнароднай амністыі” (Лёндан). Беларускі сацыяльна-экалягічны саюз “Чарнобыль” разьлічвае, што ўлады перагледзяць справу з турэмным зьняволеньнем навукоўца Юр’я Бандажэўскага. У інтарэсах грамадзтва трэ было б вярнуць Бандажэўскаму ранейшую пасаду. І варта аднавіць дасьледаваньні, распачатыя прафэсарам Бандажэўскім і ягонымі супрацоўнікамі. У імя навукі й здароўя нацыі.

Друкуецца са скарачэньнямі

Васіль Якавенка,
пісьменьнік, прэзыдэнт
БелСаЭС “Чарнобыль”


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0