Сыр i cheese

 

Фатограф просiць: “Скажыце “cheese” (то бок усьмiхнiцеся). Адукаваны клiент сумленна рыкае ў аб’ектыў: “Сыр!”… Гэтая показка згадалася мне, калі чытаў артыкул сп.Балахонава “Сартр за наваградзкай камянiцай” (“НН”, №14). Дастаткова зрабiць заўвагу на адрас беларускай лiтаратуры, як цябе адразу падазраюць невядома ў чым. Пiшаш “угнаеньнi”, мэтафарычна маючы на ўвазе пажыўныя элемэнты, а табе нi з пушчы нi з поля: “То што, уся беларуская лiтаратура, за малым выняткам, — лайно?”

Між тым, нашыя з сп.Балахонавым ацэнкi старой беларускай лiтаратуры розьняцца ня так моцна, як яму падаецца. Ён ня бачыць там творцаў “кшталту Бакача, Рабле, Шэксьпiра ды нават Каханоўскага” – я таксама. Абодва мы згодныя, што няма чаго спадзявацца на адкрыцьцё твораў такога маштабу. Але яму гэта не замiнае “захапляцца Скарынам, Гусоўскiм, Волянам” – як і мне. Дык у чым справа?

Справа ў сучаснасьцi. Шаноўны аўтар прызнае наяўнасьць голаду на тэксты, прызнае, што высакаякасных мастацкiх твораў, якiя б выклiкалi шырокую чытацкую цiкавасьць, “у Беларусi вобмаль”, падае нават сваю характарыстыку “iдэальнага” твору: “для адных – авантуры, для другiх – гiстарычны антураж, для трэцiх – моўны калярыт, для чацьвертых – Гайдэгер цi Сартр за наваградзкай камянiцай”.

Высокая планка. Годная. Але тут мы са сп.Балахонавым раптам апынаемся па розныя бакі барыкады. Ягоныя прыярытэты для мяне крыху нечаканыя: “ствараць ды атрымлiваць асалоду ад кожнага моманту натхненьня”.

Калi б асалода творцы аўтаматычна гарантавала асалоду спажыўца, на зямлi быў бы рай. Але чытач купляе i чытае тое, што прыносiць задавальненьне яму і адмаўляецца зважаць, цi меў – i якую – асалоду пiсьменьнiк. Мне ўсё адно, меў мой апанэнт асалоду падчас пiсаньня артыкулу цi не, аднак я ўдзячны яму за добра выкладзеныя цiкавыя думкi.

Адсюль рознасьць у поглядах на гiсторыю ды на неабходнасьць крытычнага стаўленьня да яе. Сп.Балахонаву апошняе бачыцца другараднай справай, цiкавай адно гiсторыкам. Але традыцыя ўслаўленьня мiнуўшчыны, што iдзе ад часоў, калi згадваць пра багацьце нашай спадчыны забаранялася, дагэтуль моцная. Досыць было згадаць пра ВКЛ, БНР цi Слуцкае паўстаньне, каб загарэлiся вочы й мацней затахкала сэрца. Назапашвалася iнфармацыя, кругагляд чытача пашыраўся, і сёньня аўтарам ужо не схавацца ад пытаньняў, чаму заняпала ВКЛ, зьнікла БНР. Больш нельга маляваць адной фарбай складаныя постацi (таго ж Ластоўскага) – што гiсторыкам, што пiсьменьнiкам.

Клясычная апазыцыя “свае–чужыя” бясконца ўскладняецца. Найлепей гэта выявiлася ў выпадку другой сусьветнай вайны: ужо ня лiчыцца ерасьсю думка, што сярод партызанаў былі бязьлiтасныя засьлепленыя сталiнiсты, якiя не шкадавалi “мясцовага насельнiцтва”, а сярод калябарантаў – людзi, якiя iмкнулiся працаваць на карысьць Бацькаўшчыны.

Такiя пытаньнi ня мог разглядаць Караткевiч. Былi пiльнейшыя задачы – абуджаць павагу i цiкаўнасьць да беларускай гiсторыi. Ён намаляваў вобраз iдэальнай Беларусi. Цяпер трэба iсьцi далей. Калi ў “Зямлi пад белымi крыламi” напiсана, што палац у Ружанах – гэта “будынак, лепшы за якi цяжка сабе ўявiць, калi глядзiш на яго... аб астатнiх у гэты момант забываеш”, гэта нармальна. Але сёньня такая ўзьнёсласьць выглядала б наiўнасьцю.

Калi канцэнтравацца на атрыманьнi асалоды, гэтыя пытаньнi – справа другарадная. Тады й лiтаратура трапляе ў адну катэгорыю з дамiно i пляжным валейболам. Калi ж разглядаць лiтаратурную дзейнасьць з гледзiшча карысьцi для грамадзтва – тут ёсьць пра што памеркаваць.

Даніла Жукоўскi, Горадня

 


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0