Усё цьвіце і цьвіце тая кветка

Купальле

Тэма папараць-кветкі доўгі час была зачыненая для дасьледзінаў. Санкцыю адпаведных органаў на вывучэньне гэтага фэномэну мелі толькі фальклярысты. Ні гісторыкі, ні біёлягі не маглі даступіцца як да гістарычна зафіксаваных выпадкаў цьвіценьня некаторых разнавідаў папарацяў, так і да ўзьдзеяньня кветкі на чалавека (адкрыцьцё энэргетычных каналаў і паўстаньне экстрасэнсорных здольнасьцяў).

У дагістарычныя часы на нашай плянэце расьлі бяскрайнія папарацевыя лясы. Толькі цягам доўгай эвалюцыі папараці набылі сучасны выгляд — штогадовай травяністай расьліны даўжынёю 40—120 см. Аднак у народнай сьвядомасьці памяць пра папараць-дрэва захавалася. Беларускае апакрыфічнае паданьне пра Адама і Эву (“Дасюк ды Еўка”) апавядае, што першая жанчына “ўкусіла ягаду зь дзерава папарацьняга”. Сёньня папарацевыя на абшарах Беларусі рэпрэзантаваныя колькімі дзясяткамі разнавідаў, якія стасуюцца да групаў папараць жаноцкая (Athyrium) і папараць мужчынская (Dryopteris). Абедзьве групы спараносяць у ліпені-верасьні і, зразумела, не цьвітуць. Але ці заўсёды так было?

У новаадкрытых урыўках з пратографу “Аповесьці мінулых гадоў” хрэстаматыйнае апісаньне “жывёльных звычаяў” радзімічаў, вяцічаў, крывічоў мае пэўныя нюансы, цікавыя нам: “…Схожахуся на ігрышча, на плясеньне… і ту умыкаху жоны сабе… хадзяху ў чашчы мглісты, рваху цьвет от папороці на чудзеса влхвескі”. Тое самае знаходзім і ў асобных архаічных былінах (асабліва Невельскага й Веліжаўскага цыклаў) пра Ільлю Мурамца. Так, у быліне “Ільля Мурамец і крывы зьмей” сустракаем такое:

Отправлялся Илья Муромец в
дороженьку,

отправлялся боготырь святорусский в дальнюю.

В лес кривой вдоль гроба
Рагвалодова.

В лес густой, где папороть
волшебная.

Тое, што гэта не стэрэатып суседзяў, а рэалія беларускага Сярэднявечча, пацьвярджае прыпіска ў т.зв. “Гомельскім эвангельлі” ХІІІ ст.: “Грэшнія вешнія ня бегаем, бысьцем бо да днесь радзіміці: жоны умыкаху, у лясёх бываху, зелія чарадзейскі імаць хошчам і папаратцьвет найгорай”.

Паводле народных паданьняў, сарваўшы ў купальскую ноч папараць-кветку, чалавек стаецца празорлівым, пачынае разумець гаворку дрэваў, траваў, зьвяроў і птушак, яму адкрываюцца заклятыя скарбы ў зямлі. Але чароўны эфэкт быў кароткатэрміновым. “К суетнаму ліпнеце, ібо па цьвеце овым, яка наўё ходзіце: хто малый час, а некіе і суток тры, гудзіце аб градушчым і златое ў зямлі. Но абрашчаце ль вы што-любь, кром граху?” — зьвяртаўся да “простай чадзі” невядомы полацкі царкоўнік ХІІІ ст.

Рэлігійныя ўлады зь недаверам, а часьцей зусім адмоўна ставіліся да пошукаў папараць-кветкі. Знаны царкоўны дзеяч ВКЛ Рыгор Цамблак пісаў: “Цьвет-папорот шукаці — неба не відаці. Нячыстаму паслуга”. Гэткае стаўленьне выпрацавалася ў працэсе змаганьня зь язычніцтвам. Акурат паганскія сьвятары былі да распаўсюду хрысьціянства карыстальнікамі з уласьцівасьцяў “чароўнае кветкі”. І толькі з занядбаньнем паганства ў лес рынуліся і “простыя чадзі”, і збройныя пашыральнікі новай веры ільлі мурамцы. Той, хто не знаходзіў кветкі, прынамсі, пераконваўся ў цудоўным глістагонным эфэкце ад ужываньня карэньня папараці жаноцкай. Між гэткіх “эмпірыкаў” быў і далёкі продак згаданага ў “Баркулабаўскай кроніцы” пад пачаткам XVI ст. Гаўрылы Дрыстуна.

