Апошняе слова Міколы Маркевіча

Высокі суд! Паважаныя прысутныя!

2 лістапада 1937 году органамі НКВД быў арыштаваны мой дзед — Маркевіч Майсей. Арыштаваны быў проста ў сябе ў хаце, у глухой тады прыпяцкай вёсачцы Чэрнічы Тураўскага раёну Палескай вобласьці. Зьбянтэжанага, прыгаломшанага, адразу пасьля арышту яго этапавалі ў лягер, які быў разьмешчаны каля станцыі Кандалакша Мурманскай вобласьці. Праз пэўны час мой дзед атрымаў афіцыйныя паперы, зь якіх даведаўся, што знакамітай “тройкай” ён завочна асуджаны паводле ня менш знакамітага артыкулу 58 Крымінальнага кодэксу СССР — за антысавецкую агітацыю і прапаганду. У якасьці рэчавага доказу вінаватасьці майго дзеда ў матэрыялах справы фігуравала Біблія 1912 году выданьня. Ці варта тлумачыць, што пры наяўнасьці такога “неабвержнага доказу” віны дзед быў прызнаны вінаватым і атрымаў максымальны тэрмін, які быў прадугледжаны “за Біблію”, — 5 гадоў?!

Высокі суд! У сваёй прамове пракурор Уладзімер Рабаў паскардзіўся на тое, што ў ягонай працы ёсьць цяжкасьці, якія вынікаюць з адсутнасьці судовай практыкі па нашай справе. Сапраўды, такая справа ў найноўшай гісторыі нашай краіны — першая. Але справы такога роду далёка не такія новыя і ўнікальныя для беларускага грамадзтва, як гэта ўяўляецца маладому супрацоўніку гарадзенскай абласной пракуратуры. І гісторыя майго дзеда, які быў пакараны фактычна за спробу мець уласныя думку, меркаваньне і пазыцыю на сталінскі “рай”, — таму яскравае пацьверджаньне.

У гэтых гісторыях — маёй і майго дзеда — я знаходжу шмат падабенства. У якасьці доказу злачыннай дзейнасьці майго дзеда фігуравала Біблія. Паглядзіце, як супадае лёгіка абвінаваўцаў! У першым выпадку яна такая: раз ёсьць Біблія, то яе абавязкова чытаюць. А раз чытаюць, то могуць пераказваць яе зьмест іншым людзям. І праз 65 гадоў у якасьці доказу пракурор Рабаў выкарыстоўвае наступнае “разумовае заключэньне”: “У іх была рэальная магчымасьць выставіць матэрыялы газэты ў Інтэрнэце, бо, як сказаў сьведка Салей, увесь гэты працэс займае ня больш за 6 гадзінаў”.

У 1937 годзе падобная беспадстаўнасьць і бяздоказнасьць сталі падставай для пакараньня майго дзеда, які, нягледзечы на катаваньні, не прызнаў сваёй віны. Ці зьмяніліся часы і норавы ў судзьдзяў? Ці перасталі яны класьці ў аснову прыгавораў сацыялістычную законнасьць і рэвалюцыйную мэтазгоднасьць замест фактаў, доказаў і юрыдычнай абгрунтаванасьці? У хуткім часе мы даведаемся пра гэта з Вашага прыгавору, паважаная Тацяна Віктараўна!

Я ж хачу вярнуцца да лёсу майго дзеда — аднаго з тых дзясяткаў мільёнаў невінаватых людзей, якія былі зьнішчаныя Сталіным дзеля задавальненьня сваіх хворых амбіцыяў і зьдзяйсьненьня сваіх антычалавечых плянаў. У 1990 годзе майго дзеда рэабілітавалі. Я бачыў той лісточак паперы, на якім зьмясьціўся ўвесь пяцігадовы шлях майго дзеда па пакутах. Аказваецца, Маркевіч Майсей Савельевіч яшчэ ў красавіку 1942 году памёр “от острой сердечной недостаточности”. І далей такія ж стандартныя, паўтораныя ў мільёнах дакумэнтаў словы: “Обстоятельства смерти неизвестны, место захоронения — неизвестно”.

