Сакрат Яновіч
Беларусы ў Польшчы
Беларусы ў Польшчы – гэта аўтахтоны Падляшша з уласнай тысячагадовай гісторыяй. Яны маюць уласную этнічную тэрыторыю, насяляюць усход і цэнтар Падляскага ваяводзтва разам зь Беластокам. Нават колькасна пераважаюць у двух гарадках – цэнтрах паветаў Бельску-Падляскім і Гайнаўцы. Усяго іх жыве ў Польшчы пад 200 тыс. чалавек.
Этнічныя карані беларусаў Падляшша растуць зь перакрыжаваньня славянскіх і яцьвяскіх плямёнаў. У гэтым этнічна-расавым сэнсе ня розьняцца яны ад агульнабеларускага славяна-балцкага этнасу. Цяперашняе Падляскае ваяводзтва – паўднёвы абшар былой Ятвезі, арэал беларускай нацыянальнай меншасьці – гэта вынік паваеннага разьмежаваньня СССР і Польшчы ў адпаведнасьці з новымі межамі сьвету, усталяванымі ў 1945 г. у Ялце.
Узаемная рэпатрыяцыя паміж Польшчай і СССР пасьля 1945 г. кранула беларусаў Падляшша мінімальна. Была яна добраахвотнай, бо тутэйшыя беларусы не стваралі вялікіх праблемаў для новай камуністычнай Польшчы, зрэшты, як і для СССР. Гэта вынікала з амаль поўнай адсутнасьці ў іх нацыянальнай сьвядомасьці і, адпаведна, падставаў для канфлікту палітычных інтарэсаў. Больш уплывалі на іх прычыны сацыяльныя. 99% тагачасных беларусаў былі земляробамі, дробнымі гаспадарамі, і ў іхных настроях дамінавалі насьцярога і страх перад савецкімі “калхозамі”. Выяжджалі ў СССР толькі тыя, хто быў зьвязаны альбо з камуністычным рухам у даваеннай Польшчы, альбо з прасавецкай партызанкай у часе гітлераўскай акупацыі.
Польшчы беларусы асабліва не любілі, але паважалі ейны дэмакратызм і большую свабоду ў параўнаньні з савецкім тэрарызмам і пэрманэнтнай галечай. Вось дзе галоўная прычына такой шматлікай “польскай рэпатрыяцыі” з СССР – проста ўцякалі ад саветаў, часта хаваючы сваю беларускую нацыянальнасьць, а тым болей праваслаўную веру, якая ў СССР аўтаматычна адносіла чалавека да “сваіх”, а не да “палякаў”. У часе такіх уцёкаў беларусы выкарыстоўвалі любыя дакумэнты ад даваеннай польскай адміністрацыі.
Улетку 1944 г., калі Вэрмахт быў адкінуты ажно да Віслы, сытуацыя на Падляшшы пачала стабілізавацца, хоць у лясах сядзела яшчэ шматтысячная постАКоўская партызанка. Дзякуючы захаваным тут настаўніцкім кадрам хутка аднавілася сетка пачатковых і сярэдніх навучальных установаў. Паўсталі беларускія школы і гімназіі. Фактычна была рэстаўраваная школьная сетка 1939–41 г., часоў Беластоцкай вобласьці і савецкай улады. Але нацыянальныя школы праіснавалі толькі 1944–45 навучальны год і былі зьліквідаваныя ў адміністрацыйным парадку. Беларусы збольшага паставіліся да гэтых зьменаў абыякава і паслухмяна, бо не цікавіліся ні беларускай, ні польскай нацыянальнай ідэяй, ні адукацыяй уласных дзяцей. Традыцыйная сялянская супольнасьць не адчувала патрэбы руху, разьвіцьця, сядзела ў мэнтальнасьці нядаўняй прыгоннай вёскі ХІХ ст. Змагаліся за беларускую школу толькі настаўнікі, ня маючы ніякай падтрымкі грамадзтва, а таму асуджаныя на паразу. Самых упартых пэдагогаў змусілі папросту выехаць з Польшчы, у чым было зацікаўленае і савецкае НКВД-МГБ, якое не жадала мець “беларускага анкляву” на памежжы і лішніх клопатаў з русіфікацыяй на захадзе БССР.
Аднак з 1949 г. беларускамоўнае школьніцтва на Падляшшы пачало зноў такі адміністрацыйна аднаўляцца. Чаму? Гэта застаецца таямніцай да нашых дзён – бо нарастаньне ж беларускага культурнага патэнцыялу супярэчыла інтарэсам СССР, зь якімі “народная” Польшча тады лічылася абавязкова.
Усё гэта зьбівала з толку людзей: адзін год нельга вучыцца па-беларуску, другі – ня толькі можна, але абавязкова трэба! Шызафрэнія! Наяўнасьць беларускай асьветы падцягнула ўзровень грамадзка-культурнай дзейнасьці: множыліся аматарскія хоры, нават тэатры. Да іх заснаваньня спрычыняліся выкладчыкі музыкі, рэгенты царкоўных хораў, увогуле асобы з музычнай адукацыяй. Спрыялі й мясцовыя ўлады – выдзялялі грошы на інструмэнты і строі, на дэкарацыі, давалі бясплатна пляцоўкі і транспарт.
