З УСІХ СТАРОН

правыя на выбарах у Галяндыі

Хто заменіць Піма Фартэйна

У пазамінулы панядзелак баявік-адзіночка забіў галяндзкага правага палітыка Піма Фартэйна. Ягоная папулісцкая партыя “Сьпіс Піма Фартэйна”, утвораная каля двух месяцаў таму, пакуль ня можа канчаткова вызначыцца з новым лідэрам.

У пятніцу ім сам сябе абвясьціў намесьнік старшыні Джон Дорст, які ўклаў у партыю нямала ўласных сродкаў. Празь дзень, аднак, прэсавы сакратар “Сьпісу” заявіў, што Дорст выступаў выключна ад свайго імя. На сходзе сяброў партыі старшынём быў абраны 53-гадовы Пітэр Лянгендам, які дагэтуль выконваў функцыі скарбніка. “Дорста глыбока абразіла тое, што яго не запрасілі на пахаваньне Фартэйна, а толькі на адпяваньне ў касьцёле, — тлумачыць Юта Хорус, карэспандэнтка газэты “NRC Handelsblat”, якая піша кнігу пра Фартэйна. — У партыі ідзе барацьба. Кожны лічыць сябе найлепшым Фартэйнавым прыяцелем”.

“Сьпіс” зьяўляўся партыяй аднаго чалавека: Пім быў ня толькі яе лідэрам, але і мазгавым цэнтрам (на ягоных кнігах грунтавалася большая частка праграмы), а таксама адзіным вядомым прадстаўніком. Сваёй папулярнасьцю ён кампэнсаваў шэрасьць усіх астатніх сяброў партыі — суцэльных навічкоў у палітыцы.

Адразу за Фартэйнам у выбарчым сьпісе фігуруе 27-гадовы эмігрант з Астравоў Зялёнага Мысу Джаа Варэля. Фартэйн сам вызначыў для яго гэтае месца, каб абвергнуць абвінавачаньні ў расізьме, падставай для якіх былі Фартэйнавы заклікі закрыць межы для новых імігрантаў і пагардлівыя выказваньні пра іслам. “Мы — не расісцкая партыя, іначай мяне б у сьпісе не было”, — паўтараў Варэля.

Элегантны, высокі, чарнаскуры Варэля прыехаў у Галяндыю ў шэсьць гадоў разам з бацькамі і гурмой братоў і сёстраў. У восем год Джаа ўцёк з дому, бо, як тлумачыў пазьней, яму бракавала магчымасьцяў для разьвіцьця. Ён трапіў у дзіцячы дом, а затым — да апекуноў. У 1987 г. зрабіўся чэмпіёнам Галяндыі па тэнісе сярод юніёраў, што адкрыла яму дарогу на эканамічны факультэт прэстыжнага ўнівэрсытэту імя Эразма Ратэрдамскага. Варэля працаваў, сярод іншага, у фірме “L’Oreal”, а затым — ва ўласнай касмэтычнай фірме. Ягоны палітычны досьвед вельмі малы. Пасьля сьмерці Фартэйна ён плакаў у этэры адной з праграмаў галяндзкага тэлебачаньня, ня мог сказаць ніводнага слова. “Ён быў мне як бацька”, — усхліпваў Джаа. Варэля, на думку назіральнікаў, ня мае шанцаў заняць месца Піма.

Выбраны ў суботу Лянгендам — матэматык і бізнэсмэн. Ён найшчыльней супрацоўнічаў з Фартэйнам падчас стварэньня праграмы партыі. Аднак у яго няма Фартэйнавай харызмы. Іншыя сябры “Сьпісу” сьцьвярджаюць, што пасьля выбараў ізноў уздымуць пытаньне наконт лідэра, які, магчыма, будзе адначасова і старшынём фракцыі ў парлямэнце.

