З усёй краіны

 

Помнікам, якіх няма

У Міжнародны дзень помнікаў краязнаўчы клюб “Спадкаемцы” ладзіў экскурсіі да памятных мясьцінаў, дзе помнікаў няма. У сьпісе такіх — месца бальшавіцкіх расстрэлаў 1917 г. ды пасаджаны там невядомай настаўніцай сад, пахаваньне невядомай лётчыцы, якая зь ціхаходнага У-2 бамбавала віцебскі чыгуначны мост у 1941 г., школа, дзе вучыўся скульптар Восіп Цадкін, месца расправы над арцыбіскупам-уніятам Язафатам Кунцэвічам; месца пакутніцтва праваслаўнага архіяпіскапа Герасіма, спаленага жыўцом за адмову вянчаць Сьвідрыгайлу на велікакняскі пасад. У сьпіс вартых ушанаваньня залічаныя таксама віцебскія ваяры, што біліся са швэдамі на Няве, Чудзкім возеры й Грунвальдзкім полі; абаронцы віцебскага Верхняга замку ад маскоўскіх войскаў у 1654 г.; віцебская княгіня-фундатарка Ўльляна. Ахвотныя могуць далучыцца да акцыі. Т. у Віцебску 25-42-80.

Гарэлка зь вітамінам С

Больш папулярнай за газэту з такой жа назвай можа стаць гарэлка “Вечаровы Віцебск”. У склад новай гарэлкі дадаюць вітамін С. Праўда, дактары кажуць, што ён ад узьдзеяньня сьпірту слабее.

Крыж у Барані

У Барані пад Воршай прайшла талака. Ладзіла яе група патрыётаў, сярод якіх — былы старшыня Баранскага гарвыканкаму ў далукашэнкаўскую пару Юры Нагорны і нядаўні дырэктар зьліквідаванага Баранскага музэю Віктар Міхасёў. Навялі парадак на месцы, дзе да 1988 г. стаяла вывезеная ў Музэй народнай архітэктуры і побыту Спаса-Праабражэнская царква XVIII ст. Упарадкавалі старыя пахаваньні, а на падмурках царквы паставілі драўляны крыж.

Міхал Чарвінскі, Віцебск

У Бабруйску — гітлераўцы

20 красавіка бабруйскія скінхеды адзначылі дзень нараджэньня Гітлера. На рэчавым рынку ў Яловіках чапляліся біцца зь віетнамцамі-гандлярамі. Тыя выклікалі міліцыю, і расчараваныя падлеткі мусілі даць дзёру, але празь нейкі час аб’явіліся ў мікрараёне №6, расклейвалі ўлёткі са свастыкай і выкрыквалі “хайль Гітлер”.

Віктар Качан, Бабруйск

Бізнэс Бялыніцкага раёну

Што ўяўляе сабой прыватны бізнэс Бялыніцкага раёну? Найбольшую групу складаюць індывідуальныя прадпрымальнікі — 149 асобаў. Ёсьць 23 фэрмэрскія гаспадаркі. А прыватнаўласьніцкіх кампаній — усяго 4. Затое відавочная тэндэнцыя да павелічэньня вагі прыватнікаў у бюджэце раёну: з 4,2% у 2000 г. да 6,2 летась.

Базыль Ліцьвіновіч, Бялынічы

Намалюйце герб Берасьцейшчыны

Берасьцейская вобласьць стварае свой герб. Да канца гэтага месяцу прымаюцца любыя заяўкі ў Берасьцейскі камітэт па архітэктуры (Берасьце, вул.Леніна, 11). Акрамя заяўкі, трэба даслаць эскіз памерам 30х40 см, выкананы графічна ці на кампутары. Да эскізу павінна прыкладацца апісаньне і абгрунтаваньне ідэі гербу. Пераможца атрымае 200 тысяч рублёў.

Лечаць толькі за грошы

Тыдзень у баранавіцкіх аптэках не было як атаварыцца па бясплатных і льготных рэцэптах. Ахова здароўя гораду завінавацілася аптэкам 282 млн. рублёў, зь якіх больш за 205 млн. — за ільготныя лекі. З-за гэтага аптавікі больш не жадаюць пастаўляць у аптэкі лекі. Дактары ж цяпер інвалідам і старым выпісваюць лекі — аналягі льготных, за якія трэба плаціць грошы.

