Ці зьявіцца ў Беларусі Лаўра

Кіраўніцтва Беларускай праваслаўнай царквы хацела б, каб Маскоўскі патрыярхат надаў Жыровіцкаму манастыру статус Лаўры — “манастыра над манастырамі”. На сёньня ў Беларусі, у адрозьненьне ад Украіны ці Расеі, няма лаўры. Калі б ёй зрабілася Жыровіцкая абіцель, усе астатнія беларускія праваслаўныя манастыры падпарадкоўваліся б ёй, яшчэ большым зрабілася б значэньне Жыровічаў, а разам зь імі і Беларускай праваслаўнай царквы на міжнародным узроўні сярод іншых праваслаўных цэркваў.

“Мець Лаўру — вялікае жаданьне ўсяе беларускае царквы, як сьвятароў, так і манахаў. Аднак Масква пакуль ігнаруе наша жаданьне, — сказаў карэспандэнту “НН” адзін зь ярархаў Беларускае праваслаўнае царквы Маскоўскага патрыярхату, які не захацеў, каб ягонае імя называлася. — Нам, па шчырасьці, зразумела, чаму яна марудзіць з наданьнем Жыровічам статусу Лаўры. У гэтым яна бачыць спробу ўзьняць ранг Беларускай праваслаўнай царквы. Яна прымае гэта за падрыхтоўку да аднаўленьня аўтакефаліі. Патрыярх Аляксій наведаў Беларусь летась без запрашэньня і згоды Беларускай праваслаўнай царквы. Ня хочучы парушаць унутрыцаркоўнага міру, беларуская царква, тым ня менш, сустракала яго. Тады мы маўчалі, цяпер архіярэі пачынаюць наракаць. Хіба мы не заслужылі гонару мець сваю Лаўру?”.

20 траўня адзначаецца дзень аб’яўленьня Жыровіцкага абраза Маці Божай. У Жыровічы, што на Слонімшчыне, пачалі зьбірацца сотні паломнікаў з усёй краіны і замежжа, якія штогод прыяжджаюць пакланіцца абразу.

Сёлета будуць на фэсьце мітрапаліт Філарэт і патрыярх маскоўскі Аляксій II. Гэтым разам з-за жаданьня беларусаў зрабіць Жыровічы Лаўраю перабываньне патрыярха там набывае асаблівае значэньне. Амаль штогод прыяжджае ў Жыровічы і Аляксандар Лукашэнка. Таму цяпер з нагоды візыту знакамітых гасьцей слонімскія ўлады парадкуюць вуліцы і дарогі. Рамонтныя работы поўным ходам ідуць і ў саміх Жыровічах. У нядзелю, 12 траўня, да вернікаў зьвярнуўся япіскап Лідзкі і Наваградзкі, настаяцель Жыровіцкага манастыра Гуры, які прасіў іх пафарбаваць платы каля сваіх хатаў.

Жыровіцкая сьвятыня сёньня — цэнтар Беларускай праваслаўнай царквы. Тут месьцяцца духоўныя сэмінарыя і акадэмія, якія рыхтуюць кадры для БПЦ. Некалькі гадоў таму радыё “Свабода” разрэклямавала “групу прыхільнікаў аўтакефаліі”, якая нібыта існавала пры сэмінарыі. Манастырскае і сэмінарскае начальства сьпехам правяло сход, пасьля якога заявіла, што ніякіх “аўтакефалістаў” у Жыровічах няма. Аднак пад рэпрэсіі трапіў настаяцель адзінага беларускамоўнага праваслаўнага прыходу ў Слоніме а.Іван Майсейчык, якога саслалі ў вёску Шылавічы, пасадзіўшы ў Слоніме сьвятара-расейца. Празь нейкі час Майсейчык зьехаў у Бэльгію.

У Жыровіцкім манастыры ўжо шэсьць гадоў жыве Алег Бембель (колісь — паэт Зьніч, цяпер — інак Мікалай). Спачатку манастырскае начальства зь недаверам ставілася да беларускамоўнага паэта, але пасьля зьмірылася. Тым больш што Мікалай паводзіць сябе ціха, бездакорна выконвае паслушаньні, рэдагуе лісток “Жыровіцкая абіцель”, перакладаў на беларускую мову пасланьні да вернікаў япіскапа Гур’я.

Паколькі БПЦ — апірышча і праваднік палітыкі ўлады, Жыровіцкі манастыр і духоўная сэмінарыя, у якіх цяпер жывуць і вучацца больш за 500 чалавек, рэгулярна атрымліваюць падарункі ад мясцовых і рэспубліканскіх уладаў. Гэта і будынкі, і тэхніка (у траўні 2000 г. манастырская гаспадарка атрымала новы трактар МТЗ-920), і сродкі на рэстаўрацыйныя работы (з 2000 г. выконваецца адмысловая ўрадавая праграма па рэстаўрацыі манастырскага комплексу).

Але часам здараюцца праколы. На выбарах у палату прадстаўнікоў 2000 г. на Слонімшчыне за дэпутацкі мандат змагаліся старшыня райвыканкаму Здановіч і нікому не вядомы малады чалавек, зацяты праваслаўны — Мудроў. Япіскап Гуры распачаў агітацыю не за каталіка Здановіча, а за праваслаўнага Мудрова, пасьля чаго нібыта быў выкліканы да мясцовага вэртыкальшчыка і мусіў выправіцца…

Алег Тачоны

даведка “НН”

Грэцкае слова “лаўра” азначае шматлюдны манастыр. Першым царкоўным гісторыкам, які згадаў пра лаўру, быў Евагры (VI ст.). Самымі знакамітымі лаўрамі ў старажытнасьці былі манастыры вялебных Харытона, Феадосія і Савы Асьвячонага, якія жылі ў VI ст. Першая лаўра на тэрыторыі сучаснай Украіны — Кіева-Пячорская — была створаная па прыкладзе грэцкіх у XII ст. У Расеі першая лаўра — Сьвята-Троіцкая Сергіева — паўстала ў 1744 г. Цяпер ва Ўкраіне дзьве Лаўры (Кіеўская і Пачаеўская). У Беларусі праваслаўная царква дагэтуль лаўры ня мае.

