Купюра невядомага дызайнэра

Імёны аўтараў першых беларускіх банкнотаў замоўчваліся як дзяржаўная таямніца. Цяпер мы можам іх назваць: гэта Канстанцін Хацяноўскі ў суаўтарстве зь Сяргеем Альвінскім

 

Упершыню грошы сваёй дзяржавы я пабачыў па вяртаньні з чарговай акадэмічнай сэсіі ў Пецярбургу. Пра іх ужо гаварылі ў цягніку, пасажыры палемізавалі, да чаго гэта ўсё й як будзе далей. Збольшага беларусы ганарыліся: вось, маўляў, і ў нас усё, як у людзей. Яшчэ ня бачыўшы купюраў, я ўжо ведаў, што з аднаго боку на іх выяўленыя зьвяры, а з адваротнага — наш герб “Пагоня”. І быў пэўны, што грошы нашыя безумоўна прыгожыя...

 

Разьліковыя білеты Нацбанку не расчаравалі. Жывёлы рахманыя й жывёлы хцівыя, у клясычным графічным выкананьні, мірна суседзілі ў партманэ і кішэнях ды цешылі вока свойскасьцю. Анахранічны, традыцыйны дызайн, з мноствам лініяў, арнамэнтаў і расьцяжак, дадаваў гэтым банкнотам саліднасьці ў вачох беларусаў.

Налета я з гонарам паказваў беларускія грошы сваім аднакурсьнікам у Пецярбургу. А яны паказвалі мне свае: украінскія, грузінскія, армянскія, прыднястроўскія, абхаскія... Дызайн і паліграфія нашых банкнотаў выгадна вылучаліся. Мае аднагрупнікі-мастацтвазнаўцы адразу ж пыталіся, хто аўтар, адкуль у Беларусі такая якасьць? Тады я ня ведаў. І вось цяпер, праз 10 гадоў, вырашыў дазнацца.

Спачатку я зьвярнуўся да Станіслава Шушкевіча. Тыя першыя грошы ў народзе зьвязвалі менавіта зь ягоным прозьвішчам і часам звалі “шушыкамі”. Як і ў Літве, дзе пасьлясавецкія купоны зваліся “вагноркамі”, ад прозьвішча прэм’ера Вагнаруса. Але ні Шушкевіч, ні тагачасны старшыня Нацыянальнага банку Станіслаў Багданкевіч ня ведаюць прозьвішчаў творцаў, чые эскізы яны зацьвярджалі.

Між тым, у сьвеце быць аўтарам узораў нацыянальнае валюты — вялікі гонар для мастака. Напрыклад, першаўзор зялёнага амэрыканскага даляра стварыў расейскі мастак і тэасоф Мікалай Рэрых, насыціўшы яго масонскай сымболікай: усечанай пірамідаю ў трынаццаць прыступак, надпісамі — на лаціне: “Новы парадак на вякі”, па-ангельску: “На Бога мы спадзяёмся” і г.д. (Багата чаго з гэтага расейскія патрыёты ня могуць яму дараваць да сёньня!) Першыя папяровыя грошы Літоўскай рэспублікі стварыў мастак-беларус Мсьціслаў Дабужынскі. На швайцарскіх, былых галяндзкіх, нямецкіх купюрах, на навюткіх эўра стаяць прозьвішчы аўтараў і дызайнэрскіх фірмаў, якія стваралі іх.

Беларускія грошы, да якіх прыляпілася пяшчотная мянушка “зайчыкі”, маюць адметны дызайн. Хоць назваць яго сучасным, паводле словаў мастацтвазнаўцы Міхала Баразны, вельмі праблематычна. “Добра ўжо тое, што там намаляваныя жывёлы, а не трактарысты, але ўсё адно адчуваецца савецкая плястыка, савецкія прынцыпы аздабленьня, архітэктурны ампір. Вядома, лепш, чым у суседзяў, але не нашмат”, — кажа ён. А старшыня Саюзу дызайнэраў Зьміцер Сурскі лічыць “зайчыкаў” крыху наіўнымі: “Яны розьняцца вельмі моцна ад таго, што рабілася на Захадзе. Бо там выкарыстоўваюцца нейкія сучасныя моманты й ужо няма такіх “кандыбобэраў” і “наваротаў”, якія былі раней на каштоўных паперах”.

