Поўны касьцян

Звольненыя рэдактары ўсіх літаратурных часопісаў

Сяргей Касьцян, прызначаны кіраваць усімі літаратурна-мастацкімі выданьнямі, спансаванымі дзяржавай, пачаў сваю дзейнасьць баржджэй, чым многія меркавалі, — з разгону рэдактарскіх кадраў. Новым рэдактарам “Полымя” будзе прызначаны Мікола Мятліцкі, “Маладосці” — Раіса Баравікова, “Крыніцы” — Вячаслаў Дашкевіч, “Нёману” — Ніна Чайка, а на “ЛіМе” застанецца Алесь Пісьмянкоў. Пэнсіянэрка Чайка, данядаўна аўтарка зласьлівай перадачы на дзяржаўным радыё, стане лідэркай новага рэдактарату. Калі “Полымя” ў сваіх першых сёлетніх нумарах друкавала ўспаміны Міхала Дубянецкага, Законьнікаў сарамліва замяніў ініцыялам імя Міколы Мятліцкага ў месцах, дзе нябожчык-кіраўнік “Мастацкай літаратуры” апісвае дзейнасьць таго ў якасьці сэксота. І вось цяпер Мятліцкі сядае ў крэсла Законьнікава…

Працяг на старонцы 11.

 

Фінансаваньне выданьняў зараз мае ажыцьцяўляцца выключна праз холдынг, а не наўпрост. Касьцян абяцае, што запазычанасьці выданьняў па заробках і друку будуць пакрытыя, ледзьве новыя рэдактары пачнуць працу. Праўда, у Міністэрстве інфармацыі гэтыя зьвесткі абвяргаюць. А фінансавая сытуацыя ніякаватая: самы пасьпяховы ў гэтым сэнсе “ЛіМ” мае 10 мільёнаў даўгоў. Хоць у газэце скарацілі 7 супрацоўнікаў, у тым ліку былога рэдактара Міколу Гіля, у ёй працуюць 24 чалавекі — разы ў тры болей, чым у прыватных выданьнях таго ж памеру і пэрыядычнасьці.

У аўторак на тэрміновае паседжаньне сабралася рада Саюзу пісьменьнікаў, зь якім новыя прызначэньні ніхто не ўзгадняў. Творчаму саюзу выставілі фактычны ўльтыматум: або ён згаджаецца перадаць у холдынг выданьні, заснавальнікам якіх выступае сам Саюз — “ЛіМ” і “Крыніцу”, або фінансаваньне гэтых выданьняў будзе спыненае.

Рэдактары расказалі пра сустрэчы з “тройкай” — Касьцянам, Бондар, Новікавым, — што прайшлі ў пятніцу-панядзелак. Валянцін Блакіт: “Мы ў “Нёмане” выслухалі лекцыю. Аказваецца, мы, пісьменьнікі, прадаліся сусьветнаму імпэрыялізму, ліжам зад жыдамасонам”. Генрых Далідовіч: “Маладосць” рэзка не крытыкавалі. Толькі сказалі, што будзе новы курс — на патрыятызм і славянскае яднаньне… Ну, жыць трэба!..”. Казімір Камейша: “Будзем прывыкаць да палітінфармацый”. Ала Канапелька: “Шчыра адчулі мы ўсе, што людзі, якія прыйшлі, абсалютна ня ведаюць часопісу. Гаспадзіна Новікава найбольш цікавяць памяшканьні, якія займае рэдакцыя. “Холдынг” зьбіраецца спыніцца ў “Крыніцы”, і Новікаў захоплена мацаў мой фатэль… Калі ж мы ў холдынг ня пойдзем, фінансаваньне спыніцца”. Анатоль Кудравец: “Ідзе татальная зачыстка беларускай літаратуры, антыбеларускі гвалт. Дзякуй богу, што пакуль прыйшлі без аўтаматаў, а толькі з касой, што называецца “Касьцян+Тася”. Крайнасьць цынізму — ведаючы, што Жук [галоўны рэдактар “Нёману”] толькі што перанёс цяжкую апэрацыю на сэрцы, звальняць яго і мяняць на Чайку”. Алесь Пісьмянкоў: “Курс не памяняецца. Яны паабяцалі мне, што ніякай цэнзуры ня будзе”.

