Стваральнік падземнае дзяржавы

Мэтады дзейнасьці спэцслужбаў на аснове дакумэнтаў польскіх архіваў

Нядаўна польская тыднёвая газэта “Tygodnik Powszechny” надрукавала ўспаміны-развагі польскага гісторыка, публіцыста, пісьменьніка, грамадзкага й палітычнага дзеяча Ўладзіслава Барташэўскага. Ён — адзін зь нешматлікіх, каму пашчасьціла бачыць уласнае дасье, якое спэцслужбы “Народнай Польшчы”* зьбіралі на яго больш за 40 гадоў.

 

Першы дакумэнт датаваны верасьнем 1945 г., апошні — канцом 89-га. Тэчкі з надпісам “Барташэўскі” ў архіве Інстытуту нацыянальнае памяці займаюць 15 пагонных мэтраў адзінак захаваньня, прычым доступ ён пакуль атрымаў толькі да 1/15 часткі гэтага спэцслужбаўскага “багацьця”.

Але спачатку — крыху пра тое, хто такі прафэсар Барташэўскі. Ён быў вязьнем Асьвенцыму, супрацоўнікам Галоўнай камэндатуры Арміі Краёвай і адным са стваральнікаў Рады дапамогі жыдам у часе другой сусьветнай вайны. Пасьля вайны Барташэўскі зрабіўся актывістам Польскай сялянскай партыі, якая ўтварыла першую ўрадавую кааліцыю з камуністамі і да 1949 г. была бязьлітасна зьнішчаная апошнімі. Ад 50-х Барташэўскі браў актыўны ўдзел у жыцьці розных каталіцкіх арганізацыяў — як дазволеных, так і забароненых, легальна працаваў у каталіцкім тыднёвіку “Tygodnik Powszechny” і таемна — на радыё “Свабодная Эўропа”, чытаў лекцыі ў Люблінскім каталіцкім унівэрсытэце. У 1972—81 г. Барташэўскі быў генэральным сакратаром польскага ПЭН-клюбу. Пасьля было інтэрнаваньне і выгнаньне ў Нямеччыну, дзе Барташэўскі выкладаў найноўшую гісторыю сваёй краіны ў некалькіх унівэрсытэтах. І праз усе пасьляваенныя гады — пасадка за пасадкаю. “Мая мама неяк казала сваёй каляжанцы: ніколі ня мела справаў з паліцыяй, а мой жа Ўладачак увесь час па вязьніцах ды па вязьніцах, — піша Барташэўскі. — Упершыню я трапіў за краты, маючы трохі больш за 18 гадоў (тады пра гэта паклапаціліся немцы), апошні раз — гадоў у 60. Пачалося ўсё з аблавы ў чэрвені 1945-га, пасьля быў арышт у кастрычніку таго самага году, аднадзённае затрыманьне ўлетку 1946-га. Потым сядзеў паўтара году ў 1946—48 і амаль 5 гадоў ад студзеня 1949-га да жніўня 1954-га. Яшчэ два дні трымалі пад арыштам у часе сьледзтва па справе радыё “Вольная Эўропа” і, нарэшце, інтэрнавалі ў 1981—82 г. Я падлічыў, што да поўных 8 гадоў за кратамі мне не хапае 20 дзён”. На момант разбурэньня савецкай сыстэмы ў Польшчы Барташэўскі быў адным зь лідэраў антыкамуністычнай апазыцыі. У 1989-м, маючы 67 гадоў, прафэсар ідзе працаваць у дзяржаўны апарат. У 1990—95 г. ён быў паслом у Аўстрыі, у 1995-м і 2000—2001 —міністрам замежных справаў. У міжчасьсе выкладаў у Варшаўскім унівэрсытэце ды быў дарадчыкам у розных урадавых камісіях. Сёлета Барташэўскаму спаўняецца 80 гадоў, але ён па-ранейшаму не адыходзіць ад справаў, са сьнежня 2001 г. займаючы пасаду прэзыдэнта польскага ПЭН-клюбу.

