Выгнаньне і вяртаньне цара Сімяона

 

Заканчэньне. Пачатак у папярэднім нумары.

— Яны паехалі ў Эгіпэт, — працягвае свой аповед япіскап Іларыён, які быў сьведкам нараджэньня цара Сімяона II, — але Сімяон ня выракся трону і да сёньня застаецца царом. Наш народ і цяпер заве яго гэтак. Ягоны лёс падобны да лёсу Хрыста, які ўцёк у Эгіпэт ад забойчай рукі цара Ірада. Аднак у народзе жыла вера, што цар вернецца, калі людзі папросяць яго аб гэтым.

Капрызы Дзімітрава

Пакінутую царскай сям’ёй рэзыдэнцыю ў Вране заняў Георгі Дзімітраў, генэральны сакратар Баўгарскай камуністычнай партыі і новы прэм’ер-міністар краіны. Неяк, шпацыруючы па парку, ён заўважыў капліцу Барыса III і надзвычай абурыўся, што ў яго пад бокам тырчыць нейкая цэркаўка. Ён загадаў неадкладна зруйнаваць яе. Агенты службы бясьпекі выцягнулі забальзамаванае цела цара з труны. Спачатку спрабавалі спаліць яго ў кацельні, але яно не хацела займацца. Расклалі вогнішча на двары, але зноў нічога ня выйшла. Тады паклалі рэшткі цара ў скрыню з-пад вугалю і некуды вывезьлі.

Баўгарыя распачала новае жыцьцё ў якасьці савецкага фаварыта. Яна была адданым саюзьнікам СССР і нават не патрабавала кантролю ў выглядзе вайсковага кантынгенту. Затое Баўгарыя адна атрымала ракеты “СС-23”.

Тодар Жыўкаў, камуністычны правадыр Баўгарыі, нават прасіў Хрушчова і Брэжнева далучыць краіну да СССР. Некалькі гадоў таму, калі адкрыліся архівы баўгарскай службы бясьпекі, выявілася, што ў дзевяцімільённай краіне было 700 тысяч стукачоў.

Прызначэньне Кобурга

Сімяон Захен-Кобург-Гота наведваў у Каіры элітарны ангельскі каледж імя каралевы Вікторыі, празь які прайшла ўся мясцовая арыстакратыя й каралеўскія дзеці з арабскіх краінаў — у тым ліку прынцы Ярданіі ды Марока. У 1952 г., пасьля дзяржаўнага перавароту, які зрынуў манархію і тут, Сімяонава сям’я перабралася ў Гішпанію.

16 чэрвеня 1955 г. баўгарскаму цару споўнілася 18 гадоў. У той дзень пасьля набажэнства ён у салёне сваёй мадрыдзкай рэзыдэнцыі ў прысутнасьці праваслаўных сьвятароў, прадстаўнікоў баўгарскай эміграцыі і баўгарскамоўных радыёстанцыяў зьвярнуўся да народу. Сімяон сказаў, што з гэтай хвіліны ён — паўнапраўны баўгарскі манарх. Гэта была ягоная інаўгурацыя.

Адозву, надрукаваную на папяроснай паперы, пераправілі ў Баўгарыю, дзе людзі таемна чыталі яе, перадаючы з рук у рукі.

У 1959 годзе Сімяон скончыў элітарную ваенную школу “Valley Forge” пад Філадэльфіяй у ЗША.

Жывучы спачатку на сродкі маці і бабулі, ён распачынае працу ў банкаўскай сфэры, прыстойна зарабляе. Жэніцца з дачкой “кветкавага караля” Гішпаніі, што валодаў сеткай кветкавых крамаў па ўсёй краіне і быў забіты рэспубліканцамі падчас грамадзянскай вайны.

— Калі толькі надаралася магчымасьць, я хадзіў на міжнародныя спартовыя спаборніцтвы, — расказвае цар Сімяон II. — Сядаў на трыбуне і хварэў за баўгарскіх атлетаў, штангістаў, гімнастак…

— З ганаровай ложы?

— Вы што! Я сур’ёзны чалавек. Там, на Захадзе, быць царом, каралём ці князем — нешта накшталт апэрэты, а я хацеў выхаваць пяцярых сваіх дзяцей нармальнымі, паўнацэннымі людзьмі, а не апэрэтачнымі князямі.

