Што гарантуе дэмакратыю

 

Гэтая гутарка былога галоўнага рэдактара “НН” Сяргея Дубаўца і аглядальніка “Белорусской деловой газеты” Аляксандра Фядуты запісвалася для радыё “Свабода”. Яна працягвае дыскусію, распачатую публікацыямі ў папярэдніх нумарах “НН”.

Радыё “Свабода”: Сп.Фядута, у сваім артыкуле ў “БДГ” вы папікаеце Сяргея Дубаўца тым, што ён выказаўся за дыялёг з уладаю (дарэчы, ня толькі і ня столькі з Лукашэнкам) наконт захаваньня незалежнасьці. Але, шчыра кажучы, дзіўна чуць такія папрокі менавіта з вашых вуснаў. Вы ж заўсёды былі за дыялёг з уладаю.

Аляксандар Фядута: Я не папікаю Сяргея Дубаўца тым, што ён выступае за дыялёг. Я задаю пытаньне: ці не запозна і сам сп.Дубавец, і наша інтэлігенцыя пачала гаварыць пра дыялёг? Чым далей ішоў час, тым больш непапраўных рэчаў рабіў сп.Лукашэнка. Няўжо сп.Дубавец настолькі наіўны, каб паверыць, што пасьля той тэмы, на якой апазыцыя вяла леташнюю прэзыдэнцкую кампанію, Аляксандар Лукашэнка паверыць, што зможа атрымаць ад гэтай апазыцыі якія-небудзь гарантыі?

Сяргей Дубавец: Сытуацыю варта разглядаць эвалюцыйна. Раней дыялёг быў немагчымым, бо, прыйшоўшы да ўлады, Лукашэнка разбураў нейкія канстанты ў грамадзтве, да якіх мы ўжо пачалі прызвычайвацца. Мяняючы сымболіку, ён замахваўся на тыя рэчы, якія шмат для каго былі сьвятымі. Быў патрэбны час, каб асэнсаваць, што адбываецца. Цяпер якраз і надышоў такі час асэнсаваньня.

Я меў на ўвазе не дыялёг, а спаборны кантакт з уладаю на яе полі. Што тычыцца гарантыяў, то іх проста быць ня можа, і гэта разумее кожны, хто ведае Лукашэнку. Калі слова не трымаецца, пра якія гарантыі можа ісьці гаворка? Мы існуем ў нерацыянальным, нерассудачным полі. Наша ўлада ня здольная да дыялёгу, да цывілізаванага “пінг-понгу” аргумэнтаў, як мы прывыклі гэта назіраць у цывілізаваных умовах. Яна кіруецца ірацыянальнымі пасыламі, а ня лёгікаю. Калі сёньня мы гэта зразумеем, мы зможам падбіраць свае адэкватныя хады.

Радыё “Свабода”: Ці існуе ў сучасных беларускіх умовах супярэчнасьць паміж каштоўнасьцямі культуры і незалежнасьці ды каштоўнасьцямі дэмакратыі і рынку?

А.Ф.: Як тое ні сумна, абсалютызацыя аднаго ці другога прывядзе ці да кансэрвацыі рэжыму, ці да таго, што краіне давядзецца аддаць частку свайго сувэрэнітэту. Бо Аляксандар Лукашэнка здольны абараняць толькі адну форму сувэрэнітэту — гэта сувэрэнітэт уласнай бескантрольнасьці. Ён няздольны разглядаць сувэрэнітэт як форму разьвіцьця нацыі. Для яго не існуе нацыянальных каштоўнасьцяў, для яго існуе толькі каштоўнасьць улады. Той сувэрэнітэт, які ён абараняе, — гэта сувэрэнітэт асабістай, нічым не абмежаванай улады.

З другога боку, існуе небясьпека, што збліжэньне з Расеяй прывядзе ня толькі да страты сувэрэнітэту, але і да таго, што гэтая страта стане незваротнаю. Альтэрнатываю цяперашняму рэжыму можа быць толькі зьяўленьне ў нашай краіне альтэрнатыўных фінансавых плыняў. На жаль ці на шчасьце (хутчэй, на жаль), ніхто, акрамя расейцаў, не зьбіраецца зьяўляцца тут з грашыма. Г.зн. зьяўленьне альтэрнатыўных фінансавых плыняў робіць нас залежнымі ад Расеі. Расея — не ідэал дэмакратыі, а сп. Пуцін — гэта зусім не Андрэй Сахараў, але выбар ня надта шырокі.

Мы выбіраем паміж грашыма, кантраляванымі Пуціным, гэта значыць расейскімі, і той уладаю, якая падкантрольная Лукашэнку. Гэта складаны выбар, і я не зьдзіўлюся, калі Сяргей выбера ня тое, што выбіраю я.

