Сяргей Дубавец

Нацыя паэтаў і яе хросныя бацькі

Гэтая гісторыя мае даўні пачатак, а завяршаецца яна ў нашы дні, на нашых вачох. Гэта гісторыя пра хроснага бацьку, у абліччы якога за стагодзьдзе выступалі розныя людзі. Кожны зь іх клапаціўся пра сям’ю і кожны пакінуў на сваім шляху мноства забітых і панявечаных сямейнікаў. Гэта гісторыя пра хроснага бацьку нацыі паэтаў — як мы, беларусы, сябе называем.

Мы сапраўды — нацыя паэтаў. Ні адзін народ не пахваліцца такой колькасьцю вершаскладальнікаў — геніяў і графаманаў, прафэсіяналаў і аматараў, якія ёсьць, бадай, у кожнай вясковай хаце. Што ўжо казаць пра гарады, дзе выходзяць газэты і пры кожнай рэдакцыі ўвіхаюцца дзясяткі й дзясяткі паэтаў і тых, хто проста ня здолеў на пераломе сталасьці разьвітацца з гэтай ці то звычкай, ці то патрэбай — складаць вершы.

Самую назву нашай нацыі — беларусы — даў Францішак Багушэвіч. Гэты чалавек з агромністымі вусамі ў старой паўстанцкай сьвітцы сядзеў у сваім фальварку ў Кушлянскім лесе і прыдумляў для нас наш лёс, наша імя. Гэта дзякуючы яму мы сталіся такой асаблівай нацыяй, для якой улюбёная, найлепшая ў сьвеце краіна жыве найперш у вершах, а не ў рэчаіснасьці. Здаецца, нават у прозьвішчы ягоным — Багушэвіч — закладзена быць хросным бацькам нацыі.

Аднак “сям’і” Багушэвіч не запачаткаваў. Спатрэбіцца яшчэ трыццаць гадоў, каб нованароджаная нацыя стварыла свае газэты й часопісы, школы і ўнівэрсытэты, дзьве свае рэспублікі, каб насталі часы вялікай дэпрэсіі ці, як іх у нас называлі, часы ўсенароднага ўздыму і энтузіязму. Акурат тады з нашае нацыі паэтаў павыходзіла столькі прафэсійных вершаскладальнікаў, што сама сабою насьпела патрэба вылучыць зь іх найлепшых і аб’яднаць у касту самых-самых таленавітых. Іх пачалі называць пісьменьнікамі, а іхную “сям’ю” — Саюзам. На чале гэтай новапаўсталай сям’і апынуўся хросны бацька — Міхась Клімковіч, суворы чалавек з валявым тварам і празрыстымі халоднымі вачыма.

Цяпер такіх, бадай, не сустрэнеш. Міхась Клімковіч быў сапраўдны дон Карлеонэ — статны мужчына ў плашчы і капелюшы, з гранатай у кішэні, які мог выскачыць з аўтамабіля і, даведаўшыся, што мінулай ноччу былі расстраляныя ня дзесяць паэтаў, а ўсяго два-тры, уздыхнуць па-бацькоўску з палёгкай.

Існаваньне сям’і ператварылася ў суцэльную барацьбу, а шлях яе быў шчодра паліты крывёю. Відаць, у гэтым бязьлітасным сьвеце інакш і не магло быць. Ворагі ўвесь час выхоплівалі зь сям’і дзяцей, а яе старэйшынаў, такіх як Янка Купала або Цішка Гартны, даводзілі да самагубства. Хросны бацька дбаў, каб сям’я не расла: вузкім гуртом у такой аблозе выжыць лягчэй, можна пазьбегнуць непатрэбных ахвяраў. Даводзілася пазбаўляцца ад лішніх дзяцей.