— Для чаго ж тады была тая адозва ў Мадрыдзе?

— Мне ні для чога. Што зробіш, калі я нарадзіўся царом?

— Мы чулі, што Ваша маці, зьяжджаючы ў выгнаньне, заключыла з камуністамі вусную дамову. Вас меліся пакінуць у спакоі, калі вы ня будзеце лезьці ў палітыку.

— Не было такой дамовы.

— А спэцслужбы, савецкія ці баўгарскія, кантралявалі вас?

Сімяон II нездаволены, ён надоўга задумваецца, нарэшце адказвае:

— Гэта цяжкае пытаньне.

Работа Тодарава

— Па-мойму, была такая дамова, хоць мне ніколі не даводзілася яе бачыць, — гаворыць палкоўнік Дзімітар Іванаў, які да 1990 г. быў у баўгарскай службе бясьпекі начальнікам VI аддзелу, што сачыў за элітай.

— Мы не зьвярталі на яго асаблівай увагі. Нас хвалявалі ўплывовыя асяродкі баўгарскай эміграцыі, зьвязаныя зь “Нямецкай хваляй” у Мюнхене ды “Голасам Амэрыкі” ў Вене. Нават эміграцыйныя сялянская і сацыял-дэмакратычная партыі былі цікавейшымі аб’ектамі, а царскі двор разглядаўся як нешта несур’ёзнае. Памятаеце гучную справу Георгія Маркава, баўгарскага пісьменьніка, забітага ў Лёндане? Яго ўкалолі атручаным канцом парасона, і ён памёр. Зрабіць гэта загадаў Тодар Жыўкаў, абражаны крытычнымі выпадамі Маркава. А царова сям’я спакойна жыла ў Гішпаніі. Дзеці хадзілі ў школу, Сімяон падарожнічаў, і ніхто іх не чапаў, але і ён не крытыкаваў баўгарскіх улад. Тая адозва да баўгарскага народу — ягоны адзіны афіцыйны выступ. Дый там ён не заклікаў скінуць камуністаў. Калі б ён з намі пайшоў у рожкі, яго б ужо не было.

Царова сьвіта, якая засталася ў Баўгарыі, бедавала. Людзі не маглі знайсьці сабе працу, іх выгналі з уласных дамоў, адабралі каштоўнасьці, выслалі ў правінцыю. Іхныя дзеці не маглі атрымаць вышэйшую адукацыю. Падпаручнік гвардыі Любча Найдзенаў, начальнік царскай аховы, які танчыў танга з князёўнай Марыяй Луізай, трапіў у лягер праз тры месяцы пасьля ад’езду царскай сям’і, хоць пільнаваў яе па загадзе новай улады.

Баўгарыя — не Сібір, але аднойчы зімой паручнік Найдзенаў адмарозіў у карцэры рукі і ногі.

— Да сёньня перад зьменай надвор’я так баляць, што мушу трываць, каб сабе ў лоб ня стрэліць, — кажа ён.

Лёс Багданава

У кабінэце цара Сімяона сярод мноства памятных здымкаў заўжды вісела фатаграфія бацькавага ад’ютанта палкоўніка Хрыста Бырдарава.

Служба бясьпекі прыйшла па яго ў 1946 г., неўзабаве пасьля выгнаньня цара, але Бырдарава ўратаваў сакратар ЦК Багданаў, камэндант сафійскай міліцыі. Яны пазнаёміліся і пасябравалі двума гадамі раней, калі камуністы занялі горад, а Багданаў быў прызначаны начальнікам царскага палацу. Камуністы ведалі, што Бырдараў ратаваў партызанаў, асуджаных на сьмерць. Дзякуючы яму выжыла вядомая камуністка Маці Пінкас, якая ў 1943 г. атрымала сьмяротны прысуд. Палкоўнік заступіўся, і Барыс III яе памілаваў. Пінкас была вядомай сьпявачкай і знаёмай ягонай кузыны.

Бырдараў жыў з жонкай і дзецьмі, займаўся маляваньнем, майстраваў цацкі і настольныя гульні, якія потым прадаваў на базары. Аднак у 1951 г. па яго прыйшлі зноўку і саслалі ў лягер Беленэ. Там ён зноў сустрэўся з Багданавым, які сядзеў аж з 1948 г.