Шукаеш гэткую постаць сярод беларусаў — і не знаходзіш. І ня толькі таму, што дысыдэнты ў нас ня сталіся й наўрад ці ўжо калі-небудзь стануцца міністрамі. Каб у краіне маглі зьяўляцца такія Барташэўскія, яна мусіць мець хоць бы 20-гадовы досьвед міжваеннае незалежнасьці са сваімі школамі й гімназіямі, у якіх гадавалася пакаленьне, што ў гады акупацыі стварыла сапраўдную падземную дзяржаву з сваім урадам і сыстэмай адукацыі, арміяй і спэцслужбамі, выдавецтвамі й тэатрам… Дый камуністычны рэжым там розьніўся ад СССРаўскага. Польская “народная дэмакратыя” 1960—80-х — зь ейнай квазі-, але шматпартыйнасьцю, з магчымасьцю хоць кантраляванага, але ўсё ж аўтаномнага жыцьця пад дахам моцнага каталіцкага Касьцёлу, з поглядам скрозь пальцы на інтэлігенцкую “фронду” прафэсараў-гуманітарыяў, студэнтаў ды літаратараў — спрыяла зьяўленьню постацяў кшталту Барташэўскага.

Як ні дзіўна, яшчэ ніхто не спрабаваў параўнаць сёньняшні Лукашэнкаў рэжым у Беларусі з рэжымамі “позьняе народнае дэмакратыі”(а-ля 1980-я ў Польшчы ці ў Вугоршчыне). А падабенства ж амаль поўнае: тут табе і аўтарытарны кіраўнік “з народу”, разьдзьмуты мэдыяпрапагандыстамі да мітычнай фігуры “бацькі нацыі”; і палітбюро ў выглядзе адміністрацыі прэзыдэнта; і тэрытарыяльныя парткамы ў выглядзе выканкамаў; і “шматпартыйнасьць”, кантраляваная ўладай наўпрост (КПБ, БППС, СС “Белая Русь” і г.д.) альбо праз сваю агентуру (БСДП (НГ), АГП, БНФ і г.д.); і квазіпарлямэнт, які на 100% складаецца з прадстаўнікоў “блёку камуністаў і беспартыйных”; і “Вялікі Брат” на Ўсходзе, на якога “ўсе спадзяваньні” (асабліва што тычыцца халяўнае сыравіны й незваротных крэдытаў), якога ўсе мусяць у твар любіць, а ў сьпіну яму — пляваць. Нават тэрмін “рынкавы сацыялізм” не Лукашэнка выдумаў — гэта спадчына Кадара ды Ярузэльскага. Падабенства выяўляецца й на іншым полюсе: той самы імклівы рост “трэцяга сэктару” і “незарэгістраванай” палітычнай актыўнасьці, тое ж вымушанае заплюшчваньне вачэй на “інтэлігенцкую фронду” і касьцельную аўтаномію, тыя ж нешматлюдныя дэманстрацыі незадаволеных, якія жорстка разганяе “народная міліцыя”, тыя ж арышты, “суды” і пасадкі, але зазвычай без шматгадовых выракаў і тым больш без расстрэлаў… Калі глядзець на Беларусь у такім ракурсе, шмат што становіцца на свае месцы, зьяўляецца магчымасьць прагназаваць далейшыя падзеі. Згадаем, эпоха “позьняе народнае дэмакратыі” скончылася “гарачай восеньню 1989-га”.

Пасьля нашае “гарачай восені” тут паўстане патрэба ва ўстанове кшталту польскага Інстытуту нацыянальнае памяці. Ягонаю мэтаю ёсьць “зьбіраньне і парадкаваньне дакумэнтаў органаў дзяржаўнай бясьпекі, якія існавалі ў пэрыяд з 22 ліпеня 1944 г. да 31 студзеня 1989 г.; расьсьледаваньне нацысцкіх і камуністычных злачынстваў; адукацыйная дзейнасьць”. Пра месца ІНП у дзяржаўнай гіерархіі сьведчыць тое, што ягоныя аддзелы й прадстаўніцтвы ёсьць ва ўсіх ваяводзкіх гарадах, а старшыня прызначаецца Соймам. Уладыслаў Барташэўскі атрымаў магчымасьць азнаёміцца са сваім дасье на падставе пункту статуту ІНП, які гарантуе “доступ да архіўных дакумэнтаў спэцслужбаў ПНР асобам, пра якіх органы дзяржаўнай бясьпекі зьбіралі інфармацыю”.