Дзеці — найдаражэйшае, што ёсьць у сям’і. Але менавіта дзеці схільныя да рызыкі, яны не такія асьцярожныя, як дарослыя, і ня ведаюць усёй складанасьці дачыненьняў у гэтым сьвеце. Зь дзецьмі толькі праблемы. Асабліва ў тыя суворыя часы, калі пісьменьнікі не выходзілі з дому безь пісталета і калі кожную ноч расстрэльвалі паэтаў. Турма тайнай паліцыі – “Амэрыканка” — літаральна ламілася ад паэтаў, сталічных і прывезеных з правінцыі або з новадалучаных земляў Заходняе Беларусі. Самым частым абвінавачаньнем, якое чулі паэты, быў шпіянаж. А яшчэ нацдэмаўшчына — так на жаргоне ворагаў звалася паэзія.

Дайшло да таго, што ня толькі нацыя страціла большасьць сваіх паэтаў, але й каста абраных — пісьменьнікі — згубілі большую частку чальцоў. У іхным Саюзе ледзьве наскрабалася два дзясяткі чалавек. І здавалася, як напіша пазьней Караткевіч, ужо й на развод ня будзе. Але нацыя працягвала нараджаць дзяцей, і хутка сям’я зноў набрала колішнія некалькі сотняў.

Пасьля вайны спакваля адышлі ў мінулае расстрэльныя сьцены, пісьменьнікі здалі табэльную зброю, жыцьцё сяк-так наладжвалася, і стары дон Карлеонэ падаўся на спачын. Цяпер ён сядзеў у калысцы на сваім лецішчы, слухаў птушак, думаў пра дзяцей і пра тое, што яму ўдалося-такі вывесьці сям’ю з гэтага агню і ўсеагульнага зьнішчэньня.

А на чале сям’і стаў новы хросны бацька. Яго звалі Пятрусь Броўка. І акурат у той дзень, калі ягоны амэрыканскі калега дон Карлеонэ вырашыў, што сям’я больш ня будзе займацца наркотыкамі ды экстрэмізмам і цалкам легалізуе свой бізнэс, хросны бацька беларускае пісьменьніцкае сям’і падумаў пра тое самае. Мы ня будзем забіваць, падпальваць, раскідаць улёткі, мы цалкам легалізуемся, што прывядзе нас да ўзбагачэньня і дабрабыту. А што яшчэ трэба сям’і?!

Пасьля гэтага дон Карлеонэ ледзьве ўцёк з-пад куляў сваіх калег, якія не згаджаліся аддаваць свой хай і нячысты, але бізнэс. А ў Беларусі гэта выклікала ўнутраны падзел сям’і. У адных пісьменьнікаў зьявіліся службовыя машыны, шыкоўныя летнікі, яны не вылазілі зь ціхаакіянскіх круізаў. Другія жабравалі па суседзях і спалі на падлозе, абводзячы сваё лежбішча паласою вады — ад клапоў. Сацыяльны статус мала адбіваўся на талентах пісьменьнікаў і мала залежаў ад іх, бо талент даваў кожнаму ад нараджэньня Бог. Таму з гэтым разьмеркаваньнем не спрачаліся і пад яго гіерархію ў сям’і не падганялі. Маўляў, Богу Богава. Бяда была ў іншым.

Уся нацыя складалася з паэтаў. Яны нараджаліся, вырасталі і бесьперастанку ціснуліся ў сям’ю. Распарадзіцца зь імі як у трыццатыя гады цяпер не выпадала. Аднак гэта ня значыць, што пра тое ня думалі. І першы, хто так разважаў, быў Пятрусь Броўка — высокі лысаваты мужчына ў акулярах, якія блікавалі ягоны прыжмураны і шмат для каго фатальны пагляд. Ён сымбалізаваў сабою пераход ад вайны да мірнага існаваньня, увасабляючы ўсёмагутнасьць першага дона Карлеонэ, а разам з тым — слабасьць і бездапаможнасьць наступнікаў. Кожная парода з часам драбнее.

Нацыя паэтаў ведала Броўку як чалавека, неталенавітага ў паэзіі. Народ складаў пра яго вершыкі, дзе ў абразьлівай форме характарызаваў ягоны літаратурны даробак. “Пятрусь Броўка піша лоўка, піша лоўка і даўно, але ўсё, што ён напіша, называецца...” Менавіта ад Броўкі бярэ пачатак тэза, што імянітым паэтам у атачэньні адпаведнага дабрабыту можа стаць і апошні графаман.