Палкоўнік Бырдараў выйшаў на волю пасьля сьмерці Сталіна і 13 гадоў, да пэнсіі, працаваў грузчыкам на цэмэнтавым заводзе.

Толькі ў 1968 г., калі ягоная дачка Румяна выйшла замуж за аблашчанага рэжымам піяніста Аляксандра Абаджыева, пэнсію рабочага яму замянілі на пэнсію палкоўніка. Потым ён быў кансультантам у фільме пра цара і рэвалюцыйнага генэрала. Сам Тодар Жыўкаў піў на прэм’еры за ягонае здароўе. Яго жыцьцё зьмянілася. І ён засеў за мэмуары.

У 1970 г. ягоная другая дачка выйшла за ангельскага настаўніка, які некалькі гадоў працаваў у Сафіі. Пасьля вясельля маладыя паехалі ў Ангельшчыну. Бацька хацеў, каб дачка забрала рукапіс з сабой.

— Толькі бацька, я і сястра ведалі пра гэта, — бядуе спадарыня Румяна. — І яшчэ адзін вельмі блізкі чалавек. Але ён здрадзіў, і на аэрадроме ў сястры забралі бацькавы мэмуары. Гэта быў адзін-адзінюткі экзэмпляр.

— Праз пару дзён у наш дом уварвалася служба бясьпекі, — расказвае Румяна. — Яны шукалі царскую карону. Казалі, што Бырдараў яе хавае, а, між тым, ні Барыс III, ні Сімяон увогуле яе ня мелі. Што яны толькі ні рабілі, каб здабыць тую няісную карону… Наш шлюб, сын, дзесяць гадоў жыцьця…

Неўзабаве Румяна разьвялася з Аляксандрам, а палкоўнік зноў засеў за мэмуары. Пасьпеў. Памёр у 1976-м. У 1990 г. дочкі Бырдарава пачалі дамагацца вяртаньня першай вэрсіі ўспамінаў. Толькі летась МУС паведаміў, што мае іх. Калі аддасьць, невядома.

Адукацыя Качакавай

У 1970 г., якраз тады, калі палкоўнік Хрыста Бырдараў страціў свае мэмуары, у Варне нарадзіўся Мікалай Васільеў, сын афіцэра ваенна-марскога флёту, сёньняшні віцэ-прэм’ер і міністар эканомікі Баўгарыі. Годам пазьней у невялікім мястэчку пад Плоўдзівам зьявілася на сьвет Любка Качакава, дачка інжынэра мэблевай фабрыкі, цяперашняя намесьніца міністра эканомікі.

— Я была вельмі адзінокая, — апавядае 31-гадовая Любка Качакава, уладальніца найпрыгажэйшых на Балканах веек. — Жыла ў лесе, без братоў і сёстраў. Бацькі былі рэлігійныя. Яны выхоўвалі мяне на патаемным кульце цара Барыса. Яны расказвалі, як ён змагаўся, каб нашы салдаты не ішлі на ўсходні фронт. У маёй сям’і не было камуністаў. Я вельмі гэтым ганаруся. Мае бацькі таксама ганарыліся мной, бо я, хоць і была ў камсамоле, але заўсёды вельмі добра вучылася.

Толькі аднойчы, у дзявятай клясе, ёй панізілі ўсе адзнакі, бо на акруговай камсамольскай канфэрэнцыі яна ўзяла слова і сказала, што кіроўныя пасады ў арганізацыі займаюць толькі дзеці функцыянэраў. І што гэта несправядліва.

— Заля замерла, уражаная, а я гарэла на трыбуне рэвалюцыйным запалам, — апавядае Качакава. — Гэта было ў 1987 г. Маім дэвізам была думка Камю: “Жыць — значыць не здавацца”.

— Выкладчыкі казалі вам пра Камю?

— Не, але я чытала яго па-француску.

Любка хадзіла ў школу з францускай мовай выкладаньня.

Моўныя спэцшколы былі найлепшыя. Партыйныя сакратары пхалі сваіх дзяцей у школы з расейскай мовай, найбольш здольныя вучні ішлі ў школы з ангельскай і францускай мовамі, а ў 90-я найпапулярнейшымі зрабіліся “нямецкія” школы.

