АБ УСІМ ПАТРОХУ

 

з усёй краіны

У бібліятэцы — толькі
“Наша Ніва”

Бібліятэкі Асіповіччыны не атрымліваюць ніводнай рэспубліканскай газэты: у бюджэце няма сродкаў, каб падпісацца нават на “раёнку” “Асіповіцкі край”. Толькі “Нашу Ніву” рэгулярна прыносяць у гарадзкую бібліятэку тутэйшыя ТБМаўцы.

Рыгор Латышэвіч, Асіповічы

101 ружа ў падарунак

Адзін хлопец зь Берасьця падарыў сваёй каханай на дзень нараджэньня 101 белую ружу сорту “Віндэла”. Ружы ён купляў на калгасным рынку гораду. Тры дзяўчыны, якія гандлююць кветкамі, добра пабегалі, зьбіраючы букет вагою каля 8 кіляграмаў. Назвалі яго “Пяшчота”.

Гінуць дзеці

У красавіку на Берасьцейшчыне здарылася адразу некалькі недарэчных сьмяротных выпадкаў. У вёсцы Любашава (Ганцавіччына) сёстры Каця ды Ірэнка сямі й пяці год вечарам утапіліся ў вясковай сажалцы. Як гэта здарылася, ніхто ня бачыў. У той самы дзень у вёсцы Стрэльны, што на Ляхавіччыне, у пажарным вадасховішчы патанула трохгадовая дзяўчынка. За дзіцем ніхто не глядзеў. За некалькі гадзінаў да гэтага ў вёсцы Глінка (Століншчына) пяцігадовы Саша быў сьмяротна траўмаваны сячкарняй, што перакулілася на яго. А ў Пінску трохгадовы хлопчык, прачнуўшыся раніцай, выпадкова ўпусьціў падушку ў ложак маленькага браціка, які пад ёй задыхнуўся.

Нясмачна кармілі

34 чыноўнікі атрымалі прачуханку і мільён 800 тысяч рублёў штрафу ад санітарнай службы Берасьцейшчыны за тое, што не стварылі належных умоў для харчаваньня калгасьнікаў, занятых на сяўбе. Парушаліся санітарныя нормы прыгатаваньня ежы, яе транспартаваньня, мыцьця посуду і г.д. 11 “палявых кухняў” былі закрытыя да ліквідацыі хібаў. Раней санстанцыя гэтым не займалася, а з сёлетняга году ў яе трэба браць дазвол на арганізацыю харчаваньня мэханізатараў.

Другое жыцьцё балотам

Міністэрства прыродных рэсурсаў Беларусі, Каралеўскае аб’яднаньне аховы птушак (Англія), фонд “Дарвінаўская ініцыятыва” (Англія) ды прадстаўніцтва ААН у Беларусі пачалі праграму рэанімацыі беларускіх балотаў. Першымі аб’ектамі для аднаўленьня абраныя тры апошнія нізінныя балоты — Спораўскае, Званец і Дзікае.

І.Хведаровіч, Берасьце

Гульня ў алігархаў

У вітрыне глускага гатэлю зьявіўся рэклямны шчыт, упрыгожаны гірляндамі з каляровых лямпачак. Ён заклікае ўсіх ахвотных узяць удзел у “дзелавой гульні”, у часе якой можна купляць і прадаваць віртуальныя прадпрыемствы, будаваць у іх дадатковыя цэхі, атрымліваць прыбытак ад здачы ўласнасьці ў арэнду і, калі пашанцуе, зрабіцца самым багатым сярод 10 удзельнікаў. Прыдумала гэтую забаву прадпрымальніца Вікторыя Воўчак, перапрацаваўшы папулярную колісь гульню “Мэнэджэр”. Райкамунгас даў ёй два пакоі ў холе гатэлю. Гульню вельмі ўпадабалі глускія школьнікі. Каштуе месца за столікам 500 рублёў. Па нядзелях, заплаціўшы за квіток тысячу, можна ўзяць удзел у супэргульні, пераможца якой атрымлівае плэер і каробку цукерак.

Ігар Кірын, Глуск

Страйк выкладчыкаў музыкі

Выкладчыкі Сьветлагорскай музычнай школы страйкавалі 22 красавіка, дамагаючыся выплаты заробкаў за сакавік. Заробак пэдагога з трыццацігадовым стажам на стаўку (18 навучальных гадзінаў на тыдзень) складае 60 тыс. рублёў. Таму большасьць зь іх маюць пэдагагічную нагрузку да сарака гадзінаў, што дазваляе зарабіць 150 тысячаў за месяц. Не атрымаўшы заробку за сакавік, 44 выкладчыкі падпісалі ліст на адрас старшыні райвыканкаму. Кіраўніцтва раёну паабяцала прыслаць для размовы з калектывам работніка выканкаму, аднак у музычную школу ніхто не прыйшоў. Тады 22 красавіка першая зьмена пэдагогаў (37 асобаў) да працы не прыступіла, адаслаўшы вучняў дахаты. У другой палове дня заробак выкладчыкам музычнай школы быў выплачаны, і тыя страйк спынілі.

