Выгнаньне і вяртаньне цара Сімяона

 

Япіскап Іларыён начапіў на нос драцяныя акуляры, пасьлінявіў палец і пачаў:

— Мне пашчасьціла быць сьведкам усялякіх падзей з жыцьця цара Сімяона II. Я вучыўся ў сэмінарыі, калі 16 чэрвеня 1937 году цар прыйшоў на сьвет. Быў пагодны, цёплы дзень. Раным-рана ў мой пакой уляцеў калега-студэнт і крыкнуў, што нарадзіўся насьледнік і мы мусім бегчы да палацу.

Па вуліцах з усіх бакоў беглі людзі, на крамах вывешвалі сьцягі, замыкалі крамы, завешвалі вітрыны… Перад палацам было поўна народу. Тысячы людзей. Усе сьпявалі нацыянальны гімн — песьню, якую Іван Вазаў напісаў у гонар першага цара Баўгарыі Сімяона I, што зваўся Вялікім і правіў больш як тысячу гадоў таму. Гэта народ даў насьледніку трону імя Сімяон!

Урачыстасьці цягнуліся некалькі дзён. З усёй краіны ехалі людзі з падарункамі. Яны везьлі ягнятаў, коз, цялятаў і ахвяравалі іх царскаму двару. Жывёлы былі адмыслова ўпрыгожаныя.

Ва ўсіх школах вучням у канцы году павысілі адзнакі на бал. Тыя, што мелі двойку і павінны былі застацца на другі год, пераходзілі ў наступную клясу. Усё гэта рабілася з ласкі шчасьлівага бацькі — цара Барыса III. Народ вельмі любіў насьледніка трону і пяшчотна называў яго “Сімяонка”. Да сёньня шмат хто яго так называе. Тысячы дзяцей, што нарадзіліся ў той час, атрымалі гэтае імя — бацькі атрымлівалі за гэта ўзнагароду ад палацу або царквы.

Царэвіча пахрысьцілі вадой, якую прывезьлі на самалёце з ракі Ярдан. Урачыстую цырымонію спраўляў найстарэйшы япіскап, мітрапаліт Варненскі Сімяон. Другі япіскап праводзіў таемства мірапамазаньня, а мітрапаліт Сафійскі Барыс зрабіў першае пастрыжэньне.

Царэвіч Сімяон

Гэта вельмі маладая дынастыя. Калі ў канцы XIX стагодзьдзя, пасьля пяцісот год турэцкай няволі, Баўгарыя з дапамогай расейскага войска дабыла свабоду, у краіне не было шляхты і арыстакратыі, амаль не было буржуазіі. На карце зьявілася сялянская дзяржава зь некалькімі гарадамі. Патрэбны быў манарх. Выбралі нямецкі каталіцкі род з Кобургу, пароднены з усімі манаршымі сем’ямі Эўропы.

Князь Фэрдынанд Захен-Кобург-Гота, Сімяонаў дзед, перайшоў у праваслаўе, быў каранаваны, пасьля чаго распачаў вайну і ўблытаўся ў дзьве іншыя, якія скончыліся для народу катастрофай.

Пасьля паразы ў першай сусьветнай вайне Народны сход прымусіў Фэрдынанда адрачыся ад улады. Трон перайшоў да ягонага сына — Барыса III, Сімяонавага бацькі.

Выхаваньнем царэвіча Сімяона і ягонай на чатыры гады старэйшай сястры Марыі Луізы займалася маці, царыца Іаанна, і дзьве нямецкія гувэрнанткі. Дзяцей выхоўвалі строга. Яны працавалі на гародзе, прыбіралі за сабой, даглядалі дзяцей дваровай сьвіты, а на сьвяты рыхтавалі падарункі для бедных. Марыя Луіза вучылася шыць і гатаваць. Царэвіча выхоўваў Хрыста Бырдараў, улюбёнец і ад’ютант Барыса III. Цар зьвяртаўся да яго “mon ami”, а дзеці — “чыча (дзядзечка) Хрыста”. Бырдараў не пакідаў царскай сям’і 22 гады, займаўся з царэвічам вайсковай падрыхтоўкай, гісторыяй войнаў, вучыў езьдзіць на лыжах… Але нават ён не заўсёды мог упільнаваць хлапчука. Неяк васьмігадовы Сімяон выбраўся з гвардзейцамі аховы пастраляць у птушак.