У апошняе дзесяцігодзьдзе яны ператварыліся ў гадавальнікі эмігрантаў.

З Баўгарыі заўсёды было вельмі цяжка выехаць, а пасьля 1990 г. кожны змог атрымаць пашпарт. Моладзь, якая канчае моўныя спэцшколы, настолькі адукаваная, што бязь цяжкасьці паступае ў заходнія каледжы. За першы год плацяць бацькі, а потым дзеці атрымліваюць стыпэндыю і працуюць.

Цяпер у адных толькі Злучаных Штатах вучацца 2700 маладых баўгараў.

Любка Качакава ня зьехала адразу, што даволі нетыпова для выпускніцы спэцшколы. Яна як віхор пранеслася па факультэце эканомікі ў Плоўдзіве, была рэпарцёркай на тэлебачаньні, а потым узяла ўдзел у конкурсе на пасаду ў прадпрыемстве кампаніі “Шэл” у Сафіі.

— Усе, нават я сама, былі шакаваныя, калі абралі мяне, — кажа Любка, — дзяўчыну з правінцыі, безь ніякага досьведу. Так я трапіла ў сталіцу. У 1995 г. перайшла ў “Прайс Уотэрхаўс”.

Мікалай Васільеў быў яшчэ лепшым вучнем. За 20 год вучобы ён усяго раз атрымаў адзнаку, ніжэйшую за выдатную. Пасьля школы на два гады пайшоў у войска, а потым, у 90-м, паступіў ва ўнівэрсытэт. Уступныя іспыты здаў лепш за ўсіх у краіне, што дазволіла яму атрымаць дзяржаўную стыпэндыю на навучаньне ў Будапэшце. Правучыўшыся чатыры гады ў Вугоршчыне, працягваў адукацыю ў ЗША, потым яшчэ год у Японіі, бязь цяжкасьці атрымліваючы стыпэндыі і студэнцкія пазыкі.

Этыка Барысава

Маладыя, выхаваныя людзі пасьля 1990 г. пачалі езьдзіць на Захад. А што яшчэ заставалася рабіць спартоўцам, якіх выгналі з клюбаў, бо не было фінансаваньня? Сто тысячаў чалавек бяз будучыні! Дзюдаісты, баксэры, каратысты. Большасьць зь іх займалася ў клюбах, створаных пры МУС і войску.

Пасьля 1990 г. дзяржава, якая дэмакратызавалася, звольніла з працы 14 тысяч скампрамэтаваных міліцыянтаў, парлямэнт абвясьціў амністыю, і з турмаў выйшлі некалькі тысячаў рэцыдывістаў.

Уся гэтая гурма беспрацоўных злучаецца ў адзін напаўваенізаваны кактэйль. Як грыбы пасьля дажджу, безь ніякіх ліцэнзіяў зьяўляюцца ахоўныя агенцтвы. Яны ствараюць страхавыя фонды, перакупляюць банкі, займаюцца палітыкай, выданьнем газэтаў, бяруць актыўны ўдзел у прыватызацыі.

— У гэтай краіне мафія дужэйшая за дзяржаву, — кажа палкоўнік Бойка Барысаў, генэральны дырэктар Міністэрства ўнутраных справаў, прэзыдэнт баўгарскай фэдэрацыі каратэ. На масіўным прэс-пап’е ў яго на пісьмовым стале — пісталет, наручнікі, электрашокер... На сьпінцы крэсла — бронекамізэлька. Палкоўнік і ягоны аддзел змагаюцца з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй.

— На мяне таксама рабілі замах, — кажа ён. — Толькі якраз у гэты дзень на маім джыпе паехала на працу жонка. Павярнула ключык і… выбух. Прыгожая была…

— Жонка?

— Машына. Срэбны мэталік, бэжавая скура…

Юнаком ён марыў працаваць у міліцыі. Але яму адмовілі, як жа — “унук ворага народу, які падтрымліваў манархічны фашызм”. Толькі тады маці прызналася, што ягоны дзед быў царскім паліцыянтам.

Барысаў запісаўся ў пажарнікі. Займаўся каратэ. У 1983—85 гадах выступаў за краіну. У 1990 г. абараніў доктарскую дысэртацыю ў афіцэрскай школе МУС. З разбурэньнем сыстэмы ён пакідае органы.

