Паводле слоў Сідорскага, «правал гэтага паказчыка шмат у чым абясцэніў іншыя дасягненні эканомікі за студзень‑май гэтага года». «Мы не толькі не змаглі дасягнуць станоўчага сальда, але і дапусцілі перавышэнне тэмпаў росту імпарту над тэмпамі росту экспарту ў два разы. І гэта пры тым, што былі зацверджаны планы развіцця знешнеэканамічнай дзейнасці па кожным міністэрстве», — зазначыў прэм’ер‑міністр.
Паводле звестак афіцыйных крыніцаў, С.Сідорскі заявіў аб неабходнасці забяспечыць на ўсіх узроўнях выхад знешняга гандлю на станоўчае сальда, і толькі пасля гэтага праводзіць рэфармаванне эканомікі і аздараўлення прадпрыемстваў. «Цяпер у нас усе пад сябе пішуць паказчыкі знешнеэканамічнай дзейнасці — такога не будзе», — папярэдзіў кіраўнік урада.
Паводле звестак Мінстата, у студзені‑красавіку сальда знешняга гандлю таварамі і паслугамі па метадалогіі плацежнага балансу склалася адмоўнае ў памеры 741,8 млн. долараў, у тым ліку сальда знешняга гандлю таварамі — адмоўнае ў памеры 1 млрд. 126,5 млн. долараў, паслугамі — станоўчае (384,7 млн. долараў). Паводле папярэдніх звестак Нацыянальнага банка, аб’ём знешняга гандлю таварамі і паслугамі па метадалогіі плацежнага балансу за студзень‑красавік 2007 года склаў 15 млрд. 637,8 млн. долараў ЗША, у тым ліку экспарт — 7 млрд. 448 млн. долараў, імпарт — 8 млрд. 189,8 млн. долараў. У адносінах да аналагічнага леташняга перыяду аб’ём знешняга гандлю таварамі і паслугамі склаў 116,9%, экспарт — 111,6%, імпарт — 122,1%.