Калі Чыгір не здаецца

У Фрунзэнскім раённым судзе Менску зноў судзяць Міхаіла Чыгіра, былога прэм’ер-міністра Беларусі. Гэтым разам яго вінавацяць у службовай нядбайнасьці і нявыплаце падаходнага падатку. У судзе Міхаіла Чыгіра бароняць ягоная жонка Юлія Чыгір і адвакат Аляксандар Пыльчанка.

 

Справа Чыгіра была накіраваная на дасьледаваньне ў сьнежні 2000 г., калі Вярхоўны суд Беларусі яго апраўдаў. Да таго Чыгір адседзеў у турме 8 месяцаў. Раней былога прэм’ера вінавацілі ў крадзяжы ў асабліва буйных памерах, перавышэньні службовых паўнамоцтваў у часе працы старшынём праўленьня “Белаграпрамбанку” і кіраўніком ураду, а цяпер — у нядбайнасьці. Офіс “Белаграпрамбанку” ў Менску, будаўніцтва якога Чыгір ініцыяваў, так і ня быў пабудаваны. Аднак канадзкая будаўнічая фірма атрымала мільён даляраў авансу. Сьледзтва настойвае, што менавіта Чыгір вінаваты ў гэтым. Сьведкі, апытаныя судом на мінулым тыдні, даказвалі адваротнае. (Раней па гэтым эпізодзе Чыгіра апраўдаў Менскі гарадзкі суд). Якраз у той час ён перайшоў на працу ў Саўмін, а новае кіраўніцтва банку пытаньнямі будаўніцтва не займалася, нават не захацела сустракацца з кіраўніком канадзкай фірмы. А грошы гэтыя, калі будаўніцтва было канчаткова спынена, сьпісала.

Што да падаходнага падатку, дык у 1998 г. Чыгір жыў у Маскве, працаваў у прадстаўніцтве нямецкага канцэрну “Гея” і не павінен быў яго плаціць. Сьледзтва спрабавала даказаць, што Чыгір насамрэч у той час больш часу бавіў у Беларусі, чым у Расеі. Было высьветлена, што на прозьвішча Чыгір прадаваліся квіткі на чыгунку — значыць, прыяжджаў. Але квіткі на гэтае прозьвішча прадаваліся і ў той час, калі Міхаіл Чыгір сядзеў у турме…

У Чыгіра ёсьць усе шанцы атрымаць палітычны прытулак недзе на Захадзе, каб там спакойна жыць і працаваць. Але пра эміграцыю ён ня думае: у Беларусі ў зьняволеньні знаходзіцца ягоны сын Аляксандар. Бацька даў зарок заставацца тут, пакуль ня вызваліць сына. “Трымаюць яго на Валадарцы ў вельмі дрэнных умовах, — скардзіцца былы прэм’ер-міністар. — І здароўе ў яго дрэннае. У камэры 26 чалавек, а спаць адначасова могуць толькі 16. Там няма ні сьвежага паветра, ні сонца… 18 чэрвеня, па нашай касацыйнай скарзе, адновіцца разгляд ягонай справы”.

А на ўсіх беларускіх памежных пераходах сярод дзейных дакумэнтаў па-ранейшаму вісіць пастанова ўраду пра абавязковае страхаваньне аўтатранспартных сродкаў за подпісам прэм’ера Чыгіра. Зорка даўно пагасла, а сьвятло яе ўсё ідзе.

Алег Тачоны


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0