— Бо ў мяне была найбольшая каманда ў краіне. Я быў над усімі баўгарскімі каратыстамі. Усім даваў работу. Стварыў найбольшую фірму, але ня мог глядзець на гэтых перафарбаваных камуністаў, што зьдзекаваліся з Тодара Жыўкава.

— Дык вы былі камуністам ці не? Нешта не зразумела…

— Патрыёты — гэта былі людзі, якія служылі партыі. Мы не ўяўлялі сабе, што ёсьць, акрамя камуністычнага, іншы добры сьвет.

Калі Тодар Жыўкаў перастаў быць дыктатарам, ён страціў дзяржаўную ахову. Па жаданьні сям’і Бойка Барысаў асабіста заняўся ягонай бясьпекай.

— Ён быў бездапаможны, як немаўля, — апавядае палкоўнік Барысаў. — Ня ўмеў перамяшчацца па горадзе, езьдзіць у трамваі, карыстацца грашыма. Мы вельмі зблізіліся. Я адкрываў яму сьвет. Калі я дазваляў яму ехаць на пярэднім сядзеньні (раней яму было нельга), ён цешыўся, як дзіця. Я даў яму перад сьмерцю трохі свабоды, шчасьця, — узрушана кажа Бойка Барысаў.

Жэст Жэлева

— У Баўгарыі сярод прадстаўнікоў старога пакаленьня ўвесь час захоўвалася легенда пра дзіця, бацька якога памёр пры нявысьветленых абставінах, з-за чаго яно ў шэсьць год зрабілася царом, а потым зьведала выгнаньне, — расказвае нам доктар Жэлю Жэлеў, філёзаф, апазыцыйны дзеяч за камуністычнымі часамі, а потым — першы прэзыдэнт дэмакратычнай Баўгарыі. — Пасьля 1990 г. памяць пра Сімяона II пачала адраджацца, і я вырашыў выдаць яму баўгарскі пашпарт. Каб ён быў нашым грамадзянінам. Мы выслалі пашпарт у Мадрыд.

У 1992 г. на сусьветнай выстаўцы ў Гішпаніі прэзыдэнт Жэлеў адкрываў баўгарскі павільён.

— Мы дамовіліся сустрэцца зь Сімяонам у гатэлі “Рыц” у Мадрыдзе. Ён прыехаў адзін. Потым камуністы ўсчалі лямант: маўляў, Жэлеў ладзіць таемныя спатканьні з царом. Але мы перадалі па радыё запіс размовы, і крык аціх.

— Пра што гаварылі?

— Я апавядаў яму аб праблемах краіны, аб замежнай палітыцы, аб нашых плянах… Мы гутарылі па-баўгарску, але ён, хоць і добра ведаў мову, не заўсёды знаходзіў патрэбныя словы.

Вяртаньне з краіны выгнаньня

— У народзе жыло прароцтва, што цар Сімяон вернецца, калі народ папросіць яго, — кажа япіскап Іларыён, — і ў 1996-м гэта сталася. Сотні тысячаў людзей сустракалі манарха. Натоўп сьпяваў “Многая лета”. Цар павольна-павольна ехаў у адкрытым аўтамабілі. Кожны хацеў дакрануцца хоць да капоту. Людзі кідалі кветкі, сьпявалі, частавалі яго баніцай — нацыянальным прысмакам. На кожным бальконе вісеў сьцяг. На плошчы перад саборам Аляксандра Неўскага сабраліся сотні тысячаў людзей. Усе крычалі: “Хочам цара!” Сімяон II з усходаў павітаў народ і накіраваўся на набажэнства, але ня сеў на трон свайго дзеда і бацькі, на якім ніхто не сядзеў 52 гады.

Царова гаспадарка

— Калі скінулі Жыўкава, — апавядае Жэлю Жэлеў, — выявілася, што Баўгарыя мае 11 млрд. даляраў пазык.

З 1985 г. Баўгарыя пазбавілася мільёна грамадзян. Гэтаму спрыялі прымусовыя высяленьні мясцовых туркаў, эміграцыя на Захад, адмоўны натуральны прырост насельніцтва. З васьмі мільёнаў жыхароў Баўгарыі амаль мільён складаюць цыганы, 2,4 млн. — пэнсіянэры.