— Гэта было ў маёнтку Врана пад Сафіяй, — апавядае Лілі Расунакава, дачка інтэнданта двара і таварышка царскіх дзяцей па гульнях. — Сімяон пацэліў у сароку. Ён прыбег да нас захоплены, расчырванелы і пачаў хваліцца здабычай. Сімяонава маці гэта заўважыла і накрычала на яго: сарока павінна была выседжваць птушанят. Я спрабавала абараніць Сімяона — маўляў, зь вялікай адлегласьці ён ня мог пазнаць, што гэта за птушка, — але яна сказала, што звычайнае, вясковае дзіцё магло не пазнаць, а царэвіч — мусіў.

У другі раз цар Барыс і палкоўнік Бырдараў узялі малога Сімяона на гару Мусалу ў Рыле — найвышэйшы пункт Баўгарыі. Гэта была ўлюбёная гара манарха. Калі змучаны працяглым пад’ёмам шасьцігадовы хлопчык пачаў траціць сілы, бацька сказаў, што сьцежкі ўладароў заўжды пакручастыя ды небясьпечныя, і сын павінен да гэтага звыкнуць.

 

Машыніст Барыс

У царскім доме адной з самых шанаваных якасьцяў была гаспадарлівасьць. Ніякіх урачыстых убораў, карон, скіпетраў, тронаў. Адзіны трон, што ў іх быў, ім паставіла за свой кошт царква ў саборы Аляксандра Неўскага. Цар Барыс і ягоны малодшы брат, князь Кірыл, мелі, аднак, адно гарачае захапленьне — паравозы.

На тэрыторыі, якую народ выдзеліў Кобургам, каб яны мелі дзе паставіць царскі палац (сёньня гэтая мясьціна знаходзіцца ў цэнтры Сафіі), цар Барыс разьбіў найпрыгажэйшы на Балканах дэкаратыўны сад. Там месьціліся ясьлі, дзіцячы сад, рэстараны, кавярні, у штучнай сажалцы плаваў мініятурны параход, вакол езьдзіў самы сапраўдны паравоз з вагонамі, толькі маленькі. Царская сям’я так і не збудавала палацу, жыла за колькі сотняў мэтраў, у старадаўняй сядзібе турэцкіх намесьнікаў, пераробленай на патрэбы двара. Марыя Луіза і Сімяон амаль штодня прыходзілі ці прыяждалі на калясцы сюды, каб паезьдзіць на цягніку. Камуністы ўсё гэта зьнішчылі і 9 мая 1954 г. адкрылі на гэтым месцы манумэнтальны помнік Алёшу, савецкаму воіну-вызваліцелю.

У вясковай рэзыдэнцыі царскай сям’і ў Вране, што пад Сафіяй, таксама была маленькая чыгунка для дзяцей, а альтанка, у якой летам праходзілі ўрокі, мела выгляд лякаматыва.

Цар і ягоны брат Кірыл пабудавалі прыватную лінію, якая злучала Врану з агульнай чыгуначнай сеткай, і навучыліся кіраваць паравозам.

— Гэтаму іх вучыў мой бацька, інжынэр і міністар шляхоў зносінаў за Барысам III, — апавядае Пётар Канстанцінаў, кардыёляг, гісторык, празаік і адзіны беспартыйны палкоўнік Баўгарскай народнай арміі ў часы НРБ. — Бацька атрымліваў адукацыю ў Вене, таму вучыў манархаў на іхнай роднай, нямецкай мове. Езьдзілі ўтрох. Бацька быў інструктарам, цар кіраваў, а князь качагарыў. Потым яны мяняліся, і за шуфель браўся Барыс III. Навучаньне скончылася экзаменам, па выніках якога цар атрымаў пасьведчаньне машыніста. Ён гадзінамі з асалодай вадзіў таварныя, а часам і пасажырскія цягнікі.

 

Княгіня Еўдакія

Частым госьцем у доме Канстанцінавых была княгіня Еўдакія, царова сястра. Як і Пятрова матка, яна была мастачкай.

Зь верасьня 1939 да канца 1943 г. праз дом Канстанцінавых прайшлі сотні польскіх грамадзянаў, што ўцякалі з акупаванай краіны. Бежанцы затрымліваліся ў гаспадароў на два-тры дні, княгіня Еўдакія дапамагала ім атрымліваць легальныя дакумэнты. Шмат хто быў адпраўлены да кардынала Анджэлё Ранкалі (які пазьней зрабіўся папам Янам XXIII) — ён тады быў апостальскім дэлегатам у Турцыі. Гэта Анджэлё ў Асызы павянчаў Барыса і Іаанну, а яшчэ раней пераканаў Пія XI дазволіць шлюб каталіцкай княгіні з праваслаўным царом.