Што рабіць у гэткай сытуацыі, пісьменьнікі ня ведаюць. На паседжаньні Рады гучалі заклікі да прыняцьця заявы, скліканьня зьезду Саюзу. Вольга Іпатава шмат увагі надала дзейнасьці “ўнутрысаюзнай апазыцыі”. На яе думку, тая дзейнічае ў адпаведнасьці з плянам зьнішчэньня пісьменьніцкай арганізацыі.

Канкрэтныя ж захады не абмяркоўваліся. Пра выкарыстаньне ў новай сытуацыі патэнцыялу незалежных літаратурных выданьняў, ПЭН-цэнтру не гаварылася. Ідэя мэханічнага выключэньня з Саюзу ўсіх, хто прыме ці прыняў супрацоўніцтва з Касьцянам і Новікавым, не абмяркоўвалася. Да таго ж, на паседжаньні не было кворуму (прысутнічалі 30 літаратараў з 65).

Касьцян паставіў задачу да 15 траўня пакласьці нумары часопісаў, выпушчаныя ўжо новымі рэдакцыйнымі калектывамі, на стол Лукашэнку. Аднак зь юрыдычнага пункту гледжаньня канфіскацыя выданьняў незаконная. Таму пісьменьнікі-лукашысты прыйшлі на Раду з прадуманай тактыкай: зацягнуць прыняцьце рашэньня або пакінуць справу безь ніякага рашэньня, каб са зьменамі проста звыкліся і дэ-факта аформілася б з часам у дэ-юрэ. Намесьнікі старшыні Саюзу не зьявіліся ў Дом літаратара ўвогуле, і іх “інтарэсы” на паседжаньні “прадстаўляў” Ганад Чарказян, які старанна ўносіў у ход нарады неразьбярыху. А Алесь Пісьмянкоў схіляў прысутных пагадзіцца на перадачу, маўляў, іншага выйсьця няма. Яму ківала і падміргвала Раіса Баравікова.

Нават рашэньня аб хутчэйшым правядзеньні зьезду не змаглі прыняць. “Да 15-га немагчыма, бо там адны сьвяты”, — зьбіваў Чарказян. Без энтузіязму паставілася да ідэі найскарэйшага скліканьня форуму і Вольга Іпатава. Аднак яна кіравалася, здаецца, іншай думкай. Па-ейнаму, у цяперашніх умовах на зьезьдзе пісьменьнікі-патрыёты маглі б прайграць. Таму ня варта зь ім сьпяшацца. Зрэшты, адкрыта такую думку яна не выказвала, а аргумэнтавала свой скептыцызм адсутнасьцю грошай на рассылку запрашэньняў на зьезд і выдрукоўку мандатаў дэлегатаў. “Ня ўсе ведаюць, што я прадаю свае пярсьцёнкі, каб заплаціць за тэлефон Саюзу!”

У такіх варунках Рада Саюзу разышлася, не прыняўшы ніякага рашэньня. Новае паседжаньне прызначанае на чацьвер, аднак няма пэўнасьці, што хоць тады пісьменьнікі адважацца пайсьці на прынцып.

А.Д.


погляд зь Вільні

Няволя да жыцьця

Тое, што адбываецца сёньня зь літаратурнымі часопісамі, — гэта працяг дзяржаўнае палітыкі выпрабаваньня нацыянальнае культуры і мовы на жывучасьць. Спачатку пісьменьнікі аддалі “калегам” свае выдавецтвы, пасьля — Ціцянкову свой Дом літаратара, пасьля — “марыністам” свой Саюз, цяпер аддаюць тав.Касьцяну свае часопісы... Дзяржава даціскае залежную ад яе літаратуру, чакаючы ад тае або сьмерці, або ўцёкаў за мяжу, або “ўдару ў адказ”. Ваўчыны, трэба сказаць, падыход, які, аднак, не выключае адэкватнага адказу. Сутнасьць жа рэакцыі пісьменьнікаў зводзіцца найчасьцей да апэляцыяў, нібы гэта прытулак вэтэранаў вайны перавялі на самафінансаваньне. “Мы самі ня выжывем!..”