Тым ня менш, да папараць-кветкі дабіраліся многія “мужы сьмелыя”. Сярод такіх быў і верны слуга вялікага князя Вітаўта Грышка Сьпявач. Выяўлены ў Ханты-Мансійску фрагмэнт чарнавых накідаў “Кронікі” Яна Длугаша сьведчыць, што ў 1410 г. “пахолак прыцыпса Вітальда ў ноч на сьвятога Яна рушыў у пушчу, абы здабыць лясную ружу, каторай папараць красуе. Здабыўшы, гаспадару літванскаму прынес”. Здавалася, вынік Грунвальдзкае бітвы, якая адбылася неўзабаве, мусіў быць перадвызначаным. Аднак папараці хапіла толькі на тое, каб някепска ацаніць стратэгію бітвы агулам. Вітаўт ня здолеў прадбачыць гібелі часткі войскаў ВКЛ у ямінах-пастках, выкапаных немцамі. Ёсьць зьвесткі, што відзежу Вітаўта карэктавалі энэргетычным полем дарадцы магістра Ульрыха фон Юнгінгена зь ліку сукрытых тампліераў.

Купальскія выправы былі ня вельмі бясьпечнымі. Народная фантазія малявала розных пачвараў і страшыдлаў, што нібыта ахоўваюць папараць-кветку. Насамрэч справа была больш празаічнай. Так, у “Супрасьльскім паменьніку” (XVI ст.) успамінаецца нехта Сава Здрок, які загінуў улетку 1507 г., бо “пайшоў да леса, легкасьці а чуда знайдаваці хаця меж папаратніков, але ў балота глыбокае трафіў”. 13 ліпеня 1519 г. у Слонімскім судзе разглядалася скарга “паплаўнічага слонімскага Севрука” на “паны Мікель Фалкоўскі і Багдан Касьцевіч, дзей тыя дзелам шкодным адабралі” ў яго “папартквет, каторы ото сам у гаю на Івана сарваў”. Нападнікі-экспрапрыятары “без каждага права зьбілі і злаялі аж да маткі” няшчаснага Сеўрука. Калі судзьдзя папытаўся ў паплаўнічага, “нашто папорт дзёр”, той пачаў хітраваць, сказаўшы: “Дзей быў у тот час на рабакі хор і брал папорт на лек”. Паны ж Мікель і Багдан увогуле нічога патлумачыць не схацелі. А як што кветку тую “паўтрацілі гдзесь”, судзьдзя пастанавіў улагодзіць пацярпелага “дванаццацьмі залатымі чарлёнымі а зэкгарам велькім, як рэпа”. Аднак гэтак шчасна сканчаўся ня кожны такі інцыдэнт. “Рамдрак Дзямфіровіч, каторы займеў папараць-цьвяток і мог глядаці ў зямлю, відзячы злота і срэбра, так жадаў яго паняць, жэ ня мысьліў нават абычаем празерліўскім пабачыці ў прэйшласьць, жэбы не загінуць намарне. І от быў он у лесе, мысьлячы, жэ відзіць упрэймы скарбы падземныя, леч то былі джыны лукавыя, ані жэ удушылі яго”, — цьвердзіць прыпіска 1565 г. на палёх аднаго з “Аль-Кітабаў”. Відаць, небарака, шукаючы скарбаў, трапіў у падземны ход з высокай канцэнтрацыяй вуглякіслага газу і атруціўся.

У часе войнаў немцаў і расейцаў зь беларусамі папараць-кветка адыгрывала немалую ролю ў баявых дзеяньнях аддзелаў беларускіх партызанаў. Адзін з царскіх служэбнікаў Іван Лабанаў-Растоцкі паведамляў у Маскву пра стан рэчаў на Мазыршчыне ў 1660 г.: “Каждый день растет недовольство средь братьев наших менших-белорусцев, коих некто… по-иезуитски наущает отказывать нам во вспомоществовании. Споспешествуют сему возникшие внезапно воровские отряды белорусских чаровников, пользующих бесовскую силу волшебного зелья, рекомого папоротник-цветочек. Потери наши малы, однако ж ощутимы”.

