Габрыэль Гарсія Маркес

Каханьне падчас халеры

(урывак)

 

Фэрміна Даса апранула ядвабную сукенку з падоўжанай таліяй, каралі з натуральных пярлінаў у шэсьць доўгіх, але няроўных нітак і атласныя чаравікі на высокім абцасе, якія трымала для самых урачыстых выпадкаў: гады не дазвалялі ёй апранацца так бяз дай прычыны. Модны ўбор нібыта быў не да твару сталай жанчыне, але ёй усё гэта пасавала: яна была высокай, яшчэ хударлявай і асаністай, на гнуткіх руках не было ніводной старэчай радзімкі, валасы, падстрыжаныя на ўзроўні шчакі, паблісквалі блакітам сталі. Адзінае, што засталося ў ёй ад вясельнага партрэту, — гэта вочы колеру сьветлага мігдалю і ўласьцівая ёй годнасьць, а тое, што адымаў узрост, кампэнсавалася характарам і руплівасьцю. Яна пачувалася добра: часы жалезных гарсэтаў, сьціснутай таліі і прыўзьнятага хітрыкамі мадыстак азадку для яе мінулі. Свабоднае цела дыхала і было такім, якім было. Нават у семдзесят два гады.

Доктар Урбіна знайшоў яе за туалетным столікам: яна сядзела пад лянотным стольным вэнтылятарам і якраз надзявала капялюш-звон, аздоблены футравымі фіялкамі. Спальня была вялікая і сьветлая, над ангельскім ложкам ружавеў тонкі полаг ад маскітаў, два адчыненыя акны выходзілі ў зеляніну ўнутранага двара, адкуль чуліся трывожныя галасы цыкадаў, аглушаных прадчуваньнем дажджу.

Апратку для мужа з тае пары, як яны вярнуліся з вясельнае вандроўкі, Фэрміна Даса падбірала ў адпаведнасьці з надвор’ем і выпадкам, каб усё было напагатове, калі ён выйдзе зь ваннага пакою. Яна не прыгадвала, калі ўпершыню дапамагла яму апранацца і зь якой пары цалкам апранала яго, і разумела, што спачатку рабіла гэта па любові, а апошнія пяць гадоў так ці іначай зьмушаная была займацца ягоным гардэробам, бо сам ён ужо гэтаму не даваў рады. Яны толькі што адзначылі залатое вясельле і ўжо не маглі жыць адно без аднаго альбо ня думаць адно пра другога, іхная патрэба адно ў адным узмацнялася па меры наступу жорсткай старасьці. Ні ён, ні яна не маглі сказаць, на каханьні альбо на практычнай звычцы трымаецца іх узаемная дапамога, але, кладучы руку на сэрца, яны ніколі не задавалі сабе гэтага пытаньня, бо абое лічылі за лепшае ігнараваць сапраўдны адказ. Яна паступова заўважыла няўпэўненасьць у мужавай хадзе, зьменлівасьць ягонага настрою, правалы памяці, а летась у яго зьявілася звычка енчыць падчас сну. Але яна ўспрыняла гэта не як беспамылковыя знакі канчатковай іржы, а як шчасьлівае вяртаньне ў маленства. Таму яна не ставілася да яго як да старога зь мярзотным характарам, а хутчэй як да састарэлага дзіцяці, і самападман быў для іх асьвятленьнем зь нябёсаў, бо ратаваў ад зьнявагі ўзаемнага шкадаваньня.

