новая краіна на мапе сьвету
Тымор прымае падарункі
У мінулую нядзелю апоўначы генэральны сакратар ААН Кофі Анан перадаў уладу ва Ўсходнім Тыморы старшыню тамтэйшага парлямэнту Франсыска Гутэрасу. На месцы сьцягу ААН узьняўся чорна-чырвона-жоўты штандар Усходняга Тымору, выбухнулі тысячы фаервэркаў. Той з тыморцаў, хто выжыў падчас крывавае вайны за незалежнасьць, убачыў нараджэньне сваёй краіны. Ва ўрачыстасьцях узялі ўдзел дэлегацыі 80 краінаў, у тым ліку Біл Клінтан і прэзыдэнт Інданэзіі Мэгаваці Сукарнапутры.
750-тысячны Ўсходні Тымор дагэтуль ніколі ня быў незалежным. У 1520 годзе Партугалія калянізавала ўсходнюю частку востраву. Заходняя дасталася галяндцам. Партугальцы сышлі пасьля “рэвалюцыі гвазьдзікоў” 1975 г., і Рэвалюцыйны фронт вызваленьня Ўсходняга Тымору (FRETILIN) абвесьціў незалежнасьць краю. Праз два тыдні кіраўнік Інданэзіі Сухарта загадаў акупаваць Усходні Тымор, хоць Інданэзія складаецца з ранейшых галяндзкіх калёніяў, дзе жылі мусульмане, а Ўсходні Тымор — партугальскі й каталіцкі.
Пад пятою Сухарта
Вайна была нядоўгай, няроўныя былі сілы, і ўжо на пачатку 1976 г. Усходні Тымор апынуўся ва ўладзе Інданэзіі. Сьвет пратэставаў, але толькі на словах. ААН так і не прызнала анэксіі, гэта зрабіла толькі Аўстралія.
Усходнюю частку востраву абвесьцілі 27-й правінцыяй Інданэзіі. Тымор зрабіўся закрытай вайсковай калёніяй. У выніку вайны, рэпрэсіяў і голаду там загінула больш за 200 тысячаў чалавек — чвэрць усяго насельніцтва. Усе гады інданэзійскай акупацыі тыморцы жылі ў нэндзе, адзіным сродкам даходаў было вырошчваньне кававага бобу і экспарт сандалавага дрэва. Джакарта забясьпечвала 90% бюджэту правінцыі, але востраў заўсёды быў найбяднейшай часткай краіны. FRETILIN не спыняў партызанскай барацьбы з акупантамі.
Да незалежнасьці
У 1991 г. інданэзійскае войска жорстка разагнала мірную незалежніцкую дэманстрацыю студэнтаў у сталіцы краю Дылі. Загінулі 270 дэманстрантаў, многія проста зьніклі. Гэтая падзея стала пачаткам новага этапу барацьбы за волю. Празь пяць гадоў два тыморскія змагары — біскуп Карлас Бэла і Жазэ Рамас Хорта — атрымалі Нобэлеўскую прэмію міру. Пасьля сыходу Сухарты Інданэзія пачала развальвацца. У 1998 г. ягоны наступнік прэзыдэнт Юсуф Хабібі даў Усходняму Тымору большую аўтаномію, а ў студзені 1999 г. згадзіўся на рэфэрэндум аб незалежнасьці. Рэфэрэндуму папярэднічала шматмесячнае крывавае бязладзьдзе. Ваявалі паміж сабой прыхільнікі незалежнасьці і яе праціўнікі, якіх падтрымлівала інданэзійскае войска. У верасьні 1999 г., калі высьветлілася, што 78% жыхароў Тымору прагаласавалі за незалежнасьць, праінданэзійскія баевікі, сыходзячы, учынілі вялізную разьню.
Парадак у край прыйшоў разам з войскамі і адміністрацыяй ААН, якія замянілі інданэзійскую міліцыю, усталявалі ў Тыморы мір і заклалі пачаткі новае дзяржавы. Дэмакратычным чынам былі абраныя парлямэнт і ўрад. Міністры тыморскае дзяржавы колькі апошніх месяцаў вучыліся кіраваць у сваіх калегаў з адміністрацыі ААН.