Першыя ўзоры беларускіх грошай стварыў Канстанцін Хацяноўскі ў суаўтарстве зь Сяргеем Альвінскім. Канстанцін — мой стары знаёмец. Гадоў 20 таму ён зрабіў з майго фатаздымку плякат “Я ёсьць. Але хто я?”, які пазьней быў надрукаваны на вокладцы часопісу “Крыніца”. Мая, без сумневу, артыстычная выява прынесла Канстанціну, тады яшчэ зусім маладому плякатысту, фінскую прэмію.

Канстанцін Хацяноўскі нарадзіўся ў Ленінградзе, 17 гадоў жыў і вучыўся ў Вільні, а пасьля сканчэньня Беларускага тэатральна-мастацкага інстытуту застаўся ў Менску, дзе жыве й працуе да сёньня.

Усе новыя постсацыялістычныя краіны маюць свае прыгожыя легенды пра грошы. Прыкладам, узоры банкнотаў Казахстану стваралі славутыя дызайнэры Кайрула Габжалелаў і Тымур Сулейменаў. Яны езьдзілі па розных фірмах ды манэтных дварох Заходняе Эўропы й Японіі, пакуль не абралі адну брытанскую фірму. Пасьля яны аб’ехалі ўсю сваю краіну ў пошуках сюжэтаў. Супольную працу над дызайнам банкнотаў яны працягвалі ва ўрадавай рэзыдэнцыі ў гарах. А давяршалі ў лёнданскай друкарні...

Пробныя адбіткі беларускіх банкнотаў Канстанцін Хацяноўскі рабіў на картаграфічнай фабрыцы: “Там яшчэ куча бабулек, мантажыстаў... Усе гэтыя літаркі рукамі клеіліся. Тады ж кампутараў асабліва не было. А потым ужо эскізы перадалі кудысьці ў Расею. І яны там гэтыя расьцяжкі, гэтую лухту самі выраблялі”.

Узоры першых беларускіх грошай ствараліся ўручную, пры дапамозе тушы, алоўкаў і клею. На гэтых рукатворных банкнотах паўсталі выявы розных сымпатычных зьвяроў, нашых суайчыньнікаў. Банкнота з наміналам у адзін рубель, па якой порстка скача заяц, дала нефармальны назоў беларускай валюце. Нашыя рублі дагэтуль мянуюцца “зайчыкамі”, хоць ані зайцоў, ані іншых жывёлаў на іх даўно няма. Зьела інфляцыя. Але адкуль узьнікла сама ідэя выявіць на купюрах прадстаўнікоў айчыннае фаўны? Канстанцін Хацяноўскі кажа — з тагачасных літоўскіх грошай: “Узоры адтуль прывозіліся, мы глядзелі. Вырашылі зрабіць што-небудзь такога кшталту. У Саўміне гэтае пытаньне доўга абмяркоўвалі. Спачатку думалі, што “зубр” будзе ня 100, а 200 рублёў, “заяц” — 3 рублі, а на драбнейшых купюрах хацелі маляваць кратоў, яшчэ нейкіх такіх зьвяркоў...”

Жывую прыроду можна пабачыць на грашовых знаках шмат якіх краінаў сьвету — ад Каралеўства Нэпал да Новай Зэляндыі. У адных выпадках гэта тлумачыцца рэлігійнымі меркаваньнямі, у іншых — маладосьцю краінаў, традыцыі якіх яшчэ не набрынялі пэрсаніфікаванай гісторыяй. Адсутнасьць партрэтаў дзеячоў культуры ці ваяроў на беларускіх грошах перарасла ў сумнеўную традыцыю. Выявы архітэктуры часоў сталіншчыны й невядомыя лыжнік з балерынаю на вадзяных знаках — вось вобраз Беларусі, які фармуюць цяперашнія грошы. Анэмічны й малацікавы. Сюжэты першых беларускіх банкнотаў былі значна жывейшыя ва ўсіх сэнсах.

