Лёс “Марыян Гаўзу”

 

У рэдакцыі газэтаў “Беларус”, “Беларускі Дайджэст”,
“Голас Радзімы”, “Наша Ніва”

Паважаны рэдактар,

Пішу, каб падзякаваць Вам, а праз Вас усім, хто адгукнуўся на заклік, зьмешчаны на старонках Вашай газэты, выказаць заклапочанасьць будучыняю нашага рэлігійна-культурнага асяродку ў Лёндане і яго цэнтру “Марыян Гаўз”. Для мяне, якому прыйшлося правесьці больш як паўстагодзьдзя ў гэтым асяродку, гэта вялікая маральная падтрымка.

Я толькі што вярнуўся з Рыму і магу сказаць, што царкоўныя ўлады атрымалі шмат лістоў у гэтай справе з усіх куткоў сьвету і што пажаданьні, выказаныя ў гэтых лістах, узятыя імі пад увагу.

Безумоўна, усё на гэтым сьвеце мае сваё заканчэньне, у тым ліку і наш лёнданскі асяродак. Тым ня менш, думаю, што ён яшчэ можа быць карысным для Беларусі і Царквы.

Сёньня яшчэ рана казаць, якое будзе канчатковае рашэньне гэтай справы, але ёсьць надзея, што яно будзе для нас памысным.

Тым часам дзякую яшчэ раз за падтрымку.

а.Аляксандар Надсан, Лёндан, 4 чэрвеня 2002 г.

P.S.: Дарэчы, у гэтым месяцы ў нашым асяродку адбудзецца сьвяткаваньне Купальля і гадавы зьезд Згуртаваньня беларусаў у Вялікай Брытаніі.

 

Адам Мальдзіс, віцэ-прэзыдэнт Беларускага ПЭН-цэнтру: “ПЭН-цэнтар таксама даслаў ліст у Ватыкан у справе “Марыян Гаўзу”. У гэтым лісьце мы пішам: захаваньне гэтага асяродку важнае ня толькі для беларусаў замежжа, але і беларусаў Беларусі”.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0