Няма месца Дамейку

Рада ТБМ зьвярнулася ў гарвыканкам Баранавічаў з прапановай надаць адной з гімназій імя Ігната Дамейкі. Бо дзяцінства Дамейкі прайшло побач — ў Сачаўцы. Адказ — адмоўны і дурны-дурны: улады “лічаць немэтазгодным” зьвязваць гімназію з І.Дамейкам, бо ў горадзе “маецца дастаткова беларускамоўных клясаў і ў кожнай школе раз на год праводзіцца тыдзень беларускай мовы”. І што да чаго? У 20 баранавіцкіх школах і гімназіях — усяго 12 беларускамоўных клясаў.

Прафсаюзы распадаюцца

Прафсаюз адукацыі Баранавіч выходзяць з рэспубліканскага падпарадкаваньня. Будуць самі па сабе.

Руслан Равяка, Баранавічы

У Кобрыні шмат інтэрнэтчыкаў

На сёньня ў Кобрыні болей за 170 зарэгістраваных карыстальнікаў Інтэрнэту. Гэта ня лічачы тых, хто карыстаецца беспарольным або незарэгістраваным уваходам у Сеціва. Калі ж браць зь імі, дык лічба, пэўна, сягне 300—350 чалавек. І гэта — на горад з насельніцтвам 55 тысяч.

“Усё прап’ю, гармонь пакіну!”

У бярозаўскую “камісіёнку” трапляе сканфіскаваная маёмасьць злосных неплацельшчыкаў, якія не разьлічваюцца за камунальныя паслугі. Часьцей за ўсё гэта мэбля, дывановыя пакрыцьці, лямпы. А нядаўна трапіў гармонік, які ацанілі ў 8200 руб.

“Старапескаўская люкс”

Гарэлка “Старапескаўская люкс” зьявілася ў гандлі Берасьцейшчыны, а неўзабаве будзе прадавацца па ўсёй краіне. Да звычайнай вады дадаецца яшчэ ёд. Гэта нібыта дазваляе выкарыстоўваць гарэлку для прафіляктыкі хваробаў шчытападобнай залозы, пішуць на этыкетцы. Маняць, думаю. Паўлітра каштуе 2180 рублёў. А людзі ў нас п’юць яе любую, абы давала па мазгах.

Абразілі габрэяў

У Пінску зьявіліся абразьлівыя графіці на сынагозе, на памяшканьні будучай жыдоўскай школы ды іншых будынках. Невядомыя намалявалі зялёнай фарбай свастыку й шыбеніцы з зацягнутай у вяроўцы шасьцікутнай зоркай. Улады высьвятляюць, хто нарабіў гэта паскудзтва.

І.Хведаровіч, Берасьце

Ленін у Парычах

Амаль месяц ня мае спакою ад графітыстаў помнік Леніну ў мястэчку Парычы (Сьветлагоршчына). То правадыр ператвараецца ў нейкага “хлопца” дзяўчынкі Алены, то шчэ ў нейкага “х...”

G.B., Парычы

Фэстываль жэставай песьні

З 25 па 27 красавіка ў Палацы культуры Беларускага таварыства глухіх прайшоў IV міжнародны фэстываль жэставай песьні “Сузор’е-2002”. Гэты від творчасьці дазваляе глухім артыстам і гледачам далучыцца да сьвету тых, хто чуе, праз выкананьне песень пад фанаграму пры дапамозе мовы жэстаў і элемэнтаў інсцэніроўкі.

У Занарачы пабудавалі царкву

У вёсцы Занарач (Мядзельшчына) — новая царква. Будаваў яе ўласнымі сіламі калгас “Шлях да камунізму”. Праца расьцягнулася аж на дзевяць гадоў — не ставала грошай. Дапамагла нямецкая фірма “Дамы замест Чарнобылю”.

Хочуць зэканоміць

Бацькам вучняў 1“А” клясы 108-й менскай школы паведамілі, што ў наступным навучальным годзе кляса будзе далучаная да расейскамоўнае. Бацькі выказалі пратэст. Супраць аб’яднаньня выказаліся дырэктарка школы Ганна Ходар і старшы інспэктар Міністэрства адукацыі Тамара Саўчук. Зыходзіць ініцыятыва ад Партызанскага РАА і абгрунтоўваецца мэтамі эканоміі: напаўняльнасьць беларускіх клясаў складае каля 50% ад нормы.

Паводле “Рэгіянальнай газэты”


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0