Абараніць Ізраіль
Лічу ганебным тое, што ў Францыі, зь яе “свабодай, роўнасьцю і братэрствам”, паляць сынагогі, цкуюць габрэяў, апаганьваюць іхныя могілкі. Што Нарвэгія жадае забраць назад Нобэлеўскую прэмію міру, атрыманую ў 1994 г. Шымонам Пэрэсам, і цалкам аддаць яе Арафату. Да д’ябла Нобэлеўскую прэмію, і слава тым, хто яе не прымае!
Лічу ганебным, што “L’Osservatore Romano” — газэта папы рымскага — вінаваціць у палітыцы фізычнага зьнішчэньня народ, які хрысьціяне зьнішчалі мільёнамі. Лічу ганебным тое, што нашыя сьвятары імем Ісуса Хрыста (жыда, безь якога яны сёньня былі б беспрацоўныя) становяцца на бок тых, хто пачаў тэрарызм, забіваючы нас у самалётах.
Лічу ганебным тое, што столькі італьянцаў і столькі эўрапейцаў паднялі на свой сьцяг Арафата. Гэтую нікчэмнасьць, якая, дзякуючы грошам саудаўскай каралеўскай сям’і, строіць зь сябе Мусаліні ad perpetuum, якая падчас інтэрвію ня здольная два словы зьвязаць, у параўнаньні зь якой нават Муамар Кадафі выглядае як Леанарда да Вінчы. Яму нельга верыць. Ні ў якім разе! Гэты вечны тэрарыст, які вучыў нават тэрарыстаў з “Баадэр-Майнгоф”. А зь імі — дзесяцігадовыя дзеткі. Бедныя дзеці! Цяпер ён іх вучыць на камікадзэ. У яго на канвэеры сотні дзяцей-камікадзэ — сотні! Гэты душка Арафат, які жонку трымае ў Парыжы, дзе яе абслугоўваюць і ўшаноўваюць як каралеву, а свой народ — у гаўне. І з гаўна яго дастае, толькі каб пасылаць на сьмерць.
Лічу гэта ганебным і бачу ва ўсім гэтым нараджэньне новага фашызму, новага нацызму. І, адчуваючы агіду да антысэмітызму многіх італьянцаў, многіх эўрапейцаў, жахаюся той ганьбы, якая апаноўвае маю краіну і Эўропу. Гэта не супольнасьць дзяржаў, а ў найлепшым выпадку супольнасьць Пілатаў. І нават калі б усе жыхары гэтай плянэты думалі іначай, я ўсё роўна буду думаць менавіта гэтак.
Ар’яна Фалячы
Друкуецца са скарачэньнямі