Агляд ананімак

Ананімак у “Нашу Ніву” традыцыйна дасылаюць шмат. Трапляюцца сярод іх сапраўдныя шэдэўры — як пра крадзеж 20 кг плаціны адказнымі работнікамі гуты “Ялізава” Асіпавіцкага раёну. Бываюць прафэсійна зробленыя рэпартажы з фатаздымкамі — напрыклад, пра сувязь былога дэпутата ад апазыцыі БНФ з спэцслужбамі. Усё — бяз подпісу, зваротнага адрасу і безь ніякай магчымасьці для рэдакцыі праверыць праўдзівасьць пададзенай інфармацыі.

Сярод яскравых ананімак апошняга часу — водгукі на ўзьвядзеньне ў сан вікарнага япіскапа Івана (Хамы), зьнікненьне віцебскага апазыцыйнага дзеяча Юрася Корбана і канфіскацыю лукашыстамі літаратурных пэрыёдыкаў.

 

Людзі пра Юрася Корбана

Ананімны ліст прыйшоў з электроннага адрасу guest1 на дзіўным сэрвэры irex.mink.by. Вельмі падобна да сэрвэру, якім карыстаюцца многія незалежныя СМІ Беларусі. Не стае толькі адной літары. Нашыя лісты аўтару вярталіся з пазнакай “Невыпраўная памылка. Адрасат не існуе”. Пазьней аўтар азваўся ўжо з электроннага адрасу на tut.by: “Прашу апублікаваць гэты матэрыял у якасьці майго прыватнага меркаваньня. Васіль Кубаліч”. “З Корбанам нас зьвёў Віцебскі пэдунівэрсытэт — я ўжо адвучыўся быў некалькі курсаў, калі на суседнім факультэце беларускай філялёгіі й гісторыі зьявіўся Юрась — ружавашчокі, схільны да паўнаты хлапец. Яшчэ за два гады да паступленьня, у 1994-м, ён стаў сябрам БНФ, пачаў супрацоўнічаць з газэтай “Выбар”, якую выдаваў спачатку легальна, а потым падпольна Барыс Хамайда”.

Журналіст, які займаўся для “НН” разборам справы Корбана, у Віцебску такога Кубаліча не знайшоў. У Корбана быў сярод сяброў Васіль. Але не Кубаліч.

Некаторыя зьвесткі тут маюць пах “смажаніны”, людзі, зь якімі я гаварыў, мо занадта суб’ектыўна глядзяць на гэтую справу (Корбан меў шмат нядобразычліўцаў), — прызнаецца аўтар ананімкі, — але ўсё напісанае, цалкам верагодна, магло быць. Я ўстрымаюся ад ўласных меркаваньняў і проста падам усё чутае пра Юрася ад людзей”.

Аўтар добра ведае асяродзьдзе Корбана і робіць шмат цікавых назіраньняў пра тэндэнцыі, характэрныя ня толькі для апазыцыйнага Віцебску, але і для іншых гарадоў. “Факультэт у тыя часы [калі аўтар з Корбанам там вучыліся] кіпеў: студэнцтву хацелася мець сваю тэатральную студыю, свой самвыдат, клюбы рознага кшталту, ладзіць сустрэчы, маёўкі. Юры запомніўся мне сваімі ўзьнёслымі патрыятычнымі вершамі — адчувалася, што “Пагоня”, праблема будычыні Беларусі, нацыянальны дух прасякнулі ягоную творчасьць. Пасьля ён кінуў пісаць, расчараваўся. Штосьці ў яго не ішлі стасункі з калегамі і каляжанкамі, не было паразуменьня. Адчувалася, што Юры баіцца падацца горшым за іх, згубіцца на іхным тле. Хто-ніхто гэтым карыстаўся, увесь час “разводзячы” Корбана на піва: той амаль не адмаўляў з жаданьня лічыцца “сваім хлопцам”… Нашмат лепшыя адносіны былі ў Юрася з “пэдкалектывам”.

Шмат часу Юры аддаваў радыё — ён слухаў багата якія радыёстанцыі сьвету, перапісваўся зь імі. Ці то з “Голасам Амэрыкі”, ці то зь “Нямецкай хваляй” у яго было нешта кшталту дамовы: пастаянна слухаць і ацэньваць якасьць этэру за грошы й падарункі.