Некалі, знаёмячыся са справай аб рэабілітацыі майго дзеда, нягледзячы на трагізм ягонага лёсу, я разумеў, што гэты лёс і гэтая рэабілітацыя — свайго роду гарантыя ад таго, што падобныя трагедыі больш не паўторацца. Цяпер я разумею, што памыляўся. І гэты суд — таму пацьвярджэньне. Зноў, як і тады, у грамадзтве пануе страх. Ізноў пачаліся судовыя працэсы, адзінае лягічнае тлумачэньне і мэта якіх — застрашваньне грамадзтва, ператварэньне яго ў статак маўклівых рабоў, у якіх не павінна быць нават права голасу.

Высокі суд, я спадзяюся, што вы разумееце ўсю сымбалічнасьць, знакавасьць і значэньне гэтага працэсу для ўсяго беларускага грамадзтва ў цэлым, а ня толькі для мяне і Паўла. Ад вашага рашэньня, ад вашага прыгавору будзе залежаць, якога колеру сьвятло будзе запаленае на сьвятлафоры, што вызначае кірунак руху Беларусі ў будучыню; якім будзе дэвіз гэтага руху: “У будучыню — назад!” ці “Наперад — у будучыню!” Ад вашага прыгавору залежыць, будзе падняты ці будзе апушчаны шлягбаўм на шляху нашага народу да цывілізаванасьці, цярпімасьці, правоў чалавека.

Узбуджальнікі і натхняльнікі гэтага працэсу таксама разглядаюць яго як свайго роду лякмусавую паперку: зьесьць грамадзтва гэты абсурд, праглыне моўчкі суд над натуральным правам кожнага з нас крытыкаваць уладу, выказваць свае адносіны да гэтай улады альбо будзе пратэставаць, пакажа, што за гэтыя 65 гадоў, якія мінулі з 1937 году, мы атрымалі прышчэпку супраць беззаконьня, гвалту і вераломства? Сёньня яны толькі прыглядаюцца да нас, адзін за адным пускаючы пробныя шары, і прыглядаюцца да таго, як мы рэагуем на іхныя захады па вяртаньні краіны назад у СССР. Сёньня яшчэ не 1937 год. Аднак калі грамадзтва прасьпіць небясьпеку, не заўважыць, што спрытныя пракуроры цягнуць яго назад у канцлягер, назад у ГУЛАГ, то... Апэтыт, як вядома, прыходзіць падчас яды. А ўсё новае, паважаны спадару пракурор, гэта добра забытае старое.

Высокі суд! Увесь цывілізаваны сьвет — на нашым баку. Напрыклад, прэзыдэнт Чэскай Рэспублікі Вацлаў Гавэл з нагоды гэтага суду заклікаў “да неадкладнага заканчэньня крымінальнага перасьледу журналістаў газэты “Пагоня”, статс-сакратар канцылярыі прэзыдэнта Польшчы, рэагуючы на нашую справу, заявіў, што “свабодны голас грамадзкай думкі, выяўлены праз СМІ — у тым ліку незалежныя і апазыцыйныя да ўлады, не павінен абмяжоўвацца ні ў якай краіне”. Гэты працэс выклікаў рэзкае абурэньне Міністэрстваў замежных справаў Літвы і Швэцыі. Сотні маральных аўтарытэтаў нашай плянэты, ад пазыцыі якіх залежыць тое, якім будзе імідж нашай краіны на міжнароднай арэне, запатрабавалі ад беларускіх уладаў неадкладнага спыненьня гэтай ганебнай для цывілізаваных людзей справы. Так што, Высокі суд, пазыцыі вызначаныя. І рашэньне — за вамі: станеце вы на бок закону, маралі, цывілізацыі, дабра і справядлівасьці ці салідарызуецеся зь цемрашаламі абласнога ўзроўню. У 1937 годзе судзьдзі, на бяду для майго дзеда, выбралі апошняе.