Трэба спадзявацца, што калісьці й нашыя “сталыя кліенты” акрэсьціных ды валадарак змогуць патрымаць у руках копіі такога кшталту дакумэнтаў. “Дзясяткі месцаў у ксэракопіях, згодна з патрабаваньнямі закону, замазаныя, — піша Барташэўскі. — Зачарнёныя прозьвішчы асобаў, якія фігуравалі ў справах супраць мяне, афіцэраў бясьпекі, якія іх вялі, даносчыкаў, судзьдзяў, якія выносілі мне прысуды”. Аднак Барташэўскі ня лічыць свае пакуты надмернымі: “Я ні ў якім разе ня ёсьць ахвяраю выключнай. Шмат хто страціў жыцьцё — гэта былі галоўныя ахвяры. Іншыя пасьля біцьця ці псыхічнага тэрору згубілі здароўе. Ад большасьці ахвяраў розьніць мяне, па-першае, тое, што часы камунізму я ператрываў у някепскай фізычнай і псыхічнай форме. Па-другое, усе тыя гады я ведаў, што ўлада мэтанакіравана мяне перасьледуе. Разуменьне гэтага было невялікаю, але надзейнаю маёю перавагай. Бо чалавек, які ведае пра пагрозу, паводзіць сябе іначай, чым той, хто яе не чакае. Па-трэцяе, я зь дзясятак гадоў прафэсійна займаўся найноўшай гісторыяй Польшчы. Гэта навучыла мяне рэгістраваць факты, ацэньваць іх і рабіць высновы, што давала мне перавагу над спэцслужбістамі, якія займаліся маімі справамі”. Прыдаўся Ўладзіславу Барташэўскаму ва ўмовах “народнае дэмакратыі” і ваенны досьвед: “Сем месяцаў я быў у Асьвенцыме, дзе толькі абачлівыя паводзіны давалі мінімальны шанец выжыць. Потым пайшоў у кансьпірацыю. І ведаў, што немцы зь мяне скуру злупяць, калі траплю ім у рукі. Каб выратаваць тую скуру, трэ было трымацца ўсіх правілаў іхнае гульні. (…) Прыдалося мне гэта, калі такія самыя мэтады пачала ўжываць іншая варожая ўлада, бо так я трактаваў каманду, якая рэпрэзэнтавала савецкія інтарэсы ў Польшчы. Мяне не дзівілі ні беспадстаўныя ператрусы, ні біцьцё падчас допытаў, ні правакацыі, ані тое, што чалавек, які выпадкова заходзіў у падазроную кватэру, мог на доўгія месяцы апынуцца ў вязьніцы й быць абвінавачаным у немаведама чым”.

Як жа гэты досьвед дапамог Барташэўскаму перажыць 8 турэмных гадоў дый астатнія гады “волі” ў “Народнай Польшчы”? Якія мэтады ўжывалі супраць прафэсара тамтэйшыя нашчадкі “Жалезнага Фэлікса” і што ён здолеў ім супрацьставіць? Адказы на гэтыя пытаньні пэрлінамі рассыпаныя па ягоных успамінах. Вось што піша аўтар пра свой першы працяглы паваенны арышт: “Нягледзячы на тое што я быў дзеячом легальнае партыі, да якой належаў і віцэ-прэм’ер ураду, 15 лістапада 1946 г. я апынуўся ў турме і прабыў там паўтара году. Увесь гэты час для мяне спрабавалі знайсьці такі артыкул, які б ня тычыўся маёй працы ў Польскай сялянскай партыі, — бо сытуацыя не дазваляла, — але даваў бы трымаць мяне за кратамі. Нічога ў іх не атрымалася, бо я быў вельмі асьцярожны і ніколі не казаў непатрэбных словаў”. Падставаю для наступнага арышту й абвінавачаньня ў “шпіянажы” стаўся данос нейкай “убэцкай крыніцы” (ад УБ — Управа бясьпекі — аналяг савецкага ГБ; “крыніцамі” ў спэцслужбаўскай тэрміналёгіі называюць тайных інфарматараў. — І.Л.) пра намер Барташэўскага зьбегчы на Захад. Данос быў абсалютна лжывы, але тэрмін прафэсар атрымаў ладны — праседзеў 5 гадоў, зь якіх палова прыйшлася на час сьледзтва. Ад тых часоў ў тэчках дасье захавалася багата матэрыялу, у тым ліку нататкі й справаздачы сьледчых і турэмных наглядчыкаў, а таксама “крыніцаў”. У службовым паведамленьні, якое афіцэр бясьпекі пісаў пасьля размовы з прафэсарам-вязьнем, сьцьвярджаецца: “Барташэўскі вельмі жыва цікавіцца Х-павільёнам (месца ў Макотаўскім аддзеле МДБ, дзе падчас сьледзтва ўтрымліваліся палітычныя вязьні) і зьбірае зьвесткі пра арыштаваных і пра мэтады допытаў. Гэта сьведчыць пра тое, што хоць заўвагаў сваіх ён ніколі не занатоўвае, аднак жыве з думкаю, што пасьля зьмены варункаў будзе яму аб чым пісаць”. Сам аўтар успамінаў з гонарам цытуе данясеньне “крыніцы” зь ягонай камэры ад 17 сакавіка 1953 г.: “Барташэўскі зь нянавісьцю выказваецца аб працаўніках апарату Дзяржаўнае бясьпекі, ён хадзячая энцыкляпэдыя розных справаў, гаворыць пра людзей, зь якімі сядзеў. Падрабязна распавядае пра спосабы сьледзтва, пра тое, што адбылася зьмена ў мэтадах пасьля зьяўленьня за мяжою кніжкі пра Х-павільён, і г.д. Цікавіцца ўсімі падзеямі (…) у турме. (…) Як Барташэўскі, так і (прозьвішча замазанае) кажуць, што ўмовы ва Ўронках і ў Равічы — гэта пачварны зьдзек зь людзей, што там існуюць забойчыя аддзелы, што стала адчыняюцца вокны, каб вязьняў застудзіць, і г.д.”

