Водгук

Праўдзівасьць гісторыі

Са зьдзіўленьнем прачытала ў №18 “НН” рэпліку сп.Людовіча ў адказ на заўвагі сп.Глагоўскай да яго ж публікацыі, прысьвечанай С.Грышкевічу.

Цяжка зразумець гісторыка, які ўласныя памылкі нават не апраўдвае, а проста сьцьвярджае, што яны ня маюць ніякага значэньня. І сапраўды, быў Францішак Грышкевіч дзядзькам Станіслава ці братам, меў Станіслаў дыплём псыхіятра ці ня меў, быў сябрам Беларускага нацыянальнага камітэту ці ня быў – гэта ж усё такое неістотнае! Але што ж тады мае значэньне для гісторыка? Мне заўсёды здавалася, што найважнейшае – гэта ісьціна. Аднак паводле сп.Людовіча, дастаткова проста ўзяцца за тэму, якая прыносіць “карысьць Беларушчыне”, а ўзровень ейнага асьвятленьня, ступень праўдзівасьці – справа цалкам другарадная. Ці ж гэта не абраза той самай Беларушчыны, ня ейнае прыніжэньне? Зьдзіўляе агрэсіўны тон сп.Людовіча. Ён параўноўвае сп.Глагоўскую з сумнавядомымі дзеячамі 60–70-х мінулага стагодзьдзя, вінаваціць яе ў жаданьні патапіць яго, Людовіча. І ўсё гэта ў адказ на тактоўныя заўвагі гісторыка з Гданьску.

Не разумею таксама ягоных словаў, нібыта ня можа быць спакойнай канструктыўнай крытыкі ў бок беластоцкіх выданьняў. Хіба што пісаць спакойна і канструктыўна мы ня ўмеем. Часта тое, што зьмяшчаецца ў нашым друку пад выглядам рэцэнзіі, больш нагадвае змаганьне з ворагам, дзе ўсе сродкі добрыя.

Цікава, ці падзяляе пазыцыі сп.Людовіча рэдакцыя “НН”?

Натальля Мазоўка, Менск

 

Ад рэдакцыі. Не падзяляе. Гэта прыватнае меркаваньне аўтара.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0