У адным з інтэрвію Лянгендам заявіў, што партыя ня будзе праводзіць ніякіх кампаній перад выбарамі. Такое рашэньне прынялі пасьля забойства Фартэйна ўсе галяндзкія палітычныя рухі. Некаторыя палітыкі заклікаюць, аднак, пасьля пахаваньня вярнуцца да перадвыбарных дыскусій.

На думку Лянгендама, “Сьпіс Піма Фартэйна” па-ранейшаму можа разьлічваць на посьпех, магчыма, у кааліцыі з хрысьціянскімі дэмакратамі і лібэраламі. “У нас выдатныя кандыдаты, мы ведаем, чаго хацеў Пім, і праводзім гэта ў жыцьцё, — сказаў ён. — Тое, што здарылася, засьведчыла нашу выключную рашучасьць”.

Зь неафіцыйных апытаньняў, аднак, вынікае, што “Сьпіс” бязь Піма Фартэйна трохі аслабеў. Рэйтынг “Сьпісу” зьменшыўся з 27% адразу пасьля сьмерці Піма да 20% сёньня. Тым ня менш, напярэдадні сьмерці Фартэйна ягоны “Сьпіс” карыстаўся падтрымкай толькі 17% апытаных.

Абмяркоўвалася пытаньне пра перанос выбараў, але супраць гэтага выказаліся ўсе, нават Фартэйнава партыя.

Паводле “Gazety Wyborczej

Ракетаў паменее ўтрая

Амэрыканцы і расейцы скароцяць колькасьць сваіх ядравых боегаловак на дзьве траціны. Дамову аб гэтым Буш і Пуцін маюць падпісаць у канцы траўня. Частку боегаловак утылізуюць, а другую — адправяць на склад.

У лістападзе падчас візыту Ўладзімера Пуціна ў ЗША прэзыдэнты дамовіліся пра зьмяншэньне колькасьці боегаловак зь цяперашніх 6000 да 1700—2200. Масква, аднак, пажадала, каб гэтая дамоўленасьць была аформленая дакумэнтальна.

Пасьля апошніх амэрыкана-расейскіх кансультацыяў, якія адбыліся ў Маскве два тыдні таму, здавалася, што лёс дамовы вісіць на валаску. Ейнае падпісаньне было заплянаванае на 24 траўня — на час візыту Буша ў Расею, а бакі ўсё ніяк не маглі прыйсьці да згоды, ці боегалоўкі адпраўляць на склад, як хацелі амэрыканцы, ці зьнішчаць, як раілі расейцы. Днямі з Масквы прыйшло паведамленьне, што кампраміс быў знойдзены.

“Мы пачынаем новую эру ў амэрыкана-расейскіх стасунках”, — сказаў здаволены Буш. Усьцешаны і Пуцін, які пахваліў Буша, сказаўшы, што без асабістай зацікаўленасьці апошняга дасягнуць паразуменьня было б цяжка.

Між тым, тое паразуменьне надзвычай карыснае для Расеі, якая ня мае сродкаў на ўтрыманьне 6000 боегаловак. Праз гэта яе ракетныя войскі працяглы час адчуваюць недахоп фінансаваньня, што пагражае ядзернай катастрофай. Цяпер ЗША хоць часткова прафінансуюць зьнішчэньне расейскіх боегаловак. Падпісаньне дагавору зробіцца найлепшым знакам таго, што Расея ўжо ня будзе супраціўляцца стварэньню сыстэмы проціракетнай абароны, якая мае на мэце засьцерагчы ЗША ад нападу “дзяржаваў-ізгояў” кшталту Іраку, Ірану, Паўночнай Карэі. У сьнежні ЗША абвясьцілі аб выхадзе з дагавору па ПРА, які забараняў стварэньне такіх сыстэм. Масква заявіла, што распачне працу над аналягічнай сыстэмай, але хутчэй за ўсё ня здолее рэалізаваць гэты праект.

