З усёй краіны

 

Мальцаў у NATO...

Міністар абароны Леанід Мальцаў не выключае ўдзелу замежных вайсковых злучэньняў у манэўрах беларускіх вайскоўцаў. “Часы мяняюцца, — сказаў генэрал, — і, калі нам сёньня выгадна сябраваць з NATO, мы будзем зь ім сябраваць, у прыватнасьці, разьвіваць дачыненьні ў вайсковай сфэры”.

900-я ўгодкі Эўфрасіньні

У Полацку 5 чэрвеня адзначылі 900-я ўгодкі з дня нараджэньня сьвятой Эўфрасіньні. На фэст прыбыло мноства паломнікаў. Мошчы сьвятой выносілі з царквы Сьвятога Спаса, якая не зьмяшчала ўсіх ахвотных да іх прыпасьці. Кіраўнік віцебскай вэртыкалі Ўладзімер Андрэйчанка і мэр Полацку Ўладзімер Тачыла былі ўганараваныя з нагоды царкоўным ордэнам сьвятой Эўфрасіньні.

 

Будуць судзіцца
з “Рэспублікай”

Жыхары вёскі Дзягавічы (Крычаўшчына) будуць бараніць у судзе свае гонар і годнасьць, закранутыя газэтай “Рэспубліка”. Дзягаўцы лічаць, што журналіст Уладзімер Дубавік у артыкуле “Крычаўскія земляробы зьбіраюцца ўсіх зьдзівіць” (“Рэспубліка” ад 21 сакавіка) абразіў гістарычную памяць іхных продкаў.

Паводле Дубавіка, дзягаўцы ня ўмеюць і не жадаюць працаваць ад часоў расейскага цара Пятра І, калі ў іхнай вёсцы жылі катаржнікі ды іншыя асацыяльныя элемэнты. Таму, маўляў, і збанкрутаваў сёлета калгас “Дзягавічы”. Не згадзіўшыся з такімі высновамі, 50 вяскоўцаў даслалі ліст у рэдакцыю “Рэспублікі” з патрабаваньнем абвергнуць інфармацыю хоць бы на той падставе, што ў часы Пятра І Дзягавічы былі часткай іншай дзяржавы — Рэчы Паспалітай і, адпаведна, там не маглі жыць расейскія катаржнікі. Пакрыўджаныя вяскоўцы напісалі, што яшчэ нядаўна ўраджаі ў іхным калгасе складалі ня меней за 30 цэнтнэраў з гектару, што яшчэ сёньня сярод іх жыве каля 130 чалавек, якія маюць урадавыя ўзнагароды, што Дзягавічы — гэта старажытная, з прыгожымі традыцыямі і працавітымі жыхарамі вёска і што яны проста сталі закладнікамі лёсу.

Але ні адказу, ні абвяржэньня няма дасюль. Цяпер ідзе падрыхтоўка да судовага працэсу.

Мэтэарыт вывучаюць

Як ужо пісала “НН”, на Крычаўшчыне ў мінулым месяцы зваліўся паўкіляграмовы мэтэарыт. На тым тыдні аглядаць яго і браць пробы прыяжджалі прадстаўнікі Расейскай акадэміі навук. Сам нябесны “госьць” знаходзіцца ў Крычаве, у старшыні райвыканкаму Івана Пракопава. У Беларусі грам мэтэарыту каштуе ў сярэднім даляр, а на Захадзе — як мінімум у 10 разоў даражэй.

Андрэй Кузьмін, Крычаў

Комплекс на Лысай гары

На Лысай гары, непадалёк ад Шклова, адбылося адкрыцьцё турысцка-экскурсійнага комплексу. Там пабудаваныя вартавая і глядзельныя вежы, гасьцявыя галерэі ў стылі народнага драўлянага дойлідзтва, сцэна для выступаў, рэстарацыя, домікі, абсталяваныя камінамі і мэбляй. У разьмешчаным побач барку вымашчаныя пешаходныя сьцежкі. А побач месьціцца ніжнінскі роў, у якім назіраецца выхад на паверхню міжледавіковых глебаў. Радыевугляродны аналіз абломкаў драўніны засьведчыў, што іхны век — больш за 50 тысячаў гадоў.

Новы комплекс працуе штодня — тут ладзяцца масавыя і індывідуальныя мерапрыемствы, у тым ліку вясельлі і дні народзінаў.

