З усёй краіны

Дырэктар са шпрыцам

Супрацоўнікі праваахоўных органаў Берасьцейшчыны затрымалі дырэктара Ляхавіцкай дзіцяча-юнацкай спартовай школы, майстра спорту па дзюдо Генадзя Лукашэвіча, які спрабаваў збыць 77,8 г гераіну. У кабінэце 42-гадовага дырэктара знойдзеныя й канфіскаваныя 152,2 г гераіну, а таксама вагі і ўпакоўка для фасаваньня наркатычнага рэчыва.

І.Хведаровіч, Берасьце

Дзе твой чорны пісталет?

У пункце памежнага кантролю “Катлоўка” памежны нарад знайшоў пісталет.

Літовец і ягоныя сябры з Казахстану ехалі ў Літву на аўтамабілі “Мэрсэдэс-124”. Пад крэслам схавалі пісталет маркі “ІЖ-71” і 13 патронаў калібру 9 мм да яго. Літовец арыштаваны і дае паказаньні.

Павесіўся хлопчык

У вёсцы Дайлідкі (Астравеччына) павесіўся васьмігадовы хлопчык. Міліцыя разьбіраецца. Кажуць, што ён добра вучыўся і кепскімі паводзінамі не вызначаўся.

Брэндзі ў бампэры

Шэсьць бутэлек брэндзі схавала жыхарка вёскі Рытань (Астравеччына) ў бампэры сваёй “Хонды”, калі ехала да родзічаў у Літву. Памежнікі схованку знайшлі. З жанчынай разьбіраюцца ў Ашмянскай мытні.

Мар’ян Вянгроўскі, Астравец

Зямля ў канвэрце

Работнікі магілёўскага паштовага аддзяленьня №11 заўважылі канвэрт, зь якога сыпаўся парашок шэрага колеру. Пра знаходку паведамілі ў адпаведныя службы. Пасьля дасьледаваньня было выяўлена, што зьмесьціва не нясе пагрозы, бо зьяўляецца звычайнай зямлёй. Высьветлілася, што адрасату даслалі жменю зямлі з магілы сваяка.

“Могилёвские ведомости”

Царкоўная эпапэя

На тэрыторыі Бялыніцкага раёну за гады савецкай улады былі зруйнаваны 15 цэркваў, касьцёл, 3 сынагогі. І вось задумалі ў Бялынічах збудаваць цэркаўку. А грошай, вядома, няма. Сабралі людзі за два месяцы каля мільёна рублёў. Мала! І пайшло-паехала! Цяпер прамысловыя прадпрыемствы павінны пералічыць на будаўніцтва царквы па мільёну рублёў, пэнсіянеры — па тысячы за квартал, а з усіх працоўных будзе вылічана па 1-дзённаму заробку.

Базыль Ліцьвіновіч, Бялынічы

Злодзей на пагоны
не глядзіць

У Віцебскай раённай пракуратуры скралі кампутары. Міліцыя просіць дапамогі ў добраахвотных інфарматараў у абмен на ананімнасьць і ўзнагароджаньне. А крыху раней была абрабаваная кватэра начальніка абласной міліцыі генэрала Гарадзенкі.

Ворша хоча свой амфітэатар

У Воршы збудуюць амфітэатар. Ягонае стварэньне прадугледжанае плянам рэканструкцыі цэнтральнага гарадзкога саду, 130-гадовы юбілей якога будзе адзначацца налета, але з-за беднага бюджэту ніхто не спадзяецца скончыць рэканструкцыю да таго часу.

Пошта на конях

Шукаючы дадатковых прыбыткаў, паштовая служба Віцебшчыны ўсё часьцей бярэцца за “нетрадыцыйныя паслугі”. Так, на Браслаўшчыне паштальёны возяць у далёкія вёскі разам з газэтамі і лістамі тавары першай неабходнасьці. Дзеля гэтага паштальёнаў вырашана пасадзіць на коней.