Што праўда, наступнік Броўкі Максім Танк быў сапраўдным паэтам, нават больш ад Бога, чым ад сябе самога. Нягледзячы на сваё непрабойнае і наступальнае прозьвішча, гэты хросны бацька болей жыў сваім унутраным жыцьцём, і ўсім заставалася толькі здагадвацца, што ў яго насамрэч у галаве.

Танк таксама быў высокім статным мужчынам і, у адрозьненьне ад Броўкі, не мітусіўся, а хадзіў гэтак па-міністэрску разьмерана і грунтоўна. Ён усё болей выседжваў у прэзыдыюмах, езьдзіў па сьвеце і, здаецца, ні пра што й ня думаў, а толькі чакаў — увесь час цярпліва чакаў імпульсу ад свайго найвышняга патрона. Патрон час ад часу дыктаваў яму геніяльныя вершы.

У наступнага хроснага бацькі ўжо ўвогуле нічога, апроч саліднай паставы, не засталося. Ані пісталета, ані сьмелых і каварных плянаў, ані славы спрытнага ваяра. А сьвет не зрабіўся дабрэйшым, і прымірэнчая пазыцыя гэтага хроснага бацькі, як і заўсёды, успрымалася за слабасьць. Тым часам паэты па-ранейшаму сканчалі жыцьцё самагубствам або высылаліся куды далей. Ніл Гілевіч — так звалі новага хроснага бацьку — шукаў кансэнсус, а акцыі сям’і падалі, падалі, падалі...

Ён, здаецца, ні разу й ня крыкнуў ні на кога, ня грукнуў кулаком па стале, нічым іншым ня выявіў, хто ў доме гаспадар. Ня дзіва, што дому таго хутка ня стала. Праўда, не за Гілевічам, а пазьней.

У ягонага пераемніка не было ўжо і стаці. Ён наагул быў добрым чалавекам і шукаў ужо не кансэнсусу, а згоды — усіх з усімі. А такога не бывае. Гэтак прыйшлі часы, калі зь сям’ёй канчаткова перасталі лічыцца. Ну насамрэч, разважалі ворагі, ты толькі зьлёгку падвышаеш голас, а ён ужо пачынае плакаць. Ды не хацеў ты адбіраць у яго ягоную мову. Ты толькі хацеў спраўдзіць, наколькі ён моцны, каб далей трымаць сваю маёмасьць — свае выдавецтвы, сваю сядзібу, сваю сям’ю... А ён пачынае плакаць і прасіць, каб ты не чапаў мовы.

Натуральна, мова — найдаражэйшае, што ёсьць у паэта. І няхай ён з гэтым застанецца. Толькі нашто яму грошы, нерухомасьць, прадпрыемствы, а ўрэшце, і сям’я, калі ён ня здольны гэтага бараніць і калі сам ня ведае, як гэтым распарадзіцца.

А канчатковы крах сям’і настаў тады, калі мужчыны паўцякалі за мяжу, пакінуўшы ў крэсьле дона Карлеонэ жанчыну. І зрабілі гэта не ад фэмінізму свайго ці ад джэнтэльмэнства, а таму што жанчына, як вядома, слабы пол. То бок, колькі ні валі на яе — усё вывезе, ня пікне. Гэтак Вольга Іпатава апынулася ў неадэкватным становішчы. Уявіце сабе, што кабета трапляе ў крэсла бацькі сям’і, чый шлях шчодра ўсыпаны трупамі і паліты крывёю.

У канцы трэцяй часткі фільму “Хросны бацька” ворагі зьнішчаюць самае дарагое, што ёсьць у дона Карлеонэ — ягоную памочніцу-дачку. Думка простая: жанчынам ня месца ў мафіёзных разборках, няхай сабе гэта разборкі Саюзу пісьменьнікаў з уладамі, ці талентаў з графаманамі, ці што заўгодна. Гісторыя Жанны Д’Арк — гэта выключэньне, а ня правіла. Забойства дачкі паклала канец сям’і Карлеонэ. Яе існаваньне страціла сэнс. Тое самае адбылося і з нашай сям’ёй пісьменьнікаў. Драматычны канец. Канец фільму.