Буш, які наведае Маскву 23—26 траўня, кажа, што чытае Дастаеўскага, каб лепей зразумець Расею.

Сяргей Рак

Лішнія мабільнікі

Кожны трэці мабільны тэлефон у сьвеце цэлыя месяцы ляжыць на складзе, а пасьля прадаецца затанна — “абы збыць”. Гэтак адбываецца, бо вытворцы ніяк не навучацца прагназаваць попыт і новыя “мабілы” ці задарагія, ці зацяжкія, ці нямоднага колеру — словам, недаспадобы спажыўцам.

Летась, паводле інфармацыі Reuters, вытворцы ня здолелі прадаць бязь зьніжкі каля 30% апаратаў. Сёньня ў сьвеце на складах назьбіралася 80 млн. слухавак агульным коштам 8 млрд. даляраў. Дэфіцыт мадэляў, што карыстаюцца попытам, і перанасычанасьць рынку непапулярнымі мадэлямі дорага абыходзяцца апэратарам. Абясцэньваньне сярэднестатыстычнай сотавай слухаўкі дасягае 1% ў тыдзень. Калі мадэль коштам 200 даляраў затрымліваецца на складзе 3 месяцы, яна абясцэньваецца на 24 даляры.

Таму апараты даводзіцца ўцэньваць. І ўсё часьцей спажыўцам прапануюць мабільнік дарма альбо па вельмі нізкай цане пры ўмове заключэньня кантракту на паслугі апэратара.

Бяздротавая тэлефонная індустрыя хутка сутыкнецца і з “праблемай адкідаў”. Паводле інфармацыі экалягічнай асацыяцыі “Inform”, сёньня сярэдняя працягласьць жыцьця мабільнага тэлефона ў краінах Захаду — паўтара году, пасьля чаго карыстальнік набывае больш сучасную мадэль. Эколягі падлічылі, што толькі ў ЗША ў наступныя 3 гады на сьметніках апынуцца больш за 130 млн. тэлефонаў, а гэта ўжо вялікая экалягічная праблема, бо ў іх багата шкодных хімічных рэчываў.

Язапат Змысла

навіны суседзяў

СЛД і гіпэрмаркеты

Беластоцкія прыхільнікі Саюзу лявіцы дэмакратычнай зьбіраюць подпісы супраць будаўніцтва ў горадзе новых гіпэрмаркетаў. Маўляў, дастаткова тых трох, што ўжо ёсьць. Кіраўнік гарадзкой арганізацыі СЛД Януш Кохан кажа, што гіпэрмаркеты не зьмяншаюць беспрацоўя й не спрыяюць эканамічнаму росту, а толькі пазбаўляюць працы дробных гандляроў. Апэлюе ён і да досьведу Заходняй Эўропы, дзе адзін гіпэрмаркет прыпадае на сто тысяч жыхароў. Праўда, хто-ніхто кажа, што левых “купіў” канцэрн “Ашан”, які мае ў Беластоку свой вялікі гіпэрмаркет і ня хоча зьяўленьня канкурэнтаў.

У Вільні 555 тысяч жыхароў

Дэпартамэнт статыстыкі Літвы паведамляе, што з 3,5 млн. жыхароў краіны ў Вільні жыве амаль 555 тысяч чалавек. Статыстыка таксама кажа, што летась у даўняй беларускай сталіцы на 108 зьменшылася колькасьць узятых шлюбаў (3259 выпадкаў) і вырасла на 126 колькасьць разводаў (да 1928 выпадкаў).

Балтфлятылія

Асабовы склад расейскага Балтыйскага флёту сёлета зьменшыцца з 19 да 8,6 тыс. жаўнераў. Гэтае скарачэньне — частка праграмы па рэфармаваньні расейскага войска. Балтфлёт па колькасьці караблёў і асабовага складу цяпер зьяўляецца ўсяго толькі флятыліяй.

Я.З.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0