Санэпідэмслужба прапаноўвае прыбраць з мінскіх вуліц усе камерцыйныя кіёскі. Як паведаміў БелаПАН кіраўнік Мінскага гарадскога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, галоўны санітарны ўрач сталіцы Фёдар Германовіч, прычынай для гэтага паслужыў нездавальняючы стан прылеглых тэрыторый гандлёвых кіёскаў. На думку галоўнага санітарнага ўрача горада, «парадак заўсёды павінен быць як унутры кіёска, гэтак і звонку, а яго на сённяшні дзень няма».

«Кіёскі маюць права на жыццё пры ўмове выканання ўсіх патрабаванняў. Павінны быць, па меншай меры, павільёны з каналізацыяй, як гэта належыць», — падкрэсліў Ф.Германовіч. Да таго ж, на яго думку, кіёскі «псуюць выгляд горада».

Старшыня савета Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання (РГА) «Перспектыва» Анатоль Шумчанка, каментуючы прапанову кіраўніка Мінскага гарадскога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, заявіў: «Мы бачым, што ў наяўнасці спроба знішчэння дробнарознічнай гандлёвай сеткі ў горадзе Мінску. Але ж гэтая форма гандлю добра сябе зарэкамендавала: у кіёску атаварваюцца і міністры, і рабочыя. У 2003 годзе мы ўжо змагаліся за захаванне кіёскаў. Тады іх перанеслі на прыпыначныя пункты, падалей ад магазінаў». На думку лідэра «Перспектывы», прапанова аб ліквідацыі дробнарознічнай сеткі ў Мінску з’яўляецца вынікам «пратэкцыянісцкай палітыкі ўладаў у дачыненні да буйных гандлёвых прадпрыемстваў».

А.Шумчанка лічыць, што магчымае рашэнне аб закрыцці кіёскаў можа не толькі насіць эканамічны і сацыяльны характар, але і «закране палітычную частку пытання». На яго думку, мінчане гэтае рашэнне не падтрымаюць. «Рабочы ў заводскім раёне пасля цяжкага працоўнага дня ў кіёску каля прадпрыемства можа набыць цыгарэты, ваду або піва. А куды ён пойдзе, калі ўсё гэта закрыюць, бо ў гэтых раёнах магазіны не на кожным кроку размешчаны?» — задаўся пытаннем А.Шумчанка.

Ён заявіў, што ў выпадку спробы знішчыць дробнарознічную сетку ў горадзе, «Перспектыва» дасць сваю прававую ацэнку такому рашэнню і пакідае за сабою права дзейнічаць згодна з Канстытуцыяй».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?