* * *

Сёньня засталася толькі ідэя сям’і — такой, якой запачаткаваў яе Міхась Клімковіч. Але ён усё рабіў дзеля яе дабрабыту і для дзяцей. А ад ягоных нашчадкаў часта даводзіцца чуць, што адраджэньне сям’і немагчымае менавіта таму, што няма дабрабыту. Яны страцілі смак да жыцьця. Ворагі адабралі ў іх выдавецтвы, сядзібу, забіраюць часопісы. Ім няпроста своечасова вылічыць ворага, бо той можа прыйсьці звонку, а можа і з самой сям’і.

Пасьля Броўкі новыя энэргічныя паэты спрабавалі ствараць свае сем’і ўнутры сям’і. Так заўсёды бывае, калі падрастаюць дзеці. Яны цягнулі з сваіх правінцыяў сваякоў, стваралі зямляцтвы. Гэтак, казалі, што Барыс Сачанка спрыяў землякам — Мятліцкаму і Канапельцы...

Сачанка загінуў проста за рабочым сталом, пры ня высьветленых да канца абставінах. Сёньня Канапельку пагналі з крэсла галоўнага рэдактара часопісу “Крыніца”, а Мятліцкаму далі такое крэсла — у часопісе “Полымя”. На чыім баку быў бы сёньня Сачанка? Можа быць, на баку Канапелькі. А можа, і ні на чыім. Але Мятліцкага ён у гэтай справе не падтрымаў і не ўхваліў бы ніколі. А гэта значыць, што і на такім вось мікраўзроўні новая сям’я стварыцца не магла.

Мятліцкі не забыўся на Броўкаў прыклад. Мікола хоча быць донам Карлеонэ. Няхай паспрабуе. Толькі ня кожны на тое здольны, а часам трапляюцца і здольныя, але без галоўнае рысы хроснага бацькі — тыя, што ня думаюць пра сям’ю і гатовыя здраджваць яе інтарэсам. І калі імпэту ў цябе навалам, а Бог ня даў сапраўднага таленту, даводзіцца скіроўваць той імпэт у іншае рэчышча. Заваёўваць сабе жыцьцёвую прастору падманам і хцівасьцю. Але гэта немагчыма, пакуль у іншых застаецца выбар, а ў цябе яшчэ няма табэльнай зброі...

Так яны змагаліся самі з сабою, прыдумляючы сабе ворагаў зь ліку чужых — ці то “марыністаў”, ці то дзяржаўных прызначэнцаў, але яны любілі сваё, і мучыліся гэтай любоўю, і ня спалі доўгімі начамі, ствараючы адзін аднаму тую невыносную цяжкасьць быцьця, якая часам адыходзіла, але нахлынала зноў і зноў з новай сілай. І тады яны гатовыя былі палюбіць адзін аднаго і чытаць, чытаць, чытаць свае фантастычныя вершы, якія гучалі як гімны яднаньня, як найвышэйшыя сьведчаньні іхнае роднасьці. Дзе-небудзь на нарачанскім беразе, пры вогнішчы, яны гатовыя былі забыцца, хто зь іх каго пасадзіў, хто каго заклаў, бо над імі было высокае неба ідэалу — самае большае, што было ў іх наагул. Яны — і сівагаловыя вэтэраны, і барадаценькія юнакі — раптам ператвараліся ў дзяцей. І да плачу слухалі адзін аднаго, перабівалі, і зноў слухалі. І гэта была паэзія — іх галоўная стыхія.

Божа, якое шчасьце вычуць у блізкім не каварства, а ў сабе — не раздражненьне, а гэтую самую сарамяжлівую любоў! І ім заўсёды тое давалася на гэтай зямлі, якая нараджала паэтаў. Таму яна здавалася ім ідэальнай зямлёю, таму ўлады ім заўсёды бачыліся найгоршымі ў сьвеце, бо паэты цураюцца ўладаў. Яны думалі, што заўсёды будуць дзецьмі і ніколі ніхто ня выставіць ім рахункі. Якія могуць быць рахункі да дзіцяці? Калі гэтак ставіцца пытаньне, дзіця знойдзе на вашыя рахункі свой пісталет. А як яшчэ вы хацелі размаўляць з паэтам? Якой мовай?

