Грэх у вачах Бога

Прамова Яна Паўла II да амэрыканскіх біскупаў

 

1. Дарагія браты!

Дазвольце запэўніць вас, што я вельмі цаню вашае імкненьне трымаць Апостальскую Сталіцу і мяне асабіста ў курсе справаў пра складаную і цяжкую сытуацыю ў вашай краіне. Веру, што дыскусія, якая адбываецца тут паміж вамі, будзе плённая для каталікоў Злучаных Штатаў. Вы зьявіліся ў дом Пятровага намесьніка, задача якога — замацаваць біскупскае брацтва ў веры і любові ды аб’яднаць яго вакол Хрыста ў служэньні Божаму люду. Дзьверы гэтага дому адчынены для вас заўсёды, а асабліва ў тыя дні, калі вашая грамада агорнутая журбою.

Як і вас, мяне прывёў у роспач факт, што ксяндзы і духоўныя асобы, прызначэньнем якіх зьяўляецца дапамога людзям у дасягненьні вышыняў сьвятасьці, самі выклікалі скандал і сталіся прычынай пакутаў моладзі. Праз гэтую вялікую шкоду, нанесеную асобнымі сьвятарамі, да ўсяго Касьцёлу цяпер ставяцца зь недаверам. Безьліч людзей абураныя тым, як у гэтай сытуацыі трымаліся касьцельныя гіерархі. Злоўжываньні, што выклікалі гэты крызыс, паводле ўсіх стандартаў зьяўляюцца безумоўным злом, і слушна грамадзкасьць лічыць іх злачыннымі, бо гэта таксама неймаверны грэх у вачах Бога. Ахвярам і іх сем’ям, дзе б яны ні былі, я хачу выказаць сваю глыбокую салідарнасьць і спачуваньне.

2. Недастатковае разуменьне прыроды праблемы, а часам і парады экспэртаў прывялі біскупаў да рашэньня, якое выявілася памылковым. Цяпер вы працуеце над стварэньнем вельмі дзейсных крытэраў, якія б гарантавалі, што такія памылкі не паўторацца. Але нават калі мы палічым патрэбным скрозь усталяваць такія крытэры, мы ня можам забываць пра сілу веры, гэтага радыкальнага сродку засьцерагчы ад граху і павярнуць да Бога, сродку, які дасягае глыбіняў чалавечай душы і можа зьмяніць яе да непазнавальнасьці.

Не забывайма пра невымернае дабро для людзей і грамадзтва, якое тварылі і твораць пераважная большасьць ксяндзоў і духоўнікаў у ЗША. Касьцёл у вашай краіне заўсёды адстойваў чалавечыя і хрысьціянскія каштоўнасьці зь вялікім запалам і настойлівасьцю, дапамагаючы прышчапляць у народзе ўсё высакароднае.

Вялікі твор мастацтва можа быць спаскуджаны, але ён па-ранейшаму застаецца прыгожым — гэта адчуе кожны праніклівы крытык. Каталіцкім суполкам у ЗША, іх пастырам і пастве, мужчынам і кабетам, што служаць веры, выкладчыкам каталіцкіх унівэрсытэтаў і школ, амэрыканскім місіянэрам ва ўсіх кутках сьвету я дзякую ўсім сэрцам ад імя каталіцкага Касьцёлу і асабіста як біскуп Рыму.

3. Спакушэньне моладзі — гэта сур’ёзны сымптом крызысу, які тычыцца ня толькі Касьцёлу, але і ўсяго грамадзтва. Крызысу, які глыбока пусьціў свае карані ў сфэры палавой маральнасьці і міжчалавечых стасункаў у цэлым. Першыя ейныя ахвяры — сям’я і моладзь. Даўшы рашучы і дзейсны адпор праблеме злоўжываньняў, Касьцёл дапаможа ўсьвядоміць ды адужаць крызыс і ўсяму грамадзтву.

Каталіцкім вернікам і шырокай грамадзкасьці мусіць быць гранічна ясна, што біскупы і касьцельныя гіерархі турбуюцца перш за ўсё пра духоўную карысьць для душаў. Людзі мусяць ведаць, што ў духоўным асяродку няма месца тым, хто крыўдзіць моладзь, што біскупы і ксяндзы трымаюцца каталіцкіх прынцыпаў у пытаньнях палавой маралі, прынцыпаў, выконваць якія неабходна як для ўздыму прэстыжу біскупства і капланства, так і для адраджэньня інстытутаў шлюбу і сям’і.

4. Мы павінны верыць, што гэтыя выпрабаваньні прынясуць ачышчэньне ўсёй каталіцкай супольнасьці, ачышчэньне, якое надзвычай патрэбна, калі Касьцёл хоча плённа прапаведаваць Эвангельле ўсёй сілай свайго аўтарытэту. Цяпер вы мусіце прасачыць, каб там, дзе перамог грэх, яшчэ шчадрэй разьлілася ласка (“Да рымлянаў”, 5:20). Так шмат болю, так шмат смутку павінна прыняць найсьвяцейшае біскупства, найсьвяцейшае капланства і найсьвяцейшы Касьцёл.

Толькі Бог зьяўляецца крыніцай сьвятасьці, і менавіта да яго мы мусім зьвяртацца па дараваньне, па гаеньне ранаў і па ласку, каб адказаць на кінуты нам выклік з найвялікшай адвагай. Як добры пастыр з Эвангельля, пачынаючы з апошняй нядзелі біскупы мусяць быць між сваіх ксяндзоў і люду тымі, хто будзіць давер і вядзе іх над спакойнымі водамі (псальм 23:2).

Я прашу Госпада, каб ён даў амэрыканскім сьвятарам сілу збудаваць свой адказ на сёньняшні крызыс на грунтоўным падмурку веры і на шчырай рыцарскай міласэрнасьці да ахвяраў, ксяндзоў і ўсёй каталіцкай супольнасьці ў вашай краіне. Я прашу каталікоў, каб яны не адыходзілі ад сваіх ксяндзоў і біскупаў, каб маліліся за іх у гэтыя цяжкія хвіліны.

Няхай блаславеньне ўваскрэслага зь мёртвых Хрыста будзе з вамі.

 


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0