Дом Марыянаў мусіць застацца беларускім

 

Другі раз сёлета “НН” зьвяртаецца да сваіх чытачоў з просьбай аб агульнаграмадзкай акцыі дапамогі. Беларускай супольнасьці пагражае страта Дому Марыянаў у Лёндане. Дом — цэнтар беларускага жыцьця ў Заходняй Эўропе. Ён быў пабудаваны выключна на беларускія грошы. Захаваліся расьпіскі за “ахвяраваньні на беларускую царкву”. Біскуп Сіповіч запісаў будынак Ордэну марыянаў. А марыяне год таму перадалі яго ва Ўсходнюю Кангрэгацыю Ватыкану. Цяпер дом, даўно не рамантаваны, патрабуе рамонту на 70 тыс. фунтаў. Калі яго не адрамантаваць, дык, паводле ангельскага закону, ён будзе прададзены. І Ўсходняя Кангрэгацыя схіляецца да таго, каб яго прадаць. Але пры страце Дому і Беларуская каталіцкая місія ў Вялікай Брытаніі апынаецца пад пагрозай закрыцьця. Між тым, толькі дзякуючы Дому Марыянаў і Місіі дзейнічалі дзясяткі розных адукацыйных, дабрачынных і навуковых праектаў у Беларусі і дыяспары. Наступствы страты гэтага найкаштоўнейшага асяродку цяжка нават ацаніць.

Акцыя салідарнасьці з праграмай “Голас душы” скончылася посьпехам. Асаблівасьць сытуацыі зь Місіяй і “Marian House” у тым, што лёс іх залежыць не ад беларускіх уладаў, зь якімі нам змагацца звычна, а ад Ватыкану. Апроч прыватных лістоў, шмат будзе залежаць ад кантактаў беларускага каталіцкага клеру ва ўлоньні Рыма-каталіцкага касьцёлу і Грэка-каталіцкае царквы, ад сувязяў беларускіх палітыкаў з замежнымі калегамі. Калі дружна ўстанем за Беларускую місію, удасца яе захаваць. “НН” будзе інфармаваць пра разьвіцьцё сытуацыі. Ніжэй мы друкуем зварот беларускае грамадзкасьці Брытаніі.

Больш як паўстагодзьдзя найбуйнейшы цэнтар беларускасьці ў Заходняй Эўропе — Беларуская каталіцкая місія ў Лёндане — служыць культурным, рэлігійным, адукацыйным і асьветным патрэбам нашае нацыянальнае супольнасьці. Сёньня сюды прыйшла бяда. Сёньня самому цэнтру патрэбная падтрымка суродзічаў.

 

Ад самага свайго заснаваньня ў 1947 г. місія была й застаецца ня толькі асяродкам рэлігійнага жыцьця, але таксама месцам захаваньня й узгадаваньня духу беларускасьці. Яна — дом для нашых нацыянальных і дабрачынных арганізацыяў (Згуртаваньня беларусаў Вялікае Брытаніі, Англа-беларускага таварыства, Камітэту дапамогі ахвярам радыяцыі), беларускай дзіцячай школкі. Місія – месца, куды беларусы на працягу дзесяцігодзьдзяў зьбіраюцца ў дні нацыянальных сьвятаў, дзе ладзяцца лекцыі й навуковыя ды літаратурныя канфэрэнцыі, дзе выдаюцца беларускія кнігі й газэты, робяцца пераклады. У пачатку 1970-х сьвятары каталіцкае місіі сталі заснавальнікамі й першымі ахвярадаўцамі Бібліятэкі імя Ф.Скарыны – найбуйнейшага па-за межамі Бацькаўшчыны збору беларускай і беларусазнаўчай літаратуры. Багатае й разнастайнае духоўнае і культурнае жыцьцё беларускае супольнасьці ў Брытаніі ды Эўропе немагчыма ўявіць без каталіцкае місіі ды без ахвярнае працы ейнага кіраўніка, а.Аляксандра Надсана. У часы, калі беларускае жыцьцё на Бацькаўшчыне знаходзіцца пад уціскам, Лёнданскі асяродак застаецца адным з апірышчаў нацыянальнага духу.

Сэрцам Беларускае місіі ды рэлігійна-культурнага цэнтру ў Лёндане зьяўляецца “Марыян Хаўз” – дом, дзе месьціцца капліца Сьв.Апосталаў Пятра й Паўла. Тут ужо больш за 50 гадоў творыцца штодзённая малітва за нашую Бацькаўшчыну і народ, тут гучыць боская літургія па-беларуску, тут беларусы вянчаюцца, хрысьцяць дзяцей, адпяваюць памерлых, сюды прыходзяць памаліцца шматлікія госьці зь Беларусі й дыяспары. Гэты будынак быў набыты на ахвяраваньні беларусаў усяго сьвету. У цяжкія паваенныя часы, апынуўшыся на чужыне, людзі часта аддавалі апошняе, бо верылі, што гэтым засноўваюць сталы беларускі асяродак. Доўгі час таямніцай для ўсіх нас быў факт, што “Марыян Хаўз” тады ня стаў маёмасьцю беларусаў. У выніку маніпуляцыяў і насуперак волі ахвярадаўцаў ён перайшоў ва ўласнасьць структураў Каталіцкай царквы ў Ватыкане. Цяпер Кангрэгацыя ўсходніх цэркваў, якая заяўляе правы на “Марыян Хаўз”, патрабуе выселіць зь яго беларускую місію й царкву.