...Паэт надзявае даўгаполы капялюш або барэт і плашч. Беларускі паэт — чысты гангстэр. Ці даводзілася вам дажджыстым шэрым панядзелкам сустрэць у парку Горкага паэта Ніла Гілевіча? Сівы аксакал прамінае вас, як дон Карлеонэ. І ня дзіва, калі ў абойме ў яго ўсе гэтыя сысы, глёбусы ды славаміры адамовічы. Хто сьпіўся, хто не, а хто ў турме. Пачакайце, хлопцы выйдуць — кожны з сваёй сытуацыі. Гэта нацыя паэтаў. Гэта зямля палескіх рабінзонаў і дзіўных кентаўраў, якіх тут ласкава называюць Міколкамі-паравозамі. Гэта зямля, дзе раптам пачынае пахнуць чабор і дзе найвялікшыя ворагі сям’і — Алесь Бачыла, які, надзеўшы вышыванку, адпраўляецца да Ларысы Геніюш, Леанід Прокша, на незабыўных пасквілях якога вырасла цэлае пакаленьне новых паэтаў, дзе стары Алесь Кучар замест пісталета ўжывае расейскія мацюкі, бо гэта адзіная зброя, якая ў яго засталася.

Гэтая нацыя ведала столькі чужацкіх нашэсьцяў, што ўжо перастала лічыцца зь імі. Не глядзіце, што мы кажам — КГБ, Масква, акупацыя. Нашыя галоўныя ворагі даўно сярод нас. Мы іх прыватызавалі. Вы падсоўваеце нам Касьцяна, мазырскага галерэйшчыка? Што за цуд гэты Мазыр! Але галоўны вораг і галоўныя нашыя антаганісты ў гэтай сытуацыі — тыя, што ідуць з гэтым Касьцянам — нашы. Вось Таіса Бондар, аўтарка кніг, якія варта прачытваць назвамі — “Двое на востраве сьлёз”! Чаго чакае калюмбійская тэлевізія? А вось Раіса Баравікова — ці ня новая хросная маці нацыі паэтаў? Мілую Раісу любілі і любяць, як будуць заўсёды любіць прыгажуню і сымбаль жаноцкасьці, для якой ніколі ня будзе веку ці — як

вы сказалі? — грамадзянскай пазыцыі. А во наш знаёмы Мікола Мятліцкі — Лукашэнка з закрытай формай гэтае хваробы. Ну не паэт, але чалавек, які сьцьвердзіў, што з паэзіі можна рабіць і біяграфію, і прэміі. І кожны кранаўшчык ці мэліяратар, які парываецца сёньня пачаць сваю справу, мог бы павучыцца ў Міколы, як рабіць яе зь беларускай паэзіі. Ня ведаю Ніны Чайкі. Ведаю толькі, што пры яе кіраўніцтве “Беларуская маладзёжная” на дзяржаўным савецкім радыё стала самай лібэральнай рэдакцыяй. І ў гэткім вось развальненьні яе пераняла наша Жанна Літвіна — хросная маці беларускай журналістыкі. Усе зьмяняюцца. Верагодна, зьмянілася і Чайка — павяла свой “разгавор па сушчаству”...

Божа, як усё перавяртаецца! Чайка замест Жука, Баравікова — тая, якую дагэтуль цытуюць на маскоўскіх літаратурных зборках — “Сьцягні зь мяне сукню, шпурні мяне ў траву!” — тая Баравікова замест Далідовіча — ціхага і звышкансэрватыўнага, амаль як Марыяк, празаіка! А Вячаслаў Дашкевіч — фантастычны паэт, які некалі пісаў “Я прашу ў дактароў, замяніце мне кроў!” — гэта вам не графаман Мятліцкі. Дашкевіч — страшна нязручны чалавек са сваімі ідэямі і канцэпцыямі. А хто зручны? Сыс? Ці Славамір Адамовіч? Ці, можа, Глёбус зручны? Сапраўдныя паэты — нязручныя людзі, як правіла. На паэта крыўдаваць нельга. Ім неба кіруе. Ты сядзіш і крыўдуеш, а ён ужо там, далёка, яго чытаюць у гэты момант праз сто гадоў.

