Узбуйненьне

Чакаецца рэформа адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу краіны

У Шаркоўшчыне гавораць пра аб’яднаньне з Глыбокім, у Мядзеле — пра падзел між суседнімі раёнамі, у Слоніме — пра далучэньне Зэльвенскага й Дзятлаўскага раёнаў, праз што новая тэрытарыяльная адзінка дасягне межаў колішняга Слонімскага павету... Першым этапам рэформы стала аб’яднаньне ў раённых цэнтрах гар- і райвыканкамаў. Далейшае ўзбуйненьне непазьбежнае, але яго час невядомы.

Паводле словаў Васіля Лебедзева, начальніка ўпраўленьня Рады Міністраў па ўзаемадзеяньні з рэспубліканскімі і мясцовымі органамі ўлады, “такое рашэньне павінен прымаць прэзыдэнт. Пакуль ніякай інфармацыі, ніякага даручэньня ад прэзыдэнта мы ня мелі”.

Былы дэпутат Вярхоўнага Савету ХІІ скліканьня Алег Трусаў прыгадвае, як у пачатку 90-х быў падрыхтаваны праект адміністрацыйнага перадзелу Беларусі. Ягонымі асноўнымі пунктамі былі ліквідацыя вобласьцяў, узбуйненьне раёнаў. Тады большасьць парлямэнту не падтрымала праекту. Наступны раз пытаньне было ўзьнятае падчас прыняцьця Канстытуцыі ў 1994 г. “Вобласьці ледзь ня ляснулі, — згадвае А.Трусаў, — нас падтрымалі кіраўнікі раёнаў, зацікаўленыя ў гэтым. Але намэнклятура на чале з Кебічам абласьцей не здала, літаральна ўчапіўшыся ў іх зубамі. Яны баяліся згубіць адладжаную машыну кіраваньня краінай”.

Сёньняшнія вобласьці — спадчына расейскіх губэрняў, якія ўтвараліся з улікам вайсковых інтарэсаў. Нават цэнтры вобласьцяў месьцяцца ня ў цэнтры, а на ўскраіне, у адпаведнасьці з расейскай вайсковай мэтазгоднасьцю — каб было лягчэй абараняцца. Трусаў пэўны: “Рэформа адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу дасьць эканомію грошай. Замест сёньняшніх 118 раёнаў было б ідэальна ўвесьці 40—50 акругаў або паветаў. Імі прасьцей было б кіраваць, было б зручней і людзям. Зь якога небудзь Крэва ці Ашмянаў прасьцей і хутчэй даехаць да Менску, чым да абласнога цэнтру — Горадні”.

Па меры разьвіцьця камунікацыйных магчымасьцяў у ХХ ст. памер найменшага адміністрацыйнага раёну некалькі разоў павялічваўся. Жыцьцё імкне: час узбуйненьня надышоў ізноў.

Алег Тачоны

У сакавіку 1924 г. адбылося першае ўзбуйненьне БССР — ейная тэрыторыя павялічылася больш чым у 2 разы за кошт вернутых РСФСР тэрыторый. У ліпені таго самага году тэрыторыя рэспублікі была падзеленая на акругі, раёны і сельсаветы. Утвораныя 10 акруг аб’ядноўвалі 100 раёнаў. Гэтыя круглыя лічбы адпавядалі пасьлярэвалюцыйнаму ідэалізму.

У сьнежні 1926 г. адбылося другое ўзбуйненьне. Праз год скасавалі 4 акругі, а іхныя раёны падзялілі паміж іншымі акругамі. У ліпені 1930 г. былі скасаваныя апошнія акругі, застаўся толькі раённы падзел. У 1927—31 г. скасоўваліся некаторыя раёны, але ў 1935-м яны пачалі аднаўляцца. Каля мяжы з Польшчай утварыліся 4 акругі: Слуцкая, Мазырская, Лепельская і Полацкая. 15 студзеня 1938 г. быў уведзены абласны падзел — існыя 90 раёнаў увайшлі ў склад 5 вобласьцяў: Віцебскай, Магілёўскай, Гомельскай, Палескай і Менскай. Акругі як адміністрацыйныя адзінкі былі скасаваныя і ненадоўга адрадзіліся толькі ў часе нямецкай акупацыі.

Тэрыторыя Заходняй Беларусі да 1939 году была падзеленая на 4 ваяводзтвы: Беластоцкае, Віленскае, Наваградзкае і Палескае. Паветы дзяліліся на гміны. Пасьля далучэньня да БССР тут былі ўтвораныя 5 вобласьцяў: Баранавіцкая, Беластоцкая, Берасьцейская, Вялейская і Пінская з 101 раёнам. У верасьні 1944-га Беластоцкую вобласьць Сталін аддаў Польшчы. Тады сама ў БССР стварылі новыя вобласьці: Бабруйскую, Гарадзенскую і Полацкую, а Вялейскую пераназвалі ў Маладачанскую. 8 студзеня 1954 г. былі скасаваныя Бабруйская, Баранавіцкая, Палеская, Пінская, Полацкая вобласьці. У 1960-м — Маладачанская.

На працягу 1956—62 г. у БССР праводзілася ўзбуйненьне раёнаў: у 1956 г. было скасавана 11 раёнаў, у 1957 — 3, 1959 — 14, 1960 — 15, 1961 — 1, у 1962 — 54 раёны. Пасьля гэтага ў рэспубліцы засталося 77 раёнаў. У 1965 г. аднавілі 23 раёны, у 1966-м — яшчэ 17. З 1966 г. у Беларусі было 117 раёнаў. Апошнім, у 1989 г., аднавілі Дрыбінскі раён (ліквідаваны 19 верасьня 1959 г.) для перасяленьня жыхароў Краснапольшчыны, што трапіла ў зону радыяцыйнага забруджаньня.

Цяпер у Беларусі 6 вобласьцяў і 118 раёнаў, 99 гарадоў, 110 гарадзкіх і рабочых пасёлкаў. На раёны падзяляюцца ўсе абласныя цэнтры і Бабруйск.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0