С.Д.: Альтэрнатыўныя фінансавыя плыні магчымыя ня толькі з Расеі. Сёньня ўся апазыцыя карыстаецца пераважна дапамогаю якраз іншага боку сьвету. Што да каштоўнасьцяў, дык яны ўзаемазьвязаныя. Каб стаць нармальным гаспадаром, трэба ўсьведамляць, хто ты ёсьць. І гэтае самаўсьведамленьне і ёсьць незалежнасьцю, а яго рэалізацыя — дэмакратыяй і рынкам. Абсалютна пераканаўчы прыклад усіх краінаў нашага рэгіёну, якія маюць посьпех на шляху выхаду з камунізму: у кожнай з гэтых краінаў без выключэньня дэмакратыя і рынак будуюцца выключна на грунце нацыянальнай дзяржаўнасьці.

А.Ф.: На грошы, што атрымлівае апазыцыя з Захаду, можна набыць шлейкі, але гэта ня тыя грошы, на якія можна прыйсьці да ўлады.

Радыё “Свабода”: Прыход расейскага капіталу для Беларусі — дабро ці зло? Ці прынясе ён дэмакратыю і рынкавыя адносіны? Ці ня можа гэтае прышэсьце прывесьці да далейшага зьнішчэньня беларускай культуры і ўрэшце, магчыма, беларускай незалежнасьці?

С.Д.: Нягледзячы на ўспышку размоваў пра прыватызацыю, у візуальнай Беларусі назіраецца цалкам адваротны працэс, прыватныя прадпрыемствы нават зьнікаюць. Няма нічога, што можна было б назваць прыватызацыяй. Ня бачу гэтаксама і прыходу расейскага капіталу. Расейскі капітал і ня пойдзе ў Беларусь у цывілізаваным парадку.

А.Ф.: Неяк я размаўляў з адным дастаткова буйным расейскім бізнэсмэнам. Ён сказаў мне: “Вялікія грошы можна зарабіць пры дэмакратыі. Вельмі вялікія грошы можна зарабіць пры дыктатуры. Але захаваць грошы можна толькі ва ўмовах дэмакратыі”.

Прыватызацыі пакуль сапраўды няма. Чаму марудзіць Аляксандар Рыгоравіч? Ён разумее, што, калі грошы будуць укладзеныя, ніхто з буйных расейскіх бізнэсмэнаў ня будзе бачыць гарантыю ў прэзыдэнцкім слове. Адзіным гарантам недатыкальнасьці ўласнасьці для бізнэсу ёсьць падтрымка пэўных сілаў, якія пойдуць у парлямэнт. І абсалютна ўсё роўна, хто будзе гэтым займацца — расейскі капітал, нямецкі, ці польскі. Польскі ў параўнаньні з расейскім надта дробны, а што тычыцца амэрыканскага, то я ня думаю, што ён у найбліжэйшыя 10 гадоў рызыкне ў нас зьявіцца.

На вялікі жаль, расейцы сапраўды дагэтуль не разумеюць, што тут іншая краіна. Яны разумеюць, што тут іншы рэжым, што тут існуе пэўны ўзровень нацыянальнай сьвядомасьці, але лічаць яго недастатковым, каб зь ім лічыцца. І гэта сапраўды самая вялікая небясьпека манапольнай прысутнасьці расейскага капіталу на беларускім палітычным і эканамічным полі. Калі, зразумела, яна ўзьнікне.

Беларускія бізнэсмэны надта доўга спадзяваліся на ўладу і не разумелі, што, апрача ўсяго іншага, у іх існуюць пэўныя карпаратыўныя інтарэсы. Пра тое, што яны пачалі гэта ўсьведамляць, сьведчаць паводзіны прадстаўнікоў беларускага бізнэсу, які патрапілі ў палату прадстаўнікоў. Менавіта яны, а не дэмакраты, паводзяць сябе там найбольш актыўна па пытаньнях, што тычацца эканамічнага сувэрэнітэту краіны.

Існуе яшчэ адзін узровень прыватызацыі, пра які ніхто не гаворыць. Гэта сярэдні бізнэс. Ніякія Дзерыпаскі і Алякперавы гэтым займацца ня будуць. Але ва ўсім сьвеце менавіта малы і сярэдні бізнэс ёсьць падмуркам дэмакратыі. Алігархі будуць у стане кантраляваць мэдыя-прастору. Але гэта ня значыць, што яны здолеюць кантраляваць усе дэмакратычныя інстытуты. Галоўнае, каб малы і сярэдні бізнэс разумеў, што і эканамічны сувэрэнітэт, і інфармацыйны, і культурны для іх прынцыпова важныя. Дагэтуль яны гэтага разуменьня не дэманстравалі.

С.Д.: У краіне так ці інакш павінна фармавацца бізнэс-эліта. Яна фармуецца неяк карава, у гэтым спэцыфіка Беларусі. Уплыў бізнэс-эліты на дэмакратызацыю пачнецца тады, калі гэтая бізнэс-эліта пачне фармаваць гэтыя альтэрнатыўныя фінансавыя плыні. Каб гэта былі не расейскія і не заходнія, а тутэйшыя фінансавыя плыні. Пакуль наш бізнэс не настолькі багаты, каб даваць на нешта акрамя падцяжак, тым ня менш за гэтым будучыня. Пошук сацыяльнай базы ў сябе ў краіне і выведзе нашую апазыцыю на тое палітычнае поле, на якім знаходзяцца цяпер улады.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0