Хто ў нас яшчэ? Таіса Бондар... Некалі, яшчэ ў брэжнеўскія часы, Сяржук Сокалаў-Воюш прапанаваў зрабіць сталіцай падпольнага беларускага адраджэньня Рудзенск — маленькі гарадок на чыгунцы. Маўляў, усе рэвалюцыі пачыналіся з чыгуначнікаў. Мы нават зьезьдзілі туды — агледзець мясьціну. З усіх зьвестак пра Рудзенск у нас было толькі тое, што гэта — радзіма Таісы Бондар. Асоба спадарыні Таісы адразу набывала таямнічы, загаворніцкі зьмест.

Алесь Пісьмянкоў — з тых хлапцоў, што, кажучы словамі нашых мэтраў, ператварыліся ў харошых паэтаў. Ён заўсёды любіў Пысіна, свайго земляка, здаецца, нават больш за ўсю пісьменьніцкую сям’ю. Усе ўспрымалі Алеся з сымпатыяй — і як паэта, і як чалавека. Але не як рэдактара. Бо “ЛіМ” за ім апусьціўся ніжэй узроўню 1956 году. На жаль. Але паэт — зусім ня значыць рэдактар. Тут, верагодна, проста нейкая кабінэтная памылка.

Аднак я спыняюся, бо неўзабаве раскрыю вам усе таямніцы сям’і, і тады вам не захочацца браць у рукі творы сямейнікаў. І гэта будзе няслушна. Бо творы існуюць самі па сабе і шмат якія зь іх вартыя чытаньня і нават захапленьня.

Калі чацьвертай сэрыі “Хроснага бацькі” быць ня можа, дык працяг нашай гісторыі цалкам магчымы. Страціў сэнс Саюз пісьменьнікаў, але працягвае жыць і разьвівацца нацыя паэтаў. Яе нішто ня зьнішчыць. Для гэтага трэба было б забіць усіх беларусаў. Але гэта немагчыма. Нас усё яшчэ 10 мільёнаў, і знайсьці нас можна і ў Беларусі, і ў суседніх краінах, і ў Амэрыцы ці Аўстраліі, і нават у Афрыцы. Ніводная іншая мафія ня здолее пералавіць нас усіх. І нішто не перапыніць нашу апантаную цягу да паэзіі. Мы пішам вершы. Мы ўсе пішам вершы — на паперы, у кампутары ці проста ў галаве, бо мы нацыя паэтаў. І так будзе вечна.

Сяргей Дубавец


поўны касьцян

Пратэсты літаратараў

Да калектыву “Крыніцы” далучаюцца супрацоўнікі “Полымя”

Гвалтоўная перадача ўсіх літаратурных выданьняў у рукі славянафілаў выклікала пратэсты супрацоўнікаў розных рэдакцый. У поўным складзе падала заявы на звальненьне рэдакцыя “Крыніцы”. Устрымаліся ад такога кроку толькі два супрацоўнікі: фатограф і прыбіральшчыца. У “Полымі” аналягічны крок зрабілі намесьнікі рэдактара Генадзь Дзьмітрыеў і Барыс Пятровіч (Сачанка). Яшчэ шэраг супрацоўнікаў вагаецца. Cупрацоўнікі “Нёману” яшчэ ня вызначыліся: зьбіраюцца сабрацца і вырашыць стратэгію дзеяньняў на рэдакцыйнай радзе.

Істотна cхуднеў і рэдакцыйны партфэль “Полымя”. Гэтак, зацемкі Леаніда Галубовіча, якія мусілі пайсьці ў №5 часопісу, а цяпер выявіліся незапатрабаванымі, усё ж дойдуць да чытача. Аўтар разьлічвае, што частка іх прагучыць на радыё “Свабода”, а ўсе цалкам яны будуць надрукаваныя ў часопісе “Arche”.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0