Навіны гаспадарскія

 

БЕЛАРУСЫ ЗЬЕЛІ, у параўнаньні зь мінулай вясной, болей крупаў, макароны, рыбы, маянэзу і садавіны. Затое сёлета ў краіне спажываюць меней мяса, малака, сыру, цукру, мукі й алею.

СВАЕ ПОЛІСЫ “Зялёная карта” пачне выпускаць Беларусь з 1 студзеня. Дагэтуль грамадзяне краіны карысталася замежнымі. Страхоўка “Зялёная карта” дае права на кампэнсацыю ўрону аўтамабілістам у выніку аварыі за мяжой.

АВІЯРЭЙС МЕНСК—КРАСНАДАР аднавіла з 4 чэрвеня кампанія “Белавія”. Лётаць маюць да 7 верасьня ў аўторкі ды суботы. Білет у адзін бок каштуе 143 даляры.

УРАД ЗАБАРОНІЦЬ банкам даваць грошы на заробкі тым прадпрыемствам, што вінаватыя пэнсійнаму фонду. Цяпер іхная запазычанасьць перад фондам перавышае месячную патрэбу на выплату пэнсіяў.

НЯ МАЕ ЛІЦЭНЗІЯЎ палова фірмаў, што прапануюць грамадзянам Беларусі працу за мяжой. Таму няма ніякіх гарантыяў, што падпісаныя з такімі фірмамі кантракты будуць выкананыя.

урад забараніў адключаць электрычнасьць за даўгі. Цяпер прадпрыемствы вінаватыя энэргетыкам 470 млн. даляраў. З пачатку году гэтая лічба павялічылася на траціну.

НА 2,7% ПАДВЫСІЛІСЯ некаторыя камунальныя тарыфы — тэхнічнае абслугоўваньне кватэраў, гарачая і халодная вада, каналізацыя, ліфты і вываз сьмецьця.

АБЛІГАЦЫІ на 100 тыс. рублёў выпусьціла Міністэрства фінансаў. Па іх будуць сплачваць 50% гадавых ды інфляцыйную індэксацыю. Калі значна не падвысіцца курс даляра, гэты працэнт дасьць большы прыбытак, чым у банках. Адно што прадаць аблігацыі дзяржаве можна не раней за 31 траўня 2003 г.

НА 10% ПАМЕНЕЕ працаўнікоў райвыканкамаў. Звальняць чыноўнікаў будуць да 1 жніўня.

АД УЛАСНЫХ ДЗІЦЯЧЫХ САДКОЎ вырашыла пазбавіцца “Белшына”. Цяпер іх будзе ўтрымліваць гарадзкі бюджэт Бабруйску. Летась на ўласную сацыяльную маёмасьць шынны камбінат выдаткаваў 6 млн. даляраў.

БЯЗ КАСАВЫХ АПАРАТАЎ дазволіў працаваць прадпрымальнікам Канстытуцыйны суд. Менгарвыканкам скасуе сваё рашэньне, паводле якога гандляры мусілі “прапускаць” праз апараты ўсю гатоўку.

“ЗАЛАТЫ ШЛЯГЕР” ня будуць ладзіць сёлета ўлады Магілёва, бо няма грошай. На “фэсьце савецкай песьні” бюджэт Магілёўшчыны зэканоміць пад мільён даляраў.

КОНКУРСЫ ПАМІЖ ІНВЭСТАРАМІ “Нафтану”, “Паліміру”, “Азоту” і “Белшыны” пройдуць да 23 жніўня. Прапановы аб прыватызацыі магілёўскага і сьветлагорскага аб’яднаньняў “Хімвалакно” ўрад разгледзіць увосень.

ЗБОР ЗЬ БЕЛАРУСКІХ ГРУЗАВІКОЎ скасавала Польшча. Раней з аднае машыны на мяжы бралі 150 даляраў.

С.І.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0