Міхал Чарвінскі, Віцебск

Яткі ля фантану

У цэнтры Баранавіч, на плошчы Леніна ля фантану, у нядзелі й сьвяты цяпер будзе кірмаш. 130 месцаў выдзелілі гарадзкія ўлады прадпрымальнікам. Гандлёвыя намёты павінны быць бела-сіняга колеру. Іх перанясуць з Цэнтральнага рынку, бо ў выходныя тамака няма дзе разьвярнуцца — гандлююць паўсюль, застаўлены ўсе падходы й праходы.

Іван Кавяра, Баранавічы

Адраджаецца манастыр

Асьвечаны новы будынак Куцеінскага Ўсьпенскага жаночага манастыра ў Воршы. Ён разьлічаны на 50 месцаў, але пакуль у манастыры жывуць 6 манашак ды 6 келейніц. Яны спраўляюць службы ў Ільлінскай царкве, а ў плянах — будаўніцтва ўласнага Ўсьпенскага сабору, адкрыцьцё нядзельнай школы, праваслаўнай бібліятэкі, прытулку ды сталоўкі для абяздоленых.

Віктар Лютынскі, Ворша

Хлопчыка выратаваў сусед

Тацяна Вітко, жыхарка вёскі Рудня, што на Івацэвіччыне, выпраўляючыся ў суседнюю вёску, пакінула трохгадовага сына Сашку з сваёй малодшай сястрой. Тая доўгі час бавілася зь ім, а потым у нейкай патрэбе зьбегла дадому. Хлопчык, застаўшыся адзін, у кухні назьбіраў у вядро рознай паперы і падпаліў. Дым, які струменіў з вокнаў і дзьвярэй, заўважылі суседзі. Адзін зь іх, Міхась Пераходзька, забегшы ў дом, пачуў дзіцячы плач. Хоць горкі дым выядаў вочы, мужчына кінуўся ў агонь і вынес на руках перапужанае хлапчанё. Пакуль прыехалі пажарныя, полымя ахапіла ўвесь дом. Ад дыхтоўнага будынку засталіся абгарэлыя сьцены.

Мужнага Міхася Пераходзьку, відаць, узнагародзяць мэдалём.

На танцы — з ружжом

Трое юнакоў зь вёскі Аляксейкі, што на Івацэвіччыне, паехалі на танцы ў вёску Гічыцы. Раўнівым кавалерам зь Яглевіч, якія таксама тут бавілі час, не спадабаліся паводзіны канкурэнтаў-чужакоў. Пасьля дыскатэкі адбылася “размова” з аляксейскімі кавалерамі: аднаму надавалі кухталёў, другому ўпярылі штакецінай па галаве, а трэцяга паранілі з паляўнічай стрэльбы. Юнак з трыма кулявымі ранамі трапіў у раённую больніцу, дзе яму адразу зрабілі апэрацыю. Яго жыцьцё ў небясьпецы. Тыя, хто біў і страляў, арыштаваныя. Узбуджаная крымінальная справа.

Алесь Лаўранюк, Івацэвічы

Рыба “кусаецца”

База адпачынку “Крупеніна” пад Віцебскам — рэзыдэнцыя А.Лукашэнкі на час “Славянскіх базараў” — прапануе новую платную паслугу. Цяпер лавіць рыбу ў азёрах паблізу яе можна толькі за грошы. Ідзеш з вудаю — плаціш 2 тыс. рублёў за адзін раз, зь сеткаю — па тысячы за кожныя 10 мэтраў прылады. У параўнаньні зь іншымі “курортнымі” паслугамі гэта яшчэ досыць танна. Прыкладам, суткі адпачынку на гэнай базе ў нумары “люкс” каштуюць да 200 даляраў, абед у рэстарацыі — да 35—40 даляраў.

Жыхарам навакольных вёсак пакуль дазволеная бясплатная рыба.

А.Т., Віцебск

Na skrut hałavy

Na tym tydni na Baranavickim zavodzie stankapryładaū zahinuū 24-hadovy chłopiec. Zabiła jaho tokam, kali pierałaziū cieraz metalovuju aharodžu.

Pierabłytaū plaški

U Baranavičach mužčyna 1959 h.n. pabłytaū butelki j vypiū zamiest harełki esencyju. Chutkaja paśpieła zavieźci jaho ū špital. Tamaka čałaviek i skanaū.

Rusłan Raviaka, Baranavičy


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0