У сярэдзіне 50-х, у часе палітычнай адлігі, паўстала патрэба нейкай беларускай арганізацыі, канфэдэрацыі тых самадзейных калектываў, друку рэпэртуарных матэрыялаў etc. Арганізацыі недзяржаўнай, але цалкам адданай інтарэсам Партыі і Цэнзуры. Пачаліся нефармальныя кантакты груповак інтэлігенцыі, найбольш зацікаўленых самаадукацыяй у галіне беларускай гісторыі, культуры і літаратуры. Гэта былі гурткі блізкіх сяброў і калегаў, якія часам давалі сабе гучныя імёны, напрыклад, “Саюз беларускіх патрыётаў”, “Маладыя філяматы” і г.д.
Як заўжды ў беларускай гісторыі, усё за ўсіх вырашыла ўлада. У лютым 1958 г. з Варшавы прыйшоў загад стварыць масавае Беларускае грамадзка-культурнае таварыства (БГКТ) на ўзор ужо існых на той час (напрыклад, Расейскае таварыства з цэнтрам у Лодзі). У тым жа лютым зьявілася беларуская газэта “Ніва” (на ўспамін пра віленскую “Нашу Ніву” 1906–15 г.). Неўзабаве дзякуючы праф.Антаніне Абрэмбскай-Яблонскай у Варшаўскім унівэрсытэце паўстала катэдра беларускай філялёгіі. Гэта мусіў быць цэнтар падрыхтоўкі пэдагагічных кадраў для беларускага школьніцтва ў Беластоцкім ваяводзтве. Адначасова пры ўдзеле выкладчыкаў зь Менску беларуская філялёгія пачала вывучацца ў Завочным настаўніцкім інстытуце ў Беластоку.
У 1958 г. пачаліся штотыднёвыя перадачы беластоцкага радыё па-беларуску. У тым жа годзе пры “Ніве” паўстала літаратурнае кола “Белавежа” (цяпер мае свой статут і дзейнічае самастойна). Паўстала і Беларускае навуковае кола. Гэта быў час г.зв. “малой стабілізацыі”, польскі сярмяжны сацыялізм пад правадырствам Уладзіслава Гамулкі, першага сакратара ЦК ПАРП. “Дэкада Герака” (ад сьнежня 1970 г. – А.Ч.) значна затармазіла працу БГКТ і нефармальных структураў пры ім. Дзяржава абмежавала дзейнасьць “Белавежы”, абрэзала датацыі на друк, што для Беларускага навуковага кола фактычна азначала ліквідацыю. Гэткім самым спосабам быў ліквідаваны прафэсійны і даволі папулярны ў Польшчы эстрадны калектыў “Лявоніха”. З Варшавы ішлі інструкцыі “для службовага ўжытку”, каб абмежаваць пашырэньне БГКТ. Асабліва націскалі на тое, што вывучэньне беларускай мовы ў “беларускіх” школах неабавязковае і што калі хто хоча яе вывучаць, мае падаць адпаведную пісьмовую просьбу. У ПНР праводзілася чарговая лінія “палітычна-маральнага адзінства народу”, пабудовы “польскага сацыялізму”, а таму партыйная вярхушка імкнулася да рэпалянізацыі і ўніфікацыі беластоцкага рэгіёну. Але “фасад” мусіў застацца – і БГКТ, і тыя школьныя структуры. У дыпляматычных мэтах.
У 1980 г. выбухнула “Салідарнасьць”. Барацьба за ўладу паміж “салідарнікамі” і апаратам ПАРП прывяла да зьяўленьня ў мясцовай палітыцы “беларускай карты”. З роўным посьпехам гулялі зь ёй абодва бакі. З прычыны традыцыйных левых сымпатыяў беларускага электарату адбыўся падзел беластоцкага рэгіёну на электарат “польскі”, альбо прыхільнікаў антыкамуністычнай і клерыкальнай “Салідарнасьці”, і электарат “беларускі”, які ў насьцярозе і сполаху перад супэркаталіцкай (на Беласточчыне асабліва!) “Салідарнасьцю” галасаваў за “чырвоных”.
Вырашальнай была прыналежнасьць ня столькі нацыянальная, колькі канфэсійная: каталікі атаясамліваліся з палякамі, праваслаўныя – зь беларусамі. Мясцовыя ксяндзы аўтаматычна блякавалі любы “салідарніцкі” ўплыў на праваслаўнае асяродзьдзе. Паўстала сьцяна. Дзьве парафіі, якія нідзе не хацелі, а таму не маглі перасякацца. І гэтак да сёньня.
У 80-х настаў пералом у нацыянальным жыцьці беларускай меншасьці. У студэнцкім асяродзьдзі паўставалі фармальныя і нефармальныя беларускія групоўкі, зь якіх самай жывучай выявілася Беларускае аб’яднаньне студэнтаў (БАС). У канцы 1980 г. паўстала кансьпірацыйнае Беларускае незалежнае выдавецтва, якое, апроч дробных аднадзёнак, выдавала пэрыёдык “Беларускія дакумэнты” і спыніла дзейнасьць толькі ў 1987 г. з прычыны інфільтрацыі спэцслужбаў ПНР і магчымага правалу.