Цяпер узровень валавога нацыянальнага прадукту складае ўсяго каля 60% ад таго, што было ў 1989-м.

Фэномэн выжываньня баўгараў — гэта слоікі. Па ўсёй краіне ад вясны да восені палае агонь у часовых печах, рыхтуюцца кансэрвы. Фасоля, садавіна, памідоры, перцы. У кожным гарадзкім мікрараёне ёсьць месцы, куды кожны прыходзіць з уласным саганом, дровамі і робіць запасы. Апроч гэтага, баўгары соляць сала, ставяць капусту, робяць кілбасу-“крывянку”.

Праблем з алькагалізмам баўгары, аднак, ня маюць. У Сафіі ёсьць адзін выцьвярэзьнік на 15 ложкаў і ніколі, нават на Купальле, ён не бывае поўны.

У Баўгарыі скампрамэтавалі сябе ўсе палітычныя сілы. Перш за ўсё — посткамуністы з Баўгарскай сацыялістычнай партыі. У 1996 г. (калі Баўгарыю першы раз наведаў Сімяон) іх зьмёў бунт — паўмільёна жыхароў Сафіі выйшлі на вуліцы. Пазьней пацярпеў аўтарытэт дэмакратаў з Саюзу дэмакратычных сілаў.

— Іх загубіла карупцыя, — гаворыць Жэлю Жэлеў. — Яны правялі прыватызацыю, але дзікую. Людзі страцілі да іх давер.

Царовы дзеці

Гэта кампутарнае пакаленьне. Яны пазнаёміліся, пасябравалі і аб’ядналіся дзякуючы Інтэрнэту і электроннай пошце. Ім па 30—32 гады. Каля дзесяці гадоў таму яны выехалі з Баўгарыі на вучобу і пазаставаліся за мяжой. Любка Качакава далучылася да іх нядаўна. У 1999 г. фірма “Прайс Уотэрхаўс”, у якой яна працавала, пераехала з Сафіі ў Брусэль.

У Лёндане ўжо тады дзейнічаў “Сыты-клюб” — нефармальная арганізацыя, што яднала маладых баўгарскіх эмігрантаў. Яе ганаровым старшынём быў князь Кірыл, другі з чатырох сыноў цара Сімяона (яшчэ ёсьць дачка, самая малодшая). Найстарэйшы сын, насьледнік трону князь Кардам працуе доктарам і не займаецца баўгарскімі справамі. Сустрэчы членаў клюбу адбываліся ў баўгарскім пасольстве.

— Штодня я адказвала на восем-дзесяць электронных лістоў баўгарскіх сяброў, якія працавалі ў фінансавых і эканамічных установах Брусэлю, Лёндану, Парыжу, Стакгольму, Нью-Ёрку, — кажа Любка Качакава. — Мы адчулі, што можам нешта зрабіць для сваёй краіны. Мы аб’ядналі сілы, каб падтрымаць урад дэмакратаў у перамовах з Эўразьвязам. Мы маем фантастычныя сувязі на Захадзе. Мы зь Мікалаем Васільевым узялі ўдзел у антыкарупцыйнай кампаніі, якая распачалася ў краіне.

У красавіку 2000 г. сябры лёнданскага клюбу былі запрошаныя ўрадам дэмакратаў у Сафію на сустрэчу “Баўгарскі Вялікдзень”. Прэм’ер Іван Костаў ствараў групу, якая мелася адстойваць на Захадзе інтарэсы Баўгарыі. Сябры ўраду выступалі ў майках з надпісам “Я ганаруся тым, што я баўгарын”. На наступнай велікоднай сустрэчы Любка Качакава падарыла ўраду саколку з надпісам “Нам сорамна за вас”.

— Меўся на ўвазе закон, які ўрад накіраваў у парлямэнт, — гаворыць Мікалай Васільеў. — Гэта быў такі фокус з пераразьлікам некаторых прыватызацыйных пагадненьняў, каб замест леваў заплаціць за маёмасьць турэцкімі лірамі. Дзякуючы гэтаму пэўныя асобы маглі зарабіць дзясяткі мільёнаў марак. З 240 дэпутатаў гэты закон падтрымлівалі 137, а пасьля Любчынай акцыі — толькі восем.

