поўны касьцян

Часопісы як грыбы

Новы рэдактар часопісу “Крыніца” Вячаслаў Дашкевіч пачаў сваю дзейнасьць са зьняцьця з красавіцкага нумару п’есы Сяргея Кавалёва “Сёстры Псыхеі”. У тым самым нумары мусіла асьвятляцца постаць Гюнтэра Граса — нямецкага пісьменьніка, нобэлеўскага ляўрэата. Паэтычныя і празаічныя творы Граса падаваліся ў перакладах Лявона Баршчэўскага. Апошні, пратэстуючы супраць скандальнай сытуацыі вакол літаратурных выданьняў, забраў свае пераклады.

Сабатаж “акупаваных” выданьняў — не адзіны мэтад дзеяньня літаратараў. Сытуацыя падштурхоўвае Саюз пісьменьнікаў на тое, што варта было зрабіць ужо даўно — стварыць незалежнае ад дзяржавы літаратурнае выданьне. Працу ў гэтым кірунку распачаў былы галоўны рэдактар часопісу “Полымя” Сяргей Законьнікаў. Новы часопіс мае працоўную назву “Будзем!”

Пакуль праект яшчэ ў стадыі распрацоўкі: вядуцца перамовы з аўтарамі й фундатарамі. Пра сам часопіс сп. Законьнікаў распавядаць што-кольвечы адмаўляецца: баіцца, што лішні розгалас нашкодзіць праекту. “Я змагу што-небудзь сказаць толькі праз тыдзень”, — заяўляе ён.

Празаік Барыс Пятровіч (Сачанка) таксама зьбіраецца распачаць уласны літаратурны праект — часопіс “Дзеяслоў”. Праўда, сам Пятровіч пакуль ня мае пэўнасьці: “Задума часопісу была, але толькі на ўзроўні размоваў”. На пытаньне “НН”, у якой ступені каардынаваныя дзеяньні яго і Законьнікава ў арганізацыі літаратурных выданьняў, Пятровіч зазначыў: “Я супрацоўнічаю зь Сяргеем Законьнікавым. Таксама — на ўзроўні размоваў”.

Адам Воршыч


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0