аналітика

Мы прыбіраем кропкі над “і”

Новы спэцыяльны праект “Аналітика” працягваецца. На жаль, цяжкі фінансавы стан усёй нашай краіны вымагае эканоміі фарбы. Таму замест аднаго “и” турэцкага ў загалоўку мы зьмяшчаем “і” беларускае. Гэта дазволіць нам і далей з посьпехам аналізаваць вострыя тэндэнцыі палітычнага жыцьця. Як заўжды, мы даём слова толькі прафэсіяналам. Вось і ў сёньняшнім нумары падзеі мінулага тыдня аналізуюць доктар Касьцям і мэдсястра Тыкубовіч. Галоўнае пытаньне тыдня: хто ж вінаваты ў тым, што беларусы мадзеюць без футболу?

 

Касьцям: Была б у нас адзіная магутная дзяржава, дык і футбол не адключалі б… І досьвед мундыялізацыі Азіі — нам тут станоўчы прыклад. Зірніце — наступны чэмпіянат, відаць, загоіць іншы балючы азіяцкі разлом — паміж Індыяй і Пакістанам. Індыйскі бок ужо распачаў падрыхтоўку да будаўніцтва стадыёнаў на тэрыторыі Джаму і асабліва Кашмару.

І яшчэ, у сувязі з заявамі Продзі па Калінінградзе… Пытаньне стварэньня новага вайскова-палітычнага блёку, у які, апроч Беларусі й Арменіі, увойдзе Калінінград, спыніла б адыход апошняга ад Расеі. У гэтым я бачу нашу і сваю пісьменьніцкую місію. Мы свой “Нёман” у натаўскую Літву не паплывём, і “Маладосці” не дазволім пячатаць улёткі Севярынцаў і Саранчукоў. Гэта ўжо ўчарашні дзень: сёньня Севярынец пячатае Саранчукова, заўтра я цябе пячатаю. Так і з футболам. Пакуль БТ не далучаць да холдынгу “Літаратура і мастацтва”, там па-ранейшаму будуць шкодзіць усенароднаму курсу.

Тыкубовіч: Беларусаў падставілі. Кіраўніцтву тэлерадыёкампаніі паведамілі пра рашэньне “Кірхмэдыя” (дарэчы, гэтая карпарацыя існуе там жа, дзе і любімец нашай апазыцыйнай тусоўкі сп.Вік) усяго за месяц да пачатку матчаў. Кіраўніцтва спадзявалася, што ўсё рассасёцца, але яму гэта не ўдалося. Гэтаму ёсьць аб’ектыўныя прычыны: яно ня мае такога вопыту. Зрэшты, сытуацыя не такая пэсымістычная. БТ абавязкова пакажа нашым гледачам фінал, таму яны могуць не хвалявацца: яны абавязкова даведаюцца, хто перамог на чэмпіянаце.

Затое паглядзіце, наколькі сытуацыя зь непаказам футбольных матчаў мундыялю паказала сапраўдны твар і патэнцыял беларускай апазыцыі. Агалцелыя фанаты ў часе мітынгу ў Менску заклікалі біць тэлевізары, валіць тэлевежы й рэзаць маскалёў. І гэта тыя, хто так любіць плакацца аб правах чалавека ў Страсбургу і лёсе зьніклага ў невядомым кірунку Карпэнтэра. Грамадзкую стабільнасьць, цьвёрдую ўладу, кіраванасьць, высокі інтэлектуальны патэнцыял насельніцтва, кваліфікаваных спэцыялістаў, працавітае і дысцыплінаванае сялянства, гарманічную палітыку ў адносінах з Расеяй — усё гэта апазыцыя гатовая пакласьці на алтар дэстабілізацыі. У такіх умовах рашэньне пра ўзяцьце пад кантроль дасьледаваньняў грамадзкай думкі вельмі слушнае і своечасовае.

Несумненна, канстытуцыйны акт саюзнай дзяржавы да наступнага мундыялю будзе вынесены на Ўсенародны сход, калі мы хочам, каб нашы краіны маглі сумесна падаць заяўку на правядзеньне чэмпіянату 2010 г. у братнім саюзе славянскіх народаў-сясьцёр.

Другая наша задача — стварэньне футбольнай супэркаманды на чале з самым маральным трэнэрам усяго былога Савецкага Саюзу Эдуардам Малафеевым. І хай бы спадары сьвядомыя Баршчэўскі зь Беленькім, замест таго каб выдаваць сябе за праваабаронцаў і пакрываць злосных неплацельшчыкаў алімэнтаў (за што ў ЗША, якія часта нам прадстаўляюць як узор дэмакратыі, даўно ўжо к ім прымянілі б сьмяротнае пакараньне), падключыліся да гэтай справы. Што б ні гаварылі, але ў цяперашняй сытуацыі адзіным палітыкам, хто ў гэтым сэнсе стаў сапраўдным хакеістам і яўляе ізуміцельны прыклад спартовага патрыятызму, зьяўляецца Аляксандар Рыгоравіч Лукашэнка на чале з адміністрацыяй Урала Рамдракавіча Латыпава. Нягледзячы на недвухсэнсоўную дзейнасьць ураду, што перакладае на плечы Прэзыдэнта адказнасьць за прыняцьце непапулярных рашэньняў.

Цікава, дарэчы, ці пачаў урад рыхтавацца да магчымых вынікаў неліцэнзійнай трансьляцыі матчаў, ці спадары ў будынку на плошчы Незалежнасьці зноў спадзяюцца схавацца за шырокія плечы галоўнага хакеіста краіны, дзякуючы якому яны доўгі час маглі шырокай рукой направа і налева чэрпаць народныя грошы са спэцыяльных фондаў? Няўжо ім ня ясна, што цяпер, калі ўмацаваньне сувэрэнітэту ад незалежнасьці робіцца галоўнай задачай нашае працы, нам ёсьць у каго павучыцца? Узяць хоць бы вопыт трансьляцыі мундыялю па правадной сетцы армянскага радыё! Глядзець на сьвет расплюшчанымі вачыма і называць рэчы сваімі імёнамі вельмі карысна.

Бралі бы прыклад у нашага Прэзыдэнта Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі. Дзеля перайманьня гэтага спартовага вопыту ён і запрасіў прэзыдэнта Арменіі Робэрта Качарана наведаць нашую краіну і падарыў яму пару тысяч трактароў.

Аддзел аналітикі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0