— У 1943 годзе мне было 15 год, — прыгадвае Пётар Канстанцінаў. — Я прыносіў у бацькаў кабінэт каву і заставаўся. Мне дазвалялі слухаць размовы старэйшых. Княгіня Еўдакія казала, што мы прынялі бок Гітлера, толькі каб пазьбегнуць лёсу Польшчы. Сьледам за немцамі мы ўвялі свае войскі ў Югаславію, Грэцыю, абвясьцілі вайну Англіі і Амэрыцы, але ні за што на сьвеце цар Барыс не згаджаўся на зьнішчэньне габрэяў у самой Баўгарыі і высланьне войска супраць СССР. Ён тлумачыў Гітлеру, што ягоная армія цалкам перайшла б на бок расейцаў, якія 65 год таму вызвалілі Баўгарыю з-пад турэцкага ярма.

Усе радыёпрыёмнікі ў Баўгарыі падчас вайны былі аплямбаваныя царскімі чыноўнікамі. Кнопкі, з дапамогай якіх можна было б пераключыцца зь сярэдніх на кароткія хвалі, г. зн. з урадавай станцыі на BBC, былі залітыя чырвоным воскам. Тыя, хто абыходзіў гэтую засьцярогу, маглі пачуць, што лёнданскае радыё называе цара Барысам Апошнім.

 

Ад’ютант Бырдараў

Румяна Бырдарава-Цачава, малодшая дачка палкоўніка Хрыста Бырдарава, падае нам гарбату ў прыгожых фарфоравых кубках.

— Гэта вясельны падарунак маім бацькам ад царскай сям’і, — кажа яна. — Разэнталеўскі сэрвіз на 24 асобы з наборам сталовага срэбра. Вясельле адбылося ў 1939 г.

Праз чатыры гады, 14 жніўня 1943 г., цар Барыс рушыў у сваю апошнюю вандроўку. Разам зь ім на сустрэчу з Адольфам Гітлерам у Воўчым Акопе пад Кятрынам ва Ўсходняй Прусіі паляцелі сакратар, дарадца і ўлюбёны ад’ютант. Напярэдадні сустрэчы цар адчуваў незвычайнае напружаньне. Ведаў, размова будзе цяжкай. Гітлер жадаў адпраўкі на ўсходні фронт хаця б дзьвюх пяхотных дывізіяў.

— Бацька стаяў пад дзьвярыма, калі цар і Гітлер размаўлялі сам-насам, — апавядае спадарыня Румяна. — Гітлер крычаў на Барыса, называў яго на “ты”, роў, што сатрэ Баўгарыю ў парашок, але нічога не дамогся. Пасьля вяртаньня цар быў шчасьлівы, казаў, што ў дачыненьні да немцаў нарэшце разьвязаў сабе рукі. Ён плянаваў узяць прыклад са свайго цесьця Віктара Эмануіла і маршала Бадольё ў Італіі, якія перайшлі на бок саюзьнікаў яшчэ да зьвяржэньня Мусаліні.

У чацьвер 19 жніўня 1943 г. цар Барыс яшчэ раз выбраўся з малым Сімяонам, князем Кірылам і ад’ютантам на Мусалу. На вяршыні ён адчуў сябе блага. “Сэрца пачало калаціцца”, — так успамінаў пасьля палкоўнік Бырдараў.

Ад’ютант узяў хлопчыка на плечы, і яны спусьціліся ў рэзыдэнцыю Царская Быстрыца. Цар вярнуўся ў Сафію, зь Нямеччыны былі выкліканыя дактары. 28 жніўня Барыс III памёр. Палкоўнік Бырдараў павінен быў прывезьці дзяцей на пахаваньне і сказаць ім пра сьмерць бацькі. Ён зрабіў гэта па-салдацку — выпрастаўся перад Сімяонам і сказаў: “Ваша высокасьць, ты — наш цар”. Дзеці зразумелі.

 

Агент Іваноў

Палкоўнік Дзімітры Іваноў да 1990 г. працаваў у Міністэрстве ўнутраных справаў і службе бясьпекі. На працягу апошніх дзесяці год існаваньня камуністычнай Баўгарыі быў шэфам VI аддзелу — назіраў за элітай.