Зусім іншым было б жыцьцё, калі б яны своечасова дазналіся, што нашмат лягчэй абыходзіць вялікія сямейныя катастрофы, чым займацца высьвятленьнем непрыемнай штодзённай драбязы. Але калі яны нечаму й навучыліся разам, дык гэта таму, што мудрасьць прыходзіць да нас, калі яна ўжо нікому не патрэбная. Фэрміна Даса шмат гадоў запар цярпела, як стрэмку ў сэрцы, радаснае абуджэньне мужа на золку. Яна чаплялася за апошнія ніткі сну, каб не сутыкацца з новым ранкам у прадчуваньні бяды, а ён расплюшчваў вочы зь нявіннасьцю немаўляці: кожны новы дзень быў яшчэ адным днём, які лёс прайграваў яму. Яна чула, як ён прачынаўся зь пеўнямі, і першай адзнакай жыцьця быў неабавязковы кашаль, нібыта ён кашляў знарок, каб і яна прачнулася. Затым яна чула ягонае бурчаньне — маўляў, даводзіцца яе трывожыць, — калі ён шукаў навобмацак хатнія тапачкі, якія заўжды стаялі ля ложка. Яшчэ яна чула, як ён ішоў у лазенку, таксама навобмацак, у цемры. За гадзіну, што ён пасьля праводзіў у кабінэце, яна пасьпявала заснуць, але крыху пазьней зноўку чула яго: ён вяртаўся ў спальню апранацца, хоць і не ўключаў сьвятла. Аднойчы, падчас салённае віктарыны, яго спыталі, як ён вызначае сябе самога, і ён нечакана адказаў: “Я чалавек, які апранаецца ў цемры”. Яна чула яго і ведала, што ніводзін нібыта выпадковы шум ня можа быць апраўданы непазбежнасьцю, ён шумеў знарок, рабіў выгляд, як і яна, бо даўно ня спала. Ягоныя матывы былі празрыстыя: ён ніколі так не адчуваў патрэбы ў ёй, у тым жывым сьвятле, якое яна заўжды выпраменьвала, як у тыя хвіліны патаемнай трывогі.

Наўрад ці хто спаў прыгажэй за яе — у позе грацыёзных скокаў, з далоньню на лбе, — але таксама наўрад ці хто-кольвек больш разьюшваўся, як ёй заміналі адчуваць сябе ў сьне, калі яна ўжо ня спала. Доктар Урбіна ведаў, што ёй замінае найменшы шоргат, і яна была гатовая аддзячыць за тое, што можа кагосьці абвінаваціць, — маўляў, паднялі яе дачасна, на золку. Гэта настолькі ўвайшло ў звычку, што зрэдчас, калі яму насамрэч даводзілася шукаць тапачкі навобмацак, бо не знаходзіў іх на месцы, яна раптам гаварыла ў сьне: “Учора ты пакінуў іх у лазенцы”. І тут жа, сама прачнуўшыся ад уласнага голасу, злосна дадавала:

— У гэтым доме проста бяда — спаць не даюць.

У такіх выпадках яна раптоўна саскоквала на падлогу і ўключала сьвятло бязь літасьці да сябе ж, задаволеная перамогай на пачатку дня. Па сутнасьці, гэта была іхная гульня, злая містыфікацыя, але менавіта таму яна прыносіла задавальненьне: гэта была небясьпечная асалода ўтаймаванага каханьня. Аднойчы трывіяльная гульня ледзь не паклала канец трыццацігадоваму шлюбу, бо ў лазенцы не было мыла.

Пачалося ўсё як звычайна. Доктар Хувэналь Урбіна вярнуўся ў спальню (гэта было яшчэ тады, калі ён мыўся без дапамогі) і пачаў апранацца ў цемры. Яна тым часам раскашавала ў цеплыні эмбрыянальнага стану: вочы заплюшчаныя, подых лёгкі, а рука паднятая над галавой у рытуальных скоках. Але ўсё ж яна драмала, так было заўжды, і ён гэта ведаў. Пасьля доўгага шоргату накрухмаленай ільняной вопраткі ў цемры доктар Урбіна сказаў сабе самому:

— Напэўна, ужо цэлы тыдзень мыюся бяз мыла.

Вось тады яна прачнулася канчаткова, успомніла і задрыжэла ад злосьці на ўвесь белы сьвет, бо і насамрэч забылася аднесьці мыла ў лазенку. Заўважыла ягоную адсутнасьць тры дні таму, калі ўжо стала пад душ, і вырашыла прынесьці кавалак пазьней, але потым забылася. Тое самае здарылася і назаўтра. Насамрэч тыдня яшчэ не прайшло, ён гэта сказаў, каб падкрэсьліць яе віну, але тры недаравальныя дні — так. Яе злавілі на няўважлівасьці, і яна разьюшылася. Звычайна ейным мэтадам абароны быў напад.

— А я прымала ванну кожны дзень, — зараўла яна, ужо ня стрымліваючы сябе, — і мыла заўсёды было на месцы.