Кажучы аб папараць-кветцы ў беларускай гісторыі, асобна трэба спыніцца на пэрсоне Міхала Вастрабрамскага.

Ўзьдзеяньне напою зь пялёсткаў папараць-кветкі было непрацяглым. Але ж здараліся й выняткі, калі чалавек рабіўся празарлівым на ўсё жыцьцё. У раньнім дзяцінстве Міхал трапіў у купальскі лес і заблукаў. Некалькі дзён ён сілкаваўся ягадамі й піў расу зь нязнаных яму кветак (ведама ж — папарацевых). Ужо на трэцюю ноч малец уцяміў, што бачыць будучыню. Згледзеў ён, між іншага, што сьмерць ягоная будзе зьвязаная са Статутам. Урэшце Міхалку знайшоў і адвёз у Вільню саноўнік зь велікакняскага двара, які й даў малому прозьвішча Вастрабрамскі. Міхал служыў пажам пры Жыгімонту Казіміравічу, старанна хаваючы свае дзіўныя здольнасьці. Калі пры двары шторазу часьцей пачалі згадваць пра Статут, паж вырашыў уцякаць з краіны. Акурат выпраўляліся паслы ў далёкую Італію — сватаць для Жыгімонта Бону Сфорцу. Разам з пасольствам малады правідца рушыў у дарогу. Ля гораду Бэргаму на пасольскі абоз напалі разбойнікі, і хлопец, карыстаючыся з замятні, уцёк. За нейкі час ён пешкі дапяў да мястэчка Сэн-Рэмі на поўдні Францыі. Якаясь кабета, згледзеўшы дзецюка, спытала, хто ён такі. Міхал адказаў ёй па-старафранцуску: “Мішэль дэ Вастрабрам”. Кабеціна, не дачуўшы, зразумела прамоўленае як “Мішэль дэ Настрадам”. Яна ведала, што ўжо колькі месяцаў, як прапаў сын нядбалых бацькоў Настрадамаў. Міхал ясна бачыў, што бедака таго прадалі ў Стамбуле на рынку рабоў. Здольнасьць маладога літвіна й пэўнае падабенства зь Мішэлем Настрадамам — ні бацька, ні маці пра яго не клапаціліся, сьпіхнуўшы выхаваньне на сьляпога дзеда, — дазволілі пасьпяхова папнуцца ў французы. Міхал зьнемагаў ад любові да Вялікага Княства, куды ня мог вярнуцца, баючыся таямнічага Статуту. Так і памёр Міхал Настрадамусам у 1566 г. — годзе выданьня другога Статуту ВКЛ. Зьвесткі пра сваё жыцьцё ён зашыфраваў у т.зв. “Пасланьнях да Генрыха Другога/Іншага” (1557—58), ключ для прачытаньня якіх адшукаў жлобінскі руплівец Андрэй Гмыза (Гмыза А. Был ли Нострадамус белорусом? // Жлобінская праўда. 2001. 29 лістапада).

Злоўжываньне пошукамі папараць-кветкі, асабліва ў часы шляхецкае анархіі, прывяло да згубных наступстваў: папараць перастала цьвісьці. Да катастрофы спрычынілася й пашырэньне ў Беларусі бульбы. Пылок бульбяных кветак ці то зь ветрам, ці то з інсэктамі трапляў на папараць, зьмяняючы ейную біягенэтычную структуру. Калі верыць Генрыку Ходзьку, апошні раз беларуская папараць цьвіла ў 1794 г. Празь якія чатыры месяцы пасьля гэтага адбыўся трэці разбор Рэчы Паспалітай, а кветка засталася толькі ў легендах і казках народу, натхняючы прадстаўнікоў новай беларускай літаратуры. Для ХІХ—ХХ ст. вобраз папараць-кветкі ў беларускай літаратуры супастаўны па колькасьці згадак хіба з нацыянальным нашым сымбалем — “Пагоняй”.

Сяргей Балахонаў


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0