— А што, апазыцыі для назіраньня ўжо не было? — спыталі мы.

— Вядома, не. Жыўкаў больш баяўся партыі. У амаль дзевяцімільённай Баўгарыі было 1,2 млн. камуністаў, якраз за імі і даводзілася сачыць. Тодара Жыўкава хвалявала толькі адно: каб ніхто не зрабіўся самастойнай сілай і не заняў ягонага месца.

Палкоўнік Іваноў — унук і сын партызанаў, якія 9 верасьня 1944 г. бралі ўдзел у камуністычным перавароце ў Баўгарыі. Ён доктар гістарычных навук, і дзякуючы сваёй пасадзе мог карыстацца архівамі службы бясьпекі.

— Калі ля межаў Баўгарыі спынілася Чырвоная Армія і мой бацька разам зь іншымі партызанамі спусьціўся з гор, час быў несалодкі. У нас па-ранейшаму жыве звычаёвае права помсты: колькі тваіх блізкіх заб’е вораг, столькі ты, адзін да аднаго, мусіш забіць ягоных. Колькі камуністаў забілі фашысты, столькі фашыстаў, нават у маленечкіх вёсках, мусілі забіць камуністы.

Для партызана-камуніста фашыстам быў кожны вайсковец, паліцэйскі, прадстаўнік адміністрацыі або суду — ад цара да солтыса.

Барыса III больш не было. Царом быў сямігадовы Сімяон II, ад імя якога ўладу вяршылі тры рэгенты — дзядзька Кірыл, прэм’ер-міністар Філаў і начальнік генштабу генэрал Міхаў. Іх арыштавалі ў першую чаргу, а зь імі і княгіню Еўдакію, генэралітэт, вышэйшае духавенства ўсіх канфэсіяў, усіх дэпутатаў трох апошніх скліканьняў парлямэнту, міністраў і намесьнікаў міністраў чатырох апошніх урадаў, дваровую сьвіту і шмат каго яшчэ.

Бырдарава адпусьцілі: гэтага дамаглася царыца Іаанна.

Поўным ходам рушылі працэсы ў скліканых камуністамі народных судах, якія прыгаворвалі амаль выключна да сьмяротнай кары.

Першая масавая экзэкуцыя адбылася ноччу 1 лютага 1945 г. на цэнтральнай плошчы Сафіі. У варонкі ад бомбаў, скінутых годам раней амэрыканцамі й ангельцамі, сьпіхнулі 260 целаў.

Толькі адзін чалавек насьмеліўся прыйсьці і пакласьці на магілы, якія пільнавала ўзброеная варта, зялёную галінку. Царыца Іаанна, якую пасьля сьмерці Барыса III называлі царыцай-маці, далікатная 38-гадовая жанчына ў жалобным строі, верыла, што ейны заступнік — сьвяты Францішак з Асызы (дзе яна вянчалася і дзе ў 2000 г. знайшла свой апошні прыстанак) — выратуе яе. Недзе ў тых ямах ляжаў князь Кірыл, брат яе мужа.

 

Паручнік Найдзенаў

Раніцай 2 лютага, калі царыца вярнулася ад магілаў, ёй адрэкамэндавалі новага начальніка коннай гвардзейскай дывізіі, пастаўленай ахоўваць царскую сям’ю. Камуністы даручылі гэтую справу 24-гадоваму падпаручніку Любчу Найдзенаву.

— Потым мяне прадставілі, — расказвае ён, — цару Сімяону і князёўне Марыі Луізе. Прынялі мяне вельмі халодна. Баючыся камуністычных агентаў, яны давяралі толькі старой сьвіце, аднак празь некаторы час царыца-маці прапанавала мне абедаць за ейным сталом. У палацы ў Вране былі тры сталы: царскі стол, стол для дзяцей, за якім абедалі таксама гувэрнанткі і палкоўнік Бырдараў — выхавальнік цара Сімяона, і стол для пэрсаналу.

Палац у Сафіі заняла новая ўлада. Царская сям’я большую частку часу знаходзілася пад вартай у маёнтку Врана, але там таксама не было бясьпечна. Расейскія салдаты прыходзілі ў парк і палявалі на фазанаў.

Харчаваньне, аднак, было нармальнае. Дзецям давалі ўрокі танцаў. Удзельнічаў у іх і падпаручнік.

