калёнка Алеся Бяляцкага

Наша кроў

Прыходзіць адчуваньне, што і найбольш датклівыя душы ўрэшце пераадолелі наступствы пасьлявыбарчага крызысу. Першым зь яго выйшлі палітыкі і сябры няўрадавых арганізацыяў, за імі падцягнуліся аналітыкі і журналісты. Заварушыліся, забегалі. Абвяшчаюць пра новую палітычную і грамадзкую сытуацыю, снуюць новыя дамовы, мяркуюць ствараць новыя альянсы, шукаюць новых асобаў.

З дапамогай “мудрых” аналітыкаў знайшлі ўсё ж, на каго сьпіхнуць віну за пройгрыш — на палітычныя партыі. Пачытаеш у газэтках, дык яны ні вагі ў грамадзтве ня маюць, ні аўтарытэту, ні праграмаў, ні тактыкі, ні стратэгіі. І лідэры іхныя не такія, як трэба, — не харызматычныя, жывуць бы на небе, ня могуць павесьці за сабой народ. Словам, партыі — гэта самае слабое зьвяно ва ўсёй нашай грамадзкай раскладцы.

Адзін вядомы сацыёляг ужо абвясьціў, што з партыямі настаў час сканчаць, а рэальны палітычны цэнтар можа скласьціся з альянсу паміж сацыялягічнымі і аналітычнымі цэнтрамі, а таксама ўплывовымі грамадзкімі арганізацыямі.

Аналітыкі, няма ім ліку, як паненкі ў казыно, сьціскаюць кулачкі і робяць стаўкі — хто на новых генэралаў, хто на “цябе, нашу моладзь, надзею”, хто на эмігрантаў з захаду ці ўсходу — адным словам, на “сьвежую кроў”.

Але палітычнае майстэрства патрабуе гэткага ж прафэсіяналізму, як і любое іншае. Немагчыма, каб палітык прыйшоў ад станка ці сахі. Палітыкі гадуюцца гадамі. Ня трэба жывіцца мроямі, быццам нехта за палітыкаў, за партыі зробіць іхную работу.

Мяне больш цікавіць у гэтай сытуацыі стаўленьне беларускага сьведамага грамадзтва да сваіх палітыкаў. Цягам апошніх дзесяці гадоў займелі мы некалькі такіх — яны папрыходзілі з культурніцкага, пісьменьніцкага, навуковага асяродку і адстойваюць інтарэсы Беларушчыны на палітычным полі, зьяўляюцца гарантамі прысутнасьці беларускага элемэнту ў палітычным жыцьці. Яны будуць за Беларусь пры любых абставінах, ня здрадзяць ёй дзеля каньюнктуры і жыцьцёвых выгодаў, бо яны — нашая кроў і нашая костка. Зь імі вымушаная лічыцца “тожабеларуская” апазыцыя. І гэта ці не найвышэйшае дасягненьне беларускага сьведамага грамадзтва, бо, толькі палітычна выяўленае, яно мае шанцы не змаргіналізавацца і ня зьнікнуць. Яго не задушаць законамі, абмежаваньнем правоў, не палічаць за быдла, што можа абысьціся і без вышэйшай адукацыі на роднай мове. Сапраўды беларускія палітыкі — зарука нашага далейшага нацыянальнага разьвіцьця.

Але ці не найбольшая крытыка, плявузганьне, перамываньне костак, перакручаныя чуткі і недарэчныя плёткі плывуць на сьведамых палітыкаў са свайго ж непалітычнага беларускага асяродку, адкуль яны выйшлі і чые інтарэсы яны прадстаўляюць.

Разумею, шмат можна казаць пра іхныя недахопы і хібы, але давайце паглядзім на іншых — з былой партнамэнклятуры, з кагорты палкоўнікаў і палітрукоў, з камсамольцаў і масквафілаў, эксміністраў і эксбанкіраў, з “дэмакратаў наагул”, для якіх Беларушчына ўсё жыцьцё была пустым гукам... Што — гэта нашая палітычная будучыня? Так і будзем са сваімі беларускімі праблемамі ўсё жыцьцё хадзіць да іх на паклон?

Дык давайце ж падтрымліваць нашых сьведамых палітыкаў, дапамагаць і верыць ім, як прафэсіяналам, давайце будзем згуртаванымі і цярплівымі. Давайце будзем працаваць дзеля аднаго і біць у адно, не заступаючы самім сабе дарогу. Давайце ня грызьці адзін аднаго, бо нас жа яшчэ гэтак мала.

Прыйдуць яшчэ да нас лепшыя часы, і нашыя палітыкі, упэўнены, гэтаму паспрыяюць.

Алесь Бяляцкі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0