Лісты ў рэдакцыю

 

Намэнклятура – ня шляхта

Апошнім часам некаторым пачало здавацца, што ўлада пераходзіць на незалежніцкія пазыцыі й лібэралізуе эканоміку. Ці не прыхавана за гэтымі пошукамі пераменаў уласнае нежаданьне штосьці рабіць?

 

А рабіць ёсьць што. Трэба ўрэшце зразумець: пакуль ня можа быць моцных правых беларускіх партыяў. Фэрмэру-беларусу, бізнэсоўцу-беларусу, кіраўніку прадпрыемства ці арганізацыі (таксама беларусу) усё адно, які сьцяг над гарадзкой ратушай, абы не заміналі працаваць. Гэтыя бізнэсоўцы і намэнклятура ня маюць нічога супольнага зь літоўскай шляхтай. Нуварышы ня будуць зьбіраць канфэдэрацыяў ды рокашы ўздымаць. Што б ні здарылася, яны возьмуць бок пераможцы. Таму трэба ўтварыць сапраўды прафэсійныя зьвязы.

Сёньня, калі пачынаецца прыватызацыя, калі робіцца ўсё, каб зьнізіць цэны на заводы, а то й наагул аб’явіць гэтыя заводы банкрутамі, каб замежны “інвэстар” купіў іх за шэлег, прафзьвязы павінны бараніць правы працоўных. Патрабаваць скасаваньня рэакцыйных артыкулаў Працоўнага Кодэксу і яго поўнага перагляду. Зьвяртаць увагу працаўніка на парушэньні. Дапамагаць юрыдычна. Сёньня большасьць заводаў стаіць, а рэакцыі, акрамя недазволенага мітынгу, ніякай.

Апазыцыйныя партыі павінны патрабаваць лібэралізацыі эканомікі. Уносіць канкрэтныя прапановы. Альтэрнатыўныя законы, артыкулы, пункты! Лічбы! У адказ на любы спрэчны закон, які выклікаў незадавальненьне ў людзей, прапаноўваць свае варыянты. Усё гэта друкаваць. Адмовяцца газэты – ва ўлётках. Прапагандаваць свае варыянты законаў сярод групаў насельніцтва, на якія гэтыя законы скіраваныя. Праводзіць агітацыю сярод тых, хто супраць. Яшчэ трэба ствараць новыя партыі. Старыя ўжо скампрамэтавалі сябе тым, што прайгралі.

І ніякіх спадзеваў на намэнклятуру. Гэта зладзеі. Крадуць амаль усе, хто мае нейкую дзяржаўную пасаду. Інакш яны ўжо жыць ня могуць і ня змогуць. Пры гэткіх квітнеюць толькі палацавыя інтрыгі ды карупцыя, але не дзяржава. На народ, на ідэі (якія немагчыма перавесьці ў грошы) намэнклятуры начхаць. Таму пасьля перамогі люстрацыі не пазьбегнуць. І ня трэба пужацца ці саромецца. Народ сам запатрабуе гэтага.

І асноўная задача – давесьці кожнаму беларусу, што ў нас ёсьць уласныя інтарэсы, што спадзявацца на “бацькаву” спагаду і мудрасьць ці на дабрыню суседа (велікароса ці паляка – розьніцы няма) уласьціва рабам, а не гаспадарам сваёй зямлі.

Сёньня трэба ствараць гэткі свой уласны інтэрас. Ствараць сваю дзяржаву. Такія інтарэсы ёсьць ва ўсіх нашых суседзяў, ён павінен зьявіцца і ў нас, каб заклік “Жыве Беларусь!” не гучаў як пытаньне ля рэанімацыйнага ложка.

Андрэй, Гомель

 

Амністыя для вучоных

Выказваючы яшчэ раз удзячнасьць за публікацыю майго артыкулу “Чарнобыль б’е па нагах”, паведамляю, што я зьвярнуўся на імя А. Лукашэнкі з хадайніцтвам аб амністыі для асуджаных вучоных Ю.Банджэўскага і У.Раўкова. Гэтыя адметныя спэцыялісты ў галіне радыяцыйнай мэдыцыны прынясуць грамадзтву значна большую карысьць, калі будуць займацца навукова-дасьледчай працай, а не марнаваць час у турме. Да хадайніцтва я прыклаў копію сваёй публікацыі ў “Нашай Ніве”.

Васіль Якавенка

 


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0