І тады, і сёньня ўзбуджальнікі падобных працэсаў абгрунтоўваюць свой выбар інтарэсамі народу, “важдзя” альбо “бацькі”. Калі браць наш канкрэтны выпадак, то, я спадзяюся, Высокі суд і безь мяне ўжо зразумеў, што бацькі гэтага спэктаклю абсурду пра кіраўніка дзяржавы Лукашэнку думалі ў апошнюю чаргу. Таму і аказалася, што гэты самы Лукашэнка ад дзейнасьці такіх “рупліўцаў” нічога, акрамя свайго палітычнага і маральнага прыніжэньня, не атрымае. Гаворачы гэта, я маю на ўвазе ўжо ня толькі міжнародную рэакцыю. Я спадзяюся, вы ў курсе, Высокі суд, як ставіцца да гэтага працэсу абсалютная большасьць людзей нашага грамадзтва, якое ацэньвае яго ў катэгорыях справядлівасьці — несправядлівасьці. Дык вось, грамадзкая думка і грамадзкая сымпатыя адназначна на нашым баку. І на шматлікіх кухнях, і ў грамадзкім транспарце, і тут, на прыступках суду Ленінскага раёну Горадні, людзі, абмяркоўваючы наш працэс, “скланяюць” ня столькі імёны пракурораў, колькі імя Аляксандра Лукашэнкі, імя якога — о парадокс! — пракуроры нібыта хацелі абараніць.

Як і ў 1937 годзе, спускавы курок рэпрэсіяў націскаюць раўнівыя аматары дагадзіць. І тады, і цяпер уладаю “сваволяць”, не разумеючы, што з гэтага атрымліваецца ўрэшце. Гэта яны, адзін аднаго абганяючы ў ініцыятывах, не прыпыняюцца ні перад чым, пастаўляючы “вінаватых” у прагнае жарало пекла. Сёньня няма трацкістаў, вельмі мала замежных шпіёнаў. Але ёсьць журналісты “Пагоні” Маркевіч і Мажэйка, якія хочуць пакрыўдзіць прэзыдэнта, скрасьці ягоныя гонар і годнасьць. Хочуць прынізіць прэзыдэнта, хоць на самай справе ён высокі. Больш таго, паглядзіце — яны ўжо яго прынізілі...

Увесь трагізм гэтай сытуацыі ў тым, што зразумець усё гэта можа толькі адзін чалавек у Беларусі — сам Лукашэнка. Аднак ён — далёка, падобных “дробязяў” не заўважае. І сьнежны камяк абсурду, скінуты абаронцамі “бацькі”, паступова вырастае да пагрозьлівых памераў... То тут, то там узбуджаюцца справы, разганяюцца дэманстрацыі, перапісваецца гісторыя... Аднак, на мой погляд, нашыя беды павялічваюцца не таму, што ёсьць нязгодныя з Лукашэнкам, а з-за дыспрапорцыі, якая сёньня назіраецца ў нашых кіраўнікоў і ў нашых пракурораў паміж узроўнем іх разуменьня сытуацыі і ўзроўнем іх паўнамоцтваў. І гэта, на вялікі жаль, не залежыць ад таго, зьявіўся той ці іншы артыкул у “Пагоні” ці не зьявіўся.

Аднак вернемся да шматлікіх чутак пра загадкавыя зьнікненьні палітычных апанэнтаў Лукашэнкі. У дзяржаве ўзнік Бярмудзкі трохкутнік, дзе бязь сьледу зьніклі Ганчар, Захаранка, Красоўскі і Завадзкі. Натуральна, што людзі хочуць разгадаць гэтую загадку. Выказваюцца вэрсіі. І вельмі кепска, што ў прэзыдэнта няма адказу на гэтую загадку, гэтыя пытаньні, гэтыя вэрсіі. Дык хто ж у гэтым вінаваты? Ясна адно — не Маркевіч і не Мажэйка!

Высокі суд! Вы маеце ўсе падставы і ўсе паўнамоцтвы спыніць гэтую ганебную справу, апраўдаўшы невінаватых людзей. Гэтым вы дакажаце, што высокае слова Закон — у нашай краіне не пусты гук. Гэтым вы пакажаце ўсяму цывілізаванаму сьвету, што беларусы — гэта цывілізаваны народ, а зь Беларусяй можна і трэба мець справу безь небясьпекі згубіць тут беспадстаўна свае грошы, маёмасьць і добрае імя.

Дзякуй за ўвагу!

(Са скаротамі)


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0