— На гэтай другой велікоднай сустрэчы, у 2001 г., — апавядае Любка Качакава, — мы прапанавалі Баўгарыі эканамічную праграму, якую напісалі разам з Васільевым. Праз князя Кірыла я папрасіла аб сустрэчы цара Сімяона.

Любка Качакава сказала цару, што хацела б прадставіць яму маладых, здольных, сумленных людзей. На наступны дзень проста зь велікоднай сустрэчы ўсе разам паехалі на спатканьне з былым манархам. У канцы красавіка 2001 г. цар Сімяон даў у Парыжы баль. Ён запрасіў людзей, адрэкамэндаваных яму Любкай Качакавай, і сказаў ім, што стварае Рух цара Сімяона, а ў выпадку перамогі на выбарах просіць іх пакінуць свае пасады на Захадзе і ўтварыць зь ім урад прафэсіяналаў.

— Ніхто не адмовіўся, — захоплена кажа Любка Качакава. — Я не была шчасьлівая ўдалечыні ад Баўгарыі. Я хачу тут працаваць і тут плаціць падаткі.

15 траўня яна вярнулася ў Баўгарыю, 18 траўня трапіла ў выбарчы сьпіс, а 17 чэрвеня перамагла ў сваёй сафійскай акрузе Івана Костава, тагачаснага прэм’ера. Яна атрымала ў два з паловай разы болей галасоў, чым ён.

— Я паказала, што можна цывілізаваным спосабам супрацьстаяць карупцыі. Лёзунгам Нацыянальнага руху Сімяона II зьяўляецца думка Камю: “Жыць — значыць не здавацца”. Мы змагаемся за новую Баўгарыю, за адраджэньне краіны, а цар — наш маральны падмурак, ён бароніць нас, падтрымлівае, паказвае прыклад. Дзякуючы яму мы перамаглі на выбарах, — кажа Любка.

— Як цар да вас зьвяртаецца? — спыталі мы.

— Любка ці спадарыня Качакава.

— А калі б ён памыліўся, вы пярэчылі б яму?

Вельмі доўгае маўчаньне.

— Гэта абсалютна немагчыма, каб цар, такі дзяржаўны дзеяч, памыляўся, — гаворыць 31-гадовая намесьніца міністра эканомікі, якая адказвае за ўвесь замежны гандаль Баўгарыі.

— А гэта часам ня культ асобы?

— Ён жа не дыктатар, улюбёны ў сябе.

(У пачатку сакавіка Сімяон II па прапанове намесьніка прэм’ер-міністра Васільева вызваліў Любку Качакаву ад пасады. Яна была нязгодная зь віцэ-прэм’ерам у справе прыватызацыі баўгарскага тытунёвага канцэрну).

Цароў эканаміст

Намесьніку прэм’ер-міністра Мікалаю Васільеву 32 гады. Ва ўрадзе Сімяона II ён адказвае за эканамічную рэформу. Мы доўга размаўлялі. Адзін з нас хацеў адкаркаваць бутэльку і наліць сабе ў шклянку вады, але віцэ-прэм’ер затрымаў яго жэстам. На канцы доўгага стала ўжо стаяла адкаркаваная бутэлька.

— Ва ўрадзе працуюць дзесяць чалавек, якія вярнуліся з-за мяжы, — кажа віцэ-прэм’ер Васільеў. — Мы маглі б ладзіць паседжаньні па-ангельску, многія з нас ведаюць па тры і болей моў. Мае намесьнікі таксама працавалі на Захадзе.

— Сімяон II умешваецца ў вашы рашэньні?

— Не. Ён нам давярае. Гэта чалавек крыштальнай маралі, сумленьня. Пры ім я адчуваю гонар за тое, што я баўгарын. Кожны раз, калі мы зьяўляемся за мяжой, перад намі адчыняюцца ўсе дзьверы. Гэта магія.

Сімяон II добрасумленны, як кожны Кобург. Ён не карыстаецца ўрадавым самалётам. Вандруе рэйсавымі ляйнэрамі баўгарскіх авіялініяў. Калі ў апошнія Каляды ён захацеў сустрэцца зь сям’ёй, дык падлічыў, што таньней будзе паляцець з жонкай у Мадрыд, чым везьці пяцярых дзяцей зь іхнымі сем’ямі (усяго 22 чалавекі) у Сафію. Білеты цар купіў за свой кошт.