На чале краіны стаў лідэр незалежніцкага руху Шанана Гужмаў, які на красавіцкіх прэзыдэнцкіх выбарах атрымаў 82% галасоў. Гужмаў і каталіцкая царква — галоўныя прыхільнікі прабачэньня і прымірэньня. Гэтая праблема, напэўна, яшчэ ня хутка будзе вырашаная, хоць у Інданэзіі ў сакавіку пачаўся працэс 18 афіцэраў, абвінавачаных у парушэньні правоў чалавека ва Ўсходнім Тыморы.
Баевікі будуць каяцца
260 тысячаў уцекачоў, у тым ліку тысячы баевікоў праінданэзійскіх арганізацыяў, зьбеглі з Усходняга ў інданэзійскі Заходні Тымор. Большасьць ужо вярнулася. Пакуль што не чуваць пра акты помсты, людзі чакаюць, што вінаватых пакарае дзяржава.
ААН стварыла ў Тыморы два суды. Аддзел цяжкіх злачынстваў сфармуляваў больш за 30 актаў абвінавачаньня і вядзе сьледзтва па 650 справах. Створаная на паўднёваафрыканскі ўзор Камісія праўды і прымірэньня павінна пачаць дзейнічаць у наступным месяцы. Мяркуецца, што прымірэньне будзе адбывацца наступным чынам: на вясковых сходах былыя баевікі, панурыўшы галовы, будуць каяцца перад сваімі ахвярамі, распавядаць пра свае злачынствы і перапрашаць. Вёска іх выслухае і вызначыць пакараньне ды ўмовы вяртаньня ў грамаду. Але ці атрымаецца гэта?
Як выжыць?
Перад маладой дзяржавай стаіць шмат пытаньняў. Якую прыняць валюту? Застацца з інданэзійскай рупіяй, надрукаваць уласныя грошы ці, як урэшце вырашылі, увесьці амэрыканскія даляры? Якой мовай гаварыць? Прэзыдэнт Гужмаў вырашыў быў — партугальскай. Але сёньня яе ведаюць толькі 17% жыхароў, 63% валодаюць інданэзійскай. У хаце ж 91% жыхароў гаворыць тутэйшай мовай тэтум, але яна недастаткова разьвітая і ня мае пісьмовай формы. Ангельская мова пашыраная толькі ў бізнэс-колах. Прынятая ў сакавіку канстытуцыя вызнае афіцыйнымі мовамі партугальскую і тэтум. А статус рабочых моваў атрымалі інданэзійская і ангельская.
І галоўная праблема — як выжыць? Тымор — самая бедная краіна Азіі з гадавым даходам у 478 даляраў на чалавека ў год. 80% жыхароў — сяляне, што жывуць з натуральнай гаспадаркі. Тры чвэрці гараджанаў — беспрацоўныя, большая частка краіны не забясьпечаная электрычнасьцю, школаў і больніцаў — адзінкі.
Тымору дапамагае міжнародная супольнасьць. Яшчэ на два гады тут застануцца 5000 жаўнераў міратворчых сілаў, 1000 паліцыянтаў і 100 супрацоўнікаў ААН. Тымор атрымае 440 млн. даляраў на працягу трох гадоў. Грошы на пачатковае разьвіцьцё ёсьць, а пасьля краіна пачне жыць за кошт радовішчаў нафты і газу з марскога дна. Энэрганосьбіты будуць асноўнай крыніцай даходаў дзяржавы.
Праз 4 гады Ўсходні Тымор мусіць пачаць жыць цалкам за свой кошт. Міністар замежных справаў краіны Рамас Хорта дэкляруе: “Ня хочам паўтараць памылкі іншых бедных краінаў, трапляючы ў сьпіраль запазычанасьці. Ня будзем прасіць крэдытаў у Сусьветнага банку. Не бяром аніякіх пазыкаў, толькі падарункі”.
Сяргей Радштэйн