Страта “Марыян Хаўзу” будзе мець трагічныя і незваротныя наступствы. Лёнданская місія – сымбаль і ўнікальны прыклад яднаньня нацыі бяз штучных канфэсійных падзелаў – атрымае ўдар, ад якога ёй будзе надзвычай цяжка падняцца. Нашая супольнасьць у Брытаніі глыбока абураная рашэньнем царкоўных уладаў, якое сьведчыць пра ігнараваньне Ватыканам інтарэсаў і духоўных патрэбаў беларусаў. Мы робім розныя захады, каб зьмяніць сытуацыю. Нам неабходная, аднак, дапамога нашых суродзічаў у Беларусі ды ў іншых краінах. Мы верым, што салідарныя намаганьні многіх беларусаў могуць прынесьці плён.

 

Ахвярадаўца “Марыян Хаўзу”, сябра ЗБВБ Сыльвестар Будкевіч, ахвярадаўца “Марыян Хаўзу”, сябар згуртаваньня беларусаў Францыі “Хаўрус” Міхал Навумовіч, старшыня ЗБВБ Алена Міхалюк, сакратар рады Бібліятэкі імя Скарыны Джым Дынглі, бібліятэкар Бібліятэкі імя Скарыны Юрась Лаўрык, сябар Беларускае дабрачыннае рады Сяргей Дзейка, сябра рады Англа-беларускага таварыства Джоўн Дзейка, перакладчыца і журналістка Вера Рыч, сябры ЗБВБ Юлія Баўдзей, Ірына Дубянецкая, Ігар Іваноў, Ігар Лабацэвіч, Караліна Мацкевіч, Мікола Пачкаеў.

 

Калі вы хочаце дапамагчы ў справе ўратаваньня “Марыян Хаўзу”, дасылайце лісты кіраўніку Кангрэгацыі ўсходніх цэркваў, кардыналу Ігнацыю Мусу Дауду. Ніжэй мы прапануем узор, які, падпісаўшы, можна адаслаць як індывідуальны ліст. Калі хочаце напісаць свой тэкст, да арыгіналу пажадана далучыць кароткі пераклад на італьянскую, францускую або ангельскую мовы.

Яго Эмінэнцыі Кардыналу Ігнацыю Мусу Дауду

Sua Eminenza Cardinale Ignace Moussa Daoud

Prefetto della Congregazione per le Chiese Orientali

00120 Cittá del Vaticano

Ватыкан

 

Вашая Эмінэнцыя!

Я зьвяртаюся да Вас зь вялікай трывогай аб лёсе сусьветна вядомага беларускага духоўнага цэнтру – Беларускае каталіцкае місіі ў Лёндане – і ейнага сэрца – “Марыян Хаўзу” з капліцай сьв.Апосталаў Пятра і Паўла.

“Марыян Хаўз” – унікальная рэлігійная й культурная каштоўнасьць для некалькіх пакаленьняў беларусаў. Асабліва вялікае значэньне для нас ён мае цяпер, калі Беларусь перажывае балючы працэс палітычнага й рэлігійнага станаўленьня. Страта “Марыян Хаўзу” можа стацца непапраўнай шкодаю для захаваньня ды разьвіцьця беларускае духоўнасьці.

Вашая Эмінэнцыя, я спадзяюся на Вашую мудрасьць і дальнабачнасьць у прыняцьці канчатковага рашэньня пра “Марыян Хаўз” і веру ў кіраўніцтва Сьвятога Духа ва ўсіх Вашых справах на карысьць Сьвятое Царквы й верных.

З пашанаю...

 

Votre Éminence,

Avec une grande inquétude, je m’adresse а vous pour attirer votre attention sur le sort du centre religieux bélarussien, renommé dans le monde entier. C’est la Mission Catholique Bélarussienne а Londres et son cњur — Marian House avec la chapelle des Saints Apôtres Pierre et Paul.

Pour plusieurs générations des bélarussiens, Marian House représente une valeur religieuse et culturelle unique. Et c’est surtout maintenant, quand le Bélarus traverse une période d’épreuve de son identité politique et religieuse, que le rôle de ce centre est inestimable. La perte de Marian House pourrait causer un dommage irréparable а la cause de préservation et de développement de la culture spirituelle bélarussienne.

J’ai le ferme espoir, Votre Éminence, que votre décision finale sur Marian House fera preuve de vos sagesse et prévoyance, et je crois aux conseils de l’Ésprit Saint dans tout ce que vous faites pour la Sainte Église et pour ses croyants.

Je vous prie d’agréer, Votre Éminence, l’assurance de mes sentiments dévoués.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0