Царова змова

Палкоўнік Дзімітар Іванаў пасьля 1990 г. быў звольнены са службы. Цяпер ён калекцыянэр і ўладальнік адзінага ў Баўгарыі прыватнага музэю антычнага мастацтва. Выдае кнігі і некалькі газэт — у тым ліку орган сацыялістычнай партыі і дзьве газэткі з голымі кабетамі.

— Барацьба паміж камунізмам і дэмакратыяй ужо сябе вычарпала, — пачынае палкоўнік Іванаў. — Галоўны фронт барацьбы ў Баўгарыі — паміж манархіяй і рэспублікай. Сімяон хоча вярнуць трон. Калі ён здолее гэта зрабіць, дык будзе прэцэдэнт сусьветнага маштабу. Кароль Міхаіл зможа вярнуцца на трон у Румыніі, Карагеоргіевіч — у Югаславіі, Аляксандар — у Грэцыі, а Лека III — у Альбаніі.

— А чым гэта Вам замінае?

— О, хто ведае! Сімяон — гэта лібэрал, лагодны чалавек, але цяпер. А якім ён будзе царом? Можа, такім, як ягоны бацька або, крый божа, дзед-дзяржыморда. Сыстэма падазроная. Цар — прэм’ер, а ягоны сын Кірыл — дарадца па кадравых пытаньнях, ён прывёз усю гэтую маладую каманду міністраў ад эканомікі. Кірыл працуе на транснацыянальныя фірмы зь лёнданскага Сыты — на “Прайс Уотэрхаўс”, “Салямон Бразэрс” і іншыя. Захад дамагаецца закрыцьця нашай адзінай АЭС, якая дае Баўгарыі 60% электраэнэргіі. Калі мы гэта зробім, будзем вымушаныя купляць значна даражэйшую энэргію ў Эўропе. Тут ідзе гаворка пра інтэрас. З гэтай манархіяй яны нешта надумляюць.

Царова сэрца

Празь некалькі гадоў пасьля паразы камуністаў баўгары стварылі камісію, якая павінна была адшукаць парэшткі цара Барыса III. Пасьля доўгіх месяцаў бясплённых пошукаў нейкі стары агент службы бясьпекі прынёс у партфэлі шкляную пасудзіну з чалавечым сэрцам. На пасудзіне быў надпіс: “Сэрца цара Барыса III. 30.I.1894—28.VIII.1943 г.” Гэтае сэрца 50 гадоў ляжала ў жалезнай шафе на справе, у архівах службы бясьпекі. Невядома, што здарылася з целам Барыса III. Сэрца было ўрачыста пахаванае ў Рыльскім манастыры — сьвятой мясьціне баўгараў.

Цароў ахоўнік

Як апавядае палкоўнік Бойка Барысаў, ён даваў Тодару Жыўкаву, былому баўгарскаму дыктатару, мінуты вольнасьці, свабоды і шчасьця, а палкоўнікава фірма “Ipon” тым часам набірала моцы. Яна займалася галоўным чынам аховай маёмасьці расейскай нафтавай кампаніі “Лукойл”, якая купіла ўсю баўгарскую паліўную галіну — усе запраўкі, склады, бэнзавозы і яшчэ некалькі банкаў.

— А калі ў 1996-м Сімяон упершыню прыехаў у Баўгарыю, — расказвае Бойка Барысаў, — выявілася, што ягоная гішпанская ахова тут абсалютна бездапаможная. Іх тут абрабавалі, зьбілі і абяззброілі.

— І тады цар папрасіў вас аб дапамозе, — здагадваемся мы.

— Цар ня просіць. Цар прапануе. Хто мы такія, каб цар нас прасіў? Гэта выключны чалавек. Уявіце сабе, спадарства: ён заўсёды зашпільвае пас бясьпекі ў машыне і ніколі не дазваляе праяжджаць скрыжаваньні на чырвонае сьвятло. Кажа, што правілы роўныя для ўсіх. Такі патрабавальны.

Чатыры месяцы таму Бойка Барысаў пакінуў сваю фірму і пайшоў на дзяржаўную службу. Ахоўнік-каратыст зрабіўся генэральным дырэктарам Міністэрства ўнутраных справаў.

 

Паводле “Gazety Wyborczej


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0