Афіцыйны Менск сьвяткуе такую рэдкую апошнім часам удачу на дыпляматычным фронце. Рада ААН у правох чалавека скасавала мандат адмысловага дакладчыка па Беларусі.

На гэтую вестку адразу ж адгукнуліся медныя трубы айчыннай прапаганды (пры тым што выключэньне краіны з Абагуленай сыстэмы прэфэрэнцый Эўразьвязу — рашэньне куды болей важкае — дзяржаўныя мэдыі сустрэлі магільным маўчаньнем).

Выйгрыш менавіта піяраўскі. Бо ААН не перастае сачыць за станам правоў чалавека ў Беларусі, як пасьпяшаліся зазначыць некаторыя агенцыі. Проста мяняецца мэханізм. Зь іншага боку, кладучы руку на сэрца, і ранейшыя рэзалюцыі адпаведнай ААНаўскай інстытуцыі былі як мёртваму прыпаркі. Сьмех сказаць: спэцдакладчыка Адрыяна Сэвэрына проста не пускалі ў краіну (а паказаўшы дулю праз браму, яшчэ і папракалі потым за неаб'ектыўнасьць!).

Зрэшты, разумны спажывец айчыннага афіцыёзу раскумекае, што да чаго, ужо з тае акалічнасьці, што Беларусь вывелі за дужкі разам з Кубай — "выспай Свабоды" ў двукосьсі. Экспэрты наўпрост зьвязваюць рашэньне з ціскам "усходняй бальшыні" Рады ААН у правох чалавека. Маўляў, Беларусь мусілі скарыстаць як разьменную карту, каб не спаралізаваць працу гэтай інстытуцыі.

Нагадаю: яна паўстала летась замест адпаведнай камісіі Аб'яднаных Нацый. Але выглядае на тое, што памянялі быка на індыка. Сярод чальцоў новай Рады, якая фармуецца паводле рэгіянальнага прынцыпу, — у прыватнасьці, такія праблемныя з гледзішча праваабарончага руху дзяржавы, як Расея, Кітай, Пакістан, Савудаўская Арабія і, нарэшце, тая самая Куба. Дый Беларусь некалькі тыдняў таму была ўжо адной нагой там, але ў апошні момант Захад, скажам наўпрост, зрабіў дыпляматычны фінт ды прапіхнуў на вакантнае месца Босьнію.

Усе гэтыя манэўры сьведчаць найперш пра глыбокую крызу самой ААН. Пад дахам няўклюднай, не адэкватнай выклікам часу глябальнае структуры мусяць неяк ужывацца, намацваць кампрамісы амаль што дзьве сотні жахліва розных краінаў — багатыя і жабрацкія, дэмакратычныя і дыктатарскія… На жаль, болей менавіта праблемных. Што і стварае адпаведную аўру, у тым ліку і ў пытаньні правоў чалавека. Няго ж Гавана будзе кідаць камень у афіцыйны Менск? Рука руку мые!

Захад жа апошнім часам аддае перавагу не анэмічным рэзалюцыям ад імя разнашэрсных структураў, а санкцыям, што ўводзяцца ягонымі цэнтрамі прыманьня рашэньняў — Вашынгтонам ды Брусэлем. "Думаю, калі б Менску далі магчымасьць выбіраць, ці захаваць прэфэрэнцыі ў гандлі, ці скасаваць мандат спэцдакладчыка, тут без ваганьняў выбралі б першае", — мяркуе палітоляг Андрэй Фёдараў.

На ягоную думку, скасаваньне мандату Сэвэрына — для беларускіх праваабаронцаў момант хоць і непрыемны, але не трагічны. Дэмакратычны дрэйф краіны будзе вызначацца іншымі чыньнікамі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?