Вадзім Болбас, Сьветлагорск

Стары герб, новы сьцяг

Гарадзкую сымболіку зацьвердзіла сэсія Аршанскага савету. Упершыню герб — залаты паўмесяц у блакітным полі, з срэбным крыжам паміж рогамі — быў атрыманы Воршай 13 сьнежня 1620 г. разам з магдэбурскім правам. Пасьля горад меў яшчэ два гербы — царскі 1781 г. ды савецкі 1971 г. Дэпутаты прагаласавалі за першы. А мастак Янкоўскі, аўтар савецкага гербу, стварыў эталён сьцяга гораду: прастакутнае белае палотнішча з выявай гербу пасярод. У ніжняй частцы сьцяга — дзьве гарызантальныя блакітныя паласы рознай шырыні, якія сымбалізуюць рэкі Дняпро ды Аршыцу.

Віктар Лютынскі, Ворша

Акцыянэрам бясплатны абед

На Смургонскім камбікормавым заводзе адбылося пасяджэньне акцыянэраў. Ім належыць 9% каштоўных папераў прадпрыемства, астатнія — дзяржаўныя. Дырэктар заводу Міхаіл Чуковіч паведаміў, што дывідэнды плаціць няма чым, бо завод мае мільярд рублёў страт. У якасьці кампэнсацыі акцыянэраў пачаставалі бясплатным абедам і разьвезьлі па хатах на спэцаўтобусе.

Забіў малатком

У Смургонях судзілі 25-гадовага хлопца, які забіў малатком родную бабулю. Зайшоў да яе, выпіўшы, у госьці ды не ўпадабаў, што старая казала пра ягоную маці. Вось і схапіў першае, што пад руку трапіла... Забіўшы бабулю, унук падпаліў кватэру. Думаў, што ніхто ні аб чым не даведаецца. Даведаліся і далі яму 10 год турмы.

Найлепшы інтэрнат

Па выніках конкурсу “Вясёлкавы карагод” Смургонская школа-інтэрнат заняла першае месца на Гарадзеншчыне і другое ў краіне. Старшыня журы кампазытар Васіль Раінчык асобна адзначыў вядучых смургонскае праграмы Алеся Пашкоўскага і Натальлю Кашару. Казаў, што будуць яны дыктарамі на дзяржаўным тэлебачаньні.

Тацяна Скарынкіна, Смургоні

Коласаўцы ў Парыжы

Акторы віцебскага Коласаўскага тэатру выправіліся ў Парыж, дзе ў Доме Кардэна адбываюцца Дні беларускае культуры. Коласаўцы павезьлі пастаноўку “Шагал, Шагал” па п’есе Ўладзімера Драздова.

Міхал Чарвінскі, Віцебск


88-е падарожжа Тура Хеердала

Памёр Тур Хеердал 18 красавіка ў італьянскім мястэчку Коля-Мэры, дзе пражыў апошнія дваццаць гадоў. На пачатку месяца, дазнаўшыся, што леташняя апэрацыя не дапамагла яму пазбыцца раку галаўнога мозгу, стары перастаў есьці й прымаць лекі. Адышоў ён у 21.10 у атачэньні родных, пражыўшы 87 гадоў.

Пры канцы жыцьця Хеердал захапіўся скандынаўскімі сагамі — прычым разглядаў іх як гістарычны дакумэнт. І прыйшоў да высновы, што бог вікінгаў Одын — рэальны чалавек, які жыў недзе ў І ст. да н.э… на Алтаі, адкуль пасьля, са сваім народам, прывандраваў аж у Скандынавію. Такі этнагенэз прыйшоўся не даспадобы нарвэскім правым, бо перакрэсьліваў міт пра “паўночную арыйскую нацыю”. Але гістарычныя факты й матэрыялы археалягічных раскопак пацьвердзілі вэрсію Хеердала. Цяпер раскопкі будуць працягвацца безь яго.

Тура Хеердала ў нас ведалі і любілі яшчэ з савецкіх часоў, калі прагу да вандраваньняў, абмежаваных, у найлепшым выпадку, краінамі “народнай дэмакратыі”, людзі мусілі кампэнсаваць кінападарожжамі. Хто не памятае тае нядзельнае перадачы, якую вёў сябар Хеердала зь беларускім прозьвішчам — Сянкевіч? Музычная застаўка да яе дагэтуль чапляе за душу.