Хоць ён і ведаў ейныя мэтады вайны, на гэты раз ня змог стрымацца. Прыдумаў падставу, штосьці накшталт таго, што трэба, маўляў, паназіраць за станам хворых, і перайшоў жыць на стацыянар Шпіталю міласэрнасьці, дзе меліся пакоі для пэрсаналу, а дома зьяўляўся толькі ўдзень, каб пераапранацца для візытаў. Як толькі яна чула, што ён прыехаў, тут жа ішла на кухню, прыкідвалася занятай і заставалася там, пакуль з вуліцы ня чуўся тупат капытоў і мужава фурманка не аддалялася. Усе спробы памірыцца за тры месяцы толькі разьдзьмулі полымя злосьці. Ён не зьбіраўся вяртацца, пакуль жонка не прызнае, што мыла ў лазенцы не было, а яна адмаўлялася прымаць яго, покуль ён не пацьвердзіць, што сьвядома нахлусіў, каб пазьдзекавацца зь яе.

Інцыдэнт, безумоўна, даў ім мажлівасьць прыгадаць мноства іншых дробных сутычак, якія здараліся раней у цьмяны перадзолкавы час. Адны крыўды чаплялі другія, занылі старыя душэўныя раны, якія нанава прыносілі боль, і абое спужаліся, бо адчай падвёў да разуменьня: гэтулькі гадоў сумеснага жыцьця адно што назапашвалі прыкрыя крыўды. Ён нават прапанаваў разам пайсьці на споведзь да найсьвяцейшага арцыбіскупа, калі трэба, каб у апошняй інстанцыі сам Бог вырашыў, было мыла ў мыльніцы ці не. Тады яна, якая выдатна ўмела стрымліваць сябе, страціла ўсякае самавалоданьне, і з душы вырваўся вокліч, які ўвайшоў у гісторыю:

— Гаўно твой вялебны арцыбіскуп!

Словы гэтыя спарадзілі самыя неверагодныя чуткі і навекі ўвайшлі ў народную мову. Яна ўцяміла, што гэтым разам перайшла ўсякія межы, таму апярэдзіла рэакцыю мужа, заявіўшы, што пераедзе адна ў стары бацькоўскі дом, які ўжо належаў ёй, хоць часова быў здадзены ў наём пад дзяржаўныя канторы. І муж спахапіўся своечасова. У яго не хапіла мужнасьці на тое, каб кінуць выклік ейнаму нястрымнаму характару: ён саступіў. Ня ў тым сэнсе, каб пагадзіцца, што было, маўляў, мыла ў лазенцы, бо гэта было б зьдзекам з праўды, а ў тым, каб жыць пад адным дахам, але ў асобных пакоях, не зьвяртаючыся адно да аднаго. Вось так і елі, выходзячы са становішча з такой зайздроснай лоўкасьцю, што навучыліся перадаваць даручэньні проста праз стол. Напрыклад, яны карысталіся прыходам дзяцей, якія і не здагадваліся, што бацькі не размаўляюць між сабою.

У кабінэце, вядома, ванны не было, і новая формула іхных паводзінаў вырашыла ранішнія канфлікты: цяпер ён мыўся пасьля падрыхтоўкі да лекцыі і сапраўды імкнуўся не будзіць жонку. Часамі яны падыходзілі адначасова і па чарзе чысьцілі зубы перад сном. Праз чатыры месяцы ён лёг пачытаць у шлюбны ложак, пакуль жонка яшчэ была ў лазенцы, як бывала раней, і раптам заснуў. Яна легла побач даволі рэзка, каб ён прачнуўся і сышоў. Так і атрымалася, ён сапраўды прачнуўся, але замест таго, каб устаць, выключыў начнік і зручней уладкаваўся на падушцы. Яна ўзяла яго за плячо і патрэсла, прыгадваючы, што ён мусіць перайсьці ў кабінэт, але ён адчуў сябе так добра на роднай пярыне, што аддаў перавагу капітуляцыі.

— Пакінь мяне, — сказаў ён, — так, было мыла.

Прыгадваючы той эпізод ужо на паваротцы да старасьці, ні ён, ні яна не маглі паверыць, што ўсё гэта было, яны дзівіліся, але тая сварка была найстрашнейшай за паўстагодзьдзя сумеснага жыцьця і адзінай, якая выклікала ў іх жаданьне здацца і пачаць жыцьцё па-іншаму. Нават у глыбокай і пакорлівай старасьці яны засьцерагаліся прыгадваць той канфлікт, бо такія раны не загойваюцца цалкам, яны здольныя наноў пачаць крывавіць.

Пераклаў з гішпанскай
Карлас Шэрман


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0