Парадокс сытуацыі ў тым, што пісьменьнікі на дзяржаўныя (ваўчыныя) грошы паляць полымя, каб ягоным агнём бараніцца ад ваўкоў. Працягвацца так ня можа.

Заклікі шанаваць родную мову і літаратуру дзяржаву не кранаюць. Яна шануе толькі тое, што адказвае ёй адэкватна. Яна шануе мацнейшага і хітрэйшага спаборніка. Гэта, між іншым, таксама вынік незалежнасьці краіны — такой, якая яна ёсьць. Вось чаму ў Беларусі нараджаюцца недзяржаўныя літаратурныя выданьні — не абцяжараныя спадчынай датацыйнага існаваньня. І вось чаму на пасаду кіраўніка Саюзу пісьменьнікаў — у васалы — ніколі ня пойдзе харызматычны лідэр.

Мы ніколі не растлумачым людзям, чым ваяўнічы графаман Мікола Мятліцкі горшы за паэта Сяргея Законьнікава (хоць зрабіць гэта трэба было даўно) і чаму яны дагэтуль уваходзяць у адну суполку. Тым больш — чым паэтка Раіса Баравікова горшая за празаіка Генрыха Далідовіча (гэтага нам растлумачыць ня ўдасца). Мы не растлумачым, чаму пісьменьнікі “здаюць” Вольгу Іпатаву, знаходзячы ў ёй нейкія “недахопы”, хоць гэта можна вытлумачыць толькі неадзінствам самых патрыятычных пісьменьнікаў і элемэнтарным неджэнтэльмэнствам мужчын. Іпатава ў гэтай сытуацыі — як герб “Пагоня” (таксама камусьці можа не падабацца геральдычнае вырашэньне).

Постсавецкае пісьменьніцкае асяродзьдзе так і не падзялілася на сваіх і чужых, без чаго выжываньне гэтага асяродзьдзя немагчымае. Так і не навучыліся салідарнасьці. Саюз разбух ад коней траянскіх, якія да літаратуры — ня йначай як тыя коні. Часопісы не зрабілі і зруху да незалежнасьці (прынамсі, не зарэгістравалі назваў-дублёраў). Ва ўладных структурах не абазначаныя свае людзі (як за саветамі — Сяргей Законьнікаў).

Сутнасна, арганізацыйна не зрабілі нічога. Быццам усё яшчэ Брэжнеў на дварэ. Тым часам савецкі пэрыяд завяршыўся. Беларускай ідэі ён не прынёс нічога новага, і мы паступова апынаемся ў той самай калізіі спаборніцтва “западноруссов” зь беларусамі, што і ў часы Купалавых “ворагаў беларушчыны”. Толькі цяпер ня ў чыстым выглядзе, ня тэт-а-тэт, а пераблытана — як ва ўладзе, так і ў пісьменьніцкіх суполках.

Зразумела, вяртаньня ў савецкі датацыйны застой, да “карыта” ня будзе. Новаствораны “голдынг” задуманы як тая асьвенцымская душагубка ў выглядзе душавога пакою. Розьніца ў тым, што дзьверы яе адчыненыя, а для сапраўднага таленту жыцьцё — зусім неабавязкова значыць жыцьцё ў няволі.