— Увосень 1945 г. Сімяону было восем год, і ён вельмі раўнаваў Марыю Луізу. Неяк я развучваў зь ёй танга, а вы ж ведаеце, што гэта за танец — трэба быць бліжэй адно да аднаго, чым у вальсе. Цар схапіў мяне за рукаў, зацягнуў у суседні пакой, і пачаўся люты падушачны бой. Гэта быў цудоўны хлопчык. Наш Сімяонка… Часамі я зьбіраў на пляцоўцы перад домам гвардзейцаў на конях, ён выходзіў, салютаваў, я дакладваў, ён нас вітаў, а мы віталі яго: “Ваша Вялікасьць!” Потым Дзімітар, адзін з маіх салдатаў, паказваў фокусы: даваў сваёй кабыле кавалак цукру, трымаючы яго ў зубах.

Паручнік Найдзёнаў выцірае вочы. Цяпер яму 81 год. Ён бярэ з паліцы Сьвятое Пісьмо, а зь яго вымае рэліквію — лісток са сшытка з надпісам, зробленым дзіцячым почыркам: “Хрыстос уваскрэс! Цар, 1945 год”.

— Камуністы за тры месяцы пасьля захопу ўлады зьнішчылі сама меней 25 тысячаў чалавек, — кажа Пётар Канстанцінаў. — Наш прыгожы дом заняла служба бясьпекі. У каморы яны зрабілі арыштанцкую, а нас з маці выгналі на гару. Вельмі часта я бачыў адтуль, як з каморы выводзілі людзей на расстрэл. Мне было 16 гадоў. Мусіць, яны плянавалі забіць і цара Сімяона з царыцай Іааннай, але Масква раіла ім пачакаць. Яшчэ працягвалася вайна, баяліся рэакцыі саюзьнікаў. Гэта ж былі дзіця і кабета, унук і дачка Віктара Эмануіла III, караля Італіі, які цяпер быў на баку саюзьнікаў і другую дачку якога гітлераўцы зьнішчылі ў Асьвенцыме.

Элка Кляфкова — дачка царскага гвардзейца. Бацька, калі адчуў бясьпеку — у 1989 годзе, — расказаў ёй адну гісторыю. У ёй удзельнічалі чацьвёра: Пётар Кляфкаў, Стэфан Бойдзеў, які сёньня жыве ў Францыі, і два іншыя гвардзейцы, прозьвішчаў якіх спадарыня Элка ня ведае. Ніводзін ня здрадзіў.

— У ліпені або ў жніўні 1945 г. яны ўзялі два вайсковыя грузавікі з закрытым кузавам і паехалі ў Царскую Быстрыцу. Яны сказалі царыцы Іааньне, што могуць вывезьці яе і дзяцей з Баўгарыі патаемнымі, толькі ім вядомымі дарогамі. Баяліся, што камуністы іх заб’юць. Царыца адмовілася.

Мы запыталі ў Сімяона, ці ведала ягоная маці пра лёс царскай сям’і ў Расеі.

— Ведала, — адказаў ён. — Але яна адмовілася.

— Не хацела ратаваць жыцьцё ўласных дзяцей?! Але ж вашага дзядзьку забілі, а цётку Еўдакію трымалі ў зьняволеньні!

— Маці была жанчынай вялікага духу. Яна сказала гвардзейцам, што жонка баўгарскага цара ня можа ўпотайкі, у чужой вопратцы, акольнымі дарогамі ўцякаць са сваёй краіны. Яна была надзвычай сьмелы, хоць і вельмі мяккі чалавек.

 

Выбаршчык Канстанцінаў

Цар Барыс III быў пахаваны ў Рыльскім манастыры, месцы, сьвятым для баўгараў, як Ясная Гара — для палякаў. Цела цара было бальзамавана, а ягонае сэрца захоўвалася ў асобнай урне.

Пасьля камуністычнага перавароту ў верасьні 1944 г. да царскай магілы ў гарах Рылы нязьменна прыходзілі людзі. Просты народ верыў, што Барыс сьвяты.

На Вялікдзень 1946 г. адбыўся рэфэрэндум аб дзяржаўным уладкаваньні.

— Я галасаваў упершыню ў жыцьці, — гаворыць Пётар Канстанцінаў. — Гэта была поўная пародыя. Я атрымаў толькі адзін бюлетэнь, на якім было напісана, што я за рэспубліку ў Баўгарыі. Нельга было ні галасаваць за манархію, ні выкінуць бюлетэнь, бо за намі назіралі.