2 сакавіка 1955 г. Калегія судзьдзяў Вышэйшага вайсковага трыбуналу прызнала Барташэўскага беспадстаўна пакараным, скасавала папярэднія прысуды і абвесьціла яго несудзімым. Але дзяржбясьпека па-ранейшаму лічыла слушнымі ўсе адкінутыя трыбуналам абвінавачаньні і менавіта гэтым, як вынікае з дасье, абгрунтоўвала неабходнасьць далейшага нагляду за прафэсарам і ягонага перасьледу. Ужо 12 жніўня 1955 г. аддзел па справах апазыцыі Міністэрства дзяржаўнае бясьпекі ПНР заводзіць на Барташэўскага “ўлікова-назіральную справу”. Па словах аўтара, “пачынаецца наступны этап майго вэстэрну з паліцыяй. Ад 1955 г. спачатку дэпартамэнты УБ, а потым МУС сыстэматычна займаюцца маёй асобай. На зьмену, а калі-нікалі й адначасова. Але заўсёды з выкарыстаньнем усіх магчымых сродкаў: пастаяннага кантролю карэспандэнцыі, праслухоўваньня тэлефону, падслухваньня ў маіх кватэрах, вэрбаваньня тайных супрацоўнікаў з майго атачэньня, у тым ліку й з маіх пакаёвак”.

Гэтыя мэтады асаблівага плёну ўбэшнікам не далі. Але часта здараецца так, што “слабае месца” можа знайсьціся побач. Вось як распавядаецца пра гэта ва ўспамінах: “У канцы 1966 г. дзяржбясьпека пачала падазраваць, што я даю інфармацыю на радыё “Свабодная Эўропа”. Вывучыўшы тэчкі з гэтым сюжэтам, з горкім задавальненьнем магу сказаць, што не мая нядбаласьць дала ім падставы гэтак думаць. Ад часоў Макотава (сьледчай турмы УБ. — І.Л.) я сябраваў з адвакатам Вітольдам Лісам-Альшэўскім. (…) Меў да яго абсалютны давер. І меў для гэтага падставы. Мы трымаліся асьцярожна, не размаўлялі ў месцах, дзе нас маглі падслухаць, а толькі на вуліцы альбо ў рэстарацыях, калі ніхто не сядзеў побач. Аднак цяпер выявілася, і гэта акурат вынікае з тэчак, што ў блізкім атачэньні сьв. пам. Вітольда быў тайны супрацоўнік. І гэты агент даносіў пра тое, што Ліс-Альшэўскі апавядаў пра мяне”.

