Камуністы ваююць з забітымі

 

Партыя камуністаў беларуская зладзіла ў 21 горадзе Беларусі пікеты пратэсту супраць ратыфікацыі беларуска-нямецкага міжурадавага пагадненьня аб доглядзе ваенных могілак часоў другой сусьветнай вайны.

 

У Баранавічах вэтэраны сабраліся ў Маладым парку. Яны трымалі ў руках плякаты з надпісамі “Не — мэмарыялу фашысцкім катам”, “Не — ратыфікацыі ганебнай дамовы” і г.д.

У Асіповічах камуністы з гэткімі самымі лёзунгамі прайшлі каля 2 км па цэнтральнай вуліцы гораду — ад цэнтральнай плошчы да стадыёну “Алімпіец”, дзе адбыўся мітынг. Ягоныя арганізатары не аплачвалі ні арэнды месца, ні міліцэйскай аховы, ні хуткай дапамогі, ні паслуг дворніка — усё, што звычайна спаганяюць з апазыцыянэраў за арганізацыю мітынгу. Сышло з рук нават несанкцыянаванае шэсьце. “Гэта адбылося таму, што ў шэрагах нашых органаў ёсьць яшчэ нашыя савецкія людзі”, — патлумачылі самі камуністы. Паводле словаў 2-га сакратара ПКБ Алены Скрыган, толькі ў Горадні аблвыканкам не дазволіў ладзіць мітынг, а ў Берасьці з-за гарадзкіх сьвятаў акцыю перанесьлі на 27-га.

Кіраўнік ПКБ Сяргей Калякін упэўнены, што пытаньне камуністамі ўзьнятае важнае і актуальнае. Гэта была ня разавая акцыя, кажа ён: “Мы ўжо даўно займаемся гэтай праблемай. Яшчэ два гады таму палата прадстаўнікоў мелася ратыфікаваць тое пагадненьне, але мы сабралі 70 тысячаў подпісаў супраць узьвядзеньня мэмарыялаў нямецка-фашысцкім захопнікам. Мы ня супраць эксгумацыі пахаваных немцаў. Няхай немцы выкопваюць гэтых салдатаў і хаваюць з усёй пашанай у сябе, а ня тут, куды яны прыйшлі як захопнікі. У той час калі магілы тых, хто абараняў Радзіму, знаходзяцца ў жудасным стане, узводзіць мэмарыялы немцам проста неэтычна. Асабліва гэта абразьліва для 200 тысячаў тых, хто прайшоў праз тую вайну і цяпер жыве ў Беларусі, і для першага паваеннага пакаленьня”. Непасрэднай падставай для пікетаў, паводле словаў С.Калякіна, сталася тое, што вярхушку вэтэранскіх арганізацыяў зноў пачалі “апрацоўваць” — вазіць у Нямеччыну.

Калі сп.Калякін кажа пра “абаронцаў Радзімы”, ён мае на ўвазе радзіму постсавецкіх камуністаў, незалежна ад нацыянальнае прыналежнасьці, — СССР… А калі зірнуць на прапанаваную Калякіным ідэю татальнае эксгумацыі захопнікаў вачыма жыхара тэрыторыі, дзе адных захопнікаў увесь час зьмянялі іншыя, дык давядзецца тры чвэрці Маскоўскіх, Вайсковых ды Паўночных могілак вывезьці на ўсход.

Лідэр беларускіх камуністаў абыходзіць адзін істотны факт: немцы зьбіраюцца ствараць тыя мэмарыялы за свае грошы. Дый ня помнікі ж Гітлеру яны ставяць — усяго толькі парадкуюць магілы жаўнераў, якія ў большасьці сваёй былі простымі салдатамі вэрмахту, а не ідэйнымі нацыстамі. Такімі ж ахвярамі рэжыму і вайны, як і іхныя праціўнікі з савецкага боку. А ў “жудасным стане” пахаваньняў савецкіх салдатаў, які абурае камуністаў, хто ж вінаваты? Хто не даваў давесьці іх да ладу 50 гадоў?

У нечым падобная спрэчка працягваецца ў нашых суседзяў-украінцаў. На Лычакоўскіх могілках у Львове ёсьць Цьвінтар арлянятаў — пахаваньні полякаў, якія загінулі, адваёўваючы Львоў ад украінскіх войскаў у 1918 г. У міжваенным часе палякі пачалі там будаваць вялікі мэмарыял, але дарабіць не пасьпелі, пачалася вайна. За саветамі клады ператварылі ў сьметнік, частку помнікаў сплюндравалі танкамі й бульдозэрамі. У 1989 г. палякі на грамадзкіх пачатках пачалі аднаўляць Цьвінтар арлянятаў. Аднак рэзка супраць выступілі ўкраінскія нацыяналісты і львоўская інтэлігенцыя. Для іх “арляняты” застаюцца захопнікамі, а могільнік — пахаваньнем акупантаў.

13 гадоў бакі шукалі кампраміс. І вось мяркуецца, што 21 траўня адбудзецца ўрачыстае адкрыцьцё мэмарыялу на Цьвінтары арлянятаў з удзелам прэзыдэнтаў Украіны і Польшчы. Спачатку адкрыцьцё плянавалася на сакавік, аднак прыйшлося зноў яго адкласьці на некалькі месяцаў, бо ўкраінскі бок ня быў згодны ўжо з надпісам на помніку забітым палякам: “Невядомым жаўнерам, палеглым за незалежную Польшчу”. Кампрамісным варыянтам стаў надпіс бяз слова “незалежная”… Аднаўленьне Цьвінтару арлянятаў сталася знакам прымірэньня паміж украінцамі і палякамі, забыцьця даўнейшых крыўдаў.

Зрэшты, ад беларускае сытуацыі там ёсьць істотнае адрозьненьне: тыя “палякі” былі жыхарамі Львова — добраахвотнікамі, а не нацыстамі.

Кампанія супраць упарадкаваньня могілак — дробны папулізм камуністаў. У змаганьні за рэйтынг партыі калякінцы не спыніліся нават перад уступленьнем у вайну з забітымі. Камуністы згубіліся ў часе і прасторы. Лукашэнка стаў магільшчыкам беларускага камунізму.

Цікава, што ня ўсе прадстаўнікі ваеннага пакаленьня пачуваюцца абражанымі ад таго, што немцаў пахаваюць па-людзку. Адна смургонская цётка, пабачыўшы камуністычны пікет, сказала: “Сеяць зараз трэба, а немцы няхай ляжаць сабе спакойна”.

Аркадзь Шанскі, Руслан Равяка (Баранавічы), Тацяна Скарынкіна (Смургоні), Рыгор Латышэвіч (Асіповічы)


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0