15 верасьня абвясьцілі вынікі. 92,7 працэнта выбаршчыкаў выказаліся за адмену манархіі. Урад пастанавіў, што царыца Іаанна і яе дзеці мусяць неадкладна пакінуць краіну.

Царыца вырашыла ехаць у Эгіпэт, бо ейны бацька Віктар Эмануіл III пасьля ўсталяваньня ў Італіі рэспублікі жыў у Александрыі. Яна магла ўзяць з сабой нешматлікую сьвіту.

— Але майго бацькі яна не ўзяла, — кажа Рум’яна Бырдарава. — Не ўзяла самага адданага чалавека, які 22 гады не адыходзіў ад царскай сям’і ні на крок. Гэта ж менавіта дзякуючы бацьку Іаанну выдалі за цара, бо ад ягонага імя Бырдараў езьдзіў некалі сватацца ў італьянскі двор.

— Напярэдадні ад’езду, уночы 15 верасьня, нас употай прывезьлі да рэзыдэнцыі Враны, — апавядае Марыяна Сарафава, дачка царскага дыплямата, цётка якой была дамай пры двары царыцы Іаанны. — Я была сярод дзяцей, якія з трох год гулялі зь Сімяонам і Марыяй Луізай па выходных і ў час вакацыяў. Мы моцна сябравалі і не маглі не разьвітацца. Нас увялі праз чорны ход. Усе плакалі. Сімяон і Марыя Луіза пратэставалі, не хацелі зьяжджаць. Роспачнае разьвітаньне, якога я не забуду да канца жыцьця.

 

Судзьдзя Спасаў

Судзьдзю Барысу Спасаву 91 год. Цяпер ён прафэсар канстытуцыйнага права, а ў красавіку 1945 г. быў сакратаром баўгарскай Рады Міністраў, якая месьцілася ў царскім палацы. Таксама ён выконваў абавязкі сакратара прэм’ер-міністра — спачатку Кімана Георгіева, а потым Георгія Дзімітрава, якія займалі кабінэт Барыса III. Сакратар заняў кабінэт на першым паверсе, які раней належаў расстралянаму князю Кірылу.

Мы пытаем яго пра народныя суды, якія пасьля вайны прыгаварылі да сьмерці 2570 чалавек:

— Навошта столькі асуджалі на сьмерць? Не было куды саджаць?

— Было, але мы не маглі адмовіцца выконваць загад. Нам казалі асуджаць, мы і асуджалі. Было расстраляна шмат тых, хто заслугоўваў гэтага. Забойцаў, злачынцаў…

— Дзядзька Сімяона II Кірыл таксама быў забойцам?

— О-о, гэта быў такі гіцаль… Няма пра што казаць. Яго расстралялі, бо ён быў князем, але ягоная сястра Еўдакія выйшла з турмы і змагла пакінуць краіну.

Судзьдзя Спасаў дастае з шуфляды аркуш: “Пану прэм’ер-міністру. Еўдакіі Фэрдынандавай заява. Сафія. Прашу аб дазволе на выезд з краіны і пасяленьне з былой царыцай Іааннай у Александрыі. Ня маю намеру пераяжджаць у Канстанцінопаль. З павагай, Еўдакія Фэрдынандава. 15.IX.1946 году”.

— Адкуль у вас гэтая заява? — пытаемся мы ў сакратара.

— Паступіла ў канцылярыю, дык узяў сабе.

— Вы яе паказвалі каму-небудзь?

— Не. А навошта? І так яе пусьцілі.

— А калі б не?

— Вось яшчэ, трэба было галаву тлуміць прэм’ер-міністру! — абураецца судзьдзя Спасаў.

 

Невядомы машыніст

Царова сям’я выяжджала спэцыяльным цягніком, аднак ім не дазволілі сесьці ў вагоны ў Сафіі. Яны селі на станцыі Казічэнэ непадалёк ад сталіцы.

— Раптам перад турэцкай мяжой цягнік спыніўся! — расказвае Сімяон II. — Машыніст сказаў, што ён свайго цара за мяжу не павязе. Ахова прывяла машыніста з Турцыі, і мы рушылі далей. З гэтага моманту я пачаў марыць пра вяртаньне на радзіму.

Паводле “Gazety Wyborczej

 

Заканчэньне будзе.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0