Пытаньне ў тым, ці здолеюць “дзяржаўныя” пісьменьнікі выявіць волю да жыцьця, выйсьці, стаць “недзяржаўнымі”, як гэта ўжо зрабілі многія іхныя калегі (ад чаго зусім ня страцілі ані доступу да чытача, ані папулярнасьці). Ці здолеюць самаарганізавацца і, выкарыстоўваючы свой аўтарытэт ды сілу талентаў, стварыць сапраўды салідарную супольнасьць з уласным выдавецтвам і някуцым літаратурным часопісам — тое, што будзе не наракаць на кепскую ўладу, а патрабаваць ад дзяржавы як бюджэтнага фінансаваньня нацыянальнае літаратуры, так і перагляду адукацыйных праграмаў. Тое, што здолее выжыць і безь дзяржаўнае падтрымкі, бо стане ўрэшце сабою, набыўшы свабоду і непадзеленую ні з кім адказнасьць. А ня прывідам ля ваўчынага вогнішча.

Сяргей Дубавец


Сяргей Законьнікаў: “Трэба падумаць”

“НН”: Што вы мяркуеце рабіць у цяперашняй сытуацыі?

Сяргей Законьнікаў: Ведаеце, нам нават падумаць не даюць. Мне патрэбны час, каб усё гэта абдумаць... Павінны стварыцца альтэрнатыўныя выданьні, але як іх утрымліваць? У мяне няма выхадаў ні на кога, у пляне фінансаваньня.

“НН”: Ці зьменіцца роля беларускіх незалежных выданьняў, калі “Полымя”, “Нёман”, “Маладосць”, “Крыніца” і “ЛіМ” апынуцца пад поўным дзяржаўным кантролем?

С.З.: Цяпер, калі ня будзе трыбуны, пісьменьнікі, нягледзячы на крыўды і непаразуменьні, пацягнуцца да незалежных выданьняў. Але ў незалежных выданьняў няма магчымасьці “пераварыць” гэта ўсё…

“НН”: Як апошнія падзеі паўплываюць на ролю ПЭН-цэнтру?

С.З.: ПЭН-цэнтар падрыхтаваў заяву па гэтай сытуацыі. Заява мусіць быць даволі рэзкая. Але ПЭН-цэнтар сёньня ня мае матэрыяльных рэсурсаў, каб рабіць нешта талковае.

“НН”: Як мусіць сябе паводзіць Саюз пісьменьнікаў?

С.З.: Сёньня мы спрабавалі сабраць Раду, але не было кворуму. Інэртныя пісьменьнікі. Бяда ў тым, што яны запалоханыя. У такой крытычнай сытуацыі, калі трэба сабрацца, праявіць мужнасьць, многія нашы творцы губляюцца і хочуць схавацца. Але схавацца не атрымаецца!

“НН”: Ці не зьбіраецеся вы пайсьці ў палітыку?

С.З.: Пакуль ня ведаю. Я ўжо адзін раз паспрабаваў у 1990-м, калі ў Віцебску балятаваўся ў дэпутаты Вярхоўнага Савету БССР. Мне не хапіла 35 галасоў для перамогі. І гэта пры тым, што ўлады вялі супраць мяне адкрытую прапагандысцкую вайну, замянілі 400 бюлетэняў... Гэта быў для мяне добры досьвед. Я не шкадую. А наконт сёньняшняга ўдзелу трэба падумаць.

Гутарыў Сяргей Ёрш

 

Раіса Баравікова: “Друкавала б таленавітых”

“НН”: Якім Вы бачыце часопіс “Маладосць” у будучыні? Якіх аўтараў хацелі б у ім друкаваць?

Раіса Баравікова: Мне ніякіх прапановаў пакуль ніхто не рабіў. Я — галоўная рэдактарка жаночага часопісу “Алеся”. І я не магу адказваць за нешта іншае. Часопіс “Алеся” я зрабіла канкурэнтаздольным, я падняла ягоны тыраж больш чым на тры тысячы — цяпер тыраж за дзесяць тысяч. Вось і літаратурны часопіс я б рабіла таксама канкурэнтаздольны, цікавы, друкавала б таленавітых аўтараў.

Запісаў А.В.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0