Дзякуючы пэўнай аўтаноміі ўнівэрсытэтаў зьяўляліся беларускія выданьні. Яны былі нерэгулярныя, частка не пайшла далей за першы нумар, аднак група, што з 1989 г. выдавала рэгулярны і папулярны сёньня ў Польшчы штомесячнік “Czasopis”, выстаяла.
Палітычны клімат славутага Круглага стала (пра ўмовы пераходу ўлады ад камуністаў да “Салідарнасьці” ў 1989 г. – А.Ч.) паспрыяў зьяўленьню Беларускага клюбу: ягоная ідэя была ў падрыхтоўцы кадраў для плянавай палітычнай партыі, якая фармальна паўстала годам пазьней, у лютым 1990-га. Звалася яна Беларускае дэмакратычнае аб’яднаньне. Удзел БДА ў парлямэнцкіх выбарах заўжды канчаўся паразай, але на выбарах мясцовага самакіраваньня БДА мела добрыя вынікі, часта выбарчыя камітэты гэтай партыі здабывалі большасьць ці амаль усе мандаты ў асобных гмінах. Пасьля кантраляваны падкасьцельнай “Салідарнасьцю” ваяводзкі Беласток помсьціўся на тых гмінах, перадусім у справе фінансаваньня. Няшчасьцем Польшчы ад вякоў было і ёсьць тое, што ў ёй палітыка дзяржавы падпарадкаваная палітыцы касьцёлу.
Апошняя дэкада ХХ ст. характарызуецца стабілізацыяй беларускіх структураў у Польшчы. Зьмена дзяржаўнага ладу, ліквідацыя ва ўмовах рынкавай гаспадаркі штучных структураў, арыентаваных на дзяржаўныя датацыі, адсунулі на другі плян амбіцыі асобных штатных “дзеячоў” і “беларусаў”. Апарат часоў ПНР зьнік. Зь іншага боку, амаль уся беларуская дзейнасьць у Польшчы сёньня трымаецца на грантах і фондах, у тым ліку замежных. Арганізацыйна беларуская меншасьць распалася на пакаленьні. Дзеці сяброў БГКТ не пайшлі сьледам за бацькамі, а заснавалі свае арганізацыі, паяднаныя ў Беларускі саюз, які лучыць зь дзясятак розных партыяў, аб’яднаньняў, груповак.
На сродкі Міністэрства культуры выходзіць штотыднёвік “Ніва”. Адтуль сама атрымліваюць асноўныя сродкі штомесячнік “Czasopis” і літаратурны штогоднік “Тэрмапілы”. Нядаўна пры ўдзеле Беларускага саюзу пачаў выходзіць нерэгулярны пэрыёдык для моладзі “Навіны”. “Тэрмапілы” і “Правінцыя” маюць характар ужо ня меншасны, але агульнабеларускі. Таварыства “Villa Sokrates” выдае штогоднік “Annus Albarutenicus” (“Год беларускі”).
Пры ўдзеле Беларускага саюзу ў Беластоку дзейнічае беларускае радыё “Рацыя”, чые штодзённыя праграмы можна слухаць і ў Беларусі. Таксама ёсьць у Беластоку штодзённая беларуская праграма на радыё, а ў Варшаве – Беларуская рэдакцыя 5-га каналу Польскага радыё.
Школы чыста беларускай на Падляшшы няма. У трох дзясятках вясковых школаў вывучаецца (неабавязкова) беларуская мова. Тая ж дысцыпліна, ужо як абавязковая, выкладаецца ў двух агульнаадукацыйных ліцэях – у Гайнаўцы і ў Бельску-Падляскім.
Найлепш выглядае літаратурная праца польскіх беларусаў. Паволі паўстала штосьці такое, што можна акрэсьліць як самастойную польскую беларускую літаратуру. Творы польскіх беларусаў выдадзеныя ў Вялікабрытаніі, Нямеччыне, Італіі, Аўстрыі, Францыі. Польшча ператварылася ў краіну дзьвюх літаратураў – польскай і беларускай.
Дзякуючы высілкам Ежы Гедройца нарэшце арганізаваная катэдра беларускай культуры ў Беластоцкім унівэрсытэце. Гэта частковая рэалізацыя ягонае ідэі стварэньня ў Польшчы магчымасьцяў для атрыманьня беларускамоўнай вышэйшай адукацыі, роўнай па ўзроўні і аўтарытэце адукацыі польскамоўнай. Альбо – замежнага Беларускага ўнівэрсытэту, які б даваў шанец на эўрапейскую адукацыю і маладым беларусам з Рэспублікі Беларусі. Натуральна, тамсама маглі б вучыцца і маладыя беларусы з Падляшша.
Пераклаў з польскай Алесь Чобат паводле
S.Janowicz. “Z księgi Podlasia”, Oficyjna Wydawnicza “Stopka”, Łomża, 2001