афсайд

Пабачыць мундыяль!

Шок памалу сышоў, але застаецца дыскамфорт. Бальшыня з нас па-ранейшаму адлучаная ад турнiру, супастаўнага, калі ўзяць пад увагу цiкавасьць да яго ў цэлым сьвеце, хiба зь летняй Алiмпiядаю. Прапусьцiўшы безуважна колькiразовыя прапановы “Kirch-media” — уладальнiка правоў на трансьляцыi зь Японii й Паўднёвай Карэi, пагарэўшы мiнулае пятнiцы на пiрацтве, Беларуская тэлевiзiя ратуе сытуацыю. Замест таго каб сачыць футбол, мы сочым, як БТ вядзе запозьненыя перамовы з канцэрнам Лео Кiрха. Спачатку гаворка йдзе пра 470 тысяч даляраў, тады — пра 320. Пры гэтым чэмпiянат нам дэкляруюць паказваць з 15 чэрвеня — з плэй-офаў, то бо 16 матчаў з 64. Дыскамфорт пройдзе, але просяць пачакаць — яшчэ дзён так дзесяць…

Альтэрнатываю чаканьню — спадарожнiкавая тэлевiзiя, але й тут ня ўсё проста. Падточаны банкруцтвам Лео Кiрх скрупулёзна дапiльноўвае сваiх iнтарэсаў. За права трансьляваць сёлетнi i 2006-га году чэмпiянаты сьвету ягоны канцэрн заплацiў мiльярд 750 мiльёнаў даляраў.

Як вынiк, матчы мундыялю недаступныя на адкрытых лiчбавых каналах; футбол бяз карткi дапаможа паглядзець адно аналягавы тунэр (скажам, на нямецкiх ARD i ZDF або — з скажэньнем вiдэасыгналу — на iтальянскiх RAI). Калясальны попыт цяпер на лiчбавы пакет НТВ+: сярод яго каналаў ёсьць футбольны, дзе жыўцом i ў запiсе — кожная гульня зь Японii й Карэi. У адпаведнасьцi з правамi НТВ+ на паказ чэмпiянату, прагляд гэтага каналу легальны толькi на тэрыторыi Расеi, аднак у Беларусi праблему “здымаюць” напаўлегальныя або ўвогуле пiрацкiя карткi. Змагацца з iндывiдуальным пiрацтвам “Kirch-media”, натуральна, ня будзе. Зрэшты, нямецкi канцэрн папусьцiў днямi ў выпадку незаконных паказаў на тэрыторыi цэлай краiны. Дазнаўшыся пра трансьляцыi матчаў у Паўночнай Карэi, прадстаўнiкi “Kirch-media” заявiлi, што не зьбiраюцца прававацца з тамтэйшай тэлевiзiяй. “Трэба радавацца, што сiла Кубку сьвету разбурае ўсялякiя бар’еры”, — зазначыў прэс-сакратар канцэрну.

Тым часам на футбольных палёх працягваюцца матчы другога туру групавых змаганьняў. У першым букмэйкерскiя фаварыты збольшага апраўдалi давер. За выняткам Францыi — яе непераканаўчыя кандыцыi ў сустрэчы з Сэнэгалам iмгненна адбiлiся на стаўках. Традыцыйна найпiльнейшая ўвага на гульню чатырохразовых чэмпiёнаў сьвету бразыльцаў — да перамогi гэтай каманды iндывiдуальнасьцяў над туркамi ладна прычынiўся паўднёвакарэйскi судзьдзя, прызначыўшы пэнальцi за парушэньне, учыненае па-за штрафной пляцоўкай. Турэцкую зборную, дарма што пачала з паразы, рызыкну назваць найбольш пэрспэктыўным навiчком мундыялю, здатным пайсьцi ў сьляды ўчыньнiкаў сэнсацыяў на чэмпiянатах 1994 i 1998 гадоў — зборных Баўгарыi й Харватыi. Прынесьлi i, здаецца, паднясуць яшчэ гасьцём клопату гаспадары — каманды Паўднёвай Карэi й Японii. Першыя цi ня ў кожным з кампанэнтаў футболу перагулялi палякаў, колiшнiх супернiкаў зборнай Беларусi ў змаганьнi за месца на мундыялi. Зацятая, да апошняга матчу, барацьба за выхад у плэй-офы чакаецца ў бальшынi групаў. Толькi хацелася б не прачытаць пра гэта, а пабачыць.

Юрась Бушлякоў

 

cлова тыдня

Мундыяль

ад mundial (гішп.) — сусьветны. У залежнасьці ад кантэксту ўжываецца да міжнародных падзеяў, фэстаў, гульняў, выставаў. Пасьля Чэмпіянату сьвету 1990 г. у Мэксыцы, пад лацінаамэрыканскім уплывам азначэньне трывала замацавалася за футбольным чэмпіянатам сьвету.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0