“Ударны фронт”, Шклоў

За малако — “натурай”

На Бялыніччыне вяскоўцы неахвотна здаюць малако дзяржаве, бо закупачная цана зьнізілася, дый разьлічвацца зь імі зьбіраюцца не грашыма, а наяўным таварам. Райвыканкам у адказ стварыў тры групы з адказных асобаў, якія мусяць пераканаць вяскоўцаў.

Адна з такіх групаў днямі наведала саўгас “Эсьмоны”. Сустрэча зь людзьмі праходзіла вельмі нэрвова. Вяскоўцы наракалі на затрымку заробкаў і далі зразумець, што здаваць малако ня будуць.

Базыль Ліцьвіновіч, Бялынічы

Мядзьведзі ідуць

На мінулым тыдні па тарфяніку ля вёскі Багушы прайшоў мядзьведзь. Па адбітках лапаў (16 см ў даўжыню) выходзіць, што зьвер надта ж вялікі. Невядома, як жывёла апынулася пад Баранавічамі: водзяцца бурыя мядзьведзі толькі ў Бярэзінскім запаведніку й на Віцебшчыне.

Загарэўся аўтобус

Аўтобус “КАВЗ-685” загарэўся на Баранавіцкім заводзе санэлектразагатовак. Два ахоўнікі заводу, якія спрабавалі патушыць яго, моцна абпалілі твары і рукі.

Шэсьце на дзень Божага цела

У нядзелю ў Баранавічах адбылося шэсьце ў гонар сьвята Божага цела. Больш за 2000 вернікаў прайшлі ад касьцёлу Маці Божай Фацімскай, што ў Паўночным мікрараёне, да касьцёлу Ўзьвіжаньня Сьвятога Крыжа ў цэнтры гораду. Кожныя 1—2 кілямэтры людзі прыпыняліся ля часовых алтароў і маліліся. Міліцыянты суправаджалі калёну, перапыняючы на яе шляху аўтамабільны рух.

Руслан Равяка, Баранавічы

Крадуць коней

Трох канакрадаў затрымала міліцыя ў Аршанскім раёне. За апошнія месяцы тыя некалькі разоў выяжджалі ў вёскі Сьветачоўка, Раманаўка і Бабінічы ды кралі на фэрмах коней. “Жывы тавар” перапраўляўся магілёўскім цыганам і збываўся па цане, утрая меншай за дзяржаўную.

Віктар Лютынскі, Ворша

Лес гарыць

За вясну ў Смургонскім раёне адбылося 39 лясных пажараў, у выніку якіх згарэла 17 га лесу. Большая частка здарэньняў адбылася з-за таго, што людзі любяць падпальваць сухую траву, не зважаючы на тое, што гэтая забава — адміністрацыйнае парушэньне.

Бежмаваньне

У Смургоні прыяжджаў біскуп Гарадзенскай дыяцэзіі Аляксандар Кашкевіч. Мэта візыту — бежмаваньне, калі вернікі атрымліваюць другое імя, выбранае па каталіцкіх сьвятках. Біскуп Аляксандар бежмаваў 200 вернікаў.

Здымаецца кіно

У Гальшанах здымаецца кіно. Больш за 100 чалавек — артысты і здымачная група — жывуць у мясцовым гатэлі. Папярэдняя назва карціны — “Лялька”, рэжысэр — Зьміцер Зайцаў. Акрамя беларускіх зорак Анатоля Коценева і Генадзя Аўсяньнікава ў фільме здымаецца расейскі артыст Яўген Сядзіхін (“Бандыцкі Пецярбург”, “Расейскі транзыт”, “Мама, не бядуй”). Кажуць, запрашалі Сяргея Бадрова, але ганарар аказаўся замалы.

Ікона заплакала

У смургонскай Спаса-Праабражэнскай царкве — цуд. Заплакаў абраз Багародзіцы, перад якім звычайна моляцца ад алькагалізму. Два гады таму ён таксама плакаў, а п’яніцы ўсё п’юць і п’юць.

Т.Скарынкіна,
“Новая газета Смаргоні”

Зальюць салярку

На Бярозаўскім мотарамонтным заводзе пачалі ставіць на грузавікі замест бэнзынавых дызэльныя рухавікі — збольшага трактарныя. Эканоміі ад гэтага — удвая й болей.

І.Хведаровіч, Берасьце

 


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0