 

Украіна

Сьвята-Ўсьпенская Кіева-Пячорская лаўра з XII ст.

Пачаеўская Ўсьпенская лаўра з 1833 г.

Расея

Сьвята-Троіцкая Сергіева лаўра з 1744 г.

Сьвята-Троіцкая Аляксандра-Неўская лаўра з 1797 г.


Знайшлі
на грушцы

Легенда кажа, што прыкладна ў 1470 г. жыровіцкія пастушкі знайшлі на лясной ігрушы зьзяючы абраз Маці Божай. На гэтым месцы мясцовы магнат Аляксандар Солтан, які толькі вярнуўся з паломніцтва ў сьвятую зямлю, вырашыў пабудаваць кляштар: ён пачуў голас Божы, які загадаў яму гэта зрабіць.

Час росквіту Жыровіцкага манастыра прыпаў на XVII ст., калі яго аддалі базыльянам. Першым уніяцкім прыёрам кляштара быў Язапат Кунцэвіч. У 1730 г. з дазволу Ватыкану адбылася ўрачыстая каранацыя цудоўнага абраза. З гэтае нагоды ў Рыме нават былі адлітыя памятныя мэдалі. Пасьля забароны Уніі Жыровіцкі манастыр зрабілі праваслаўным, і ён застаецца такім да сёньня.

Жыровіцкі абраз Маці Божай аднолькава шануецца і праваслаўнымі, і рыма-каталікамі, і ўніятамі. Толькі каталікі адзначаюць сьвята раней за праваслаўных — 7 траўня (пры паляках яно сьвяткавалася толькі ў гэты дзень). Уніяты яшчэ ў пачатку 1930-х зь недалёкага Альбэрціна ладзілі ў Жыровічы пілігрымкі ды на старонках свайго часопісу “Да злучэньня!” пісалі, што сьвятыня хутка стане іхнаю. У 1970-я гады пакланіцца жыровіцкаму абразу Маці Божай штогод тайна прыяжджаў грэка-каталіцкі сьвятар з Заходняй Украіны Васіль Бартко, які трымаў сувязь са слонімскімі ўніятамі. Імя Жыровіцкага абраза Маці Божай цяпер носіць грэка-каталіцкая парафія Івацэвічаў.


Васіль Супрун, удзельнік падпольнай патрыятычнай моладзевай арганізацыі “Чайка” ў 1946–1947: Народ наш ад рэлігіі ніколі не адступаўся. Я памятаю, як пры польскай уладзе на сьвята ў Жыровічы па ўсіх трактах, гасьцінцах ішлі сотні людзей. У мястэчку ў гэтыя часы не было вольнага месца: усё было запоўнена паломнікамі. І польская дзяржава брала ўдзел у сьвяткаваньні, нягледзячы на тое што стараліся адабраць у праваслаўных жыровіцкія храмы, а абраз каменны спрабавалі скрасьці, – людзі баранілі. Сёньня Жыровіцкі манастыр застаецца адной з галоўных рэлігійных сьвятыняў Беларусі. Ён прайшоў 500 гадоў разам з народам праз усе ліхалецьці, адлігі, служыў верай і праўдай беларускаму народу.

Уладзімер Арлоў, пісьменьнік: Да гвалтоўнага скасаваньня Уніі ў 1839 г. Жыровічы былі адным з наймацнейшых у Беларусі асяродкаў грэка-каталіцкай царквы. У XVII ст. тут рэгулярна адбываліся кангрэгацыі ордэну базыльянаў. Тут дзейнічалі школы і вучэльні для сьвецкіх і духоўных асобаў. Жыровічы мелі выдатную бібліятэку. Пасьля 1839 г. манастыр быў пазбаўлены зямельных уладаньняў і залічаны да 2-й клясы. Бібліятэку, як гэта было раней з унікальным кнігазборам Полацкай акадэміі, калянізатары разрабавалі. Найбольш каштоўныя старадрукі і манускрыпты вывезьлі ў Санкт-Пецярбург.

У савецкі час манастыр быў, па сутнасьці, месцам высылкі насельніцтва зачыненых жаночых манастыроў. Я зь дзяцінства добра памятаю, як заганялі ў крытыя машыны манашак полацкага Сьвята-Эўфрасіньнеўскага.

Калі ж думаю пра сёньняшнія Жыровічы, адразу згадваю Алега Бембеля.

У кастрычніку 1988-га мы зь Сяргеем Навумчыкам і Алегам усю ноч друкавалі на ягонай старой машынцы ўлёткі пра стварэньне “Мартыралёгу Беларусі” і аргкамітэту БНФ. Потым пра Бембеля было чуваць пераважна ў сувязі з зацятым змаганьнем за той самы бацькаў асабняк, дзе мы патаемна займаліся падпольнай дзейнасьцю.

Урэшце ў асабняку адчынілі музэй скульптуры, а Алег знайшоў прыстанак у Жыровіцкім манастыры. Ці не апошняй “грамадзкай акцыяй”, у якой ён браў удзел як сьвецкая асоба, было зьбіраньне подпісаў за перадачу полацкага Сафійскага сабору расейскай праваслаўнай царкве. Акцыя, дзе здольнаму паэту хтосьці вызначыў ролю хадака па кватэрах менскіх літаратараў і мастакоў, на шчасьце, правалілася.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0