У выніку паўстала справа “інфарматарскай сеткі радыё “Вольная Эўропа”, матэрыялы якой даюць аўтару немалую спажыву для развагаў: “Мяне не арыштавалі, бо невыгодна было саджаць сябра рэдакцыі “Tygodnikа Powszechnego” і сябра ўправы, а потым генэральнага сакратара ПЭН-клюбу. Але задума такая была. Засталіся сьляды ўнутранай партыйна-ўбоўскай карэспандэнцыі: некаторыя дэпартамэнты МУС націскаюць, каб мяне арыштаваць, але партыя вагаецца. Урэшце вырашаюць не саджаць, але паспрабаваць скампрамэтаваць. Для гэтага пускаюць у ход фальшыўкі, нібыта я прызнаў сваю віну й пакаяўся, а таксама чуткі пра глыбокія канфлікты паміж мною і іншымі асобамі. Рассылаюцца ананімкі, людзей выклікаюць на размовы і даводзяць ім, што я пайшоў на супрацоўніцтва з спэцслужбамі”. Чытаючы цяпер матэрыялы сьледзтва, Барташэўскі яшчэ раз можа ўпэўніцца ў тым, што нездарма гэтак асьцерагаўся калісьці: “Падчас сьледзтва ўжываліся зусім не шляхетныя, але правераныя мэтады: выкарыстоўвалася разнароднасьць выказваньняў, ведаў, настрою, псыхічнага стану падсьледных. Улада спрабавала стварыць уражаньне, што ведае ўсё, таму лепей адразу прызнацца. У справу йшлі шматкі зьвестак, матэрыялаў, даносаў. У маіх паказаньнях няма ні слова, якое магло б камусьці нашкодзіць. А вось іншыя арыштаваныя гаварылі. На шчасьце, дацэнт SS і магістар ED (…) ведалі пра мае сувязі з заходнім радыё толькі тое, што яны ёсьць. Я ніколі не казаў ім, ад якога часу і што для “Вольнай Эўропы” раблю. Бо быў выхаваны правілам: тое, што ня мусіць быць вядомым, — невядома. І імёнаў сувязных, празь якіх перадаваліся зьвесткі ў Мюнхен, дзяржбясьпека не дазналася. Іх ведаў толькі я — і, на шчасьце, ніхто болей”.

Спэцслужбам не дапамаглі нават “наседкі”, падсаджаныя ў камэры да падсьледных. “Як дацэнт SS, так і магістар ED бавілі ў камэры час у таварыстве агентуры. У выніку бясьпека мела — а цяпер атрымаў і я — дзясяткі старонак справаздачаў аб тым, што яны дзень пры дні апавядалі ў камэры пра справу, пра сябе і пра мяне. Дацэнт паводзіў сябе нашмат больш разважліва й стрымана, чым магістар, хоць апошняя была юрыстам, былой судзьдзёю, і мусіла ведаць мэтады УБ. (…) Спачатку дацэнт меў у камэры аднаго “пастаяльца”, але потым да іх далучылі трэцяга. (…) І тады “наседка” пачала скардзіцца гаспадарам, што той трэці ў камэры ўскладняе справу, бо дацэнт яго асьцерагаецца і менш апавядае”. З гэтае нагоды Ўладзіслаў Барташэўскі дадае: “Ні на кога не трымаю зла за тое, што нехта ня выявіў досыць хітрасьці перад спэцслужбамі. Дацэнт таксама быў ахвяраю. Улада ж карысталася д’ябальскімі мэтадамі: выкарыстоўвала чалавечую слабасьць, стрэс і г.д. (…) Так, я не разумеў, адкуль паходзілі пэўныя паказаньні супраць мяне. Цяпер ведаю: з размоваў у камэры! Чаму людзі прызнаваліся ў тым, у чым прызнавацца ня мусілі? Я ўжо ведаю: у хвіліну слабасьці яны сказалі таварышу па камэры больш, чым сьледчаму афіцэру”.

Але ня ўся “справа Барташэўскага” складаецца з турэмных справаздачаў. Пра сваё жыцьцё на волі ён таксама знайшоў багата цікавага: “Значная частка матэрыялаў дасье — гэта тлумачэньні агентаў, якім чынам я “адарваўся” ад сачэньня. Я ня меў аўтамабіля, таму зазвычай хадзіў пешшу. А хаджу хутка. Часам, калі за мною хтосьці доўга тэпаў, я падыходзіў да яго і пытаўся: прабачце, ці ня ведаеце, якая гадзіна? Колькі ён потым мог за мною ісьці? Ёсьць шмат апэратыўных фатаздымкаў, зробленых на вуліцы. Ёсьць згадкі пра праслухоўваньне хатняга тэлефону. (…) “Жучкі” былі таксама ў маёй кватэры і нават у пакоях 11 і 12 закапанскай “Халямы”, куды мы звычайна езьдзілі на вакацыі”.