Цяпер Канстанцін Хацяноўскі — дырэктар выдавецтва “Кавалер паблішэрз”, ягоны калега й суаўтар Сяргей Альвінскі таксама мае сваё рэклямна-выдавецкае агенцтва. Але тое, што яны стварылі дызайн “зайчыку”, старанна замоўчваецца як дзяржаўная таямніца. Сьціпласьць робіць гонар любому чалавеку, мастакам у тым ліку. Але ці робіць гонар нацыі няўважнасьць да іхнае творчасьці? Балазе, дзеля таго каб ацаніць мастацкія вартасьці сваіх грошай, у музэі хадзіць ня трэба.

Некаторыя беларускія мастакі вельмі жвава адгукнуліся на самы малады ў нашым мастацтве жанр. Свае грошы вырабіў Артур Клінаў — на ягонай выставе ў 1996-м за іх можна было набыць гарэлку й цукеркі. Потым Цімох Ізотаў перашаржаваў тыя самыя анімалістычныя грошы, намаляваўшы іхныя выявы алейнымі фарбамі на 17 палотнах. Праўда, у Ізотава замест буйных прыгожых зьвяроў былі намаляваныя насякомыя ды іхныя лічынкі, што, паводле канцэпцыі, адлюстроўвала інфляцыю ў краіне. А беларуская мастачка Алена Кітаева прапанавала нават свой праект грошай для Расеі ў маскоўскай “Галерэі Гельмана” і мела посьпех...

Сыходзяць у нябыт нацыянальныя валюты Эўропы, прыгожыя й любімыя, звыклыя й трывалыя. Бадай, надыдзе й той час, калі зьнікне беларускі рубель. Але памяць пра ўжо амаль фальклёрнага “зайчыка”, які стаў адным з найбольш відавочных сымбаляў незалежнасьці Беларусі, будзе трываць яшчэ доўга.

Сяргей Харэўскі


 

Беларускія купюры плодзяцца хутка, а жывуць нядоўга

50 капеек: 25.05.1992 — 1.03.1995

1 рубель: 25.05.1992 — 1.03.1995

3 рублі: 25.05.1992 — 1.03.1995

5 рублёў: 25.05.1992 — 1.03.1995

10 рублёў: 25.05.1992 — 08.1995

25 рублёў: 25.05.1992— 08.1995

50 рублёў: 25.05.1992 — 1998

100 рублёў: 25.05.1992 — 1.04.1999

250 рублёў: 8.12.1992 — 1.04.1999

500 рублёў: 8.12.1992 — 1.04.1999

1000 рублёў: 8.12.1993

(1.10.1998 пазбаўленыя “Пагоні”) — 31.12.2000

5000 рублёў: 7.04.1994

(1.10.1998 пазбаўленыя “Пагоні”) — 31.12.2000

20.000 рублёў: 1994 — 31.12.2000

50.000 рублёў: 15.09.1995 — 31.12.2000

100.000 рублёў: 17.10.1996 — 31.12.2000

500.000 рублёў: 12.1998 — 31.12.2000

1.000.000 рублёў: 30.04.1999 — 31.12.2000

5.000.000 рублёў: 6.09.1999 — 31.12.2000

ПАСЬЛЯ ДЭНАМІНАЦЫІ 2000 ГОДУ:

1 рубель: 1.01.2000 —

5 рублёў: 1.01.2000 —

10 рублёў: 1.01.2000 —

20 рублёў: 1.01.2000 —

50 рублёў: 1.01.2000 —

100 рублёў: 1.01.2000 —

1000 рублёў: 1.01.2000 —

5000 рублёў: 1.01.2000 —

10.000 рублёў: 2000 —

20.000 рублёў: 2002 —

 


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0