Аднавіць паветы

Наконт плянаў узбуйненьня беларускіх раёнаў: ня трэба прыдумляць ровар, а варта ўспомніць традыцыі ВКЛ і аднавіць ваяводзтвы. Іх было восем у XVII—XVIII ст.: Віленскае (з 4 паветаў якога Ашмянскі і Браслаўскі — у Беларусі); Троцкае (Гарадзенскі і Лідзкі паветы ў Беларусі); Менскае (Менскі і Рэчыцкі паветы); Наваградзкае (Наваградзкі, Слонімскі, Ваўкавыскі паветы); Полацкае (Полацкі павет); Віцебскае (Віцебскі і Аршанскі паветы); Берасьцейскае (Берасьцейскі і Пінскі паветы); Амсьціслаўскае (Амсьціслаўскі павет).

Якая з гэтага карысьць? Па-першае, сфармаваныя стагодзьдзямі культурныя рэгіёны зноў злучацца. Дастаткова параўнаць падзел паветаў з сучаснымі раёнамі, каб убачыць, што нарабіла савецкая ўлада, як яна парэзала па жывым усю старую сыстэму. Так, старажытны Тураў, які гістарычна і прыродна быў зьвязаны зь Піншчынай, у Гомельскай вобласьці зусім заняпаў. Па-другое, адновяцца магутныя калісьці, а сёньня занядбаныя гістарычныя цэнтры, кшталту Амсьціслава. Стварэньне фэдэральных земляў будзе новым моцным штуршком да разьвіцьця краіны, умацуе мясцовае кіраваньне. Да таго ж, адновіцца наша гістарычнае права на ВКЛ. Бо дагэтуль на Захадзе лічаць Беларусь за негістарычную краіну, якая ніколі ня мела ўласнай традыцыі дзяржаўнасьці. Гэткі імідж вельмі кепскі. Таму, як казаў Скарына, “ды не мінуць табе прыпавесьці старых людзей, яны жа навучыліся суць у продкаў сваіх”. Прапаную падыскутаваць наконт гэтага.

Андрэй Катлярчук, Школа балтыйскіх і ўсходнеэўрапейскіх дасьледаваньняў Унівэрсытэту паўднёвага Стакгольму

 


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0