Урэшце Юрась закінуў працу з радыё і актыўна ўзяўся за трэці сэктар. Году з 1998-га ён каардынуе працу Рады моладзевых няўрадавых арганізацыяў, кіруе цэнтрам “Контур” і віцебскім “Маладым фронтам”. Ладзяцца сэмінары, вядуцца перамовы зь Менскам, наладжваюцца кантакты з замежнікамі (Польшча, Чэхія). Але сапраўднага плёну не было. Імпэт хутка згасаў, сутыкнуўшыся зь нейкімі праблемамі, справа ня йшла. У Юрася была мара: наладзіць выданьне “газэты Віцебскага краю”. Плянавалася, што ёй стане лісток “Сьцяна”, але надрукавана было хіба што 10 нумароў. Прыкладна ў той час зьявіліся чуткі пра Корбанаў “левы бізнэс”.

Пры Корбану ў ягоных структурах зь дзясяткаў старых ЗБСаўцаў і МФаўцаў засталіся адзінкі. Грошы й уплывы — асноўная прычына гэтага. Зрэшты, Корбан мог прадэманстраваць сябе і “гасьцінным гаспадаром” — зладзіць нешта па-людзку. Так было з караванам “Next stop — new life”, фэстывалем фільмаў у Віцебску, сустрэчай з рэдакцыяй “ARCHE”, пэўнымі канцэртамі.

19 студзеня Юрась Корбан зьнікае, нікога не папярэдзіўшы. На працягу некалькіх дзён ён тэлефануе знаёмым і кажа, што вернецца праз колькі дзён, бо меў патрэбу зьехаць за мяжу з адным чалавекам. Тады сама, як кажуць людзі, Юрась просіць бацькоў прадаць кватэру за 20 тыс. даляраў і перадаць яму грошы, бо “жыцьцё чалавека даражэйшае за самыя вялікія грошы”. Але на прызначаную ў лясным масіве каля Менску сустрэчу ніхто не прыйшоў.

P.S. Я ведаю, што гісторыя жыцьця Юрася Корбана ўтрымлівае й добрыя моманты (немагчыма быць толькі дрэнным), садзейнічаў ён і беларускай справе, хаця гэта былі выключэньні. Хочацца, каб гэты матэрыял пайшоў на карысьць усім — ад “навароцістага” функцыянэра да шараговага партыйца. Каб не было шкада сябе, радзіму і народ, які так часта жадаюць “абуць у лапці”.

Іншае ў допісе — плёткі і чуткі. Друкаваць іх — значыла б зьняважыць гонар і годнасьць Юрася Корбана. Калі Вы, спадару Васіль Кубаліч, хочаце, каб сабраны вамі “матэрыял” пайшоў “на карысьць усім”, дык трэба падаваць яго ад свайго імя і называць усе хваробы апазыцыйнага руху таксама сваімі імёнамі. Інакш чым Вы розьніцеся ад “сьвядомага-сьвядомага”, які рассылаў перад выбарамі такога ж кшталту ананімкі, толькі пра Захаранку й Ганчара?

Правы на свабоду маніфэстацый ці выбараў не рэалізуюцца ў Беларусі напоўніцу. А права на свабоду слова амаль не аспрэчваецца. Дык карыстаймася ж гэтым у рамках закону і не забываючыся аб прэзумпцыі невінаватасьці. Корбан — гэта ж не які-небудзь пурыц-мафіёзі, каб збор інфармацыі пра яго пагражаў жыцьцю і здароўю.

Распуцін беларускага праваслаўя

У №13 “НН” ад 5 красавіка быў пададзены аўтарам М.Бугаём матэрыял пад назвай “Пераемнік Экзарха”, — піша нам “Мікалай Лапіцкі” зь Менску, які не падае ні свайго адрасу, ні тэлефону і не адгукнуўся на зварот у “Паштовай скрынцы”. — Адразу хочацца запэўніць вас у тым, што новапастаўлены япіскап Іван Хама ніколі ня можа быць “Пуціным беларускага праваслаўя”, бо большасьць епіскапату Беларускай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату, як вядома, зьяўляюцца сьвядомымі беларусамі і яны, нягледзячы на ўвесь прэсінг “Ельцына беларускага праваслаўя” мітрапаліта Філарэта, не дапусьцяць гэту кандыдатуру на такую адказную пасаду, у тым ліку нават на Магілёўскую катэдру”.