Тур Хеердал нарадзіўся 6 кастрычніка 1914 г. у мястэчку Ларвік на поўдні Нарвэгіі. Любоў да прыроды, якая перадалася яму ад маці, прывяла Тура ва ўнівэрсытэт Осла на факультэт заалёгіі й геаграфіі. Правучыўшыся там тры гады й пасьпеўшы за гэты час ажаніцца, Хеердал выпраўляецца разам з маладой жонкай Жаклін на Маркізаўскія астравы — вывучаць флёру й фаўну. Там ён зрабіў цікавае назіраньне: у Палінэзіі сустракаюцца некаторыя паўднёваамэрыканскія расьліны. Як яны здолелі пераплыць Ціхі акіян? Толькі разам з чалавекам. Відаць, першыя жыхары Палінэзіі прыйшлі з Паўднёвай Амэрыкі. Каб спраўдзіць сваю тэорыю, Тур у 1947 г. едзе на выспу Рарона, за 101 дзень будуе па традыцыйнай тэхналёгіі плыт з бальсавых бярвёнаў і выпраўляецца на ім у Амэрыку. “Кон-Тыкі” (плыт быў названы ў гонар палінэзійскага бога) шчасьліва дасягнуў берагоў Пэру. Гэтым плаваньнем Тур пацьвердзіў і яшчэ адну сваю тэорыю: вялізныя скульптуры на Востраве Вялікадня маглі быць помнікамі старажытнай пэруанскай культуры “мачыка”, прадстаўнікоў якой выгналі з радзімы ваяўнічыя інкі. У 80-я Хеердал ізноў вярнуўся ў Пэру, дзе адкрыў цэлую даліну пірамідаў цывілізацыі “мачыка”. Археолягам, якія гадамі капаліся паблізу, і ў галаву не прыходзіла, што тыя ўзгоркі правільнай формы зробленыя людзкімі рукамі.

Ён быў шоўмэнам — адмыслова ўзяў на “Кон-Тыкі” кінаапэратара, і дакумэнтальны фільм пра вандроўку атрымаў “Оскара”. А кніжка “Падарожжа на “Кон-Тыкі” прадалася накладам у 60 млн. асобнікаў. Але, у адрозьненьне ад іншага вялікага шоўмэна ХХ ст. Жака Кусто, Хеердал не рабіў акцэнту на экзотыку далёкіх краёў і марскіх глыбіняў. Яго можна назваць гісторыкам, які ставіў досьледы на сабе. Хеердал трымаўся думкі, што старажытныя народы Эўропы, Афрыкі, Азіі й Амэрыкі не былі адарваныя адзін ад аднаго. І даводзіў гэта на ўласным прыкладзе. На папірусным чаўне “Ра” ён пераплыў Атлянтыку, на папірусным караблі “Тыгрыс” — Індыйскі акіян. Ён увесь час быў у руху, жыў то ў Нарвэгіі, то ў Італіі, то на высьпе Тэнэрыфэ, дзе таксама, ледзьве не пасярод курорту, адкрыў піраміды, збудаваныя гуанчамі — першымі насельнікамі Канарскіх выспаў, якіх вынішчылі гішпанцы ў XV ст.

Сяргей Мікулевіч


Ксёндз Куляшэвіч: “Людзі бяднейшыя, але вера мацнейшая”

Ксёндз Генрык Куляшэвіч, што служыць у Смургонскім касьцёле, нарадзіўся ў Слабадзе Жасьнянскай (Мядзельшчына) у сям’і сэзоннага рабочага, маці была начальніцай пошты. Скончыў у Беларусі 3 клясы пачатковай школы, потым сям’я пераехала ў Польшчу. Адтуль бацька пайшоў на вайну і не вярнуўся. Маці выхоўвала трох сыноў адна. Генрыкавы браты жывуць у Польшчы. Ян — опэрны дырыжор у Познані, Станіслаў — прафэсар фізыкі ў Беластоцкім унівэрсытэце. Спэцыяльнасьці маюць ад царквы далёкія. Што ж змусіла Генрыка зрабіцца сьвятаром?

Ксёндз Генрык: Я зь дзяцінства адчуваў пакліканьне да Бога. Зусім маленькім хадзіў на вясковыя могілкі, дзе была статуя Маці Божай, паліў сьвечкі, маліўся. У 17 год пачаў вучыцца на сьвятара. Мая маці казала: “Ты сам выбраў гэты шлях. Аб адным цябе прашу: будзь добрым ксяндзом”. І на 45-м годзе служэньня я дзякую Богу за гэтае пакліканьне. Не шкадую, што ня маю ні сям’і, ні дзяцей. Мы даём тры абеты: беднасьць, бясшлюбнасьць, паслушэнства. Зямной любові для нас не існуе. Няма й ніякай маёмасьці: тэлевізар, радыё, машына — усё належыць Салізьянскаму ордэну.

— Ці розьняцца чым беларускія каталікі ад польскіх?

