“Слаўнафта”: бунт на караблі

Новым прэзыдэнтам расейска-беларускай кампаніі “Слаўнафта” на пазачарговым паседжаньні акцыянэраў 13 траўня абраны Юры Суханаў. Ён зьмяніў Міхаіла Гуцарыева, які кіраваў “Слаўнафтай” два гады. Беларускае кіраўніцтва процістаяла Суханаву разам зь бізнэс-групоўкай піцерскага “Міжпрамбанку” і “Газпраму”.

Нашае Міністэрства эканомікі вылучыла кандыдатуру віцэ-прэзыдэнта кампаніі “Раснафта” Анатоля Бараноўскага.

Шанцаў у яго ад пачатку было няшмат. Яны падвысіліся толькі пасьля таго, як 29 красавіка супраць Суханава была адкрытая крымінальная справа. Але падсьледны, тым ня менш, атрымаў на выбарах усе 89% галасоў. Супраць галасавалі толькі 10,8% беларускіх акцыяў. Цяпер апанэнты Суханава абяцаюць, што ён ня здолее прыступіць да выкананьня сваіх абавязкаў, бо будзе арыштаваны, як толькі вернецца ў Расею.

Перш-наперш Юры Суханаў увёў у кампаніі пасаду выканаўчага дырэктара — па сутнасьці, другога чалавека ў “Слаўнафце”. Ім стаўся былы супрацоўнік расейскага Міністэрства энэргетыкі Алег Шчогалеў. Раней ён працаваў у кампаніі “Сібнафта”. Такім чынам, апошняя атрымлівае кантроль над расейска-беларускім акцыянэрным таварыствам нават у выпадку арышту Суханава па крымінальнай справе.

Можа быць некалькі тлумачэньняў безнадзейным захадам беларускага ўраду: альбо гэтак Лукашэнка да канца даказваў вернасьць бізнэс-групоўкам, што стаяць за старым сябрам Гуцарыевым, альбо адбылася чарговая дэманстрацыя “сувэрэнітэту” перад абліччам пуцінскага ўдава.

Прычыны адстаўкі Гуцарыева маглі быць дзьве. Па-першае, ён падтрымліваў свайго брата Хамзата, які балятаваўся на пост прэзыдэнта Інгушэтыі. Але Крэмль не дапусьціў Хамзата да ўдзелу ў выбарах, а Міхаіла адхілілі ад кіраўніцтва кампаніяй. Ёсьць і іншая вэрсія. Расейская дзяржава, якой належыць амаль 75% акцыяў “Слаўнафты”, зьбіраецца сёлета ўвосень прадаць 19,68% зь іх. Купяць акцыі, агульны кошт якіх 300—350 млн. даляраў, “Сібнафта”, “Лукойл”, Цюменская нафтавая кампанія й “Юкас”.

Канкурэнцыя абяцае быць жорсткай, а таму Пуцін захацеў мець на пасадзе кіраўніка кампаніі свайго чалавека. Гуцарыеў жа ня быў чалавекам Пуціна.

Беларускі бок выступаў супраць продажу акцыяў і адстаўкі Гуцарыева. Абураныя прадстаўнікі Менску не прыходзілі на паседжаньні рады дырэктараў і ігнаравалі галасаваньні. Нават калі ўжо ўсё было вырашана наперад, 18 красавіка ў інтэрвію “Інтэрфаксу” прэзыдэнт канцэрну “Белнафтахім” Іван Бамбіза абвясьціў, што ў адстаўцы Гуцарыева няма неабходнасьці. Цікава, што некалі Аляксандар Лукашэнка адмоўна ставіўся да таго, што на чале расейска-беларускай кампаніі будзе інгуш. Пазьней сьпікер ніжняй палаты парлямэнту Расеі Селязьнёў дапамагаў Лукашэнку і Гуцарыеву наладзіць стасункі.

Відаць, усё атрымалася, бо Гуцарыеў пару месяцаў таму хваліўся, што з 14 млн. тонаў нафты, якая перапрацоўвалася ў нашай краіне ў 2001 г., 80% прыпадала на долю “Слаўнафты” і “Сургутнафтагазу”. У Беларусі “Слаўнафце” належаць 50% акцыяў Мазырскага нафтаперапрацоўчага заводу, яна займаецца таксама рэалізацыяй нафтапрадуктаў.

Заўсёды падкрэсьліваючы сваю ляяльнасьць да Лукашэнкі, “Слаўнафта” ня мела праблемаў у Беларусі. Як казаў сябар партыі Жырыноўскага Гуцарыеў, “мы ўжо там на рынку, а іншых там няма. Проста няма”.

Зараз Менску давядзецца мець справу з новым кіраўніком фірмы, супраць якога беларускі бок галасаваў. Нашыя паводзіны ў часе выбараў былі досыць дзіўнымі, бо перамагчы Суханава было амаль немагчыма. Ён чалавек Рамана Абрамовіча з групоўкі, арыентаванай, як сьцьвярджаюць “крэмлязнаўцы”, на ельцынскую “сям’ю” і прэм’ера Міхаіла Касьянава. Ніякіх пытаньняў з кандыдатурай Суханава ва ўладных расейскіх структурах не паўстала, яна імкліва зацьвярджалася на ўсіх узроўнях. Менск ня змог пераламаць сытуацыю на сваю карысьць. Тым ня менш, 13-га беларусы галасавалі супраць, а Лукашэнка сустракаўся зь Ельцыным.

Пазалетась Лукашэнка даў рады спыніць пляны прыватызацыі “Слаўнафты”, сустрэўшыся з Пуціным, сёлета “беларусы” проста зладзілі фронду.

Замена кіраўніка “Слаўнафты” — важная для Беларусі падзея з пункту гледжаньня прыватызацыі нафтахімічнага комплексу. Месяц таму Гуцарыеў заявіў, што сумесна з “Сургутнафтагазам” плянуе ўдзельнічаць у прыватызацыі “Азоту” ў суадносінах 50:50. Апроч таго, выказваліся намеры набыць блякуючы пакет “Паліміру” (25%) ды паўдзельнічаць у прыватызацыі “Нафтану”. Гуцарыеў таксама дэкляраваў укласьці ў беларускую эканоміку да мільярда даляраў.

Афіцыйны Менск, прайграўшы на выбарах, ня здаўся. Цяпер урад хоча атрымаць замежны крэдыт 200 млн. даляраў пад заклад свайго пакету акцыяў “Слаўнафты”. Праўда, аналітык з Расейскага цэнтру палітычных тэхналёгіяў у інтэрвію радыё “Свабода” назваў гэтую інфармацыю “палітычным ходам, які мусіць прадэманстраваць занепакоенасьць беларускага боку прызначэньнем Суханава”.

Сяргей Радштэйн


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0