Далей аўтар падрабязна тлумачыць чаму. Газэта спрабавала праверыць гэтыя зьвесткі — і, ня маючы магчымасьці сустрэцца з аўтарам ліста, ніякіх верагодных доказаў не атрымала.

Я асабіста лічу, — сканчае М.Лапіцкі, — што вашы супрацоўнікі мала дасьведчаныя аб унутраным жыцьці праваслаўнай царквы ў Беларусі, бо такіх казачных высноў, як мы чытаем у матэрыяле М.Бугая, не было б.

Але хто яго ведае, цяпер у нашай краіне, у тым ліку ў царкоўным жыцьці, робіцца такое, што нават у Акапаліпсісе ня ўсё прадбачана”.

Мяркуючы па лісьце, Вы, сп.Лапіцкі, — чалавек уцаркоўлены. Калі маральны стан БПЦ Маскоўскага экзархату сапраўды такі, якім Вы яго апісваеце, Ваш абавязак як хрысьціяніна і грамадзяніна не цярпець яго і змагацца за яго зьмяненьне. Калі Вы баіцёся гэта рабіць, Вы няспраўджаны вернік і грамадзянін. А калі маніце, дык пагатоў.

Ад аднаго іншаземца, жыхара малое паўночнаэўрапейскае краіны, які часта бывае ў нас, нядаўна давялося пачуць, што слова “шчырасьць” у Менску выклікае крывыя ўсьмешкі. Аднак гэта прыкмета часу, а не нацыянальнага характару.

“Полу-парнография”

Ксэракопія ліста боса літаратурнага холдынгу “ЛіМ” Касьцяна ў Генэральную пракуратуру рэспублікі трапіла ў рэдакцыю ў капэрце, адпраўленай зь менскага паштамту. Подпіс пад лістом сапраўды падобны да подпісу дэпутата Касьцяна. У лісьце ён просіць Генэральную пракуратуру “правесьці поўнамаштабную праверку фінансава-эканамічнай дзейнасьці ўсіх 6 выданьняў [маюцца на ўвазе “Нёман”, “Полымя”, “Крыніца”, “Маладосьць” — Рэд.] і іх камэрцыйных структураў (там, дзе яны створаныя), не закранаючы творчага працэсу й ідэалягічнае скіраванасьці іх публікацый”. Такая праверка Генэральнай пракуратурай распачатая. Гэта пацьвярджае сапраўднасьць атрыманае рэдакцыяй копіі. Мы не зьбіраемся друкаваць ліст. Падамо зь яго толькі ўрывак. Даём у арыгінале, бо пераклад зьбядніў бы гэты гістарычны дакумэнт.

По журналу “Крыница”... из разговоров с работниками журнала выяснилось, что именно с использованием материальных и финансовых ресурсов этого издания издавались “Ведамасці” Зянона Пазьняка, а также выпущено около десятка полупарнографических книжек “вядомых беларускіх літаратараў”. Они писали и издавали свои полу-парнографические романы под псевдонимами. Ясно, что за всё это журналу проплачивались деньги, но куда они ушли, нам неизвестно. Когда мы спросили сотрудников “Крыницы” и “Полымя”, какие у них планируются публикации в связи с 120-летним юбилеем Янки Купалы и Якуба Коласа, объявленным ЮНЕСКО юбилейным годом, нам ответили, что “такой юбилей не вписывается в концепцию нашего журнала”. То есть публиковать и распостранять полупарнографические “творы” и эпосы Зянона Пазьняка — это вписывается в концепцию, а 120-летний юбилей…” Камэнтары непатрэбныя. Друкаваць такія лісты — значыла б сеяць недавер да людзей.

Рэдакцыя моцна абмежаваная ў магчымасьці праверыць інфармацыю, зьмешчаную ў ананімках. Дык падпісвайцеся!

 

Андрэй Дынько


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0