— Больш за 30 гадоў я працаваў у Польшчы, 10 — у Смургонях і магу сказаць, што людзі паўсюль аднолькавыя. Проста ў Польшчы ўмовы жыцьця лепшыя, але гэта веру палякаў крыху расхалоджвае. Тут людзі бяднейшыя, але вера мацнейшая. Асабліва радуе мяне праца зь дзецьмі: 1200 дзетак прывялі да веры пры касьцёле. Яны добрыя, разумныя, таленавітыя. Шкада толькі, што ня ўсе могуць знайсьці сабе шлях у жыцьці: вось скончаць яны школу, а потым будуць стаяць на дарозе разгубленыя — што рабіць?

— У чым самая вялікая праблема нашага грамадзтва?

— Ёсьць такая бяда — п’янства. Гэта ператварылася ўжо ў эпідэмію. І я змагаюся зь ёй. Размаўляю зь пітушчымі людзьмі на споведзі, і многія перастаюць піць. Бо споведзь — гэта ня толькі прызнаньне грахоў, але й выпраўленьне. П’янства ня ёсьць віной гэтых людзей. Іх да гэтага прывучылі. П’яніцамі лягчэй кіраваць.

— Вы адчуваеце радасьць ад свае працы?

— Так, мы заклікаем людзей ня красьці, не разводзіцца, не рабіць абортаў, не працаваць у нядзелю. І ёсьць паляпшэньне. Людзей у касьцёле большае: раней служылі дзьве імшы ў нядзелю, а цяпер даводзіцца правіць аж пяць. І думаем яшчэ дзьве дадаць. Касьцёл маленькі, а хочацца, каб людзі не стаялі, маглі прысесьці падчас імшы.

І радуюся таму, што выгадаваў многіх вучняў: 30 чалавек сталі ксяндзамі, зь іх двое — смургонскія. Гэта Ўладзімер Кабак і Аляксей Яшэўскі. Зь іх боку — вялікая ахвяра пайсьці па гэтым шляху. Многія, ня вытрымаўшы, вяртаюцца ў сьвет. Так адбылося з 17 маімі вучнямі... Але затое мне прыслалі разумнага памагатага Алега Жураўскага. Ён ксёндз-магістар, родам зь Менску, скончыў сэмінарыю ў Польшчы. Мне аднаму ўжо цяжка ўсімі справамі займацца.

— Чаму Вы на схіле год вырашылі прыехаць у Беларусь?

— Тут мае карані, да іх я і вярнуўся. Я хачу, каб мае косткі ляжалі тут, у роднай зямлі.

— Што для Вас шчасьце?

— Для мяне асабіста — быць верным пану Богу. Езус сказаў, што на зямлі шчасьлівымі мы ня будзем. І я кожную хвіліну гатовы пачуць голас, які скажа мне: усё, час паміраць. А матэрыяльны дабрабыт, грошы — усё гэта пустое, мыльная бурбалка, якая лопаецца ў далонях. Калі жывеш зь верай у Бога — гэта шчасьце. І ўсё астатняе неістотна — паважаюць цябе ці не, любяць ці не. Любоў мінае. Ня трэба імкнуцца дагадзіць. Галоўнае — казаць людзям праўду (хай яна й коле вочы) і рабіць добра сваю справу.

Гутарыла Тацяна Скарынкіна, Смургоні


міжнародныя навіны

Палёгкі ня будзе

Каталіцкім сьвятарам па-ранейшаму нельга будзе жаніцца, а жанчынам — прымаць духоўны сан. Папа рымскі, якому раілі даць ксяндзам гэткую палёгку, каб пазьбегнуць надалей сэксуальных дамаганьняў сьвятароў да прыхаджан, адмовіўся. Замест гэтага ён заклікаў жорстка ставіцца да гэткіх зьяваў.

Чэхія стамілася ад імігрантаў

Паводле справаздачы Міністэрства ўнутраных справаў Чэскай Рэспублікі, летась прытулак у краіне атрымалі 75 замежнікаў, зь іх 23 — беларусы. Усяго ж у 2001 г. прытулку прасілі каля 18 тысяч чалавек. Каб зьменшыць наплыў імігрантаў, Чэхія прыняла новы закон аб парадку даваньня прытулку.

Пераблыталі сьцягі

У горадзе Хайфа ў Ізраілі раззлаваныя жыхары напалі на аўтамабіль пасла Вугоршчыны Янаша Ховары, зблытаўшы сьцяг, прымацаваны да машыны, з палестынскім. Сымбалі дзьвюх дзяржаў розьняцца толькі верхняй паласой: у вугорцаў яна чырвоная, а ў палестынцаў — чорная. Пазьней, зразумеўшы сваю памылку, гараджане папрасілі прабачэньня ў пасла.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0