Але найцікавейшым адкрыцьцём для Барташэўскага сталіся матэрыялы, што патрапілі ў дасье ў выніку руплівай працы замежнай выведкі. Прафэсар з 1983 г. працаваў выкладчыкам у трох нямецкіх унівэрсытэтах. Пра тое, чым у выніку гэтага папоўніліся спэцслужбаўскія тэчкі, найлепш распавядзе сам аўтар: “Пад канец жыцьця я атрымаў амаль “поўны збор твораў” Уладзіслава Барташэўскага ў апрацоўцы разьведкі й контраразьведкі ПНР. Маю цяпер перапісаныя й перакладзеныя зь нямецкай мовы на польскую тэксты бадай усіх маіх найважнейшых публічных выступаў у дзясятках нямецкіх гарадоў цягам некалькіх гадоў. Да гэтага дадазеныя прафэсійныя ацэнкі аўдыторыяў, інфармацыя пра слухачоў, запісы дыскусіяў. Усё гэта натавалася агентамі выведкі МУС альбо іхнымі “тайнымі супрацоўнікамі”. Што важна: цяперака некаторыя людзі добрай волі ў Польшчы лічаць, што дзейнасьць выведкі ПНР грунтоўна адрозьнівалася ад працы бясьпекі і што тыя, хто супрацоўнічаў з выведкай, дапамагалі дзяржаве. Аднак выяўляецца вось, што ПНРаўская выведка займалася, напрыклад, такім ворагам дзяржавы, як Барташэўскі (і сотнямі іншых!). Дзеля гэтага дзясяткі людзей езьдзілі за ім па Нямеччыне, запісвалі ягоныя публічныя выступы, пісалі ацэнкі, перакладалі тэксты і слалі іх у Польшчу. Іхныя справаздачы сьпярэшчаныя пазнакамі людзей з генэральскімі пагонамі і дырэктарскімі функцыямі. Іхныя прозьвішчы на маіх копіях замазаныя, але ў некаторых выпадках вядома, пра каго вядзецца. Гэтым абсалютна бессэнсоўным перасьледам кіравалі высокія функцыянэры апарату ПНР”.

Спэцслужбісты мусілі маліцца на такіх Барташэўскіх. Не адзін лейтэнант узьняўся да палкоўніка, пішучы бясконцыя справаздачы, апытваючы сэксотаў, падшываючы да справы фота- і фонаматэрыялы. Ствараючы бачнасьць актыўнае і плённае дзейнасьці.

Падсумоўваючы свае турэмныя ўражаньні, Уладзіслаў Барташэўскі піша: “Турма ўзмацніла ўва мне перакананьне, што людзей трэба ацэньваць не паводле палітычных сымпатыяў, а толькі паводле іхнае рацыі й адданасьці справе грамадзтва і дзяржавы. Сёньня я нікога не асуджаю. Мяне абараніў Бог. У турме я ня мог паддацца ніякім спакусам, бо там можна быць альбо чалавекам гонару, альбо здраднікам. Трэцяга шляху няма. А ва ўмовах так званай волі чалавек мог захацець хоць бы часткова прыстасавацца — на дзьве трэці альбо на тры чвэрці. У турме гэтага не было: краты палярызавалі. (…) Там я навучыўся разважна ацэньваць учынкі людзей, шукаць матывацыю, разрозьніваць, дзе была нікчэмнасьць, а дзе толькі слабасьць. І яшчэ адна істотная рэч: сярод маіх палітычных таварышаў па нядолі я спаткаў пэўны адсотак людзей, якія мелі адхіленьні псыхікі. З таго часу ведаю: сам факт, што хтосьці сядзеў за палітыку, не даводзіць аўтаматычна ягонай шляхетнасьці, праўдзівасьці й розуму”.

Ігар Лялькоў

 

* Pół wieku życia w teczkach opisane: Opowieści prof. Władysława Bartoszewskiego wysłuchał Krzysztof Burnetko // Tygodnik Powszechny, 17.02.2002 (№7).


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0